Лявіт 7 разьдзел

Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Вось закон адносна ахвяры аднагараджэньня. Гэта сьвятая рэч.
 
І во права аброку віны: сьвятое сьвятых яно.

На тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпаленьня, будуць забіваць ахвяру аднагараджэньня, і кроў яе выльюць вакол ахвярніка,
 
На тым месцу, ідзе рэжуць усепаленьне, там хай рэжуць аброк віны, і крывёй яго хай кропяць на аброчнік наўкола.

але ўвесь тлушч з яе будзе складзены ў ахвяру: курдзюк, тлушч, які пакрывае нутро,
 
І ўвесь тук яго хай ён абрачэць ізь яго, хвост а тук, пакрываючы патрыхі,

абедзьве ныркі, а тлушч на вантробе разам з ныркамі няхай будзе аддзелены.
 
І абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, каторы на сьцёгнах, і плеўку зь печанцоў; з ныркамі няхай ён адыйме гэта.

Спаліць гэта ўсё сьвятар на ахвярніку на мілы пах ГОСПАДУ. Гэта ахвяра аднагараджэньня.
 
І спале гэта сьвятар на аброчніку на аброк агняны СПАДАРУ. Гэта аброк віны.

Кожны мужчына з роду сьвятарскага будзе спажываць мяса гэтае на месцы сьвятым. Бо гэта сьвятое сьвятых.
 
Усялякі мужчына ізь сьвятароў можа есьці яго. На сьвятым месцу маюць есьці яго; гэта сьвятое сьвятых.

Для ахвяры за грэх і для ахвяры аднагараджэньня закон адзін. Яна належыць сьвятару, які складаў гэтую ахвяру.
 
Як аброку за грэх, так і аброку віны права адно ім: сьвятару, каторы будзе даставаць ласкіўчыненьне, будзе ён.

Сьвятар, які складае ахвяру цэласпаленьня, атрымоўвае скуру жывёлы, якую склаў у ахвяру.
 
Калі сьвятар абракае чый аброк усепаленьня, скура ад усепаленьня, каторае ён абракае, сьвятару таму яна будзе.

Таксама кожная ахвяра хлебная, смажаная ў печы, у гаршчку або на патэльні, належыць сьвятару, якім гэтая ахвяра складзена.
 
І ўсялякі аброк хлебны, каторы печаны ў печы, і ўсялякі прыгатаваны ў гаршку альбо на скварадзе, належа сьвятару, яму хай будзе ён.

Але кожная ахвяра хлебная з алеем або сухая належыць усім сынам Аарона, як аднаму, так і другому.
 
І ўсялякі аброк хлебны, рашчынены на аліве й сухі, належа ўсім сыном Ааронавым, як аднаму, так і другому.

Вось закон адносна ахвяры мірнай, якую складаюць ГОСПАДУ.
 
Во права аброку супакойнага, каторы абракаюць СПАДАРУ:

Калі хто складае ахвяру гэтую як падзяку, няхай далучыць да гэтай ахвяры падзякі таксама прэсныя аладкі з алеем, і прэсныя сухарыкі, запраўленыя алеем, і пшанічную муку з алеем.
 
Калі на падзяку ён даруе, то хай даруе на аброк падзякі закрашаны прэсны хлеб, рашчынены на аліве, і прэсныя сачні, памазаныя аліваю, і ценькую муку смажаную, з тым хлебам, рашчыненым на аліве.

Таксама няхай прыносіць аладкі з цеста квашанага пры ахвяры мірнай ў падзяку.
 
Звыш тога няхай ён даруе закрашаны кіслы хлеб як дар свойна супакой на аброк падзякі.

З усіх ахвяраў няхай адна будзе ахвяраваная як асаблівы дар ГОСПАДУ. Яна будзе належаць сьвятару, які вылье кроў ахвяры мірнай.
 
Няхай ён абрачэць із гэтага адно з усёга, дару свайго на нахінаны аброк СПАДАРУ; гэта належа сьвятару, каторы кропе крывёй супакойнага аброку, яму гэта будзе.

Мяса ахвяраў мірных у падзяку мусіць быць зьедзена ў той самы дзень, нельга нічога з іх пакідаць да раніцы.
 
І мяса супакойнага аброку падзякі ў дзень дару яго мае быць едзена, ня можна пакідаць ізь яго да раньня.

Калі хто складае ахвяру як шлюбаваньне або з добрай волі, ахвяру ягоную трэба есьці ў дзень ахвяраваньня, але і на другі дзень можна есьці рэшту яе.
 
Калі ж абятніца або самахотны аброк дар ягоны, то ў дзень дараваньня аброку аброк ягоны маюць есьці, і назаўтрае засталае ад яго можна есьці.

Калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць.
 
А засталае ад мяса аброку на трэйці дзень мае быць спалена на цяпле.

Калі хто зьесьць штосьці з ахвяры мірнай на трэці дзень, такая ахвяра ня будзе прынятая; ня будзе яна залічана таму, хто яе склаў, бо гэта зьнявага; а той, хто будзе есьці яе, дапусьціцца грэху.
 
Калі ж чыста будуць зьядаць мяса супакойнага аброку на трэйці дзень, то ня будзе любы даруючы яго, ня будзе залічаны яму; гэта будзе агідна, а душа, што будзе есьці зь яго, панясець бяспраўе свае.

Мяса, якое дакраналася чагосьці нячыстага, нельга есьці, але спальваецца яно ў агні; а мяса чыстае можа есьці кожны чысты.
 
І мяса гэтага, калі яно даткнецца да чаго нячыстага, ня маюць есьці, але маюць спаліць яго на цяпле; а мяса чыстае кажны чысты можа есьці яго.

