Ісуса сына Нава 17 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І выпала жэрабя пакаленьню Манасы, бо ён быў першародным Язэпа. Махір, першародны Манасы, бацька Гілеада, бо быў ён ваяром, атрымаў Гілеад і Башан.
І вышла было жэрабя плямені Манасаваму, бо ён пяршак Язэпаў. Махіру, першаку Манасаваму, айцу Ґілеада, бо ён быў чалавек вайны, дастаўся яму Ґілеад а Вашан.
Сваю частку атрымалі астатнія сыны Манасы паводле сем’яў іхніх: сыны Абіезэра, сыны Хэлека, сыны Асрыэля, сыны Шэхэма, сыны Хэфэра і сыны Шэміда. Гэта вось сыны Манасы, сына Язэпа, мужчыны, паводле сем’яў сваіх.
І было засталым сыном Манасавым па радзімах іхных: і сыном Авезэравым, і сыном Гэлекавым, і сыном Асрыелявым, і сыном Шэхемавым, і сыном Гэферавым, і сыном Шэмідавым. Гэта сынове Манаса Язэпенка, мужчыны па радзімах сваіх.
А Цэлафхад, сын Хефэра, сына Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, ня меў сыноў, а толькі дочкі, якія называліся: Махла, Ноа, Хогля, Мілка і Тырца.
У Цэлофегада ж, сына Гэфера, сына Ґілеада, сына Махіра Манасёнка, ня было сыноў, але адны дачкі. І гэта ймёны дачок ягоных: Магла а Ноа, Гоґла, Мілка а Фірца.
І яны прыйшлі перад аблічча Элеазара сьвятара, і Егошуа, сына Нуна, і князёў, і сказалі: «ГОСПАД загадаў Майсею, каб даў нам спадчыну між братоў нашых». І далі ім паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА спадчыну між братоў бацькі іхняга.
І яны дабліжыліся да сьвятара Елеазара а да Ігошуа Нунянка а да князёў, кажучы: «СПАДАР расказаў Масею даць нам спадак памеж братоў нашых». І даны ім спадак, з расказаньня СПАДАРОВАГА, памеж братоў айца іхнага.
І меў Манаса дзесяць частак, апрача зямлі Гілеад і Башан за Ярданам,
І выпала Манасу дзесяць дзеляў, апрача зямлі Ґілеадзкае а Вашанскае, каторая за Ёрданом;
бо дочкі Манасы атрымалі спадчыну між сыноў яго, а зямля Гілеад выпала астатнім сынам Манасы.
Бо дачкі Манасавы адзяржалі спадак сярод сыноў ягоных, а зямля Ґілеадзкая дасталася засталым сыном Манасавым.
І была мяжа Манасы ад Асэра да Міхмэтату, які насупраць Сыхему; і мяжа паварочвала ўправа ў бок жыхароў Эн-Тапуаху.
І была граніца Манасава ад Ашэру да Міхмефафу, каторы перад Сыхемам; граніца йдзедь направа да жыхараў Ен-Тапуагу.
Зямлю Тапуаху атрымаў Манаса, а горад Тапуах, які знаходзіцца каля мяжы Манасы, [належаў] да сыноў Эфраіма.
Манасу была зямля Тапуаг, а места Тапуаг ля граніцы Манасавае сыном Яхрэмавым.
І зыходзіла мяжа да ручая Кана, і на поўдзень ад ручая былі гарады Эфраіма, апроч тых, якія меў Эфраім сярод гарадоў Манасы, а зямля Манасы была на поўнач ад ручая і цягнулася да мора.
І спушчаецца граніца да цур’я Кана з паўднявога боку цур’я. Месты гэтыя Яхрэмавы сярод местаў Манасавых. І граніца Манасава на паўночным баку цур’я, і былі канцы яе ля мора.
На поўдзень была [зямля] Эфраіма, а на поўнач — Манасы, а мяжой іхняй было мора. З Асэрам межавалі яны на поўначы, а з Ісахарам — на ўсходзе.
