4 царстваў 4 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І адна жонка із жонак сыноў прароцкіх галасіла перад Елісэям, кажучы: «Слуга твой, муж мой, памер. А ты ведаеш, што слуга твой баяўся СПАДАРА. Цяпер прышоў пазычэньнік узяць двое дзяцей маіх за слугаў сабе».
 
Адна жонка сыноў прарокавых зь лямантам казала Елісею: раб твой, мой муж памёр; а ты ведаеш, што раб твой баяўся Госпада; цяпер прыйшоў пазыковец забраць абодвух дзяцей маіх у рабы сабе.

І сказаў ёй Елісэй: «Што імне зрабіць табе? Скажы імне, што ё ў цябе ў доме?» Яна сказала: «Няма ў служэбкі твае нічога ў доме, апрача гаршка з аліваю».
 
І сказаў ёй Елісей: што мне зрабіць табе? скажы мне, што ёсьць у цябе ў доме? Яна сказала: няма ў рабы тваёй нічога ў доме, акрамя посуду з алеем.

І сказаў ён: «Пайдзі, папрасі сабе судзьдзя вонках, у вусіх суседзяў сваіх, судзьдзя парожнага; прасі ня мала,
 
І сказаў ён: ідзі, папрасі сабе посуду на старане, ва ўсіх суседзяў тваіх, посуду парожняга; набяры многа,

І, увыйшоўшы, запры дзьверы за сабою а за сынамі сваімі, і налівай у вусе судзьдзе; поўныя адсунь.
 
і ідзі, замкні дзьверы за сабою і за сынамі тваімі, і налівай ва ўвесь гэты посуд; поўны адстаўляй.

І пайшла ад яго, і заперла дзьверы за сабою а за сынамі сваімі. Яны падавалі ёй, а яна налівала.
 
І пайшла ад яго і замкнула дзьверы за сабою і за сынамі сваімі. Яны падавалі ёй, а яна налівала.

І было, як напоўнена было судзьдзе, што яна сказала сыну свайму: «Падай імне яшчэ судзіну». Ён сказаў ёй: «Няма болей судзінаў». І перастала цячы аліва.
 
Калі посуд быў напоўнены, яна сказала сыну свайму: падай мне яшчэ пасудзіну. Ён сказаў: больш няма посуду. І спыніўся алей.

І прышла яна, і азнайміла чалавеку Божаму. Ён сказаў ёй: «Пайдзі, прадай алівы і заплаці даўгі свае; а ты а сыны твае будзеце жыць астачаю».
 
І прыйшла яна і пераказала чалавеку Божаму. Ён сказаў: ідзі, прадай алей і сплаці пазыку тваю; а што застанецца, тым будзеш жыць з сынамі тваімі.

І было аднаго дня: прайшоў Елісэй да Шунем, і там пачэсьлівая жонка дужа прасіла яго есьці хлеб; і, як ён праходзіў, заўсёды заходзіўся туды есьці хлеб.
 
Аднаго разу прыйшоў Елісей у Сонам. Там адна багатая жанчына запрасіла яго да сябе есьці хлеб, і калі б ён ні прыходзіў, заходзіў туды есьці хлеб.

І сказала яна мужу свайму: «Вось жа, я ведаю, што чалавек Божы, каторы кажначасна праходзе міма нас — сьвяты ён.
 
І сказала яна мужу свайму: вось, я ведаю, што чалавек Божы, які пастаянна праходзіць міма нас, сьвяты;

Калі ласка, зрабіма яму невялічкі пакой над сьцяною, і пастановім там ложак а стол а седава а сьветач; і як ён будзе прыходзіць да нас, хай заходзіцца туды».
 
зробім невялікую сьвяцёлку над сьцяною і паставім яму там пасьцель і стол, і сядзеньне і сьвяцільню, і калі ён будзе прыходзіць да нас, хай заходзіць туды.

І было аднаго дня: ён прышоў туды, і зайшоўся да пакою, і лёг там.
 