Калі нейкая душа, будучы ў нячыстасьці, будзе есьці мяса ахвяры мірнай, якая для ГОСПАДА, будзе выключана душа гэтая з народу свайго.
 
І каторая душа будзе есьці мяса з аброкаў супакойных СПАДАРУ, і нечысьць на ёй, то выгубіцца душа тая зь люду свайго.

Калі хто дакранецца нейкай нячыстасьці, нячыстасьці чалавечай, або нячыстасьці жывёлы, або нячыстага паўзуна, і будзе есьці мяса ахвяры мірнай, якая для ГОСПАДА, той будзе выключаны з народу свайго».
 
І калі якая душа, даткнуўшыся да чаго нячысгага, да нечысьці людзкое, альбо да нячыстага статку, альбо да якое нячыстае брыды, і зьесьць ізь мяса супакойнага аброку СПАДАРОВАГА, то выгубіцца душа тая зь люду свайго».

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Скажы сынам Ізраіля: “Нельга вам есьці тлушч цялят, авечак і казлоў.
 
«Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: ніякага туку валовага, ані авячага, ані казінага ня ежча.

Тлушчам зьвяроў мёртвых або разьдзёртых можна карыстацца ў кожнай патрэбе, але ня ешце яго.
 
А тук із здохлага і тук із разарванага можна ўжываць наўсякую работу; а есьці, ня ежча яго;

Калі хто будзе есьці тлушч жывёлаў, якіх прынесьлі на ахвяру агнявую для ГОСПАДА, той будзе выключаны з народу свайго.
 
Бо кажны, хто будзе есьці тук із статку, каторы даруюць на аброк агняны СПАДАРУ, дык выгубіцца душа ядучага зь люду свайго.

Дзе толькі будзеце жыць, нельга вам есьці ніякай крыві, ані крыві птушак, ані крыві быдла.
 
І ніякае крыві ня ежча ў вусіх сялібах сваіх, ані з птушак, ані із статку:

Кожная душа, якая будзе есьці кроў, будзе выключана душа гэтая з народу свайго”».
 
Хто будзе есьці якую кроў, то выгубіцца душа тая зь люду свайго».

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Скажы сынам Ізраіля: “Хто складае ахвяру мірную для ГОСПАДА, няхай прынясе свой дар ГОСПАДУ з ахвяры мірнай.
 
«Гукай сыном Ізраелявым: хто даруе супакойны аброк свой СПАДАРУ, тый мае прынесьці дар свой СПАДАРУ із супакойнага аброку свайго.

Сваімі рукамі няхай прынясе ён ахвяру агнявую для ГОСПАДА: тлушч з грудзіны і грудзіну, каб трэсьці імі перад ГОСПАДАМ.
 
Ягоныя рукі маюць прынесьці агняны аброк СПАДАРУ: тук із грудзіны мае ён прынесьці і грудзіну, каб нахінаць яе нахінаньням перад СПАДАРОМ.

Тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным.
 
І спале сьвятар тук на аброчніку, і будзе грудзіна Аарону а сыном ягоным.

Таксама правую лапатку аддасьцё сьвятару як частку сьвятарскую з ахвяраў мірных.
 
І правую лапатку дасьце, як узьнесеньне, сьвятару із супакойных аброкаў сваіх.

Які з сыноў Аарона складае ў ахвяру кроў і тлушч ахвяры мірнай, той як частку сваю атрымае правую лапатку,
 
Даруючаму із сыноў Ааронавых кроў супакойных аброкаў і тук, яму хай будзе правая лапатка як дзель ягоная;

бо грудзіну патрасаную і лапатку ўздыманую Я бяру ад сыноў Ізраіля з іхніх ахвяраў мірных і даю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечны закон ад усяго народу Ізраіля”».
 
Бо грудзіну нахінаньня і лапатку ўзьнесеньня Я ўзяў ад сыноў Ізраелявых із супакойных аброкаў іхных і аддаў іх Аарону сьвятару а сыном ягоным на вечную ўставу ад сыноў Ізраелявых.

Гэта ёсьць частка з ахвяраў, паленых для ГОСПАДА, якая належыць Аарону і сынам ягоным ад дня пасьвячэньня іх на сьвятароў ГОСПАДА.
 
Гэта дзель памазаньня Ааронава й дзель памазаньня сыноў ягоных із агняных аброкаў СПАДАРОВЫХ у дню, як дабліжыў іх да сьвятарства СПАДАРУ,

У дзень, калі іх ГОСПАД памазаў, загадаў Ізраілю даваць ім гэта. Гэта пастанова вечная ў пакаленьні іхнія.
 
Каторую расказаў СПАДАР даваць ім ад сыноў Ізраелявых, у дню памазаньня іх, уставаю вечнай у родах іхных».

Гэта вось закон адносна ахвяры цэласпаленьня, ахвяры хлебнай, ахвяры за грэх, ахвяры аднагараджэньня, ахвяры пасьвячэньня і ахвяры мірнай.
 
Гэта права ўсепаленьня аброку хлебнага, аброку за грэх, аброку віны, аброку пасьвячэньня й аброку супакойнага,

Гэта загадаў ГОСПАД Майсею на гары Сынай у дзень, калі загадаў сынам Ізраіля складаць ахвяры ГОСПАДУ ў пустыні Сынай.
 
Каторае расказаў СПАДАР Масею на гары Сынаю, у дзень расказаньня Ягонага расказаў сыном Ізраелявым дараваць іхныя дары СПАДАРУ на пустыні Сынайскай.