4 царстваў 7 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І сказаў Елісэй: «Слухайце слова СПАДАРОВА: гэтак кажа СПАДАР: «Заўтра гэтаю парою мера найлепшае мукі будзе па сыклю, і дзьве меры ячменю — па сыклю, ля брамы самарскае».
І сказаў Елісей: выслухайце слова Гасподняе: так кажа Гасподзь: заўтра гэтым часам мера лепшай мукі будзе па сіклі, дзьве меры ячменю па сіклі, каля брамы Самарыі.
І адказаў каралеўскі ахвіцэр, на каторага руку кароль апіраўся, чалавеку Божаму, і сказаў: «Вось, калі б СПАДАР і зрабіў адтуліны на небе, і тады ці можа гэта быць?» І сказаў тый: «Вось, абачыш ачыма сваімі, але з гэтага ня будзеш есьці».
І адказваў саноўнік, на руку якога апіраўся цар, чалавеку Божаму, і сказаў: калі б Гасподзь і адчыніў вокны на небе, дык і тады ці можа гэта быць? І сказаў той: вось убачыш сваімі вачыма, але есьці гэтага ня будзеш.
І чатыры чалавекі пракажаныя былі ў варотах брамы, і гукалі адзін аднаму: «Чаго нам сядзець тут, пакуль памрэм?
Чатыры чалавекі пракажоныя былі каля ўваходу ў браму і казалі яны адзін аднаму: што нам сядзець тут, чакаючы сьмерці?
Калі мы скажам: "Пайдзіма да места", то ў месьце галадоў, і мы там памрэм; калі ж сядзець тут, то памрэм. Дык цяпер пойдзем і здамося табару Арамскаму. Калі пакінуць нас жывых, будзем жыць; а калі заб’юць, памрэм».
Калі рашымся мы пайсьці ў горад, дык у горадзе голад, і мы там памром, а калі сядзець тут, дык таксама памром. Хадзем лепей у табар Сірыйскі: калі пакінуць нас жывых, будзем жыць, а калі заб’юць, памром.
І ўсталі зьмярканьням, пайсьці да табару Арамскага. І прышлі аж да краю табару Арамскага, і вось, няма тамака чалавека.
І ўсталі на досьвітку, каб ісьці ў табар Сірыйскі. І прыйшлі да краю табара Сірыйскага, і вось, няма там ніводнага чалавека.
СПАДАР учыніў тое, што табару Арамскаму пачуўся гук цялежак а гук коні а гук вялікага войска. І сказалі яны адзін аднаму: «Вось, наняў кароль Ізраельскі супроці нас каралёў Гэціцкіх а каралёў Ягіпецкіх, каб ісьці на нас».
Гасподзь зрабіў так, што табару Сірыйскаму пачуўся стукат калясьніц і ржаньне коней, шум войска вялікага. І сказалі яны адзін аднаму: мусіць, наняў супроць нас цар Ізраільскі цароў Хэтэйскіх і Егіпецкіх, каб пайсьці на нас.
І ўсталі, і ўцяклі зьмярканьням, і пакінулі буданы свае а коні свае а аслы свае, — увесь табар, як ён быў, і ўцяклі дзеля душаў сваіх.
І ўсталі і пабеглі на досьвітку, і пакінулі намёты свае, і коней сваіх, і аслоў сваіх, увесь табар, як ён быў, і пабеглі, ратуючыся.
І прышлі тыя пракажаныя аж да краю табару, і ўвыйшлі да аднаго будана, і елі, і пілі, і вынесьлі стуль срэбра а золата а адзецьці, і пайшлі, і схавалі. Пайшлі яшчэ да другога будана, і там узялі, і пайшлі, і схавалі.
І прыйшлі тыя пракажоныя да краю табара, і ўвайшлі ў адзін намёт, і елі і пілі, узялі адтуль срэбра, і золата і вопратку, і пайшлі і схавалі. Пайшлі яшчэ ў іншы намёт, і там узялі, і пайшлі і схавалі.
І сказалі адзін аднаму: «Ня так мы робім. Дзень гэты — дзень добрых навінаў, а мы маўчым; калі мы будзем чакаць да сьвітаньня, знойдзе нас бяспраўе. Дык пойдзем, і прыйдзем, і накажам дому каралеўскаму».
І сказалі адзін аднаму: ня так мы робім. Дзень гэты — дзень радаснай весткі, калі мы замарудзім і будзем чакаць ранішняга сьвятла, дык упадзе на нас віна. Хадземце ж і паведамім дому царскаму.
