Мацьвея 22 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І, адказваючы, Ісус зноў гаварыў з імі ў прыповесьцях, кажучы:
І ў адказ Іісус зноў гаварыў да іх прытчамі, ка́жучы:
«Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які справіў вясельле для сына свайго.
Царства Нябеснае падобна да чалавека-цара, які рабіў вяселле сыну свайму;
І ён паслаў слугаў сваіх клікаць пакліканых на вясельле; і тыя не хацелі прыйсьці.
і паслаў ён рабоў сваіх клíкаць запро́шаных на вяселле; а тыя не хацелі прыйсці.
Зноў паслаў ён іншых слугаў, кажучы: “Скажыце пакліканым: Вось, я падрыхтаваў бяседу маю, валы мае і, што ўкормлена, зарэзаны, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вясельле”.
Яшчэ паслаў ён іншых рабоў, ка́жучы: скажыце запро́шаным: «вось я прыгатава́ў абед мой, быкі мае́ і іншае ўко́рмленае зарэзана, і ўсё гатова; прыходзьце на вяселле».
А яны, ня дбаючы пра тое, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.
Але яны, не нада́ўшы ўва́гі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да га́ндлю свайго.
А іншыя, узяўшы слугаў ягоных, зьняважылі іх і забілі.
Астатнія ж, схапіўшы рабоў яго, знява́жылі і забілі іх.
Пачуўшы пра гэтае, валадар загневаўся і, паслаўшы жаўнераў сваіх, выгубіў забойцаў тых, і горад іхні спаліў.
І, пачуўшы пра гэта, цар разгневаўся, і, паслаўшы войскі свае, знíшчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.
Тады кажа ён слугам сваім: “Сапраўды, вясельле падрыхтаванае, але пакліканыя не былі вартыя.
Тады кажа ён рабам сваім: вяселле гатова, а запро́шаныя не былí дастойнымі.
Дык пайдзіце на ростані дарог і ўсіх, каго знойдзеце, клічце на вясельле”.
Дык ідзіце на скрыжава́нні дарог і ўсіх, каго зно́йдзеце, клічце на вяселле.
І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, злых і добрых; і на вясельлі было поўна гасьцей.
І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабра́лі ўсіх, каго толькі знайшлі: і ліхіх, і добрых; і напоўнілася вяселле гасцямі.
Увайшоўшы ж пабачыць тых, што ўзьлягалі, валадар убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельнае адзеньне,
Цар, увайшоўшы паглядзе́ць на гасцей, убачыў там чалавека, не ўбра́нага ў вясельнае адзе́нне,
і кажа яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, ня маючы вясельнага адзеньня?” Той жа маўчаў.
і кажа яму: дру́жа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельным адзе́нні? Той жа маўчаў.
Тады сказаў валадар слугам: “Зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў.
Тады сказаў цар слу́гам: звяза́ўшы яму ру́кі і ногі, вазьмíце яго і вы́кіньце ў це́мру зне́шнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў.
Бо шмат пакліканых, але мала выбраных”».
Бо многа паклíканых, але ма́ла вы́браных.
Тады, пайшоўшы, фарысэі зрабілі нараду, як злавіць Яго ў словах.
Тады фарысеі пайшлі і ўчынíлі змову, каб падлавíць Яго на слове.
І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: «Настаўнік! Мы ведаем, што Ты праўдзівы і пра шлях Божы паводле праўды навучаеш, і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на аблічча людзей.
І пасыла́юць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, ка́жучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзíвы, і шля́ху Божаму па праўдзе ву́чыш, і не стараешся дагадзíць каму-небудзь, бо не глядзіш на аблíчча людзе́й.
Дык скажы нам, як Ты думаеш, ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не?»
Дык вось скажы нам: як Табе здае́цца? дазволена даваць пада́так ке́сару ці не?
А Ісус, разумеючы зласьлівасьць іхнюю, сказаў: «Чаму спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
Іісус жа, зразумеўшы зламы́снасць іх, сказаў: што́ спакуша́еце Мяне, крываду́шнікі?
Пакажыце Мне манэту для даніны». Яны ж прынесьлі Яму дынар.
Пакажы́це Мне манету, якою пла́ціцца пада́так. Яны прыне́слі Яму дына́рый.
