4 царстваў 23 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І паслаў валадар, і сабраліся да яго ўсе старшыні Юды і Ерусаліму.
 
І паслаў цар, і сабралі да яго ўсіх старэйшынаў Юды і Ерусаліма.

І ўвайшоў валадар у Дом ГОСПАДА, і ўсе людзі Юды, і ўсе жыхары Ерусаліма з ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ ад малога да вялікага. І прачытаў ён у вушы іхнія ўсе словы Кнігі Запавету, якую знайшлі ў Доме ГОСПАДА.
 
І пайшоў цар у дом Гасподні, і ўсе Юдэі, і ўсе жыхары Ерусаліма зь ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь люд ад малога да вялікага, і прачытаў уголас ім усе словы кнігі запавета, знойдзенай у доме Гасподнім.

І стаў валадар на ўзвышэньні, і заключыў запавет перад абліччам ГОСПАДА, што яны будуць хадзіць за ГОСПАДАМ і будуць захоўваць прыказаньні Ягоныя, сьведчаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя ўсім сэрцам і ўсёй душой, каб выканаць словы запавету гэтага, якія запісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ далучыўся да запавету.
 
Потым устаў цар на ўзвышанае месца і даў перад домам Гасподнім запавет — трымацца Госпада і захоўваць наказы Ягоныя і адкрыцьці Ягоныя, і пастановы Ягоныя, ад усяго сэрца і ад усёй душы, каб выканаць словы запавету гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ уступіў у запавет.

І загадаў валадар Хількіі, вялікаму сьвятару, і іншым сьвятарам, і вартаўнікам парогаў, каб выкінулі са Сьвятыні ГОСПАДА ўсе рэчы, зробленыя для Баала, і для Астарты, і для ўсяго войска нябеснага. І ён спаліў усё гэта па-за Ерусалімам у даліне Кедрону, а попел іхні занёс у Бэтэль.
 
І загадаў цар Хэлкію першасьвятару і іншым сьвятарам і дазорным каля парога вынесьці з храма Гасподняга ўсе рэчы, зробленыя дзеля Ваала і дзеля Астарты і дзеля ўсяго воінства нябеснага, і спаліў іх за Ерусалімам у даліне Кедрон, і загадаў попел ад іх аднесьці ў Вэтыль.

І прыбраў ён службітаў паганскіх, якіх паставілі валадары Юды, і якія кадзілі на ўзгорках у гарадах Юды і ў ваколіцах Ерусаліму, і якія кадзілі Баалу, сонцу, месяцу, сузор’ям і ўсяму войску нябеснаму.
 
І пакінуў жрацоў, якіх паставілі цары Юдэйскія, каб учыняць дымленьне на вышынях у гарадах Юдэйскіх і ваколіцах Ерусаліма, — і якія кадзілі Ваалу, сонцу, і месяцу, і сузор’ям і ўсяму воінству нябеснаму;

І вынес ён з Дому ГОСПАДА Астарту, і [занёс] па-за Ерусалім да ручая Кедрон, і спаліў яе каля ручая Кедрон, і сьцёр яе на парахно, і кінуў яе на магілы людзей простых.
 
І вынес Астарту з дома Гасподняга за Ерусалім да патока Кедрон і спаліў яе каля патока Кедрон, і сьцёр яе ў пыл і кінуў пыл яе на могілках агульнанародных;

І разваліў ён дамы распусьнікаў, якія былі пры Доме ГОСПАДА, дзе жанчыны ткалі адзеньне для Астарты.
 
і разбурыў дамы блудныя, якія былі пры храме Гасподнім, дзе жанчыны ткалі вопратку Астарце;

І выгнаў ён усіх сьвятароў [паганскіх] з гарадоў Юды, і апаганіў узгоркі, дзе сьвятары гэтыя кадзілі, ад Гевы да Бээр-Шэвы. І зруйнаваў узгорак брамы, які быў каля ўваходу ў браму Егошуа, начальніка гораду, з левага боку ад гарадзкой брамы.
 
