4 царстваў 15 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

У дваццаць сёмым годзе Ерабаама, валадара Ізраіля, Азарыя, сын Амазіі, стаў валадаром Юды.
 
У дваццаць сёмы год Ераваама, цара Ізраільскага, зацараваў Азарый, сын Амасія, цар Юдэйскі:

Меў ён шаснаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і валадарыў у Ерусаліме пяцьдзясят два гады. Імя маці ягонай — Ехолія з Ерусаліму.
 
шаснаццаць гадоў было яму, калі зацараваў, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Ехолія, зь Ерусаліма.

І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабіў Амазія, бацька ягоны.
 
Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Амасій, бацька ягоны.

Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках.
 
Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.

І наведаў ГОСПАД валадара, і ён быў пракажоны аж да дня сьмерці сваёй, і жыў у доме самотна, а Ёатам, сын валадара, быў над домам [валадара] і судзіў народ зямлі.
 
І пабіў Гасподзь цара, і быў ён пракажоны да дня сьмерці сваёй і жыў у асобным доме. А Ётам, сын цароў, начальнічаў над палацам і кіраваў народам зямлі.

А іншыя дзеяньні Азарыі і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
 
Астатняе пра Азарыя і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

І супачыў Азарыя з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда. І стаў валадаром пасьля яго Ёатам, сын ягоны.
 
І спачыў Азарый з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ётам, сын ягоны, замест яго.

У трыццаць восьмым годзе Азарыі, валадара Юды, Захарыя, сын Ерабаама, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на шэсьць месяцаў.
 
У трыццаць восьмы год Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Захарый, сын Ераваама, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў шэсьць месяцаў.

І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як рабілі бацькі ягоныя, і не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
 
Ён рабіў благое ў вачах Гасподніх, як рабілі бацькі ягоныя; не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

І Шальлюм, сын Ябэша, змовіўся супраць яго, і напаў на яго ў Іблеаме, і забіў, і заваладарыў на месцы ягоным.
 
І склаў супроць яго змову Сэлум, сын Явіса, і ўдарыў яго перад народам, і забіў яго, і зацараваў замест яго.

А іншыя дзеяньні Захарыі запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
 
Астатняе пра Захарыя напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

Бо такое [было] слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў да Егу, кажучы: «Сыны твае аж да чацьвёртага пакаленьня будуць сядзець на пасадзе Ізраіля». І так сталася.
 
Такое было слова Госпада, якое Ён сказаў Іую, сказаўшы: сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым. І збылося так.

Шальлюм, сын Ябэша, стаў валадаром у трыццаць дзявятым годзе Узіі, валадара Юды, і валадарыў адзін месяц у Самарыі.
 
Сэлум, сын Явіса, зацараваў на трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, і цараваў адзін месяц у Самарыі.

І выйшаў Мэнахэм, сын Гадзі, з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і напаў на Шальлюма, сына Ябэша, у Самарыі, і забіў яго, і стаў валадаром замест яго.
 
І пайшоў Менаім, сын Гадыя з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і пабіў Сэлума, сына Явісавага, у Самарыі, і забіў яго, і зацараваў замест яго.

А іншыя дзеяньні Шальлюма і змова ягоная, якую ён учыніў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
 
Астатняе пра Сэлума і пра змову ягоную, якую ён склаў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

І спустошыў Мэнахэм Тыфсах і ўсё, што ў ім было, і ваколіцы ягоныя, [пачынаючы] ад Тырцы, бо [горад] не адчыніў яму [брамы]. І ён выбіў яго, і ўсіх цяжарных жанчынаў пасек.
 
І пабіў Менаім Тыпсах і ўсіх, што былі ў ім і ў межах яго, ад Тырцы, за тое, што горад не адчыніў брамы, і разьбіў яго, і ўсіх цяжарных жанчын у ім парубаў.

У трыццаць дзявятым годзе Азарыі, валадара Юды, Мэнахэм, сын Гадзі, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дзесяць гадоў.
 
На трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Менаім, сын Гадыя, над Ізраілем; і валадарыў дзесяць гадоў у Самарыі;

І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, у-ва ўсе дні свае.
 
і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх, ва ўсе дні свае.

І прыйшоў Пул, валадар Асірыі, у зямлю Ізраіля. І Мэнахэм даў Пулу тысячу талентаў срэбра, каб былі рукі ягоныя з ім і каб умацаваць валадарства ў руках сваіх.
 
Тады прыйшоў Фул, цар Асірыйскі, на зямлю Ізраілевую. І даў Менаім Фулу тысячу талантаў срэбра, каб рукі ягоныя былі за яго і каб умацаваць царства ў руцэ сваёй.

