4 царстваў 25 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сталася ў дзявятым годзе валадараньня ягонага, у дзясятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца, прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліму, і аблёг яго, і пабудаваў вакол яго валы.
 
На дзявятым годзе валадараньня свайго, на дзясятым месяцы, у дзень дзясяты месяца прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліма, і аблажыў яго, і насыпаў вакол яго вал.

І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага году валадара Сэдэкіі.
 
І быў горад у аблозе да адзінаццатага года цара Сэдэкіі.

У дзявяты [дзень] месяца пачаўся голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народу зямлі.
 
На дзявяты дзень месяца ўзмацніўся голад у горадзе, і ня было хлеба ў народу зямлі.

І быў зроблены вылом у муры гораду, і ўначы ўсе ваяры [ўцяклі] па шляху брамы між мурамі, што каля саду валадарскага, а Халдэйцы былі вакол гораду. І выйшлі яны на шлях да Арабы.
 
І ўзяты быў горад, і пабеглі ўсе вайсковыя ўначы па дарозе да брамы, паміж дзьвюма сьценамі, што каля царскага саду; а Халдэі стаялі вакол горада, і цар пайшоў дарогаю па раўніне.

І войска Халдэйцаў кінулася ў пагоню за валадаром, і дагналі яго на раўніне каля Ерыхону, і ўсё войска ягонае пакінула яго.
 
І пагналася войска Халдэйскае за царом, і дагналі яго на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсё войска ягонае разьбеглася ад яго.

І схапілі валадара, і прывялі яго да валадара Бабілонскага ў Рыўлю, і выдадзены быў на яго прысуд.
 
І ўзялі цара, і завялі яго да цара Вавілонскага ў Рыўлу, і ўчынілі над ім суд:

І сыноў Сэдэкіі забілі на вачах ягоных, і вырвалі вочы Сэдэкіі, і закулі яго ў кайданы мядзяныя, і завялі ў Бабілон.
 
і сыноў Сэдэкіі закалолі на вачах у яго, а самому Сэдэкію асьляпілі вочы і закавалі яго ў кайданы, і завялі яго ў Вавілон.

У пятым месяцы, у сёмы [дзень] месяца, а гэта быў дзевятнаццаты год Навухаданосара, валадара Бабілонскага, увайшоў у Ерусалім Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, слуга валадара Бабілонскага.
 
На пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, гэта значыцца, на дзевятнаццатым годзе Навухаданосара, цара Вавілонскага, прыйшоў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, слуга цара Вавілонскага, у Ерусалім

І спаліў ён Дом ГОСПАДА, і дом валадара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём.
 
і спаліў дом Гасподні і дом цара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём;

І войска Халдэйскае, якое [было] разам з начальнікам целаахоўнікаў, зруйнавала мур вакол Ерусаліму.
 
і сьцены вакол Ерусаліма разбурыла войска Халдэйскае, якое было ў начальніка целаахоўцаў.

А рэшту народу, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія ўцяклі да валадара Бабілонскага, і рэшту мноства [людзей простых] Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, перасяліў у няволю.
 
І астатні люд, які заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перакінуліся да цара Вавілонскага і астатні просты люд выселіў Навузардан, начальнік целаахоўцаў.

І некаторых з галоты зямлі начальнік целаахоўнікаў пакінуў як вінаградараў і земляробаў.
 
Толькі некалькіх зь беднага люду зямлі пакінуў начальнік целаахоўцаў работнікамі вінаграднікаў і ратаямі.

І паламалі Халдэйцы слупы мядзяныя, якія ў Доме ГОСПАДА, і падставы, і мора мядзянае, якое ў Доме ГОСПАДА, і забралі медзь іхнюю ў Бабілон.
 
І слупы медныя, якія былі каля дома Гасподняга, і падставы, і мора меднае, якое ў доме Гасподнім, паламалі Халдэі, і занесьлі медзь іх у Вавілон;

І забралі катлы, лапаткі, нажніцы, лыжкі і ўвесь посуд мядзяны, якім карысталіся пры служэньні.
 
і тазы, і лапаткі, і нажы, і лыжкі, і ўвесь посуд медны, які ўжываўся пры служэньні, узялі;

Таксама кадзільніцы і келіхі, якія былі з золата і срэбра, забраў начальнік целаахоўнікаў.
 
і кадзільніцы, і чары, што было залатое і што было срэбнае, узяў начальнік целаахоўцаў:

А медзі з двух слупоў і аднаго мора, і падставаў, якія Салямон зрабіў для Дому ГОСПАДА, нельга было зважыць.
 
слупы лікам два, мора адно, і падставы, якія зрабіў Саламон у дом Гасподні, — медзі ва ўсіх гэтых рэчах ня было вагі.

Васямнаццаць локцяў меў у вышыню адзін слуп, і галавіца ягоная была з медзі, а вышыня галавіцы была тры локці. Вакол галавіцы было сплеціва з яблыкамі гранату, усё з медзі. І другі слуп меў таксама сплеціва.
 
Васемнаццаць локцяў вышыні ў адным слупе; вянок на ім медны, а вышыня вянка тры локці, і сетка і гранатавыя яблыкі вакол вянка — усе зь медзі. Тое самае і на другім слупе зь сеткаю.

І начальнік целаахоўнікаў узяў Сэраю сьвятара і другога сьвятара Сафонію, і трох вартаўнікоў парогаў.
 