і вывеў усіх жрацоў з гарадоў Юдэйскіх, і спаганьбіў вышыні, на якіх учынялі дымленьне жрацы, ад Гевы да Вірсавіі, і разбурыў вышыні перад брамаю — тую, якая перад уваходам у браму Ісуса начальніка горада, і тую, якая зь левага боку каля гарадское брамы.

І сьвятарам узгоркаў забараніў прыходзіць да ахвярніка ГОСПАДА ў Ерусаліме, толькі маглі яны есьці праснакі між братамі сваімі.
 
Зрэшты жрацы вышыняў ня прыносілі ахвяр на ахвярніку Гасподнім у Ерусаліме, а праснакі елі разам з братамі сваімі.

І апаганіў ён Тафэт, які ў даліне Бэн-Гінном, каб ужо ніхто не праводзіў сына свайго або дачку праз агонь для Малоха.
 
І спаганьбіў ён Тафэт, што ў даліне сыноў Энома, каб ніхто не праводзіў сына свайго і дачкі сваёй праз агонь Малоху;

І прыбраў коней, якіх валадары Юды пасьвячалі сонцу, ад уваходу ў Дом ГОСПАДА каля жытла Натан-Мэлеха, эўнуха, якое на панадворку, і спаліў агнём калясьніцы сонца.
 
і адмяніў коней, якіх ставілі цары Юдэйскія сонцу перад уваходам у дом Гасподні паблізу пакояў Нэтан-Мэлэха еўнуха, што ў Фарурыме, калясьніцы сонца спаліў агнём.

І ахвярнікі на даху верхняга пакоя Ахаза, якія зрабілі валадары Юды, і ахвярнікі, якія зрабіў Манаса ў абодвух панадворках Дому ГОСПАДА, валадар зьнішчыў, і прыбраў адтуль, а пыл ад іх укінуў у ручай Кедрон.
 
І ахвярнікі на даху сьвятліцы Ахазавай, якія зрабілі цары Юдэйскія, і ахвярнікі, якія зрабіў Манасія на абодвух дварах дома Гасподняга разбурыў цар і выкінуў адтуль, і кінуў пыл іх у паток Кедрон.

І апаганіў ён узгоркі насупраць Ерусаліму з правага боку гары Аліўнай, якія Салямон, валадар Ізраіля, паставіў для Астарты, брыдоты Сідонцаў, і для Кемоша, брыдоты Мааву, і для Мількома, брыдоты сыноў Амона.
 
І вышыні, якія каля Ерусаліма, направа ад Алейнай гары, якія спарудзіў Саламон, цар Ізраілеў, Астарце, мярзоце Сідонскай, і Хамосу, мярзоце Маавіцкай, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай, спаганьбіў цар;

І паразьбіваў ён слупы, і высек [сьвятыя] гаі, і засыпаў месца іхняе косткамі чалавечымі.
 
і паламаў статуі, і высек дубровы, і напоўніў месца іх касьцямі чалавечымі.

І таксама ахвярнік, які ў Бэтэлі, узгорак, зроблены Ерабаамам, сынам Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, таксама ахвярнік гэты і ўзгорак разваліў, і спаліў, і сьцёр у пыл, і спаліў Астарту.
 
Таксама і ахвярнік, які ў Вэтылі, вышыню, спаруджаную Ераваамам, сынам Наватавым, які ўвёў Ізраіля ў грэх, — таксама і ахвярнік той і вышыню ён разбурыў, і спаліў гэтую вышыню, сьцёр у пыл, і спаліў дуброву.

І глянуў Ёсія, і ўбачыў магілы, якія там [былі] на гары, і паслаў, і загадаў узяць косткі з магілаў, і спаліў іх на ахвярніку, і апаганіў яго паводле слова ГОСПАДА, якое абвясьціў чалавек Божы, што абвяшчаў падзеі гэтыя.
 
