4 царстваў 24 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

За дзён яго ўзышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, і стаў Егоякім слугою яго на тры гады, але потым адвярнуўся а збунтаваўся супроці яго.
 
У дні ягоныя выступіў Навухаданосар цар Вавілонскі, і зрабіўся Ёакім падуладным яму на тры гады, але потым адпаў ад яго.

І паслаў на яго СПАДАР вяткі Хальдэйскія а вяткі Арамскія а вяткі Моаўскія а вяткі сыноў Амонсміх, — пасылаў іх на Юду, каб згубіць яго, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае ён праказаў слугамі Сваімі, прарокамі.
 
І пасылаў на яго Гасподзь полчышчы Халдэяў, і полчышчы Сірыйцаў, і полчышчы Маавіцянаў, і полчышчы Аманіцянаў, — пасылаў іх на Юду, каб пагубіць яго па слове Госпада, якое Ён сказаў праз рабоў Сваіх прарокаў.

І пэўне подле расказаньня СПАДАРА сталася гэта зь Юдаю, каб адхінуць ад віду Яго за грахі Манасавы, подле ўсёга, што ён зрабіў;
 
Па загадзе Госпада было гэта зь Юдам, каб адкінуць яго ад аблічча Яго за грахі Манасіі, за ўсё, што ён зрабіў;

І таксама кроў нявінную, каторую ён разьліў, і напоўніў Ерузалім крывёю нявінаю, і не захацеў СПАДАР дараваць.
 
і за кроў нявінную, якую ён праліў, напоўніўшы Ерусалім крывёю нявіннаю, Гасподзь не захацеў дараваць.

І засталыя справы Егоякімовы, і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
 
Астатняе пра Ёакіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

І супачыў Егоякім із айцамі сваімі, і загаспадарстваў Егояхін, сын ягоны, замест яго.
 
І спачыў Ёакім з бацькамі сваімі, і зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.

Кароль Ягіпецкі ня выходзіў болей ізь зямлі свае, бо ўзяў кароль Бабілёнскі ад цур’я Ягіпецкага аж да ракі Еўфрату ўсе, што належыла да караля Ягіпецкага.
 
Цар Егіпецкі ня выходзіў болей зь зямлі сваёй, бо ўзяў цар Вавілонскі ўсё, ад патока Егіпецкага да ракі Еўфрата, што належала цару Егіпецкаму.

Асьмінанцаць год было Егояхіну, як загаспадарстваваў, і тры месяцы гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Негушта Елнафанішка, зь Ерузаліму.
 
Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Нэхушта, дачка Элнафана, зь Ерусаліма.

І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабіў айцец ягоны.
 
І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў бацька ягоны.

Таго часу ўзышлі слугі Невухаднецара, караля Бабілёнскага, аж да Ерузаліму, і места апынулася ў ваблозе.
 
У той час падступіліся рабы Навухаданосара, цара Вавілонскага, да Ерусаліма, і падупаў горад аблозе.

І прышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, супроці места, а слугі ягоныя аблягалі яго.
 
І прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, да горада, калі рабы ягоныя аблажылі яго.

І вышаў Егояхін, кароль Юдэйскі, да караля Бабілёнскага, ён а маці ягоная а слугі ягоныя а князі ягоныя а легчанцы ягоныя, — і ўзяў яго кароль Бабілёнскі восьмага году свае дзяржавы.
 
І выйшаў Еханія, цар Юдэйскі, да цара Вавілонскага, ён і маці ягоная, і слугі ягоныя, і князі ягоныя, і еўнухі ягоныя, — і ўзяў яго цар Вавілонскі на восьмым годзе свайго валадараньня,

І вывез ён стуль усі скарбы дому СПАДАРОВАГА і скарбы дому каралеўскага, і паламіў усе залатое судзьдзе, каторае Салямон, кароль Ізраеляў, зрабіў у палацу СПАДАРОВЫМ, як быў сказаўшы СПАДАР;
 
і вывез ён адтуль усе скарбы дома Гасподняга і скарбы царскага дома; і паламаў, як сказаў Гасподзь, увесь залаты посуд, які Саламон, цар Ізраільскі, зрабіў у храме Гасподнім;

І высяліў увесь Ерузалім, і ўсіх князёў, і ўсе харобрае войска, — дзесяць тысячаў было пераселеных, — і кажнага цесьлю й сьлёсара: нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі.
 
і сьсяліў увесь Ерусалім, і ўсіх князёў, і ўсё адважнае войска, — дзесяць тысяч было пераселеных, — і ўсіх цесьляроў і кавалёў; нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі.

І перасяліў ён Егояхіна да Бабілёну; і маці каралёву, і жонкі каралёвы, і легчанцоў ягоных, і дужых зямлі завёў у няволю зь Ерузаліму да Бабілёну.
 
І перасяліў ён Еханію ў Вавілон; і маці цара, і жонак цара, і еўнухаў ягоных, і моцных зямлі вывеў на пасяленьне зь Ерусаліма ў Вавілон.

І ўсіх войскавых, сем тысячаў, і цесьляў і сьлёсараў тысяча, усіх харобрых, усіх вояў, і прывёў іх кароль Бабілёнскі ў няволю да Бабілёну.
 
І ўсё войска лікам сем тысяч, і ўмельцаў, і будаўнікоў тысячу, усіх адважных, якія ходзяць на вайну, вывеў цар Вавілонскі на пасяленьне ў Вавілон.

І ўстанавіў каралём кароль Бабілёнскі Матфаню дзядзьку ягонага, замест яго, і зьмяніў імя ягонае на Сэдэку.
 
І паставіў царом цар Вавілонскі Матанію, дзядзьку Еханіі, замест яго, і перамяніў імя ягонае на Сэдэкію.

Дваццаць адзін год было Сэдэку, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Гамуталь Ярэмішка, зь Ліўны.
 
Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.

І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабіў Ёгоякім.
 
І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Ёакім.

Затым гнеў СПАДАРОЎ быў над Ерузалімам а над Юдаю, ажно Ён адхінуў іх ад віду Свайго. І паўстаў Сэдака супроці караля Бабілёнскага.
 
Гнеў Гасподні быў над Ерусалімам і над Юдам да таго, што Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І адпаў Сэдэкія ад цара Вавілонскага.