Лявіт 18 разьдзел

Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Я — ГОСПАД, Бог ваш.
 
«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: Я СПАДАР, Бог ваш.

Не рабіце паводле звычаю зямлі Эгіпецкай, у якой вы жылі. І паводле звычаю зямлі Ханаан, у якую Я ўвяду вас, не рабіце, і не хадзіце паводле пастановаў іхніх.
 
Подле ўчынкаў зямлі Ягіпецкае, у каторай вы жылі, не рабіце, і подле ўчынкаў зямлі Канаанскае, што Я вяду вас туды, не рабіце, і ў вуставах іхных не хадзіце.

Будзеце спаўняць прысуды Мае і пастановы Мае, захоўваць і хадзіць паводле іх. Я — ГОСПАД, Бог ваш.
 
Мае суды чыніце й уставы Мае дзяржыце, ходзячы ў іх. Я СПАДАР, Бог ваш.

Захоўвайце пастановы Мае і прысуды Мае. Выконваючы іх, чалавек будзе жыць дзякуючы ім. Я — ГОСПАД!
 
І дзяржыце ўставы Мае а суды мае, каторыя калі спаўняе чалавек, дык будзе жыць імі. Я СПАДАР.

Ніхто ня можа набліжацца да сваяка, каб адкрыць голасьць ягоную. Я — ГОСПАД.
 
Кажная людзіна да ніякае сваячкі подле цела ня мае дабліжыцца, каб адкрыць голасьць ейную. Я СПАДАР.

Не адкрывай голасьці бацькі твайго і маці тваёй, бо гэта — маці твая, не адкрывай голасьць ейную.
 
Голасьці айца свайго і голасьці маці свае не адкрывай: яна маці твая, не адкрывай голасьці ейнае.

Не адкрывай голасьці жонкі бацькі твайго, бо гэта голасьць бацькі твайго.
 
Голасьці жонкі айца свайго не адкрывай: гэта голасьць айца твайго.

Не адкрывай голасьці сястры тваёй, дачкі бацькі твайго або дачкі маці тваёй, ці яна нарадзілася ў доме, ці па-за домам. Не адкрывай голасьці іх.
 
Голасьці сястры свае, дачкі айца свайго альбо дачкі маці свае, што нарадзілася ў доме, альбо нарадзілася вонках, не адкрывай голасьці іхнае.

Не адкрывай голасьці дачкі сына твайго або дачкі дачкі тваёй, бо гэта голасьць твая.
 
Голасьці дачкі сына свайго альбо дачкі дачкі свае, не адкрывай голасьці іх, бо яны твая голасьць.

Не адкрывай голасьці дачкі жонкі бацькі твайго, народжанай ад бацькі твайго; гэта сястра твая, не адкрывай голасьці яе.
 
Голасьці дачкі жонкі айца свайго, што нарадзілася ад айца твайго, яна сястра твая, не адкрывай голасьці яе.

Не адкрывай голасьці сястры бацькі твайго, бо яна сваячка бацькі твайго.
 
Голасьці сястры айца свайго не адкрывай, бо яна радня айцу твайму.

Не адкрывай голасьць сястры маці тваёй, бо яна сваячка маці тваёй.
 
Голасьці сястры маці свае не адкрывай, бо яна радня маці твае.

Не адкрывай голасьці брата бацькі твайго, ня ўваходзь да жонкі ягонай, бо гэта цётка твая.
 
Голасьці брата айца свайго не адкрывай і да жонкі ягонае ня бліжся: яна дзядзіна твая.

Не адкрывай голасьці нявесткі тваёй, бо яна жонка сына твайго, не адкрывай голасьці яе.
 
Голасьці нявесткі свае не адкрывай: яна жонка сына гвайго, не адмрывай голасьці яе.

Не адкрывай голасьці жонкі брата твайго, бо гэта голасьць брата твайго.
 
Голасьці браціхі свае не адкрывай: гэта голасьць брата твайго.

Не адкрывай голасьці жанчыны і дачкі яе. Не бяры дачкі сына ейнага ані дачкі дачкі ейнай, каб адкрыць голасьць яе, бо яны — сваячкі яе. Гэта брыдота.
 
