1 У дваццаць сёмы год Ераваама, цара Ізраільскага, зацараваў Азарый, сын Амасія, цар Юдэйскі:
2 шаснаццаць гадоў было яму, калі зацараваў, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Ехолія, зь Ерусаліма.
3 Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Амасій, бацька ягоны.
4 Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.
5 І пабіў Гасподзь цара, і быў ён пракажоны да дня сьмерці сваёй і жыў у асобным доме. А Ётам, сын цароў, начальнічаў над палацам і кіраваў народам зямлі.
6 Астатняе пра Азарыя і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
7 І спачыў Азарый з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ётам, сын ягоны, замест яго.
8 У трыццаць восьмы год Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Захарый, сын Ераваама, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў шэсьць месяцаў.
9 Ён рабіў благое ў вачах Гасподніх, як рабілі бацькі ягоныя; не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.
10 І склаў супроць яго змову Сэлум, сын Явіса, і ўдарыў яго перад народам, і забіў яго, і зацараваў замест яго.
11 Астатняе пра Захарыя напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
12 Такое было слова Госпада, якое Ён сказаў Іую, сказаўшы: сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым. І збылося так.
13 Сэлум, сын Явіса, зацараваў на трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, і цараваў адзін месяц у Самарыі.
14 І пайшоў Менаім, сын Гадыя з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і пабіў Сэлума, сына Явісавага, у Самарыі, і забіў яго, і зацараваў замест яго.
15 Астатняе пра Сэлума і пра змову ягоную, якую ён склаў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
16 І пабіў Менаім Тыпсах і ўсіх, што былі ў ім і ў межах яго, ад Тырцы, за тое, што горад не адчыніў брамы, і разьбіў яго, і ўсіх цяжарных жанчын у ім парубаў.
17 На трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Менаім, сын Гадыя, над Ізраілем; і валадарыў дзесяць гадоў у Самарыі;
18 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх, ва ўсе дні свае.
19 Тады прыйшоў Фул, цар Асірыйскі, на зямлю Ізраілевую. І даў Менаім Фулу тысячу талантаў срэбра, каб рукі ягоныя былі за яго і каб умацаваць царства ў руцэ сваёй.
20 І расклаў Менаім гэта срэбра на Ізраільцянаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзясят сікляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць цару Асірыйскаму. І пайшоў назад цар Асірыйскі, і не застаўся там у зямлі.
21 Астатняе пра Менаіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
22 І спачыў Менаім з бацькамі сваімі. І зацараваў Факія, сын ягоны, замест яго.
23 На пяцідзясятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Факія, сын Менаіма, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў два гады;
24 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх.
25 І склаў супроць яго змову Факей, сын Рэмалія, саноўнік ягоны, і пабіў яго ў Самарыі ў палаце царскага дома, з Арговам і Арыем, маючы пры сабе шэсьцьдзясят чалавек Галаадыцянаў, і забіў яго, і зацараваў замест яго
26 Астатняе пра Факея і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
27 У пяцьдзясят другі год Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Факей, сын Рэмалія, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў дваццаць гадоў;
28 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.
29 У дні Факея, цара Ізраільскага, прыйшоў Тэглатфэласар, цар Асірыйскі, і ўзяў Ён, Авэл-бэт-Мааху і Янох і Кедэс і Асор, і Галаад і Галілею, усю зямлю Нэфталімавую, і перасяліў іх у Асірыю.
30 І склаў змову Асія, сын Ілы, супроць Факея, сына Рэмаліінага, і пабіў яго, і забіў яго, і зацараваў замест яго ў дваццаты год Ёатама, сына Азіінага.
31 Астатняе пра Факея і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
32 На другім годзе Факея, сына Рэмаліінага, цара Ізраільскага, зацараваў Ёатам, сын Азіі, цара Юдэйскага.
33 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Еруша, дачка Садока.
34 Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх: ва ўсім, як рабіў Азія, бацька ягоны, так рабіў і ён.
35 Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях. Ён пабудаваў верхнюю браму пры доме Гасподнім.
36 Астатняе пра Ёатама і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
37 У тыя дні пачаў Гасподзь пасылаць у Юдэю Рэцына, цара Сірыйскага, і Факея, сына Рэмаліінага.
38 І спачыў Ёатам з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І зацараваў Ахаз, сын ягоны, замест яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Чацьвёртая кніга царстваў, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002