Лявіт 4 разьдзел
Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
«Гавары сынам Ізраіля: “Калі хто праз няўвагу саграшыць адносна прыказаньняў ГОСПАДА, якія забараняюць нешта рабіць, а ён гэта зрабіў бы,
«Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: калі душа ізгрэша абмыльна супроці якога расказаньня СПАДАРОВАГА, чаго ня маюць рабіць, і ён зробе адно зь іх;
дык калі гэтага грэху дапусьціцца памазаны сьвятар, так што яго віна спадае на народ, тады складзе ён у ахвяру ГОСПАДУ як перамольную ахвяру за дапушчаны грэх маладога бычка без заганы.
Калі сьвятар памазаны ізгрэша і зробе вінным люд, хай абрачэць за грэх свой, каторым ізграшыў, з буйнога статку цялё-бычка бяз гану, СПАДАРУ на аброк за грэх.
І прывядзе бычка да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА, і паложыць руку на галаву яго, і заб’е яго перад абліччам ГОСПАДА.
І прывядзець цялё да ўходу будану збору перад СПАДАРА, і ўзложа руку сваю на галаву цяляці, і зарэжа цялё перад СПАДАРОМ.
І памазаны сьвятар возьме крыві таго бычка, і ўнясе ў Намёт Спатканьня.
І возьме сьвятар памазанец із крыві цяляці, і ўнясець яе ў будан збору;
І памочыць сьвятар палец у крыві, і пакропіць крывёй сем разоў перад абліччам ГОСПАДА, перад заслонай Месца Сьвятога.
І занура сьвятар палец свой у кроў, і пакропе крывёй сем разоў перад СПАДАРОМ добры бок запінахі сьвятыні.
І памажа сьвятар крывёй рагі ахвярніка пахкага каджэньня, які перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня, а рэшту крыві бычка вылье ён на падставу ахвярніка цэласпаленьня, які перад уваходам у Намёт Спатканьня.
І ўзложа сьвятар перад СПАДАРОМ з крыві на рогі аброчніка, каторы ў будане збору, пахнючых кадзеньняў, а ўсю кроў цяляці выльле на под аброчніка ўсепаленьняў, каторы ля ўходу будану збору.
І выме з ахвяраванага бычка ўвесь тлушч, які пакрывае нутро, і ўсю тлустасьць, якая на нутры,
І ўвесь тук цяляці за грэх падыйме зь яго, тук, што пакрывае патрыхі, і ўвесь тук, што на патрыхах,
і абедзьве ныркі разам з тлушчам, які над імі, які дастае да сьцёгнаў, а таксама тлушч, які на вантробе; разам з ныркамі няхай аддзеліць яго,
І абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, каторы на сьцёгнах; і пляву зь печанцоў з ныркамі адлуча,
такім жа чынам, як аддзяляецца тлушч бычка ахвяры мірнай. І спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку цэласпаленьня.
Як вымае зь цяляці аброкаў супакойных; і спале іх сьвятар на аброчніку ўсепаленьня.
А скуру цяляці, усё мяса ягонае, галаву ягоную, ногі ягоныя, і нутро ягонае, і нячыстасьць ягоную,
А скуру цяляці і ўсе мяса ягонае ля галавы ягонае а ля галёнак ягоных, і патрыхі ягоныя, і кал ягоны,
усяго бычка няхай вынясуць па-за табар; на чыстае месца, дзе высыпаюць попел, і там няхай будзе спалены агнём на дровах.
Усе цялё хай вынясе вонкі табару на чыстае месца, ідзе высыпаюць попел, і спале яго на дрывах агнём; ідзе высыпаюць попел, там няхай спалены будзе.
Калі ўся грамада Ізраіля саграшыць праз няўвагу, і схавана гэта будзе перад вачыма царквы, што такім чынам правініліся супраць прыказаньняў ГОСПАДА,
Калі ж уся грамада Ізраелява ізгрэша абмыльна, і ўтоены будзе ўчынак ад ачоў збору, і зробяць што супроці аднаго з расказаньняў СПАДАРОВЫХ, чаго ня маюць рабіць, і будуць вінны;
а потым яны зразумеюць грэх, якім саграшылі, дык няхай царква прывядзе да ўваходу ў Намёт Спатканьня бычка ў ахвяру за грэх.
Дык калі пазнаны будзе грэх, каторым яны ізграшылі, няхай абрачэць грамада цялё-бычка з буйнога статку на аброк за грэх, і прывядуць яго перад будан збору;
І старшыні грамады ўскладуць рукі на галаву бычка перад абліччам ГОСПАДА, і той бычок будзе забіты перад абліччам ГОСПАДА.
І ўзложаць старцы грамады рукі свае на галаву цяляці перад СПАДАРОМ, і зарэжа цялё перад СПАДАРОМ.
І памазаны сьвятар унясе ў Намёт Спатканьня частку крыві цяляці,
І ўнясець сьвятар памазанец крыві зь цяляці ў будан збору;
і памочыць палец у крыві, і пакропіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА перад заслонай.
І занура сьвятар палец свой у кроў, і пакропе сем разоў перад СПАДАРОМ добры бок запінахі;
І памажа тою крывёю рагі ахвярніку, які перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэласпаленьня, які каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
І з крыві ўзложа на рогі аброчніка, каторы перад відам СПАДАРОВЫМ у будане збору; і ўсю кроў выльле на под аброчніка ўсепаленьня, каторы ля ўходу будану збору;
А ўвесь тлушч яго аддзеліць ад яго і спаліць на ахвярніку.
