Мацьвея 22 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І, адказваючы, Ісус стаў гаварыць ім далей у прыпавесцях:
І ў адказ Іісус зноў гаварыў да іх прытчамі, ка́жучы:
«Валадарства Нябеснае падобна да чалавека валадара, які справіў вяселле для свайго сына.
Царства Нябеснае падобна да чалавека-цара, які рабіў вяселле сыну свайму;
І паслаў ён паслугачоў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці.
і паслаў ён рабоў сваіх клíкаць запро́шаных на вяселле; а тыя не хацелі прыйсці.
Ізноў паслаў іншых паслугачоў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось, я прыгатаваў свой абед, валы мае і што кормнае пабіта, ды ўсё прыгатавана; прыходзьце на вяселле!”
Яшчэ паслаў ён іншых рабоў, ка́жучы: скажыце запро́шаным: «вось я прыгатава́ў абед мой, быкі мае́ і іншае ўко́рмленае зарэзана, і ўсё гатова; прыходзьце на вяселле».
Але яны не дбалі і пайшлі: хто ў поле сваё, хто да гандлю свайго;
Але яны, не нада́ўшы ўва́гі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да га́ндлю свайго.
астатнія ж схапілі паслугачоў яго і, наздзекаваўшыся, забілі.
Астатнія ж, схапіўшы рабоў яго, знява́жылі і забілі іх.
І ўгнявіўся валадар, і, паслаўшы сваё войска, знішчыў тых забойцаў і горад іх спаліў.
І, пачуўшы пра гэта, цар разгневаўся, і, паслаўшы войскі свае, знíшчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.
Потым гаворыць ён паслугачам сваім: “Вяселле прыгатавана, але тыя, што запрошаны, не былі вартыя.
Тады кажа ён рабам сваім: вяселле гатова, а запро́шаныя не былí дастойнымі.
Дык ідзіце на скрыжаванні дарог і, каго толькі знойдзеце, клічце на вяселле”.
Дык ідзіце на скрыжава́нні дарог і ўсіх, каго зно́йдзеце, клічце на вяселле.
І паслугачы яго, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго напаткалі, ліхіх і добрых; і напоўнілася вяселле гасцямі.
І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабра́лі ўсіх, каго толькі знайшлі: і ліхіх, і добрых; і напоўнілася вяселле гасцямі.
І ўвайшоў валадар, каб паглядзець на гасцей, ды ўбачыў ён там чалавека, які быў апрануты не ў вясельныя шаты.
Цар, увайшоўшы паглядзе́ць на гасцей, убачыў там чалавека, не ўбра́нага ў вясельнае адзе́нне,
І гаворыць яму: “Дружа, як жа ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельных шатаў?” Але той маўчаў.
і кажа яму: дру́жа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельным адзе́нні? Той жа маўчаў.
Тады сказаў валадар паслугачам сваім: “Звяжыце яму рукі і ногі, кіньце яго ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
Тады сказаў цар слу́гам: звяза́ўшы яму ру́кі і ногі, вазьмíце яго і вы́кіньце ў це́мру зне́шнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў.
Бо многія пакліканы, але нямногія абраны».
Бо многа паклíканых, але ма́ла вы́браных.
Тады фарысеі, адышоўшы, пачалі радзіцца, як бы падлавіць Яго ў словах.
Тады фарысеі пайшлі і ўчынíлі змову, каб падлавíць Яго на слове.
І паслалі да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, якія казалі: «Настаўнік, ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва навучаеш, ды не аглядаешся на асобы людзей.
І пасыла́юць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, ка́жучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзíвы, і шля́ху Божаму па праўдзе ву́чыш, і не стараешся дагадзíць каму-небудзь, бо не глядзіш на аблíчча людзе́й.
Скажы нам тады, як Табе здаецца, ці належыць плаціць падатак цэзару, ці, можа, не?»
Дык вось скажы нам: як Табе здае́цца? дазволена даваць пада́так ке́сару ці не?
Ісус жа, пранікаючы іх подступ, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?
Іісус жа, зразумеўшы зламы́снасць іх, сказаў: што́ спакуша́еце Мяне, крываду́шнікі?
Пакажыце мне манету на падатак». І яны падалі Яму дынар.
Пакажы́це Мне манету, якою пла́ціцца пада́так. Яны прыне́слі Яму дына́рый.
І Ён гаворыць ім: «Чые гэта выява і надпіс?»
