4 царстваў 22 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Ёсія меў восем гадоў, калі пачаў валадарыць, і трыццаць адзін год ён быў валадаром у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Едыда, дачка Адаі з Бацкату.
 
Восем гадоў было Ёсію, калі зацараваў, і трыццаць адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Едыда, дачка Адаі, з Боцкафы.

І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў усімі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не зварочваў ані ўправа, ані ўлева.
 
І рабіў ён добрае ў вачах Гасподніх, і хадзіў ва ўсім шляхам Давіда, бацькі свайго, і ня ўхіляўся ні направа, ні налева.

І сталася ў васямнаццатым годзе валадара Ёсіі, паслаў валадар пісара Шафана, сына Ацаліі, сына Мэшуляма, у Дом ГОСПАДА, кажучы:
 
На васемнаццатым годзе цара Ёсіі, паслаў цар Шафана, сына Ацаліі, сына Мэшуламавага, пісца ў дом Гасподні, сказаўшы:

«Ідзі да Хількіі, вялікага сьвятара. І няхай ён палічыць срэбра, якое ахвяравана ў Доме ГОСПАДА, што сабралі вартаўнікі парогаў ад народу.
 
ідзі да Хэлкіі першасьвятара, хай ён пералічыць срэбра, прынесенае ў дом Гасподні, якое сабралі ў народу дазорныя каля парога,

І няхай дадуць яго ў рукі майстрам, якія нагладаюць за працамі ў Доме ГОСПАДА, а яны няхай дадуць яго работнікам, якія працуюць у Доме ГОСПАДА, дзеля направы пашкоджаньняў у Доме,
 
і хай аддадуць яго ў рукі майстрам на працы, што прыстаўлены да дома Гасподняга, а гэтыя хай раздаюць яго тым, што працуюць у доме Гасподнім, на паправу пашкодаў у доме,

цесьлярам, будаўнікам, мулярам, і на куплю дрэва, чэсаных камянёў дзеля направы Дому [Божага].
 
цесьлярам і каменярам, і мулярам сьцен, і на куплю драўніны і часанага каменю на папраўленьне дома;

Але ня трэба патрабаваць ад іх адказу за срэбра, якое дадзенае ў рукі іхнія, бо яны працуюць сумленна».
 
зрэшты не патрабаваць у іх адказу за срэбра, перададзенае ў рукі іхнія, бо яны сумленныя.

І сказаў Хількія, вялікі сьвятар, пісару Шафану: «Кнігу Закону я знайшоў у Доме ГОСПАДА». І даў Хількія кнігу Шафану, і ён чытаў яе.
 
І сказаў Хэлкія першасьвятар Шафану пісцу: кнігу закона я знайшоў у доме Гасподнім. І падаў Хэлкія кнігу Шафану, і ён чытаў яе.

І пайшоў пісар Шафан да валадара, і прынёс яму слова гэтае, і сказаў: «Слугі твае ўзялі срэбра, якое знаходзіцца ў Доме [Божым], і перадалі яго ў рукі загадчыкам працаў у Доме ГОСПАДА».
 
І прыйшоў Шафан пісец да цара, і прынёс цару адказ, і сказаў: узялі рабы твае срэбра, і знойдзена ў доме, перадалі яго ў руку майстрам працы, прыстаўленым да дома Гасподняга.

І паведаміў пісар Шафан валадару, кажучы: «Сьвятар Хількія даў мне кнігу». І Шафан прачытаў яе перад абліччам валадара.
 
І данёс Шафан пісец цару, кажучы: кнігу даў мне Хэлкія сьвятар. І чытаў яе Шафан перад царом.

І сталася, калі валадар пачуў словы кнігі Закону, ён разьдзёр шаты свае
 
Як пачуў цар словы кнігі закона, дык падраў вопратку на сабе.

