Лявіт 14 разьдзел

Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Гэта закон адносна пракажонага ў дзень ачышчэньня ягонага. Няхай прывядуць яго да сьвятара,
 
«Во будзе права праз пракажанага ў дзень яго ачышчаньня: і прывядуць яго да сьвятара.

і сьвятар выйдзе па-за табар, і агледзіць яго сьвятар, і вось, хвароба праказы вылечаная ў пракажонага.
 
І выйдзе сьвятар вонкі з табару, і абача сьвятар, і во, выгаілася болька ў пракажанага;

І загадае сьвятар, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і дрэва кедровага, і ніткі кармазыновыя, і гізоп.
 
Дык раскажа сьвятар узяць ачышчанаму дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і дзерва кедравага, чырвовую ніту а гізопу.

І сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, [напоўненым] вадой жывою.
 
І раскажа сьвятар, і зарэжуць адну птушку над глінянай судзіною, над жывой вадою;

І возьме другую жывую птушку разам з дрэвам кедровым, і ніткі кармазыновыя, і гізоп, і ўмочыць іх і птушку жывую ў крыві [птушкі], забітай над вадою жывою,
 
Птушку жывую возьме ён, і дзерва кедравага, чырвовую ніту а гізоп, і занура іх і жывую птушку ў крыві птушкі зарэзанае над жывой вадою;

і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і прызнае яго чыстым. А птушку жывую выпусьціць у поле.
 
І пакропе на ачышчанага ад праказы сем разоў, і абесьце яго за чыстага, і пусьце жывую птушку на від поля.

Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы свае, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвойдзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за намётам сваім.
 
І вымые ачышчаны адзецьці свае, і паголе ўсі валасы, і памыецца вадою, і ачысьціцца; і потым увыйдзе ў табар, і прабудзе сем дзён вонках будану свайго.

У сёмы дзень абголіць ён усе валасы свае, абголіць галаву і бараду, і бровы свае, вымые адзеньне, абмые цела сваё вадой і будзе чысты.
 
І будзе: сёмага дня паголе ўсі валасы свае, галаву сваю, бараду сваю, бровы ачоў сваіх, усі валасы свае паголе, і вымые адзежу сваю, і памые цела свае вадою, і будзе чысты.

У восьмы дзень возьме ён двух ягнятаў без заганы, адну авечку аднагадовую без заганы і тры дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, як ахвяру хлебную, і адзін лог алею.
 
На восьмы дзень возьме ён два бараны бяз гану, і адну авечку аднагоднюю бяз гану, і тры дзясятыя часьці ценькае мукі, рашчыненае на аліве, на аброк хлебны, і адзін лёґ алівы.

І сьвятар, які ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад абліччам ГОСПАДА каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
 
І пастанове сьвятар ачышчаючы чалавека ім ачышчанага і іх перад СПАДАРОМ ля ўходу будану збору.

І сьвятар возьме адно ягня, і складзе яго ў ахвяру аднагараджэньня, і [возьме] лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрэсваючы перад абліччам ГОСПАДА.
 
І возьме сьвятар аднаго барана, і падаруе яго на аброк віны, і лёг алівы, і будзе туды-сюды нахінаць нахінаньне перад відам СПАДАРОВЫМ.

І заб’е ягня гэтае на месцы, на якім забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, [належыць] сьвятару; гэта сьвятое сьвятых.
 
І зарэжа барана на тым месцу, ідзе рэжуць аброк за грэх а ўсепаленьне, на месцу сьвятым; бо, як аброк за грэх, яно належа сьвятару: сьвятое сьвятых гэта.

І возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа ёю верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
 
І возьме сьвятар крыві аброку віны, і ўзложа сьвятар на кончык правага вуха ачышчанага, і на вялікі палец правае рукі ягонае, і на вялікі палец правае нагі ягонае.

І возьме сьвятар лог алею, і вылье яго на [сваю] левую далонь.
 
І возьме сьвятар ізь лёґу алівы, і пальлець на левую даланю сваю.

І памочыць сьвятар палец правай рукі сваёй у алеі, які на яго левай далоні, і пакрапіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.
 
І занура сьвятар правы палец свой у валіву, каторая на левай далані ягонай, і пакропе алівы палцам сем разоў перад відам СПАДАРА.

Рэштаю алею, што на далоні ягонай, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі над крывёй ахвяры аднагараджэньня.
 
А засталую аліву, каторая на далані ягонай, узложа сьвятар на кончык правага вуха ачышчанага, на вялікі палец правае рукі ягонае й на вялікі палец правае нагі ягонае, на кроў аброку віны.

А рэшту алею, якая на далоні сьвятара, вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.
 