І Ён кажа ім: чыя гэта выя́ва і на́дпіс?
Кажуць Яму: «Цэзара». Тады сказаў ім: «Тое, што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу».
Кажуць Яму: ке́сара. Тады кажа ім: дык вось, аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.
І, пачуўшы гэта, яны здзівіліся ды, пакінуўшы Яго, адышліся.
Пачуўшы гэта, яны здзівíліся і, пакінуўшы Яго, адышлí.
У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пыталіся Яго,
У той дзень падышлí да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталі Яго:
кажучы: «Настаўнік, Майсей загадаў: калі хто памрэ, не маючы дзяцей, дык хай брат яго возьме жонку яго і хай створыць нашчадка брату свайму.
Настаўнік! Маісей сказаў: «калі хто памрэ, не ма́ючы дзяцей, то няхай возьме брат яго жонку яго і адро́дзіць се́мя брату свайму».
А было ў нас сем братоў; і першы, як ажаніўся, памёр і, не маючы нашчадка, пакінуў жонку брату свайму.
Было ў нас сем братоў; і першы, ажаніўшыся, памёр і, не ма́ючы се́мені, пакінуў жонку сваю брату свайму.
Падобна другі і трэці — аж да сёмага.
Гэтакса́ма і другі, і трэці, аж да сёмага.
Нарэшце па ўсіх памерла і жанчына.
А пасля ўсіх паме́рла і жонка.
Дык у час уваскрэсення чыёй з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе яны мелі яе».
Дык вось, ва ўваскрасе́нні, катораму з сямі будзе яна жонкаю? бо ўсе ме́лі яе.
А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «Памыляецеся, не ведаючы ні Пісання, ані магутнасці Божай.
Іісус сказаў ім у адказ: памыля́ецеся, не ве́даючы ні Пісанняў, ні сілы Божае.
Пры ўваскрэсенні не будуць ні жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы Божыя ў небе.
Бо ва ўваскрасе́нні не жэняцца і не выходзяць замуж, а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.
Ці не чыталі пра ўваскрэсенне мёртвых, што сказана вам Богам, Які казаў:
А пра ўваскрасе́нне мёртвых хіба́ не чыталі вы ска́занага вам Богам:
“Я — Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”. Бог не ёсць Бог мёртвых, але тых, што жывыя».
«Я Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава»? Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.
І, чуючы гэта, людзі дзівіліся з вучэння Яго.
І, пачуўшы, народ здзіўляўся вучэнню Яго.
Тады фарысеі, чуючы, што Ён змусіў садукеяў замаўчаць, сышліся разам.
А фарысеі, пачуўшы, што Ён зму́сіў садукеяў замаўча́ць, сабра́ліся разам.
І адзін з іх, заканазнавец, выпрабоўваючы Яго, спытаў:
І спытаўся адзін з іх, законнік, спакуша́ючы Яго і ка́жучы:
«Настаўнік, якое найважнейшае прыказанне ў законе?»
Настаўнік! якая за́паведзь найбо́льшая ў законе?
Той жа гаворыць яму: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй, усім розумам тваім;
Іісус жа сказаў яму: «узлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэ́рцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім».
гэта найважнейшае ды першае прыказанне.
Гэта першая і найбо́льшая за́паведзь.
Другое, падобнае гэтаму: любі блізкага свайго, як сябе самога.
А другая падо́бная да яе: «узлюбí бліжняга твайго, як само́га сябе».
На гэтых двух прыказаннях грунтуецца ўвесь закон і прарокі».
На гэтых дзвюх за́паведзях грунту́ецца ўвесь закон і прарокі.
Калі сабраліся фарысеі, спытаўся ў іх Ісус,
Калі ж сабра́ліся фарысеі, запыта́ў у іх Іісус:
кажучы: «Што думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?» Кажуць яму: «Давіда».
што вы ду́маеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.
Сказаў ім: «Як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:
Кажа ім: як жа Давід па натхне́нню Духа Госпадам Яго называе, калі кажа:
“Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”?
«сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзí правару́ч Мяне, пакуль пакладу́ ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх»?
Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён ёсць Сынам яго?»
Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, я́к гэта Ён сын яму?
І ніхто не мог Яму адказаць слова, ніхто таксама не адважыўся ад таго дня болей пытацца ў Яго.
І ніхто не мог адказа́ць Яму ні слова; і не смеў ужо ніхто з таго дня задаваць Яму пытанні.