Лявіт 9 разьдзел

Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона, сыноў ягоных і старшыняў Ізраіля і сказаў Аарону:
 
І было восьмага дня: гукнуў Масей Аарона а сыноў ягоных а старцоў Ізраелявых,

«Вазьмі са статку бычка ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпаленьня, абодвух без заганы, і прынясі перад аблічча ГОСПАДА.
 
І сказаў Аарону: «Вазьмі сабе з буйнога статку цялё на аброк за грэх, а барана на ўсепаленьне, дасканальныя, і прывядзі дар перад СПАДАРОМ.

А сынам Ізраіля скажы: “Вазьміце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і барана аднагадовага без заганы ў ахвяру цэласпаленьня,
 
І сыном Ізраелявым гукай, кажучы: "Вазьміце казянё на аброк за грэх, а цялё-бычка а баранчыка, аднагодніх, бяз гану, на ўсепаленьне,

і вала і барана ў ахвяру мірную, каб ахвяраваць іх перад абліччам ГОСПАДА, і ахвяру хлебную, запраўленую алеем, бо сёньня ГОСПАД зьявіцца вам”».
 
А вала а барана на аброк супакойны, каб вы абраклі перад СПАДАРОМ, і аброк хлебны, рашчынены на аліве; бо сядні СПАДАР зьявіцца вам"».

І прынесьлі ўсё тое, што загадаў ім Майсей, да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і прыйшла ўся грамада, і стала перад абліччам ГОСПАДА.
 
І ўзялі, што расказаў Масей, перад будан збору, і прывялі ўся грамада, і стаялі перад відам СПАДАРОВЫМ.

І сказаў Майсей: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД. Зрабіце [гэта], і зьявіцца вам слава ГОСПАДА!»
 
І сказаў Масей: «Гэта тое, што расказаў СПАДАР, учыніце гэта, і зьявіцца вам слава СПАДАРОВА».

І сказаў Майсей Аарону: «Наблізься да ахвярніка, і складзі ахвяру за грэх і ахвяру цэласпаленьня, і ачысьці сябе і народ. І складзі ахвяру за народ, і ачысьці яго, як загадаў ГОСПАД”.
 
І сказаў Масей Аарону: «Дабліжся да аброчніка і зрабі аброк за грэх свой а ўсепаленьне свае, і дастань ласкіўчыненьне за сябе а люд, і зрабі дар ад люду, і дастань ім ласкіўчыненьне, як расказаў СПАДАР».

І наблізіўся Аарон да ахвярніка, і забіў цяля за грэх свой.
 
І дабліжыўся Аарон да аброчніка, і зарэзаў цялё-бычка на аброк за грэх, каторы за яго.

І сыны ягоныя далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец у крыві, памазаў ёю рагі ахвярніку, а рэшту выліў на падставу ахвярніка.
 
Дабліжылі сыны Ааронавы кроў яму, і ён занурыў палец свой у кроў, і ўзлажыў на рагі аброчніка, а кроў выліў на под аброчніка.

Тлушч, ныркі і тлушч на вантробе з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярніку, як загадаў ГОСПАД Майсею,
 
А тук а ныркі а плеўку зь печанцоў ад аброку за грэх спаліў на аброчніку, як расказаў СПАДАР Масею;

а мяса і скуру ягоную спаліў на агні па-за табарам.
 
Мяса ж а скуру спаліў на цяпле вонках табару.

І забіў ахвяру цэласпаленьня; і сыны ягоныя далі яму кроў, і ён выліў яе кругом ахвярніка.
 
І зарэзаў усепаленьне, і сыны Ааронавы падалі яму кроў, і ён пакрапіў ёю на аброчнік наўкола.

Далі яму таксама ахвяру цэласпаленьня, падзеленую на часткі, і галаву яе, і ён спаліў гэта на ахвярніку.
 
І падалі яму ўсепаленьне кавалкамі а галаву, і ён спаліў на аброчніку.

І абмыў ён нутро і ногі, і спаліў як цэласпаленьне на ахвярніку.
 
І абмыў патрыхі а галёнкі, і спаліў на ўсепаленьне на аброчніку.

І склаў ён ахвяру за народ, і ўзяў казла, які быў прызначаны ў ахвяру за грэх народу, і забіў яго, і ахвяраваў за грэх, як і першага.
 
І прывёў дар люду, і ўзяў ад люду казянё за грэх, і зарэзаў яго, і аброк яго за грэх, як і першае.

І ўзяў ахвяру цэласпаленьня, і ахвяраваў яе паводле пастановы.
 
І аброк усепаленьне, і ўчыніў яго подле ўставы.

І прынёс ён ахвяру хлебную, і напоўніў ёю руку сваю, і спаліў на ахвярніку, апрача ранішняй ахвяры цэласпаленьня.
 
І аброк хлебны аброк, і напоўніў зь яго далоні свае, і спаліў на аброчніку, апрача ранічнага ўсепаленьня.

І забіў вала і барана, ахвяры мірныя ад народу; і сыны ягоныя далі яму кроў, якую ён выліў кругом ахвярніка.
 
І зарэзаў вала а барана, каторыя ад люду, на аброк супакойны; і сыны Ааронавы падалі яму кроў, і ён пакрапіў на аброчнік наўкола,

А тлушч вала і хвост барана, і ныркі з лоем, і тлушч на вантробе
 
І тукі з вала, і з барана хвост, і пакрываючыя, і ныркі, і плеўку зь печанцоў.

палажылі на грудзіну; і тлушч быў спалены на ахвярніку;
 
І палажылі тукі на грудзіну, і ён спаліў тукі на аброчніку.

а грудзіну і правае плячо Аарон прынёс, патрасаючы перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў яму Майсей.
 
Грудзіну ж а правую лапатку туды-сюды нахінаў Аарон нахінаньням перад відам СПАДАРОВЫМ, як расказаў Масей.

І падняў Аарон рукі ў бок народу, і дабраславіў яго, і, склаўшы ахвяры за грэх, ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, зыйшоў уніз.
 
І падняў Аарон рукі свае да люду, і дабраславіў іх, і зышоў ад абраканьня аброку за грэх, усепаленьня й аброку супакойнага.

І ўвайшлі Майсей і Аарон у Намёт Спатканьня і, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. І зьявілася слава ГОСПАДА ўсяму народу.
 
І ўвыйшлі Масей а Аарон у будан збору, і вышлі, і дабраславілі люд. І зьявілася слава СПАДАРОВА ўсяму люду.

І выйшаў агонь ад аблічча ГОСПАДА, і спаліў ахвяру цэласпаленьня і тлушч, якія былі на ахвярніку. І ўбачыў гэта ўвесь народ, і ўзрадаваліся, і ўпалі на абліччы свае.
 
І вышла цяпло ад СПАДАРА, і спажыло на аброчніку ўсепаленьне а тукі; і абачыў увесь люд, і гукалі з радасьці, і палі на віды свае.