і загадаў валадар сьвятару Хількіі, і Ахікаму, сыну Шафана, і Ахбору, сыну Міхея, і Шафану пісару, і Асаі, слузе валадара, кажучы:
 
І загадаў цар Хэлкію сьвятару, і Ахікаму, сыну Шафанаваму, і Ахбору, сыну Міхееваму, і Шафану пісцу, і Асанію, слузе царскаму, кажучы:

«Ідзіце і спытайце ГОСПАДА адносна мяне, і адносна народу, і адносна ўсяго Юды паводле словаў кнігі, якая знойдзена, бо вялікі гнеў ГОСПАДА ўзгарэўся супраць нас, бо ня слухалі бацькі нашыя словаў кнігі гэтай, каб выканаць усё, што ў ёй напісана для нас».
 
ідзеце, папрасеце Госпада за мяне і за народ і за ўсю Юдэю пра словы гэтай знойдзенай кнігі, бо вялікі гнеў Гасподні, які загарэўся на нас за тое, што ня слухалі бацькі нашыя слоў кнігі гэтай, каб рабіць згодна з прадпісаным нам.

І пайшлі сьвятар Хількія, і Ахікам, і Ахбор, і Шафан, і Асая да Хульды прарочыцы, жонкі Шальлюма, сына Тыквы, сына Хархаса, вартаўніка адзеньня. Яна жыла ў Ерусаліме, у новым горадзе, і гаварылі з ёй.
 
І пайшоў Хэлкія сьвятар, і Ахікам, і Ахбор, і Шафан, і Асая да Алдамфы прарочыцы, жонкі Шалума, сына Тыквы, сына Хархаса, захавальніка вопраткі, — а жыла яна ў Ерусаліме, у другой частцы, — і гаварылі зь ёю.

І яна сказала ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне:
 
І яна сказала ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: скажэце чалавеку, які паслаў вас да мяне:

"Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў ягоных, усе словы кнігі, якую чытаў валадар Юды,
 
так кажа Гасподзь: навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў яго — усе словы кнігі, якую чытаў цар Юдэйскі.

за тое, што яны пакінулі Мяне і кадзілі багам чужым, і гнявілі Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх. І ўзгарэўся гнеў Мой на месца гэтае, і не патухне".
 
За тое, што пакінулі Мяне, і дымяць іншым багам, каб раздражняць Мяне ўсімі дзеямі рук сваіх, загарэўся гнеў Мой на месца гэтае, і не патухне.

Адносна валадара Юды, які паслаў вас, каб запытацца ГОСПАДА, скажыце яму так: "Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. За тое, што ты слухаў словы [кнігі],
 
А цару Юдэйскаму, які паслаў вас папытацца ў Госпада, скажэце: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра словы, якія ты чуў:

і стрывожылася сэрца тваё і ты ўпакорыўся перад абліччам ГОСПАДА, пачуўшы тое, што прамоўлена супраць гораду гэтага і жыхароў ягоных, што яны будуць спусташэньнем і праклёнам, і разьдзёр ты шаты свае, і плакаў перад абліччам Маім, Я выслухаў цябе, кажа ГОСПАД.
 
як што зьмякчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся прад Госпадам, пачуўшы тое, што Я сказаў пра месца гэтае і пра жыхароў яго, што яны будуць прадметам жаху і пракляцьця, і ты падраў вопратку сваю і плакаў прад Мною, дык і Я пачуў цябе, кажа Гасподзь.

Таму, вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і будзеш ты пахаваны ў магіле тваёй у супакоі, і вочы твае ня ўбачаць усяго ліха, якое Я спашлю на месца гэтае"”». І яны занесьлі валадару слова гэтае.
 
За гэта, Я прыкладу цябе да бацькоў тваіх, і ты пакладзены будзеш у магільніцу тваю ў міры, і ня ўбачаць вочы твае ўсяго таго бедства, якое Я навяду на месца гэтае. І прынесьлі цару адказ.