Аднаго дня ён прыйшоў туды, і зайшоў у сьвяцёлку, і лёг там,

І сказаў Ґігазу, дзяцюку свайму: «Гукні гэту Шунямлянку». І гукнуў яе, і яна стала перад ім.
 
і сказаў Гіезію, слузе свайму: пакліч гэту Санаміцянку. І паклікаў яе, і яна стала перад ім.

І сказаў яму: «Скажы ёй: вось, ты так надта парушаешся за нас; што зрабіць бы табе? Ці ня трэба пагукаць празь цябе з каралём альбо з вайводцамі?» Яна сказала: «Не, сярод люду свайго я жыву».
 
І сказаў яму: скажы ёй: вось, ты так клапоцішся за нас: што б зрабіць табе? ці ня трэба табе пагаварыць з царом, альбо з ваеначальнікам? Яна сказала: не, сярод свайго народу я жыву.

І сказаў ён: «А што ж зрабіць ёй?» І сказаў Ґігаз: «Ды вось, сына няма ў яе, а муж ейны стары».
 
І сказаў ён: што б зрабіць ёй? І сказаў Гіезій: ды вось, сына няма ў яе, а муж яе стары.

І сказаў ён: «Гукні яе». Ён гукнуў яе, і яна стала ў дзьвярох.
 
І сказаў ён: пакліч яе. Ён паклікаў яе, і стала яна ў дзьвярах.

І сказаў ён: «На толета, подле часу жыцьця, ты будзеш абыймаць сына». І сказала яна: «Не, спадару мой, чалавеча Божы, ня хлусі служэбцы сваёй».
 
І сказаў ён: праз год, у гэты самы час ты будзеш трымаць на руках сына. І сказала яна: не, спадару мой, чалавеча Божы, не падманвай рабы тваёй.

І зацяжарыла жонка, і нарадзіла сына на толета, подле часу жыцьця, як сказаў ёй Елісэй.
 
І жанчына стала цяжарная і нарадзіла сына на другі год, у той самы час, як сказаў ёй Елісей.

І падрасло дзецянё. Аднойчы пайшоў ён да айца свайго, да жнеяў.
 
І падрасло дзіця і аднаго дня пайшло да бацькі свайго, да жняцоў.

І сказаў айцу свайму: «Галава мая! галава мая!» І сказаў тый паслугачаму свайму: «Занясі яго да маці ягонае».
 
І сказала бацьку свайму: галава мая! Галава мне баліць. І сказаў той слузе свайму: занясі гэта маці ягонай.

І панёс яго, і прынёс яго да маці ягонае; і ён сядзеў на ўлоньню ў яе аж да паўдня, і памер.
 
І панёс яго і прынёс яго маці ягонай. І яно сядзела на каленях у яе да полудня і памерла.

І ўзышла яна, і палажыла яго на ложку чалавека Божага, і заперла яго, і вышла.
 
І пайшла яна, і паклала яго на пасьцелі чалавека Божага, і замкнула яго, і выйшла,

І гукнула мужа свайго, і сказала: «Прышлі імне аднаго зь дзяцюкоў і адну з асьліцаў; я пабаржджу да чалавека Божага й зьвярнуся».
 
і паклікала мужа свайго і сказала: прышлі мне аднаго слугу і адну асьліцу, я паеду да чалавека Божага і вярнуся.

Ён сказаў: «Нашто табе давядацца да яго? сядні не маладзік ані сыбота». І яна сказала: «Добра (гэбр. супакой)».
 
Ён сказаў: навошта табе ехаць да яго? сёньня не навамесячны час і ня субота. Але яна сказала: добра.

І асядлала асьліцу, і сказала дзяцюку свайму: «Вядзі і йдзі; не задзержуй мяне яздой, пакуль не скажу табе».
 
І асядлала яна асьліцу і сказала слузе свайму: вядзі і йдзі; ня спыняйся, пакуль не скажу табе.

