4 царстваў 13 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Дваццадь трэйцяга году Ёаша Агазёнка, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Егоагаз Ежанок над Ізраелям у Самары; і гаспадарстваваў сямнанцаць год.
У дваццаць трэці год Ёаса, сына Ахозіінага, цара Юдэйскага, зацараваў Ёахаз, сын Іуя, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў сямнаццаць гадоў,
І рабіў благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і хадзіў за грахамі Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, і не адхінаўся ад іх.
і рабіў благое ў вачах Гасподніх, і хадзіў у грахах Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, і не адставаў ад іх.
І ўзгарэўся гнеў СПАДАРА на Ізраеля, і Ён аддаў іх у руку Газаеля, караля Арамскага, і ў руку Вен-Гадада Газаеленка на ўсі дні.
І загарэўся гнеў Госпада на Ізраіля, і Ён аддаваў іх у руку Азаіла, цара Сірыйскага, і ў руку Венадада, сына Азаілавага, ва ўсе дні.
І маліў Егоагаз від СПАДАРОЎ, і пачуў яго СПАДАР, бо бачыў уціск Ізраялян, бо ўціскаў іх кароль Арамскі.
І памаліўся Ёахаз абліччу Гасподняму, і пачуў яго Гасподзь, бо бачыў прыгнечанасьць Ізраільцян, бо цясьніў іх цар Сірыйскі.
І даў СПАДАР Ізраялянам выбавіцеля, і вышлі яны з пад рукі Араму, і жылі сынове Ізраелявы ў буданох сваіх, як учорах а заўчора.
І даў Гасподзь Ізраільцянам збаўцу, і выйшлі яны з-пад рукі Сірыйцаў, і жылі сыны Ізраілевыя ў намётах сваіх, як учора і заўчора.
Не адступалі, адылі, ад грэху дому Еровоамовага, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх; хадзілі ў ім, дый дуброва стаяла ў Самары.
Аднак не адступалі ад грахоў дома Ераваама, які ўвёў Ізраіля ў грэх; хадзілі ў іх, і дуброва стаяла ў Самарыі.
Не заставалася ў Егоагаза люду ваеннага, адно пяцьдзясят коньнікаў, дзесяць цялежкаў і дзесяць тысячаў пяхотных, бо выгубіў іх кароль Арамскі і зрабіў іх, як пыл малацьбою.
У Ёахаза заставалася войска толькі пяцьдзясят вершнікаў, дзесяць калясьніц і дзесяць тысяч пешых, бо вынішчыў іх цар Сірыйскі і абярнуў іх у пыл на патаптаньне.
І засталыя справы Егоагазавы, і ўсе, што ён зрабіў, і дужасьць ягоная, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
Астатняе пра Ёахаза і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
І супачыў Егоагаз із айцамі сваімі, і пахавалі яго ў Самары. І загаспадарстваваў Ёаш, сын ягоны, замест яго.
І спачыў Ёахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І зацараваў Ёас, сын ягоны, замест яго.
Трыццаць сёмага году Ёаша, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Егоаш Егоагазёнак над Ізраелям у Самары; і гаспадарстваваў шаснанцаць год.
У трыццаць сёмы год Ёаса, цара Юдэйскага, зацараваў Ёас, сын Ёахазаў, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў шаснаццаць гадоў,
І рабіў благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ; не адхінаўся ад усяго грэху Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, — хадзіў у ім.
і рабіў благое ў вачах Гасподніх; не адставаў ад усіх грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, а хадзіў у іх.
Засталыя справы Ёашовы і ўсе, што ён зрабіў, і дужасьць ягоная, як ён ваяваў з Амасяю, каралём Юдэйскім, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
Астатняе пра Ёаса і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, як ён ваяваў з Амасіем, царом Юдэйскім, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
І супачыў Ёаш із айцамі сваімі, а Еровоам сеў на пасадзе ягоным. І пахаваны Ёаш у Самары з каралямі Ізраельскімі.
І спачыў Ёас з бацькамі сваімі, а Ераваам сеў на троне яго. І пахаваны Ёас у Самарыі з царамі Ізраільскімі.
Елісэй захварэў хваробаю, ад каторае потым і памер. І зышоў да яго Ёаш, кароль Ізраельскі, і плакаў над ім, і казаў: «Войча мой! войча мой! цялежкі Ізраелявы я коньніца ягоная!»
