4 царстваў 24 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
У дні ягоныя прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, і Егаякім стаўся слугой ягоным на тры гады, а пасьля збунтаваўся супраць яго.
У дні ягоныя выступіў Навухаданосар цар Вавілонскі, і зрабіўся Ёакім падуладным яму на тры гады, але потым адпаў ад яго.
І ГОСПАД паслаў супраць яго дружыны Халдэйцаў, і дружыны Сірыйцаў, і дружыны Мааўлянаў, і дружыны сыноў Амона, і паслаў іх супраць Юды, каб зьнішчыць яго паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз слугаў Сваіх, прарокаў.
І пасылаў на яго Гасподзь полчышчы Халдэяў, і полчышчы Сірыйцаў, і полчышчы Маавіцянаў, і полчышчы Аманіцянаў, — пасылаў іх на Юду, каб пагубіць яго па слове Госпада, якое Ён сказаў праз рабоў Сваіх прарокаў.
І гэта сталася праз [слова] з вуснаў ГОСПАДА супраць Юды, каб адкінуць яго ад аблічча Свайго за грахі Манасы, якія ён рабіў,
Па загадзе Госпада было гэта зь Юдам, каб адкінуць яго ад аблічча Яго за грахі Манасіі, за ўсё, што ён зрабіў;
і таксама за кроў нявінную, якую ён праліў і напоўніў Ерусалім крывёю нявіннай. І не хацеў ГОСПАД прабачыць.
і за кроў нявінную, якую ён праліў, напоўніўшы Ерусалім крывёю нявіннаю, Гасподзь не захацеў дараваць.
А іншыя дзеяньні Егаякіма і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
Астатняе пра Ёакіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
І супачыў Егаякім з бацькамі сваімі, а замест яго стаў валадаром Егаяхін, сын ягоны.
І спачыў Ёакім з бацькамі сваімі, і зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.
І валадар Эгіпецкі не выходзіў ужо з зямлі сваёй, бо валадар Бабілону заваяваў усё ад ручая Эгіпецкага аж да ракі Эўфрат, усё, што належала да валадара Эгіпту.
Цар Егіпецкі ня выходзіў болей зь зямлі сваёй, бо ўзяў цар Вавілонскі ўсё, ад патока Егіпецкага да ракі Еўфрата, што належала цару Егіпецкаму.
Егаяхін меў васямнаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме тры месяцы. Імя маці ягонай — Нэхушта, дачка Эльнатана з Ерусаліму.
Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Нэхушта, дачка Элнафана, зь Ерусаліма.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабіў бацька ягоны.
І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў бацька ягоны.
У той час слугі Навухаданосара, валадара Бабілону, выйшлі супраць Ерусаліму і абляглі горад.
У той час падступіліся рабы Навухаданосара, цара Вавілонскага, да Ерусаліма, і падупаў горад аблозе.
І прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, да гораду, а слугі ягоныя аблягалі яго.
І прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, да горада, калі рабы ягоныя аблажылі яго.
І выйшаў Егаяхін, валадар Юды, разам з маці сваёй, і слугамі сваімі, князямі сваімі і эўнухамі сваімі да валадара Бабілону. І валадар Бабілону ўзяў яго ў восьмым годзе валадараньня свайго.
І выйшаў Еханія, цар Юдэйскі, да цара Вавілонскага, ён і маці ягоная, і слугі ягоныя, і князі ягоныя, і еўнухі ягоныя, — і ўзяў яго цар Вавілонскі на восьмым годзе свайго валадараньня,
І забраў ён таксама ўсе скарбы Дому ГОСПАДА і скарбы дому валадара, і паламаў усе залатыя рэчы, якія зрабіў Салямон, валадар Ізраіля, у Сьвятыні ГОСПАДА, паводле таго, што прамовіў ГОСПАД.
і вывез ён адтуль усе скарбы дома Гасподняга і скарбы царскага дома; і паламаў, як сказаў Гасподзь, увесь залаты посуд, які Саламон, цар Ізраільскі, зрабіў у храме Гасподнім;
І перасяліў ён у няволю ўвесь Ерусалім, усіх князёў, усіх ваяроў мужных, дзесяць тысячаў палонных, і ўсіх кавалёў і цесьляроў. І не засталося нікога, толькі галота людзей зямлі.
і сьсяліў увесь Ерусалім, і ўсіх князёў, і ўсё адважнае войска, — дзесяць тысяч было пераселеных, — і ўсіх цесьляроў і кавалёў; нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі.
І перасяліў ён таксама Егаяхіна ў Бабілон, і маці валадара, і жонак валадара, і эўнухаў ягоных, і магнатаў зямлі забраў у няволю з Ерусаліму ў Бабілон.
І перасяліў ён Еханію ў Вавілон; і маці цара, і жонак цара, і еўнухаў ягоных, і моцных зямлі вывеў на пасяленьне зь Ерусаліма ў Вавілон.
І ўсіх ваяроў сем тысячаў, і кавалёў, і цесьляроў тысячу, і ўсіх волатаў, здатных да вайны, вывеў валадар Бабілону ў няволю, у Бабілон.
І ўсё войска лікам сем тысяч, і ўмельцаў, і будаўнікоў тысячу, усіх адважных, якія ходзяць на вайну, вывеў цар Вавілонскі на пасяленьне ў Вавілон.
І валадар Бабілонскі паставіў валадаром дзядзьку [Егаяхіна] Матанію, і зьмяніў імя ягонае на Сэдэкію.
І паставіў царом цар Вавілонскі Матанію, дзядзьку Еханіі, замест яго, і перамяніў імя ягонае на Сэдэкію.
Сэдэкія меў дваццаць адзін год, калі стаў валадаром, і ён валадарыў у Ерусаліме адзінаццаць гадоў. Імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны.
Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабіў Егаяхін.
І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Ёакім.
І сталася гэта з прычыны гневу ГОСПАДА на Ерусалім і Юду, і Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І Сэдэкія збунтаваўся супраць валадара Бабілонскага.
Гнеў Гасподні быў над Ерусалімам і над Юдам да таго, што Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І адпаў Сэдэкія ад цара Вавілонскага.