І паехала, і прыехала да чалавека Божага, на гару Карміл. І як абачыў чалавек Божы яе насупроці сябе, то сказаў паслугачаму свайму Ґігазу: «Вось, Шунямлянка тая;
 
І выправілася і прыбыла да чалавека Божага, да гары Карміл. І калі ўбачыў чалавек Божы яе здалёк, дык сказаў слузе свайму Гіезію: гэта тая Санаміцянка;

Пабяжы ж да яе наўпярэймы і скажы ёй: "Ці супакой табе? ці супакой мужу твайму? ці супакой дзецяняці?"» Яна сказала: «Супакой».
 
бяжы ёй насустрач і скажы ёй: ці здаровая ты? ці здаровы твой муж? ці здаровае дзіця? — Яна сказала: здаровыя.

І прышла да чалавека Божага на гару, і ўхапілася за ногі ягоныя. І дабліжыўся Ґігаз, каб адпіхнуць яе; але чалавек Божы сказаў: «Пакінь яе, душа ў яе зьнемарашчана, а СПАДАР схаваў ад мяне й не сказаў імне».
 
А калі прыйшла да чалавека Божага на гару, ухапілася за ногі ягоныя. І падышоў Гіезій, каб адвесьці яе; але чалавек Божы сказаў: пакінь яе, душа ў яе засмучаная, а Гасподзь утоіў ад мяне і не абвясьціў мне.

І сказала яна: «Ці прасіла я сына ў спадара майго? ці не казала я: "Не ашукай мяне?"».
 
І сказала яна: ці прасіла я сына ў гаспадара майго? ці ж не казала я: не падманвай мяне?

І сказаў ён Ґігазу: «Паперажы сьцёгны свае, і вазьмі посах мой у руку сваю, і пайдзі. Калі стрэнеш каго, не здаровай яго, і калі хто будзе цябе здароваць, не адказуй яму. І палажы посах мой на від хлопчыку».
 
І сказаў ён Гіезію: аперажы сьцёгны твае і вазьмі жазло маё ў руку тваю і йдзі; калі сустрэнеш каго, ня вітай яго, і калі хто будзе цябе вітаць, не адказвай яму; і пакладзі кій мой на твар дзіцяці.

І сказала маці малца: «Жыў СПАДАР і жыва душа твая, што не пакіну цябе!» І ён устаў, і пайшоў за ёю.
 
І сказала маці дзіцяціна: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не адстану ад цябе. І ён устаў і пайшоў зь ёю.

Ґігаз пайшоў сьпераду іх, і палажыў посах на від хлопчыку. Але ня было ані голасу, ані ўвагі. І вышаў наўпярэймы яму, і наказаў яму, кажучы: «Не прачыхаецца хлапец».
 
Гіезій пайшоў паперадзе іх і паклаў жазло на твар дзіцяці. Але ня было ні голасу, ні адказу. І выйшаў насустрач яму, і данёс яму, і сказаў: ня будзіцца дзіця.

І ўвыйшоў Елісэй у дом, і вось, хлопчык памерлы ляжыць на ложку ягоным.
 
І ўвайшоў Елісей у дом, і вось, дзіця памерлае ляжыць на пасьцелі ягонай.

І ўвыйшоў, і запер дзьверы за абодвымі, і памаліўся СПАДАРУ.
 
І ўвайшоў, і замкнуў дзьверы за сабою, і памаліўся Госпаду;

І ўзышоў, і лёг над дзецянём, і прытуліў вусны свае да вуснаў ягоных, і далоні свае да далоняў ягоных, і расьцягнуўся на ім, і ўгрэлася цела дзецяняці.
 
і падняўся і лёг над дзіцём, і прыклаў свае вусны да яго вуснаў, і свае вочы да яго вачэй, і свае далоні да яго далоняў, і прасьцёрся на ім, і сагрэлася цела дзіцяці.