А засталае з алівы, каторая на далані сьвятаровай, узложа ён на галаву ачышчанага, і адзяржыць ласкаўчыненьне яму сьвятар перад відам СПАДАРОВЫМ.

І складзе сьвятар ахвяру за грэх, і перапросіць за таго, хто ачышчаецца, за нячыстасьць ягоную, і пасьля складзе ахвяру цэласпаленьня.
 
І ўчыне сьвятар аброк за грэх, і адзяржыць ласкіўчыненьне ачышчанаму ад нечысьці ягонае, а просьле гэтага зарэжа ўсепаленьне.

І складзе сьвятар ахвяру цэласпаленьня на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай. І так сьвятар ачысьціць таго [чалавека], і будзе ён чысты.
 
І падыйме сьвятар усепаленьне а аброк хлебны на аброчнік. І адзяржыць ласкіўчыненьне яму сьвятар, і ён будзе чысты.

Калі ж хто бедны і няма ў руцэ ягонай дастатку, няхай возьме адно ягня ў ахвяру аднагараджэньня для патрэсваньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзясятую частку [эфы] мукі, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, і лог алею,
 
І калі ён бедны, і не дастане рука ягоная, хай возьме аднаго барана на аброк віны на нахінаньне, каб дастаць яму ласкіўчыненьне, і адну дзясятую часьць ценькае мукі, рашчыненае на аліве, на хлебны аброк, і лёґ алівы,

і дзьве туркаўкі або два маладыя галубы, на што будзе здольная рука ягоная; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленьне.
 
І два туркі альбо двое галубянят, што дастане рука ягоная, і будзе адно на аброк за грэх, а другое на ўсепаленьне.

І прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго да сьвятара да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА.
 
І прынясець іх на восьмы дзень ачышчэньня да сьвятара да ўходу будану збору, перад від СПАДАРОЎ.

І сьвятар возьме ягня ў ахвяру аднагараджэньня і лог алею, і будзе патрэсваць патрэсваньнем перад абліччам ГОСПАДА.
 
І возьме сьвятар барана аброку віны і лёґ алівы, і будзе туды-сюды нахінаць гэта сьвятар як нахінаньне перад відам СПАДАРОВЫМ.

І заб’е ягня ў ахвяру аднагараджэньня, і возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.
 
І зарэжа барана на аброк віны, і возьме сьвятар крыві аброку віны, і ўзложа на кончык правага вуха ачышчанага; на вялікі палец правае рукі ягонае, і на вялікі палец правае нагі ягонае.

І налье сьвятар алей на левую далонь сваю,
 
І з алівы нальлець сьвятар на левую даланю сьвятара.

і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.
 
І пакропе сьвятар із алівы, каторая на левай далані ягонай, правым палцам сваім сем разоў перад відам СПАДАРА.

І сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.
 
І ўзложа сьвятар із алівы, каторая на далані ягонай, на кончык правага вуха ачышчанага, на вялікі палец правае рукі ягонае і на вялікі палец правае нагі ягонае, на месцу, дзе кроў аброку віны.

А рэшту алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад абліччам ГОСПАДА.
 
А засталае з алівы, каторая на далані сьвятаровай, узложа ён на галаву ачышчанага, каб дастаць ласкіўчыненьне яму перад відам СПАДАРА.

І ахвяруе адну туркаўку або маладога галуба, якога прынясе рука таго, хто ачышчаецца,
 
І прыгатуе аднаго з туркоў альбо адно з галубянят, што дастане рука ягоная,

і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэласпаленьне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысьціць яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.
 
З тога, што дастане рука ягоная, адно на аброк за грэх, а другое на ўсепаленьне, разам із аброкам хлебным. І дастане ласкіўчыненьне сьвятар ачышчанаму перад відам СПАДАРА».

Гэта закон адносна пракажонага, якому не стае [маёмасьці] ў руцэ ягонай дзеля ачышчэньня свайго».
 
Гэта права праз тога, у каго ё болька праказы, каторы ў часе ачышчэньня свайго ня мае дастатку».

І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР Масею а Аарону, кажучы:

«Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам на ўласнасьць, і калі спашлю хваробу праказы на нейкі дом у зямлі пасяленьня вашага,
 
«Як увыйдзеце ў зямлю Канаанскую, каторую Я даю вам у дзяржаньне, і Я навяду больку на дамы ў зямлі дзяржаньня вашага,

няхай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятару, кажучы: “Хваробу я ўгледзеў у доме [маім]”.
 
Тады тый, чый дом, мае пайсьці й раскажа сьвятару, кажучы: "У мяне на доме паказалася быццам болька праказы".

І сьвятар загадае, каб прыбралі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб яна не апаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.
 