І прышлі, і пагукалі брамніка месцкага, і наказалі ім, кажучы: «Мы хадзілі да табару Арамскага, і вось, няма там ані чалавека, ані голасу людзкога, адно коні прывязаныя, і аслы прывязаныя, і буданы, як яны ё».
І прыйшлі, і паклікалі брамнікаў гарадскіх, і расказалі ім, кажучы: мы хадзілі ў табар Сірыйскі, і вось, няма там ніводнага чалавека, ні голасу чалавечага, а толькі коні прывязаныя, і аслы прывязаныя, і намёты, як якія яны ёсьць.
І ён пагукаў брамнікаў, і яны азнаймілі ўнутры дому каралеўскага.
І паклікалі брамнікаў, і яны перадалі вестку ў сам палац царскі.
І ўстаў кароль ночы, і сказаў служцом сваім: «Скажу вам, што робяць із намі Арамляне. Яны ведаюць, што мы галадуем, дык вышлі з табару, каб схавацца ў полю, кажучы: "Як яны выйдуць ізь места, мы захопім іх жывых і ў места мы ўвыйдзем"».
І ўстаў цар уначы, і сказаў слугам сваім: скажу вам, што робяць з намі Сірыйцы. Яны ведаюць, што мы церпім голад, і выйшлі з табара, каб схавацца ў полі, думаючы так: калі яны выйдуць з горада, мы захопім іх жывых і ўворвемся ў горад.
І адказаў адзін із служцоў пры ім, і сказаў: «Хай возьмуць пяць із засталых коні, што засталіся ў ім. Вось, яны, падобна да ўсяе множасьці Ізраельскае, каторыя засталіся ў ім; вось, яны, як уся множасьць Ізраеля, што гіне; пашлем іх і абачым».
І адказваў адзін, што слугаваў пры ім, і сказаў: хай возьмуць пяць з астатніх коней, што засталіся ў горадзе і пашлем, і пабачым.
І ўзялі двое цялежак із коньмі. І паслаў кароль за войскам Арамскім, сказаўшы: «Пайдзіце, паглядзіце».
І ўзялі дзьве пары коней, запрэжаных у калясьніцы. І паслаў цар сьледам Сірыйскаму войску, сказаўшы: ідзеце, паглядзеце.
І ехалі за ім аж да Ёрдану, і вось, уся дарога поўная адзецьця а судзьдзя, каторыя пакідалі Арамляне ў сваім пасьпеху. І зьвярнуліся пасланцы, і наказалі каралю.
І ехалі за ім да Ярдана, і вось уся дарога ўсланая вопраткай і рэчамі, якія пакідалі Сірыйцы пры пасьпешлівых уцёках сваіх. І вярнуліся пасланцы, і данесьлі цару.
І вышаў люд, і разглабаў табар Арамскі, і была мера найлепшае мукі па сыклю, і дзьве меры ячменю па сыклю, подле слова СПАДАРОВАГА.
І выйшаў народ, і разрабаваў табар Сірыйскі, і была мера лепшай мукі па сіклі, паводле слова Гасподняга.
І прызначыў кароль каралеўскага ахвіцэра, на каторага руку апіраўся, да брамы; і растаптаў яго люд у браме, і ён памер, як сказаў чалавек Божы! каторы гукаў, як зыходзіў да яго кароль.
І цар паставіў таго саноўніка, на руку якога абапіраўся, каля брамы; і растаптаў яго народ у браме, і ён памёр, як сказаў чалавек Божы, які гаварыў, калі прыходзіў да яго цар.
Як казаў чалавек Божы каралю там, кажучы: «Дзьве меры ячменю па сыклю, і мера найлепшае мукі па сыклю будуць заўтра гэтаю парою ля брамы Самарскае»;
Калі чалавек Божы гаварыў так цару: дзьве меры ячменю па сіклі, і мера лепшай мукі па сіклі будуць заўтра гэтым часам каля брамы Самарыі,
Тады адказаў гэты каралеўскі ахвіцэр чалавеку Божаму і сказаў: «Вось, калі б СПАДАР зрабіў адтуліны на небе, і тады, ці можа гэта быць?» А ён сказаў: «Абачыш сваімі ачыма, але есьці гэтага ня будзеш».
тады адказваў гэты саноўнік чалавеку Божаму і сказаў: калі б Гасподзь і адчыніў вокны на небе, дык і тады ці можа такое быць? А ён сказаў: убачыш на свае вочы, але есьці гэтага ня будзеш.
Так і сталася яму; і затаптаў яго люд у варотах, і ён памер.
Так і збылося зь ім: і затаптаў яго народ у браме, і ён памёр.