Голасьці жонкі й дачкі ейнае не адкрывай, дачкі сына ейнага і дачкі дачкі ейнае не бяры, каб адкрыць голасьць іх: яны блізкая радня яе; гэта бязульства.

Не бяры жанчыны разам з сястрой яе, каб не зрабіць яе суперніцай, адкрываючы голасьць яе за жыцьця гэтай.
 
Не бяры жонкі разам ізь сястрою ейнай, каб зрабіць яе супаркаю, каб адкрыць голасьць ейную пры ёй, за жыцьця яе.

Не набліжайся да жанчыны ў час месячніцы, каб адкрыць голасьць яе.
 
І да жонкі ў часе адлучэньня з прычыны нечысьці ейнае ня бліжся, каб адкрыць голасьць ейную.

Не ўваходзь да жонкі бліжняга твайго, выліваючы насеньне; праз гэта [станешся] ты нячысты.
 
І із жонкаю бліжняга свайго ня дай семені ляжаньня, каб ня плюгавіцца зь ёю.

Не аддавай дзіцяці твайго, каб прывесьці да Малоха, і ня будзеш паганіць імя Бога твайго. Я — ГОСПАД.
 
І з насеньня свайго ня дай, каб перадаваць Молоху, і ня будзень імені Бога свайго. Я СПАДАР.

Не ляжы з мужчынам так, як ляжаць з жанчынаю. Гэта агіда.
 
І з мужчынам не кладзіся ляжаньням жонкі, агіда гэта.

Не лажыся ні з якою жывёлаю, бо праз гэта [станешся] нячысты. І жанчына ня стане перад жывёлаю, каб злучыцца з ёю, бо гэта вычварэньне.
 
І зь ніякім статкам не кладзіся, каб гэтым стаць нячыстым; і жонка ня мае станавіцца перад статчынаю, каб злучыцца зь ёю. Гэта зьмяшаньне.

Не паганьцеся ўсім гэтым, бо ўсім гэтым апаганілі сябе народы, якія Я выганю перад вамі.
 
Ня плюгаўце сябе нічым гэтым, бо ўсім гэтым сплюгавіліся народы, каторых Я праганяю ад вас.

І апаганілася зямля, і Я пакараў [яе] за беззаконьні ейныя, і выкінула яна з сябе жыхароў сваіх.
 
І сплюгавілася зямля, і Я даведаўся да бяспраўя яе, і вырыгала ізь сябе зямля жывучых на ёй.

Дык вы захоўвайце пастановы Мае і прысуды Мае, і не дапускайцеся ўсіх гэтых брыдотаў, ані тутэйшыя, ані прыхадні, якія жывуць сярод вас,
 
А вы дзяржыце ўставы Мае а суды Мае, і не рабіце ўсіх гэтых агідаў, ані тубылец, ані асялянец, што асяліўся меж вас.

бо ўсіх гэтых брыдотаў дапускаліся жыхары зямлі, якія былі перад вамі, і апаганілася зямля.
 
Бо ўсі гэтыя агіды рабілі людзі гэтае зямлі, што перад вамі, і сплюгавілася зямля,

[Сьцеражыцеся], каб і вас гэтая зямля ня выкінула, калі будзеце паганіць яе, як яна выкінула з сябе народ, які быў перад вамі.
 
Каб і вас ня вырыгала ізь сябе зямля, як вы сплюгавіце яе, як яна вырыгала народ, што быў перад вамі;

Бо кожны [чалавек], які ўчыніць адну з гэтых брыдотаў, будзе вынішчаны спасярод народу свайго.
 
Бо будуць выгублены з пасярод люду свайго кажны, што будзе рабіць з усіх гэтых агідаў, і ўсі душы, што робяць гэта.

Захоўвайце загады Мае. Не дапускайцеся брыдотных звычаяў, як дапускаліся тыя, што былі перад вамі, і не паганьцеся імі. Я — ГОСПАД, Бог ваш”».
 
Дык дзяржыце данае Імною дзяржаць вам, каб не рабіць подле абычаёў агідных, каторыя рабілі перад вамі, і каб ня сплюгавіцца імі. Я СПАДАР, Бог ваш».