Ісуса сына Нава 23 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І сталася, калі мінула шмат дзён пасьля таго, як ГОСПАД даў Ізраілю супакой ад усіх ворагаў іхніх навокал, і Егошуа быў стары і меў шмат дзён,
І сталася за шмат дзён просьле тога, як СПАДАР супакоіў Ізраеля ад усіх варагоў ягоных навокал, а Ігошуа застараўся, увыйшоў у гады.
склікаў Егошуа ўвесь Ізраіль, і старшыняў, і князёў, і судзьдзяў, і начальнікаў, і сказаў ім: «Я састарэў і маю шмат дзён,
І гукнуў Ігошуа ўсяго Ізраеля, старцоў яго а галоў яго а судзьдзяў яго а нагляднікаў яго, і сказаў ім: «Я застараўся, увыйшоў у гады.
а вы бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД, Бог ваш, усім гэтым народам перад абліччам вашым, бо ГОСПАД, Бог ваш, ваяваў за вас.
А вы бачылі ўсе, што зрабіў СПАДАР, Бог ваш, перад відам вашым із усімі гэтымі народамі, бо СПАДАР, Бог ваш, — Ён тый, што ваяваў за вас.
Глядзіце, я падзяліў між вас жэрабям як спадчыну для каленаў вашых тыя народы, якія засталіся за Ярданам, і ўсе народы, якія я вынішчыў да Мора Вялікага на захадзе.
Гля, я прызначыў вам жэрабям засталыя народы гэтыя на спадак плямёнам вашым, ад Ёрдану, і ўсі народы, каторыя я выгубіў, і вялікае мора, на захадзе сонца.
ГОСПАД, Бог ваш, разгоніць іх перад абліччам вашым і прыбярэ іх перад абліччам вашым, і вы паселіцеся на зямлі іхняй, як ГОСПАД, Бог ваш, прамовіў вам.
І СПАДАР, Бог ваш, Сам адапхнець іх ад вас, і выжане іх перад вамі, і вы адзяржыцё на спадак зямлю іхную, як казаў вам СПАДАР, Бог ваш.
Будзьце вельмі цьвёрдымі, і захоўвайце, і выконвайце ўсё, што напісана ў кнізе Закону Майсея, і не адхіляйцеся ад яго ані ўправа, ані ўлева.
І сілуйцеся вельма заховаваць а рабіць усе напісанае ў кнізе права Масеявага, каб не адварачацца ад яго направа ані налева.
І не сябруйце з тымі народамі, якія між вамі засталіся, і ня ўзгадвайце імёны багоў іхніх, і не прысягайце імі, і не служыце ім, і не пакланяйцеся ім,
Каб вам ня ўвыйсьці памеж гэтых народаў, гэтых засталых із вамі, то імені багоў іхных не ўспамінайце, і не прысягайце імі, і ня служыце ім, і ня кланяйцеся ім;
але туліцеся толькі да ГОСПАДА, Бога вашага, як рабілі вы да гэтага дня.
Але да СПАДАРА, Бога свайго, прыліпніце, як вы рабілі дагэтуль.
І выгнаў ГОСПАД перад абліччам вашым народы вялікія і моцныя, і ніводзін з іх ня мог вам супрацівіцца да дня гэтага.
І прагнаў СПАДАР ад вас народы вялікія а дужыя; а што да вас, то ніхто ня вытрываў перад вамі дагэтуль.
Адзін з вас гнаў тысячу [ворагаў], бо ГОСПАД, Бог ваш, Сам ваяваў за вас, як Ён прамовіў да вас.
Адзін із вас праганяе тысяча, бо СПАДАР, Бог ваш, Ён тый, Каторы ваюе за вас, як казаў вам.
Пільна намагайцеся душамі вашымі, каб любіць ГОСПАДА, Бога вашага.
Затым вельма глядзіце сябе, каб любіць СПАДАРА, Бога свайго.
Бо калі вы адвернецеся [ад Яго] і будзеце сябраваць і мяшацца сужонствамі з гэтымі народамі, якія сярод вас засталіся,
Бо калі ж вы чыста адвернецеся й прыліпніце да астачы народаў гэтых, што засталіся з вамі, і пасваячыцеся зь імі, і ўвыйдзеце да іх, а яны ўвыйдуць да вас;
ведайце, што ГОСПАД, Бог ваш, ня будзе выгоняць іх перад абліччам вашым, але яны стануць вам сеткаю, і пасткаю, і бічом для вас, і калючкаю ў вачах вашых, аж пакуль ня вынішчыць Ён вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам ГОСПАД, Бог ваш.
То напэўна, ведайце, што СПАДАР, Бог ваш, ня будзе далей праганяць народы гэтыя перад вамі, і будуць вам сеткаю, і пераказаю, і пугаю баком вашым, і церням ачом вашым, пакуль ня будзеце выгублены з гэтае добрае зямлі, каторую даў вам СПАДАР, Бог ваш.
І вось сёньня я ўзыходжу на дарогу ўсёй зямлі. А вы ведайце ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, што з усіх словаў добрых, якія прамаўляў да вас ГОСПАД, Бог ваш, ніводнае не было пустое, але ўсё споўнілася.
І вось, я цяпер адыходжу ў дарогу ўсяе зямлі. А вы ведайце ўсім сэрцам сваім і ўсёй Душою сваёй, што не прамінула ні воднае слова з усіх добрых словаў, каторыя казаў праз вас СПАДАР, Бог ваш: усе спраўдзілася вам, не прамінула зь яго ні воднае слова.
Але як спраўдзілася перад вамі ўсякае добрае слова, якое прамаўляў да вас ГОСПАД, Бог ваш, так навядзе ГОСПАД на вас усе тыя ліхія словы, пакуль ня вынішчыць вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам ГОСПАД, Бог ваш.
І будзе: як прышло на вас кажнае добрае слова, каторае казаў вам СПАДАР, Бог ваш, так прывядзець СПАДАР на вас усялякае благое слова, пакуль ня выгубе вас із гэтае добрае зямлі, каторую даў вам СПАДАР, Бог ваш.
Калі вы парушыце запавет ГОСПАДА, Бога вашага, які Ён загадаў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багам іншым, і пакланяцца ім, тады запалае супраць вас гнеў ГОСПАДА і хутка вы загінеце на гэтай добрай зямлі, якую Ён вам даў».
Калі вы выступіце із змовы СПАДАРА, Бога свайго, каторую Ён расказаў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць іншым багом, і кланяцца ім, дык узгарыцца на вас гнеў СПАДАРОЎ і ўборзьдзе загінеце з гэтае добрае зямлі, каторую даў вам».