4 царстваў 2 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І сталася, калі ГОСПАД узяў Ільлю ў неба ў віхуры, ішоў Ільля і Элісэй з Гільгалу.
У той час, як Гасподзь захацеў узьнесьці Ільлю ў віхуры на неба, ішоў Ільля зь Елісеем з Галгала.
І сказаў Ільля Элісэю: «Застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне аж у Бэтэль». І сказаў Элісэй: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І зыйшлі яны ў Бэтэль.
І сказаў Ільля Елісею: застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне ў Вэтыль. Але Елісей сказаў: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І пайшлі яны ў Вэтыль.
І выйшлі сыны прарокаў, якія ў Бэтэлі, да Элісэя і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёньня забярэ ГОСПАД гаспадара твайго па-над галавою тваёй?» Ён сказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце».
І выйшлі сыны прарокаў, якія ў Вэтылі, да Елісея і сказалі яму: ці ведаеш, што сёньня Гасподзь узьнясе гаспадара твайго над галавою тваёю? Ён сказаў: я таксама ведаю, маўчэце.
І сказаў яму Ільля: «Элісэй, застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне ў Ерыхон». А ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І прыйшлі яны ў Ерыхон.
І сказаў яму Ільля: Елісей, застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне ў Ерыхон. І сказаў ён: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І прыйшлі ў Ерыхон.
І падыйшлі сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, да Элісэя, і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёньня забярэ ГОСПАД гаспадара твайго па-над галавою тваёй?» Ён сказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце!»
І падышлі сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, да Елісея і сказалі яму: ці ведаеш, што сёньня Гасподзь бярэ гаспадара твайго і ўзьнясе над галавою тваёю? Ён сказаў: я таксама ведаю, маўчэце.
І сказаў яму Ільля: «Застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне да Ярдану». А ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І пайшлі яны абодва [разам].
І сказаў яму Ільля: застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне да Ярдана. І сказаў ён: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І пайшлі абодва.
І пяцьдзясят чалавек з сыноў прарокаў пайшлі, і сталі насупраць здалёк, а яны абодва сталі каля Ярдану.
Пяцьдзясят чалавек з сыноў прарокавых пайшлі і сталі здалёк супроць іх, і яны абодва стаялі каля Ярдана.
І Ільля зьняў плашч свой, і скруціў, і ўдарыў ім па вадзе. І разьдзялілася [вада] ў адзін і ў другі бок, і яны перайшлі абодва па сухазем’і.
І ўзяў Ільля аўчыну сваю, і згарнуў, і ўдарыў ёю па вадзе, і расступілася яна туды і сюды, і перайшлі абодва па сухім.
І сталася, калі перайшлі, Ільля сказаў Элісэю: «Прасі, што мне зрабіць табе, пакуль ня буду забраны ад цябе». А Элісэй сказаў: «Няхай, прашу, дух твой [будзе] падвойна на мне!»
Калі яны перайшлі, Ільля сказаў Елісею: прасі, што зрабіць табе, перш чым я буду ўзяты ад цябе. І сказаў Елісей: дух, які ў табе, хай будзе на мне ўдвая.
І [Ільля] сказаў: «Цяжкога ты просіш. Калі ўбачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, будзе табе гэта; а калі ня [ўбачыш], ня будзе».
І сказаў ён: цяжкага ты просіш; калі ўбачыш, як я буду ўзяты ад цябе, дык будзе табе так, а калі ня ўбачыш, ня будзе.
І сталася, калі яны ішлі і размаўлялі, вось, [зьявілася] калясьніца вогненная і коні вогненныя, і разьдзялілі абодвух, і Ільля ў віхуры ўзьняўся ў неба.
Калі яны ішлі і па дарозе гутарылі, раптам зьявілася калясьніца вогненная і коні вогненныя, і разлучылі іх абодвух, і панёсься Ільля ў віхуры на неба.
А Элісэй глядзеў і крычаў: «Ойча мой! Ойча мой! Калясьніца Ізраіля і коньнікі ягоныя». І больш яго ўжо ня бачыў, і схапіў шаты свае, і разьдзёр іх на дзьве часткі.
А Елісей глядзеў і ўсклікнуў: бацька мой, бацька мой, калясьніца Ізраіля і коньніца ягоная! І ня бачыў яго болей. І схапіў ён вопратку сваю і падраў яе на дзьве часткі.
І падняў ён плашч Ільлі, які зваліўся з яго, і вярнуўся, і стаў на беразе Ярдану.