На паўдня — Яхрэму, а на поўнач — Манасу; і было мора граніцаю яго. І яны стыкаліся з Ашэрам на поўначы, і з Іссасхаром на ўсходзе.
Манаса ў межах Ісахара і Асэра [меў] Бэт-Шэан з навакольнымі гарадамі, і Іблеам з навакольнымі гарадамі, і жыхароў Дору з навакольнымі гарадамі, і жыхароў Эн-Дору з навакольнымі гарадамі, і жыхароў Таанаху з навакольнымі гарадамі, і жыхароў Мэгіддо з навакольнымі гарадамі, трэцюю частку Нафату.
І былі Манасавы ў Іссасхара а Ашэра: Веф-Шэан ізь местачкамі яго, Іўлеам ізь местачкамі яго, жыхары Дору зь местачкамі іх, і жыхары Ен-Дору зь местачкамі іх, і жыхары Фаанаху зь местачкамі іх, і жыхары Меґіда зь местачкамі іх, і трайціна Нафафу.
Але сыны Манасы не маглі авалодаць гарадамі гэтымі, і Хананейцы засталіся ў зямлі гэтай.
І не маглі сынове Манасавы выгнаць местаў гэтых, і зычыў Канаанянін жыць у зямлі гзтай.
Калі сыны Ізраіля ўмацаваліся, яны змусілі Хананейцаў да працаў прыгонных, але ня выгналі іх.
І было, як падужэлі сынове Ізраелявы, тады зрабілі яны Канааняніна даньнікамі, але чыста выгнаць іх ня выгналі.
І прамовілі сыны Язэпа да Егошуа, кажучы: «Чаму ты даў мне адно толькі жэрабя і адну толькі частку, хоць я маю такое мноства людзей, бо так дабраславіў мяне ГОСПАД?»
І гукалі сынове Язэпавы Ігошуу, кажучы: «Чаму ты даў імне спадак аднаго жэрабя й адну дзель, а я люд вельмі чысьлены, бо аж дагэтуль дабраславіў мяне СПАДАР?»
І сказаў ім Егошуа: «Калі ты — народ вялікі, займай лес, выкарчуй сабе [абшар] у зямлі Пэрэзэяў і Рэфаімаў, калі табе на гары Эфраіма зацесна!»
І сказаў ім Ігошуа: «Калі ты люд чысьлены, то ўзыйдзі сабе ў лес і выцерабі сабе там, у зямлі Ферэзэяў а Рэфаімаў, бо цесная табе гара Яхрэмава».
І сказалі сыны Язэпа: «Гары нам не хапае, але ўсе Хананейцы, што жывуць у даліне, маюць калясьніцы жалезныя, як жыхары Бэт-Шэану і навакольных гарадоў, так і ў даліне Езрээль».
І сказалі сынове Язэпавы: «Ня стане нам гары; але цялежкі зялезныя ў вусіх Канаанян, што жывуць у зямлі даліны, як у тых, каторыя ў Бэф-Шэане а ў местачках іхных, так і ў тых, каторыя на даліне Ізрэельскай».
І сказаў Егошуа дому Язэпа, Эфраіму і Манасе, кажучы: «Ты — народ вялікі і мужны, ня будзе ў цябе адна толькі частка.
І сказаў Ігошуа дому Язэпаваму, Яхрэму а Манасу, кажучы: «Люд чысьлены ты і сіла вялікая ў цябе; не адно жэрабя будзе ў цябе,
Але ты пайдзі на гару і выкарчуй лес, і будуць твае межы ягоныя. І ты выганіш Хананейцаў, хоць маюць яны калясьніцы жалезныя і хоць яны моцныя».
Але гара будзе твая, бо лясістая яна; і ты выцерабіш яе, і будуць тваімі канцы яе, бо ты выжанеш Канааняніна, дарма што ў яго цялежкі зялезныя, і дарма што яны дужыя».