І ўвесь тук яго падыйме зь яго, і спале на аброчніку.
І зробіць з бычком тое, што робіцца з бычком ахвяры за грэх; так павінен зрабіць з ім. Так ачысьціць іх сьвятар, і будзе даравана ім.
І зробе зь цялём так, як робяць ізь цялём за грэх; гэтак мае рабіць ізь ім, і гэтак адзяржыць ласкіўчыненьне ім сьвятар, і даравана будзе ім.
І вынясе бычка па-за табар, і спаліць яго так, як спаліў папярэдняга бычка. Гэта ахвяра перамольная за грэх царквы.
І вынесе цялё вонкі будану, і спале яго так, як спаліў першае цялё. Гэта аброк за грэх грамады.
Калі саграшыць князь і праз няўвагу дапусьціцца таго, што забараняецца прыказаньнем ГОСПАДА, Бога ягонага, і гэтак правініцца,
Калі ізгрэша князь нясьведама, і зробе штось супроці аднаго з усіх расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, чаго не належыла рабіць, і будзе вінен:
калі будзе даведзены грэх ягоны, якім саграшыў, няхай прывядзе ў ахвяру ГОСПАДУ казла без заганы.
Дык, як стаў ведамы яму грэх ягоны, каторым ён ізграшыў, прывядзець дар свой — казянё-самца бяз гану;
І паложыць ён руку сваю на галаву ягоную, і заб’е яго на месцы, дзе забіваюцца ахвяры цэласпаленьня перад абліччам ГОСПАДА. Гэта ахвяра за грэх.
І ўзложа руку сваю на галаву казяняці, і зарэжа яго на месцу, ідзе рэжуць усепаленьні перад СПАДАРОМ: гэта аброк за грэх.
І памочыць сьвятар палец у крыві ахвяры за грэх, і памажа ёю рагі ахвярніка цэласпаленьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэласпаленьня.
І возьме сьвятар із крыві аброку за грэх палцам сваім, і ўзложа на рогі аброчніка ўсепаленьня, а кроў ягоную выльле на под аброчніка ўсепаленьня.
А ўвесь тлушч яго спаліць на ахвярніку, падобна як тлушч ахвяры мірнай. Так вось ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і будзе яму даравана.
І ўвесь тук ягоны спале на аброчніку, як тук аброкаў супакойных; і адзяржыць яму сьвятар ласкіўчыненьне за грэх ягоны, і будзе даравана яму.
Калі хто спаміж народу зямлі праз няўвагу саграшыць і дапусьціцца таго, што забараняецца прыказаньнем ГОСПАДА, і гэтак правініцца,
І калі душа адна ізгрэша абмыльна, і гэта зь люду зямлі, і зробе штось супроці аднаго з расказаньняў СПАДАРОВЫХ, што ня мела быць зроблена, і вінна будзе:
калі будзе выяўлены яму грэх ягоны, якім саграшыў, няхай прывядзе ў ахвяру за грэх свой казу без заганы.
Дык, як стане ведамы ёй грэх ейны, каторым яна ізграшыла, прывядзець яна на дар казянё-козку бяз гану за грэх свой, каторым яна ізграшыла;
Пасьля паложыць руку на галаву ахвяры за грэх, і заб’е яе на месцы ахвяры цэласпаленьня.
І ўзложа руку сваю на галаву аброку за грэх, і зарэжа аброк за грэх на месцу ўсепаленьня.
Сьвятар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёю рагі ахвярніка цэласпаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка.
І возьме сьвятар із крыві яе палцам сваім, і ўзложа на рогі аброчніка ўсепаленьня, і ўсю кроў яе выльле на под аброчніка.
Потым аддзеліць увесь тлушч так, як быў аддзелены тлушч ахвяры мірнай. І спаліць яго сьвятар на ахвярніку на мілы пах ГОСПАДУ. Так ачысьціць яго сьвятар, і грэх будзе яму адпушчаны.
І ўвесь тук ейны адлуча, як адлучаюць тук ад аброкаў супакойных, і спале сьвятар на аброчніку на прыемны пах СПАДАРУ; гэтак адзяржыць ласкіўчыненьне яму сьвятар, і даравана будзе яму.
А калі хто захоча скласьці за грэх авечку, няхай прывядзе авечку без заганы,
А калі ягнё прывядзець як дар за грэх свой, хай прывядзець саміцу бяз гану;
узложыць руку на галаву ейную і заб’е яе як ахвяру за грэх на месцы, дзе забіваюць ахвяры цэласпаленьня.
І ўзложа руку сваю на галаву аброку за грэх, і зарэжа яе на аброк за грэх на месцу, ідзе рэжуць усепаленьне.
І возьме сьвятар пальцам сваім крыві і памажа рагі ахвярніку цэласпаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка.
І возьме сьвятар палцам сваім із крыві аброку за грэх, і ўзложа на рогі аброчніка ўсепаленьня, і ўсю кроў яе выльле на под аброчніка.
А ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляецца лой авечкі з ахвяры мірнай, і спаліць яго сьвятар на ахвярніку ў ахвяру ГОСПАДУ. Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён саграшыў, і будзе яму даравана.
І ўвесь тук ейны адлуча, як адлучаюць тук авечкі з аброкаў супакойных, і спале іх сьвятар на аброчніку на агняны аброк СПАДАРУ; і адзяржыць яму сьвятар ласкіўчыненьне за грэх, каторым ён ізграшыў, і даравана будзе яму.