Елісей захварэў на хваробу, ад якое пасьля і памёр. І прыйшоў да яго Ёас, цар Ізраільскі, і плакаў над ім, і казаў: бацька мой! бацька мой! калясьніца Ізраіля і коньніца ягоная!
І сказаў яму Елісэй: «Вазьмі лук а стрэлы». І ўзяў лук а стрэлы.
І сказаў яму Елісей: вазьмі лук і стрэлы. І ўзяў ён лук і стрэлы.
І сказаў каралю Ізраельскаму: «Палажы руку сваю на лук». І палажыў ён руку сваю. І палажыў Елісэй рукі свае на рукі каралёвы,
І сказаў цару Ізраільскаму: пакладзі руку тваю на лук. І паклаў ён руку сваю. І паклаў Елісей рукі свае на рукі цара,
І сказаў: «Адчыні акно на ўсход». І ён адчыніў. І сказаў Елісэй: «Выстралі». І ён выстраліў. І сказаў: «Гэта страла спасеньня СПАДАРОВАГА і страла вывальненьня ад Араму, бо ты чыста паразіш Арам ув Афеку».
і сказаў: адчыні акно на ўсход. І ён адчыніў. І сказаў Елісей: стрэльні. І ён стрэліў. І сказаў: гэта страла збавеньня ад Госпада і страла збавеньня супроць Сірыі, і ты паб’еш Сірыйцаў у Атэку дарэшты.
І сказаў: «Вазьмі стрэлы». І ён узяў. І сказаў каралю Ізраельскаму: «Бі па зямлі». І ўдырыў ён трэйчы, і перастаў.
І сказаў Елісей: вазьмі стрэлы. І ён узяў. І сказаў цару Ізраільскаму: бі па зямлі. І ўдарыў ён тры разы, і спыніўся.
І загневаўся на яго чалавек Божы, і сказаў: «Было біць пяць альбо шэсьць разоў, тады ты чыста пабіў бы Арам, а цяпер трэйчы паразіш Арам».
І ўгневаўся на яго чалавек Божы і сказаў: трэба было біць пяць ці шэсьць разоў, тады ты пабіў бы Сірыйцаў зусім, а цяпер толькі тры разы паб’еш Сірыйцаў.
І памер Елісэй, і пахавалі яго. І вяткі Моаўлян прыходзілі на пачатку году ў зямлю.
І памёр Елісей, і пахавалі яго. І полчышчы Маавіцян прыйшлі ў зямлю на другі год.
І было, як хавалі чалавека, і вось, абачылі гэтую вятку, і кінулі таго чалавека ў гроб Елісэяў; і як укінены чалавек даткнуўся да касьцей Елісэявых, то ён ажыў і ўстаў на ногі свае.
І было, што калі хавалі аднаго чалавека, дык, убачыўшы гэта полчышча, пахавальнікі кінулі таго чалавека ў магілу Елісеевую, і ён, падаючы, дакрануўся да касьцей Елісея, і ажыў, і ўстаў на ногі свае.
І Газаель, кароль Арамскі, уціскаў Ізраеля ўсі дні Егоагазавы.
Азаіл, цар Сірыйскі, цясьніў Ізраільцян ва ўсе дні Ёахаза.
Але СПАДАР быў міласэрны да іх, і меў спагаду да іх, і абярнуўся да іх дзеля змовы Свае з Абрагамам, Ісаком а Якавам, і не хацеў выгубіць іх, і не адхінуў іх ад віду Свайго аж дагэтуль.
Але Гасподзь умілажаліўся зь іх і памілаваў іх, і зьвярнуўся да іх дзеля запавету Свайго з Абрагамам, Ісакам і Якавам, і не хацеў зьнішчыць іх, і не адхіліў іх ад аблічча Свайго дагэтуль.
І памер Газаель, кароль Арамскі, і загаспадарстваваў Вен-Гадад, сын ягоны, замест яго.
І памёр Азаіл, цар Сірыйскі, і зацараваў Венадад, сын ягоны, замест яго.
І Егоаш Егоагазёнак зьвярнуў месты з рукі Вен-Гадада Газаеленка, каторыя ён быў узяўшы вайною з рукі айца ягонага Егоагаза. Трэйчы разьбіў яго Ёаш і зьвярнуў месты Ізраелявы.
І ўзяў назад Ёас, сын Ёахаза, з рукі Венадада, сына Азаілавага, гарады, якія ён узяў вайною з рукі бацькі ягонага, Ёахаза. Тры разы разьбіў яго Ёас і вярнуў гарады Ізраілевыя.