І зірнуў Ёсія, і ўбачыў магілы, якія там на гары, і паслаў, і ўзяў косьці з магілаў, і спаліў на ахвярніку, і спаганьбіў яго па слове Гасподнім, якое абвясьціў чалавек Божы, які прадказаў падзеі гэтыя,

І сказаў [Ёсія]: «Што гэта за помнік, які я бачу?» І сказалі яму жыхары гораду: «Гэта магіла чалавека Божага, які прыйшоў з Юды і абвясьціў тое, што ты зрабіў з ахвярнікам у Бэтэлі».
 
і сказаў Ёсія: што гэта за помнік, які я бачу? І сказалі яму жыхары горада: гэта магіла чалавека Божага, які прыходзіў зь Юдэі, і абвясьціў пра тое, што ты робіш над ахвярнікам Вэтыльскім.

І сказаў ён: «Пакіньце яго [ў супакоі]. Няхай ніхто не чапае костак ягоных». І косткі ягоныя пакінулі некранутымі разам з косткамі прарока, які прыйшоў з Самарыі.
 
І сказаў ён: пакіньце яго ў спакоі, ніхто хай не чапае касьцей ягоных. І пахавалі косьці яго і косьці прарока, які прыходзіў з Самарыі.

І таксама ўсе дамы ўзгоркаў, якія [былі] ў гарадах Самарыі і якія пабудавалі валадары Ізраіля, каб гнявіць [Госпада], Ёсія разваліў і зрабіў з імі так, як зрабіў у Бэтэлі.
 
Таксама і ўсе капішчы вышыняў у гарадах Самарыйскіх, якія спарудзілі цары Ізраільскія, прагняўляючы Госпада, разбурыў Ёсія, і зрабіў зь імі тое самае, што зрабіў у Вэтылі;

І пазабіваў ён усіх сьвятароў узгоркаў, якія там [былі] пры ахвярніках, і спаліў на іх косткі чалавечыя, і вярнуўся ў Ерусалім.
 
і закалоў усіх жрацоў вышыняў, якія там былі, на ахвярніках, і спаліў косьці чалавечыя на іх, — і вярнуўся ў Ерусалім.

І загадаў валадар усяму народу, кажучы: «Спраўляйце Пасху ГОСПАДА, Бога вашага, як напісана ў кнізе Запавету гэтага».
 
І загадаў цар усяму народу, сказаўшы: учынеце пасху Госпаду Богу вашаму, як напісана ў гэтай кнізе запавета, —

Бо не была спраўляная Пасха ад дзён судзьдзяў, якія судзілі Ізраіля, і праз усе дні валадароў Ізраіля і валадароў Юды.
 
таму што ня была ўчынена такая пасха ад дзён судзьдзяў, якія судзілі Ізраіля ва ўсе дні цароў Ізраільскіх і цароў Юдэйскіх;

Толькі ў васямнаццатым годзе валадара Ёсіі спраўлялі Пасху ГОСПАДА ў Ерусаліме.
 
а на васемнаццатым годзе цара Ёсіі была ўчынена гэтая пасха Госпаду ў Ерусаліме.

І таксама Ёсія вынішчыў тых, якія выклікалі духаў памерлых, і варажбітоў, і [зьнішчыў] тэрафімаў, ідалаў і ўсе брыдоты, якія былі бачаныя ў зямлі Юды і ў Ерусаліме, каб выканаць словы Закону, запісаныя ў кнізе, якую знайшоў сьвятар Хількія ў Доме ГОСПАДА.
 
І закліначоў мёртвых, і чараўнікоў, і тэрафімаў, і ідалаў, і ўсе мярзоты, якія паяўляліся ў зямлі Юдэйскай і ў Ерусаліме, зьнішчыў словы закона, напісаныя ў кнізе, якую знайшоў Хэлкія сьвятар у доме Гасподнім.

Перад ім не было такога валадара, які б навярнуўся да ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, і ўсёю сілаю сваёй паводле ўсяго Закону Майсея, і пасьля яго не зьявіўся падобны яму.
 
Падобнага да яго ня было цара да яго, які зьвярнуўся б да Госпада ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсімі сіламі сваімі, па ўсім законе Майсеевым; і пасьля яго не паявіўся падобны да яго.