І Мэнахэм гэтае срэбра разлажыў на Ізраільцянаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзясят сыкляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць валадару Асірыі. І валадар Асірыі вярнуўся назад, і не застаўся ў зямлі Ізраіля.
 
І расклаў Менаім гэта срэбра на Ізраільцянаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзясят сікляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць цару Асірыйскаму. І пайшоў назад цар Асірыйскі, і не застаўся там у зямлі.

А іншыя дзеяньні Мэнахэма і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
 
Астатняе пра Менаіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

І супачыў Мэнахэм з бацькамі сваімі, а пасьля яго стаў валадаром Пэкахія, сын ягоны.
 
І спачыў Менаім з бацькамі сваімі. І зацараваў Факія, сын ягоны, замест яго.

У пяцідзясятым годзе Азарыі, валадара Юды, Пэкахія, сын Мэнахэма, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на два гады.
 
На пяцідзясятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Факія, сын Менаіма, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў два гады;

І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
 
і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх.

І змовіўся супраць яго Пэках, сын Рэмаліі, збраяносец ягоны, і забіў яго ў Самарыі ў вежы дому валадара з Аргобам і Арыяй, і з ім пяцьдзясят сыноў Гілеаду. І ён забіў яго, і стаў валадаром замест яго.
 
І склаў супроць яго змову Факей, сын Рэмалія, саноўнік ягоны, і пабіў яго ў Самарыі ў палаце царскага дома, з Арговам і Арыем, маючы пры сабе шэсьцьдзясят чалавек Галаадыцянаў, і забіў яго, і зацараваў замест яго

А іншыя дзеяньні Пэкахіі і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
 
Астатняе пра Факея і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

У пяцьдзясят другім годзе Азарыі, валадара Юды, Пэках, сын Рэмаліі, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дваццаць гадоў.
 
У пяцьдзясят другі год Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Факей, сын Рэмалія, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў дваццаць гадоў;

І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
 
і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

У дні Пэкаха, валадара Ізраіля, прыйшоў Тыглят-Пілесэр, валадар Асірыі, і здабыў Абэль-Бэт-Мааху, Янаах, Кэдэш, Хацор, Гілеад, Галілею і ўсю зямлю Нэфталі, і перасяліў іх у Асірыю.
 
У дні Факея, цара Ізраільскага, прыйшоў Тэглатфэласар, цар Асірыйскі, і ўзяў Ён, Авэл-бэт-Мааху і Янох і Кедэс і Асор, і Галаад і Галілею, усю зямлю Нэфталімавую, і перасяліў іх у Асірыю.

А Осія, сын Элы, змовіўся супраць Пэкаха, сына Рэмаліі, і напаў на яго, і забіў яго, і стаў валадаром замест яго ў дваццатым годзе Ётама, сына Узіі.
 
І склаў змову Асія, сын Ілы, супроць Факея, сына Рэмаліінага, і пабіў яго, і забіў яго, і зацараваў замест яго ў дваццаты год Ёатама, сына Азіінага.

А іншыя дзеяньні Пэкаха і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
 
Астатняе пра Факея і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

У другім годзе Пэкаха, сына Рэмаліі, валадара Ізраіля, стаў валадаром Ётам, сын Узіі, валадара Юды.
 
На другім годзе Факея, сына Рэмаліінага, цара Ізраільскага, зацараваў Ёатам, сын Азіі, цара Юдэйскага.

Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Еруша, дачка Цадока.
 
дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Еруша, дачка Садока.

І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА; паводле ўсяго, што рабіў Узія, бацька ягоны, ён рабіў.
 
Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх: ва ўсім, як рабіў Азія, бацька ягоны, так рабіў і ён.

Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках. І пабудаваў ён верхнюю браму Дому ГОСПАДА.
 
Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях. Ён пабудаваў верхнюю браму пры доме Гасподнім.

А іншыя дзеяньні Ётама і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
 
Астатняе пра Ёатама і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

У дні ягоныя ГОСПАД пачаў пасылаць на Юду Рэцына, валадара Сірыі, і Пэкаха, сына Рэмаліі.
 
У тыя дні пачаў Гасподзь пасылаць у Юдэю Рэцына, цара Сірыйскага, і Факея, сына Рэмаліінага.

І супачыў Ётам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І стаў валадаром пасьля яго Ахаз, сын ягоны.
 
І спачыў Ёатам з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І зацараваў Ахаз, сын ягоны, замест яго.