І зьвярнуўся, і прайшоўся ў доме туды-сюды; потым ізноў уступіў і расьцягнуўся на ім. І чхнуў хлопчык разоў сем, і адчыніў хлопчык вочы свае.
 
І ўстаў і прайшоў па сьвяцёлцы ўзад і ўперад; потым зноў падняўся і прасьцёрся на ім. І чыхнула дзіця разоў сем, і расплюшчыла дзіця вочы свае.

І гукнуў ён Ґігаза, і сказаў: «Гукні гэту Шунямлянку». І тый гукнуў яе. Яна прышла да яго, і ён сказаў: «Падыймі сына свайго».
 
І паклікаў ён Гіезія і сказаў: пакліч гэтую Санаміцянку. І той паклікаў яе. Яна прыйшла да яго, і ён сказаў: вазьмі сына твайго.

І падышла, і пала яму ў ногі, і пакланілася аж да зямлі. І падняла сына свайго, і вышла.
 
І падышла, і ўпала яму ў ногі, і пакланілася да зямлі; і ўзяла сына свайго і пайшла.

Елісэй жа зьвярнуўся да Ґілгалу. І была галадоў у зямлі тэй; і сыны прароцкія сядзелі перад ім. І сказаў ён дзяцюку свайму: «Пастанаві вялікі казан і звары страву сыном прароцкім».
 
А Елісей вярнуўся ў Галгал. І быў голад у зямлі той, і сыны прарокаў сядзелі перад ім. І сказаў ён слузе свайму: пастаў вялікі кацёл і згатуй поліўку сынам прарокавым.

І вышаў адзін ізь іх на поле зьбіраць дзікое карэньне, і знайшоў дзікое віно, і зьбер зь яго дзікіх ягадаў поўны свой прыпол. І прышоў, і пакрышыў іх у казан із страваю, бо яны ня зналі іх.
 
І выйшаў адзін зь іх у поле зьбіраць гародніну, і знайшоў дзікую павойную расьліну, і набраў зь яе дзікіх пладоў поўную вопратку сваю; і прыйшоў і накрышыў іх у кацёл з поліўкаю, бо яны ня ведалі іх.

І налілі ім есьці. Але як яны пачалі есьці страву, то ўзьнялі крык і казалі: «Сьмерць у казане, чалавеча Божы!» І не маглі есьці.
 
І налілі ім есьці. Але як толькі пачалі яны есьці поліўку, дык нарабілі крыку і сказалі: сьмерць у катле, чалавеча Божы! І не маглі есьці.

І сказаў ён: «Падайце мукі». І ўсыпаў яе ў казан, і сказаў: «Налівай людзём, хай ядуць». І ня было нічога благога ў казане.
 
І сказаў ён: падайце мукі. І ўсыпаў яе ў кацёл і сказаў Гіезію: налівай людзям, хай ядуць. І ня стала нічога благога ў катле.

І прышоў чалавек із Ваал-Шалішы, і прынёс чалавеку Божаму хлеб із пачаткаў — дваццаць ячменных букаткаў і каласоў нявымалачалых. І сказаў Елісэй: «Аддай людзём, хай ядуць».
 
Прыйшоў нехта з Ваалшалішы і прынёс чалавеку Божаму хлебны пачатак — дваццаць ячных хлебцаў і сырыя неабшалушаныя зярняты. І сказаў Елісей: аддай людзям, хай ядуць.

І сказаў паслугачы ягоны: «Што тут я дам сту чалавекам?» І сказаў ён: «Аддай людзём, хай ядуць; бо гэтак кажа СПАДАР: "Пад’ядуць і застанецца"».
 
І сказаў слуга ягоны: што тут я дам ста чалавекам? І сказаў ён: аддай людзям, хай ядуць, бо так кажа Гасподзь: насыцяцца, і застанецца.

Ён падаў ім, і яны пад’елі і яшчэ засталося, подле слова СПАДАРОВАГА.
 
Ён падаў ім, і яны насыціліся, і яшчэ засталося, па слове Гасподнім.