І раскажа сьвятар спаражніць дом, уперад чымся ўвыйдзе сьвятар аглядаць больку, каб ня сталася нячыстым усе, што ў доме; а просьле гэтага прыйдзе сьвятар аглядаць дом.

І ён агледзіць хваробу тую, і вось, на сьценах хвароба дому, нібы ямінкі, зелянявыя ці чырвоныя, што ўеліся ў сьцяну.
 
І абача больку, і вось, болька на сьценах дому, шчэрбы зеленавата-чырвоныя, выгляд іх ніжэй за зьверх сьцяны;

І выйдзе сьвятар з дому да дзьвярэй дому, і зачыніць дом на сем дзён.
 
І выйдзе сьвятар із дому да ўходу дому, і запрэць дом на сем дзён;

У сёмы дзень вернецца сьвятар і агледзіць [дом]. І вось, пашырылася хвароба на сьцяне дому.
 
І зьвернецца сьвятар на сёмы дзень, і абача, во, болька пашырылася на сьценах дому;

І загадае сьвятар, і вырвуць тыя камяні заражаныя, і выкінуць іх за горад на месца нячыстае.
 
І раскажа сьвятар выламіць камяні, на каторых болька, і кінуць іх вонках места на месца нячыстае.

А дом кругом унутры абскрабуць, і тынк, які абскрэблі, выкінуць на месца нячыстае за горадам.
 
А дом няхай абскрабуць унутры наўкола, і высыпяць гліну вонках места на месца нячыстае,

І возьмуць іншыя камяні, і пакладуць на месца папярэдніх камянёў, і возьмуць іншую заправу, і атынкуюць дом.
 
І возьмуць іншыя камяні, і ўложаць іх замест тых камянёў, і возьмуць іншую гліну і абтынкуюць дом.

Калі ж зараза зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі камяні, а дом абскрэблі і атынкавалі,
 
І калі зьвернецца болька, і разрасьцецца ў доме, просьле тога як абскраблі дом і просьле тога як абтынкавалі,

прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І вось, зараза ў доме пашырылася, гэта ліхая праказа ў доме гэтым, і ён нячысты.
 
Дык прыйдзе сьвятар і агледзе, і вось, пашырылася болька ў доме, то гэта ядавітая праказа ў доме, нячысты ён.

І дом гэты зруйнуюць, а камяні, і дрэва, і ўвесь тынк дому таго выкінуць за горад у месца нячыстае.
 
І разломяць дом, камяні яго, і дзерва яго, і ўсю гліну дому, і вынясуць яго вонкі за места на месца нячыстае.

І калі нехта ўвойдзе ў дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара.
 
І хто ўходзе ў дом усі дні, як ён заперты, тый станецца нячысты аж да вечара;

А калі нехта сьпіць у доме гэтым або есьць у доме гэтым, няхай памые адзеньне сваё.
 
І хто ляжыць у доме тым, тый мае вымыць адзежу сваю; і хто есьць у доме тым, тый мае вымыць адзежу сваю.

А калі сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і вось, зараза не пашырылася ў доме гэтым пасьля атынкаваньня, сьвятар прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.
 
І калі сьвятар запраўды прыйдзе й абача, і вось, не пашырылася болька ў доме просьле тога, як абтынкавалі дом, то сьвятар абесьце дом за чысты, бо болька выгаена.

І дзеля ачышчэньня дому сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.
 
І возьме на ачышчэньне дому дзьве птушкі а кедравага дзерва а чырвовую нітку а гізопу;

І заб’е адну птушку над пасудзінай глінянай над вадою жывою.
 
І зарэжа адну птушку над глінянай судзіною, над жывой вадою;

І возьме дрэва кедровае, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў вадзе жывой, і пакрапіць сем разоў дом.
 
І возьме кедравае дзерва а гізоп а чырвовую нітку а жывую птушку, і занура іх у крыві птушкі зарэзанае а ў жывой вадзе, і пакропе ў кірунку дому сем разоў.

І ачысьціць дом той крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.
 
І ачысьце дом крывёю птушкі а жывой вадою а жывой птушкаю а кедравым дзервам а гізопам а чырвовай ніткаю;

А жывую птушку пусьціць за горадам у полі. І перапросіць за дом гэты, і ён будзе чыстым.
 
І пусьце жывую птушку вонках места на від поля, — і дастане ласкіўчыненьне дому, і будзе чысты».

Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,
 
Гэта права праз усялякую больку праказы, і праз шалудзівасьці,

праказы на адзеньні і ў доме,
 
І праз праказу на адзежы а на доме, і праз пухліну а праз кругі а праз плямы;

пухліны, скулаў і белых плямаў,
 
Каб вучыць празь дзень нячысты і празь дзень чысты. Гэта права праз праказу.

каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».