І падняў аўчыну Ільлі, якая ўпала зь яго, і пайшоў назад, і стаў на беразе Ярдана;
І ўзяў плашч Ільлі, які зваліўся з яго, і ўдарыў па вадзе, і сказаў: «Дзе ГОСПАД, Бог Ільлі?» І ўдарыў па вадзе, і яна разьдзялілася ў адзін і ў другі бок, і Элісэй перайшоў.
і ўзяў аўчыну Ільлі, якая ўпала зь яго, і ўдарыў ёю па вадзе і сказаў: дзе Гасподзь, Бог Ільлі, — Ён Самы? І ўдарыў па вадзе, і яна расступілася туды і сюды, і перайшоў Елісей.
І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія [былі] ў Ерыхоне насупраць, і сказалі: «Дух Ільлі супачыў на Элісэі». І прыйшлі на спатканьне яму, і пакланіліся яму да зямлі,
І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, здалёк і сказалі: спачыў дух Ільлі на Елісеі. І пайшлі напярэймы яму, і пакланіліся яму да зямлі,
і сказалі яму: «Вось, між слугаў тваіх пяцьдзясят чалавек мужных. Няхай яны пойдуць і пашукаюць гаспадара твайго, ці часам не падняў яго Дух ГОСПАДА і не спусьціў на нейкай гары або ў лагчыне». А ён сказаў: «Не пасылайце!»
і сказалі яму: вось, ёсьць у нас, рабоў тваіх, чалавек пяцьдзясят — людзі дужыя; хай бы яны пайшлі і пашукалі гаспадара твайго; можа, панёс яго Дух Гасподні і скінуў яго на адной з гор, альбо на адной з далін. А ён сказаў: не пасылайце.
Але яны налягалі на яго і надакучалі, і [Элісэй] сказаў: «Пасылайце». І паслалі яны пяцьдзясят чалавек, і яны шукалі [Ільлю] тры дні, і не знайшлі.
Але яны падступаліся да яго доўга, так што абрыдлі яму, і ён сказаў: пашлеце. І паслалі пяцьдзясят чалавек, і шукалі тры дні, і не знайшлі яго,
І вярнуліся да [Элісэя], а ён быў у Ерыхоне, і ён сказаў ім: «Ці ж не казаў я вам: “Не ідзіце!”»
і вярнуліся да яго, тым часам як ён заставаўся ў Ерыхоне, і сказаў ім: ці ж не казаў я вам: не хадзеце?
І сказалі жыхары гораду Элісэю: «Вось, разьмяшчэньне гораду гэтага добрае, як гаспадар наш бачыць, але вада кепская і зямля не дае пладоў».
І сказалі жыхары таго горада Елісею: вось, стан гэтага горада добры, як бачыць гаспадар мой; але вада нядобрая і зямля неўрадлівая.
і ён сказаў: «Прынясіце мне новую місу і ўкіньце туды солі». І яны прынесьлі яму.
І сказаў ён: дайце мне новую чару і пакладзеце туды солі. І далі яму.
І ён пайшоў да крыніцы вады, і ўкінуў туды соль, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Я аздаравіў ваду гэтую, і ня будзе тут больш ані сьмерці, ані бясплоднасьці”».
І выйшаў ён да вытоку вады, і кінуў туды солі, і сказаў: так кажа Гасподзь: Я зрабіў ваду гэтую здароваю, ня будзе ад яе наперад ні сьмерці, ні неўрадлівасьці.
І аздароўлена была вада па сёньняшні дзень паводле слова Элісэя, якое ён прамовіў.
І вада зрабілася здароваю да сёньня, паводле слова Елісея, якое ён сказаў.
І адтуль пайшоў ён у Бэтэль. І калі ён ішоў дарогаю, малыя хлопцы выбеглі з гораду і сьмяяліся з яго, і казалі яму: «Ідзі, лысы! Ідзі, лысы!»
І пайшоў ён адтуль у Вэтыль. Калі ён ішоў дарогаю, малыя дзеці выйшлі з горада і сьмяяліся зь яго і казалі яму: ідзі, пляшывы, ідзі, пляшывы.
Ён павярнуўся да іх, і паглядзеў на іх, і пракляў іх у імя ГОСПАДА. І выйшлі дзьве мядзьведзіцы з лесу, і разарвалі сорак двух хлопцаў з іх.
Ён азірнуўся і ўбачыў іх і пракляў іх імем Гасподнім. І выйшлі дзьве мядзьведзіхі зь лесу і разадралі зь іх сорак два дзіцяці.
Адтуль пайшоў ён на гару Кармэль, а адтуль вярнуўся ў Самарыю.
Адсюль пайшоў ён на гару Карміл, а адтуль вярнуўся ў Самарыю.