Аднак ГОСПАД не спыніў ярасьці гневу Свайго, які ўзгарэўся супраць Юды за ўсе зьнявагі, якімі гнявіў Яго Манаса.
 
Аднак жа Гасподзь не адклаў вялікай лютасьці гневу Свайго, якою загарэўся гнеў Ягоны і на Юду за ўсе зьнявагі, якімі ўгневаў Яго Манасія.

І сказаў ГОСПАД: «Нават Юду Я адкіну ад аблічча Майго, як Я адкінуў Ізраіля. І адкіну горад гэты, які Я выбраў, Ерусалім, і Дом [Божы], пра які Я сказаў: “Там будзе імя Маё!”»
 
І сказаў Гасподзь: і Юду адкіну ад аблічча Майго, як адкінуў Я Ізраіля, і адкіну горад гэты, Ерусалім, які Я выбраў, і дом, пра які Я сказаў: будзе імя Маё там.

А іншыя дзеяньні Ёсіі і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
 
Астатняе пра Ёсію, пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

У дні ягоныя фараон Нэхо, валадар Эгіпту, пайшоў на валадара Асірыі на раку Эўфрат. І выйшаў насустрач яму валадар Ёсія, і, калі ўбачыў яго, быў забіты ім у Мэгіддо.
 
У дні ягоныя пайшоў фараон Нэхаа, цар Егіпецкі, супроць цара Асірыйскага на раку Еўфрат. І выйшаў цар Ёсія насустрач яму, і той забіў яго ў Мэгідоне, калі ўбачыў яго.

І павезьлі слугі ягоныя забітага на калясьніцы з Мэгіддо, і прывезьлі ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магіле ягонай. А народ краіны ўзяў Егаахаза, сына ягонага, і памазаў яго, і паставіў яго валадаром на месца бацькі ягонага.
 
І рабы ягоныя павезьлі яго мёртвага з Мэгідона, і прывезьлі яго ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магільніцы ягонай. І ўзяў народ землі Ёахаза, сына Ёсіінага, і памазалі яго і паставілі царом замест бацькі ягонага.

Егаахаз меў дваццаць тры гады, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме тры месяцы. Імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны.
 
Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.

І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, паводле ўсяго таго, што рабілі бацькі ягоныя.
 
І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.

І фараон Нэхо ўвязьніў яго ў Рыўлі, у зямлі Хамат, каб не валадарыў ён у Ерусаліме, і наклаў на краіну даніну — сто талентаў срэбра і талент золата.
 
І затрымаў яго фараон Нэхаа ў Рыўле, у зямлі Эматскай, каб ён не валадарыў у Ерусаліме, — і наклаў спагону на зямлю ягоную сто талантаў срэбра і талант золата.

І паставіў фараон Нэхо валадаром Эліякіма, сына Ёсіі, замест Ёсіі, бацькі ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егаякім. А Егаахаза ўзяў і завёў у Эгіпет, і ён там памёр.
 
І паставіў царом фараон Нэхаа Эліякіма, сына Ёсіінага, замест Ёсіі, бацькі ягонага, і памяняў імя ягонае на Ёакіма; а Ёхаза ўзяў і вывез у Егіпет, дзе ён і памёр.

І Егаякім даваў фараону срэбра і золата, і мусіў ён ападаткаваць зямлю, каб даваць срэбра паводле [слова] з вуснаў фараона, і ад кожнага чалавека ў зямлі [Юды] паводле вызначанага падатку ён вымагаў срэбра і золата, каб даваць фараону Нэхо.
 
І срэбра і золата даваў Ёакім фараону; ён зрабіў ацэну зямлі, каб даваць срэбра па загадзе фараона; ад кожнага народу зямлі, паводле ацэны сваёй, ён спаганяў срэбра і золата, каб аддаваць фараону Нэхаа.

Егаякім меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Зэбіда, дачка Пэдаі з Румы.
 
Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Зэбуда, дачка Фэдаі, з Румы.

І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабілі бацькі ягоныя.
 
І рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.