І ўзяў начальнік целаахоўцаў Сэраю першасьвятара і Цэфанію, сьвятара другога, і трох, якія стаялі на варце каля парога.

А з горада ўзяў ён аднаго эўнуха, які быў начальнікам войска, і пяць чалавек, якія бачылі аблічча валадара, якіх знайшлі ў горадзе, і галоўнага пісара войска, які запісваў народ зямлі, і шэсьцьдзясят людзей простых, якіх знайшлі ў горадзе.
 
І з горада ўзяў аднаго еўнуха, які начальнічаў над людзьмі ваеннымі, і пяць чалавек, якія стаяць перад абліччам цара, якія былі ў горадзе, і пісца галоўнага ў войску, які запісваў у войска людзей зямлі, якія былі ў горадзе.

І ўзяў іх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і завёў да валадара Бабілонскага ў Рыўлю.
 
І ўзяў іх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і адвёў іх да цара Вавілонскага ў Рыўлу.

І валадар Бабілонскі загадаў забіць іх, і забіў іх у Рыўлі, у зямлі Хамат. І быў Юда выселены з зямлі сваёй.
 
І пабіў іх цар Вавілонскі і забіў іх у Рыўле, у зямлі Эмат. І выселены Юдэі зь зямлі сваёй.

А над народам, што застаўся ў зямлі Юды, які пакінуў [там] Навухаданосар, валадар Бабілонскі, ён паставіў начальнікам Гедалію, сына Ахікама, сына Шафана.
 
А над людам, які заставаўся ў зямлі Юдэйскай, які пакінуў Навухаданосар, цар Вавілонскі, — над імі паставіў начальнікам Гадолію, сына Ахікама, сына Шафанавага.

І ўсе начальнікі войска і людзі іхнія пачулі, што валадар Бабілонскі прызначыў Гедалію [начальнікам], і прыйшлі да Гедаліі ў Міцпу. І [прыйшлі] Ізмаэль, сын Нэтаніі, Ёханан, сын Карэаха, Сэрая, сын Танхумэта з Нэтофы, і Язанія, сын Маахата, яны і людзі іхнія.
 
Калі пачулі ўсе ваеначальнікі, яны і людзі іх, што цар Вавілонскі паставіў начальнікам Гадолію, дык прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу, і менавіта: Ісмаіл, сын Нэтаніі, і Ёханан, сын Карэя, і Сэрая, сын Танхумэта з Нэтафата, і Езанія, сын Маахіцяніна, яны і людзі іхнія.

І прысягнуў Гедалія ім і людзям іхнім, і сказаў ім: «Ня бойцеся служыць Халдэйцам, жывіце на зямлі і служыце валадару Бабілонскаму, і добра будзе вам».
 
І запрысягнуўся Гадолія ім і людзям іхнім, і сказаў ім: ня бойцеся быць падуладнымі Халдэям, сялецеся на зямлі і служэце цару Вавілонскаму, і хай будзе добра вам.

Але ў сёмым месяцы прыйшоў Ізмаэль, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з насеньня валадарскага, і дзесяць чалавек з ім, і забілі яны Гедалію, і забілі Юдэяў і Халдэйцаў, якія былі з ім у Міцпе.
 
Але на сёмым месяцы прыйшоў Ісмаіл, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з племя царскага, зь дзесяцьцю чалавекамі, і пабіў Гадолію, і ён памёр, і Юдэяў і Халдэяў, якія былі зь ім у Масіфе.

І ўстаў увесь народ ад малога да вялікага, і начальнікі войска, і пайшлі ў Эгіпет, бо баяліся аблічча Халдэйцаў.
 
І ўстаў увесь народ, ад малога да вялікага, і ваеначальнікі, і пайшлі ў Егіпет, бо баяліся Халдэяў.

І сталася ў трыццаць сёмым годзе пасьля высяленьня ў няволю Егаяхіна, валадара Юды, у дванаццаты месяц, у дваццаць сёмы [дзень] месяца, Эвіль-Мэрадах, валадар Бабілонскі, у год, у які пачаў валадарыць, вызваліў Егаяхіна, валадара Юды, з вязьніцы.
 
На трыццаць сёмым годзе перасяленьня Еханіі, цара Юдэйскага, на дванаццатым месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвілмэродах, цар Вавілонскі, у год свайго ўцараваньня, вывеў Еханію, цара Юдэйскага, з дома турэмнага.

І ён гаварыў з ім добра, і падняў пасад ягоны па-над пасадамі валадароў, якія [былі] з ім у Бабілоне.
 
і гаварыў зь ім дружалюбна, і паставіў трон ягоны вышэй за трон цароў, якія былі ў яго ў Вавілоне;

І зьняў [Егаяхін] шаты вязьнічныя, і еў заўсёды хлеб перад абліччам [Эвіль-Мэрадаха] ў-ва ўсе дні жыцьця свайго.
 
і перамяніў турэмную вопратку ягоную, і ён усюды меў ежу ў яго, ва ўсе дні жыцьця ягонага.

І той забясьпечваў яго заўсёды ўтрыманьнем валадарскім, дзень у дзень, у-ва ўсе дні жыцьця ягонага.
 
І ўтрыманьне яго, утрыманьне пастаяннае, выдавалася яму ад цара, дзень у дзень, ва ўсе дні жыцьця ягонага.