І кажа ім: «Чый гэта вобраз і надпіс?»
І Ён кажа ім: чыя гэта выя́ва і на́дпіс?
Кажуць Яму: «Цэзара». Тады кажа ім: «Дык аддавайце тое, што цэзара, цэзару, а тое, што Божае, — Богу».
Кажуць Яму: ке́сара. Тады кажа ім: дык вось, аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.
І, пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся, і, пакінуўшы Яго, адыйшлі.
Пачуўшы гэта, яны здзівíліся і, пакінуўшы Яго, адышлí.
У той дзень падыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго:
У той дзень падышлí да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталі Яго:
«Настаўнік, Майсей сказаў: “Калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, брат ягоны няхай возьме жонку ягоную і адновіць насеньне брату свайму”.
Настаўнік! Маісей сказаў: «калі хто памрэ, не ма́ючы дзяцей, то няхай возьме брат яго жонку яго і адро́дзіць се́мя брату свайму».
Было ж у нас сем братоў, і першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы насеньня, пакінуў жонку сваю брату свайму.
Было ў нас сем братоў; і першы, ажаніўшыся, памёр і, не ма́ючы се́мені, пакінуў жонку сваю брату свайму.
Таксама і другі, і трэці, аж да сёмага.
Гэтакса́ма і другі, і трэці, аж да сёмага.
Пасьля ўсіх памерла і жонка.
А пасля ўсіх паме́рла і жонка.
Дык пры ўваскрасеньні якога з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе мелі яе».
Дык вось, ва ўваскрасе́нні, катораму з сямі будзе яна жонкаю? бо ўсе ме́лі яе.
Адказваючы, Ісус сказаў ім: «Вы памыляецеся, ня ведаючы ані Пісаньня, ані моцы Божае.
Іісус сказаў ім у адказ: памыля́ецеся, не ве́даючы ні Пісанняў, ні сілы Божае.
Бо пры ўваскрасеньні ня жэняцца і замуж не выходзяць, але будуць як анёлы Божыя ў небе.
Бо ва ўваскрасе́нні не жэняцца і не выходзяць замуж, а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.
А наконт уваскрасеньня мёртвых, ці не чыталі вы сказанага вам Богам, Які кажа:
А пра ўваскрасе́нне мёртвых хіба́ не чыталі вы ска́занага вам Богам:
“Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба!” Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых».
«Я Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава»? Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.
І, пачуўшы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага.
І, пачуўшы, народ здзіўляўся вучэнню Яго.
А фарысэі, пачуўшы, што Ён прымусіў змоўкнуць садукеяў, сабраліся супраць Яго.
А фарысеі, пачуўшы, што Ён зму́сіў садукеяў замаўча́ць, сабра́ліся разам.
І спытаўся адзін з іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы:
І спытаўся адзін з іх, законнік, спакуша́ючы Яго і ка́жучы:
«Настаўнік, якое найбольшае прыказаньне ў Законе?»
Настаўнік! якая за́паведзь найбо́льшая ў законе?
А Ісус сказаў яму: «“Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім”.
Іісус жа сказаў яму: «узлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэ́рцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім».
Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне.
Гэта першая і найбо́льшая за́паведзь.
Другое ж падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”.
А другая падо́бная да яе: «узлюбí бліжняга твайго, як само́га сябе».
На гэтых двух прыказаньнях трымаецца ўвесь Закон і Прарокі».
На гэтых дзвюх за́паведзях грунту́ецца ўвесь закон і прарокі.
А ў фарысэяў, якія сабраліся, Ісус спытаўся,
Калі ж сабра́ліся фарысеі, запыта́ў у іх Іісус:
кажучы: «Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?» Кажуць Яму: «Давіда».
што вы ду́маеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.
Кажа ім: «Як жа Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:
Кажа ім: як жа Давід па натхне́нню Духа Госпадам Яго называе, калі кажа:
“Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”.
«сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзí правару́ч Мяне, пакуль пакладу́ ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх»?
Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён — сын ягоны?»
Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, я́к гэта Ён сын яму?
І ніхто ня змог адказаць Яму ані слова; і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго.
І ніхто не мог адказа́ць Яму ні слова; і не смеў ужо ніхто з таго дня задаваць Яму пытанні.