Мацьвея 17 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І па шасці днях узяў Ісус Пётру, Якуба і Яна, брата яго, і завёў іх асобна на высокую гару адных.
 
І праз шэсць дзён ўзяў Іісус Пятра, Іакава і Іаана, брата яго, і ўзвёў іх на гару́ высокую адных,

І перамяніўся перад імі; і аблічча Яго заззяла як сонца, а адзенне Яго сталася белым як святло.
 
і перамяніўся перад імі, і заззя́ла аблíчча Яго, як сонца, а ўбра́нне Яго стала белым, як святло.

І вось, паказаліся перад імі Майсей і Ілля, што размаўлялі з Ім.
 
І вось, явіліся ім Маісе́й і Ілія́, і з Ім размаўлялі.

А Пётра, звяртаючыся да Ісуса, сказаў: «Госпадзе, добра нам тут быць. Калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Іллі адну».
 
Азва́ўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Госпадзі! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры шатры́: Табе адзін, і Маісею адзін, і адзін Іліí.

Калі ён яшчэ гэта гаварыў, вось, светлае воблака закрыла іх. І вось, голас з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім Я маю ўпадабанне; Яго слухайце».
 
Пакуль ён яшчэ гаварыў, вось, воблака светлае ахіну́ла іх; і вось, голас з воблака прамовіў: гэта ёсць Сын Мой Узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў; Яго слухайце.

І, чуючы гэта, вучні ўпалі на твар свой і надта спалохаліся.
 
І, пачуўшы, вучні прыпа́лі тва́рамі сваімі да зямлі і вельмі спалохаліся.

І падышоў да іх Ісус, і дакрануўся да іх, кажучы: «Устаньце і не бойцеся».
 
І, прыступíўшы, Іісус дакрану́ўся да іх і сказаў: устаньце і не бойцеся.

І, падняўшы вочы свае, яны нікога болей не бачылі, адно Самога Ісуса.
 
Узвёўшы ж вочы свае, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Іісуса.

І, калі сыходзілі з гары, загадаў ім Ісус: «Нікому не кажыце пра відзенне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых».
 
І калі сыхо́дзілі яны з гары, Іісус загадаў ім, ка́жучы: нікому не расказвайце пра ба́чанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэ́сне з мёртвых.

І пыталіся ў Яго вучні, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці раней?»
 
І спыталіся ў Яго вучні Яго, ка́жучы: а чаму кніжнікі гавораць, што Ілія́ павінен прыйсцí раней?

Ісус, адказваючы, гаворыць: «Ілля сапраўды прыйдзе спярша і направіць усё.
 
Іісус сказаў ім у адказ: Ілія́ сапраўды́ пры́йдзе ране́й і адно́віць усё.

Але кажу вам, што Ілля ўжо прыйшоў, і яго не пазналі, але абышліся з ім, як хацелі; і Сын Чалавечы будзе ад іх цярпець».
 
Але кажу вам, што Ілія́ ўжо прыйшоў, і не пазна́лі яго, а ўчынíлі з ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы ма́е паку́таваць ад іх.

Тады зразумелі вучні, што Ён гаварыў ім пра Яна Хрысціцеля.
 
Тады зразумелі вучні, што Ён пра Іаана Хрысцíцеля казаў ім.

Калі яны прыйшлі да народа, падышоў да Яго чалавек, упаўшы перад Ім на калені
 
І калі прыйшлі яны да народу, падышоў да Яго чалавек і, стаўшы перад Ім на калені,

і кажучы: «Госпадзе, памілуй сына майго, бо ён — лунатык і шмат пакутуе, часта падае ў агонь і часта ў ваду.
 
сказаў: Госпадзі! памíлуй сына майго; ён луна́цік і цяжка паку́туе, бо часта па́дае ў агонь і часта ў ваду́.

Я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі яго аздаравіць».
 
Я прыво́дзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацалíць яго.

Ісус жа, адказваючы, гаворыць: «О род няверны і пераваротны, як доўга буду з вамі? Ды як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго сюды да Мяне».
 
А Іісус сказаў у адказ: о, ро́дзе бязве́рны і разбэ́шчаны! даку́ль буду з вамі? даку́ль буду цярпець вас? Прывядзíце яго да Мяне сюды.

І насварыўся на яго Ісус, і дэман выйшаў з яго, і ў тую гадзіну хлопец паздаравеў.
 
І забаранíў яму Іісус; і вы́йшаў з яго дэман; і ацалíўся хлопец у тую ж хвіліну.

Тады патаемна падышлі да Ісуса вучні на самоце і кажуць: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
 
Тады вучні, прыступíўшы да Іісуса асобна, сказалі: чаму мы не здо́лелі вы́гнаць яго?

Ісус кажа ім: «З прычыны вашай няверы. Бо сапраўды кажу вам: калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, сказалі б вы гэтай гары: “Перайдзі адсюль туды”, і пяройдзе, і нічога для вас не будзе немагчымага.
 
А Іісус сказаў ім: з-за нявер’я вашага; бо праўду кажу вам: калі вы бу́дзеце мець веру з гарчы́чнае зе́рне і ска́жаце гары́ гэтай: «перайдзі адсюль туды», і яна пяро́йдзе; і нічога не будзе немагчы́мага для вас.

Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам.»
 
Гэты ж род выганя́ецца толькі малітваю і по́стам.

Калі яны знаходзіліся ў Галілеі, сказаў ім Ісус: «Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі людзей,
 
У той час, калі знахо́дзіліся яны ў Галілеі, сказаў ім Іісус: адда́дзены будзе Сын Чалавечы ў ру́кі чалавечыя,

і яны заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсне». І засмуціліся яны моцна.
 
і заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэ́сне. І засмуцíліся яны вельмі.

І калі яны прыйшлі ў Кафарнаўм, падышлі да Пётры тыя, што збіралі дыдрахмы, і сказалі: «Настаўнік ваш ці заплаціць дыдрахму?»
 
Калі ж прыйшлі яны ў Капернау́м, то падышлí збо́ршчыкі дыдра́хмаў да Пятра і сказалі: ці не дасць Настаўнік ваш дыдра́хмы?

Ён сказаў: «Пэўна». І калі ён увайшоў у дом, папярэдзіў яго Ісус, кажучы: «Як табе здаецца, Сімоне? Валадары зямныя з каго бяруць чынш або падатак: са сваіх сыноў ці з чужых?»
 
Ён кажа: дасць. І калі ўвайшоў ён у дом, то Іісус, апярэ́дзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сíмане? цары зямныя з каго бяруць мы́та або пада́так? з сыноў сваіх, ці з чужых?

Калі ж той адказаў: «З чужых», — сказаў яму Ісус: «Значыць, сыны вольныя.
 
Кажа Яму Пётр: з чужых. Сказаў яму Іісус: значыць, сыны́ свабодныя.

Але, каб мы іх не згоршылі, ідзі да мора і закінь вуду, і тую рыбу, якая першая трапіцца, вазьмі і, адкрыўшы ёй рот, знойдзеш статыр. Узяўшы яго, дай ім за Мяне і за сябе».
 
Але каб нам не спакусíць іх, ідзі на мора, закінь ву́ду, і першую ры́біну, якая зло́віцца, вазьмі; і, адкры́ўшы рот яе, зно́йдзеш стацíр; вазьмі яго і дай ім за Мяне і за сябе.