Ісуса сына Нава 23 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сталася, калі мінула шмат дзён пасьля таго, як ГОСПАД даў Ізраілю супакой ад усіх ворагаў іхніх навокал, і Егошуа быў стары і меў шмат дзён,
 
Калі ж мінуў доўгі час пасля таго, як Госпад даў Ізраэлю супакой ад усіх ворагаў навокал, і Ешуа быў ужо стары і ў гадах пажылых,

склікаў Егошуа ўвесь Ізраіль, і старшыняў, і князёў, і судзьдзяў, і начальнікаў, і сказаў ім: «Я састарэў і маю шмат дзён,
 
склікаў Ешуа ўвесь Ізраэль, і старэйшын, і князёў, і суддзяў, і кіраўнікоў, і сказаў ім: «Я састарэў і прыйшоў у гады пажылыя,

а вы бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД, Бог ваш, усім гэтым народам перад абліччам вашым, бо ГОСПАД, Бог ваш, ваяваў за вас.
 
і вы бачылі ўсё, што зрабіў Госпад, Бог ваш, усім гэтым народам, і як Ён змагаўся за вас.

Глядзіце, я падзяліў між вас жэрабям як спадчыну для каленаў вашых тыя народы, якія засталіся за Ярданам, і ўсе народы, якія я вынішчыў да Мора Вялікага на захадзе.
 
Глядзіце, вось я падзяліў між вас жэрабем як уласнасць для вашых пакаленняў тыя народы, якія трэба яшчэ заваяваць, таксама, як і ўсе, якія я вынішчыў ад Ярдана аж па Вялікае мора на захадзе.

ГОСПАД, Бог ваш, разгоніць іх перад абліччам вашым і прыбярэ іх перад абліччам вашым, і вы паселіцеся на зямлі іхняй, як ГОСПАД, Бог ваш, прамовіў вам.
 
Госпад, Бог ваш, разгоніць іх і прыме іх ад аблічча вашага, і вы будзеце валодаць іх зямлёю, як Ён вам абяцаў.

Будзьце вельмі цьвёрдымі, і захоўвайце, і выконвайце ўсё, што напісана ў кнізе Закону Майсея, і не адхіляйцеся ад яго ані ўправа, ані ўлева.
 
Толькі будзьце мужнымі, каб пільнаваць усё, што напісана ў кнізе закону Майсея, і не адхіляцца ад гэтага ані ўправа, ані ўлева;

І не сябруйце з тымі народамі, якія між вамі засталіся, і ня ўзгадвайце імёны багоў іхніх, і не прысягайце імі, і не служыце ім, і не пакланяйцеся ім,
 
не сябруйце з народамі, якія між вас пражываюць, і не прысягайце ў імя багоў іх, і не служыце ім, і не пакланяйцеся ім;

але туліцеся толькі да ГОСПАДА, Бога вашага, як рабілі вы да гэтага дня.
 
але туліцеся да Госпада, Бога вашага, як рабілі вы да гэтага дня.

І выгнаў ГОСПАД перад абліччам вашым народы вялікія і моцныя, і ніводзін з іх ня мог вам супрацівіцца да дня гэтага.
 
І павыганяў Госпад на вачах вашых вялікія і наймацнейшыя народы, і ніводзін з іх не мог вам супрацівіцца,

Адзін з вас гнаў тысячу [ворагаў], бо ГОСПАД, Бог ваш, Сам ваяваў за вас, як Ён прамовіў да вас.
 
адзін з вас гоніць тысячу ворагаў, бо Госпад, Бог ваш, Сам ваюе за вас, як абяцаў;

Пільна намагайцеся душамі вашымі, каб любіць ГОСПАДА, Бога вашага.
 
толькі вельмі старанна пільнуйце тое, каб любіць Госпада, Бога вашага.

Бо калі вы адвернецеся [ад Яго] і будзеце сябраваць і мяшацца сужонствамі з гэтымі народамі, якія сярод вас засталіся,
 
Бо калі вы пажадаеце адысці ад вернага шляху, як тыя народы, што засталіся сярод вас, і сябраваць, і змешвацца праз шлюбы з імі,

ведайце, што ГОСПАД, Бог ваш, ня будзе выгоняць іх перад абліччам вашым, але яны стануць вам сеткаю, і пасткаю, і бічом для вас, і калючкаю ў вачах вашых, аж пакуль ня вынішчыць Ён вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам ГОСПАД, Бог ваш.
 
то тады ведайце, што Госпад, Бог ваш, не будзе нішчыць іх перад вамі; і хай яны стануць вам сеткаю, і пасткаю, і сілом, і бізуном для вас, і калючкамі ў вачах вашых, аж пакуль не вынішчыць Ён вас з гэтай найлепшай зямлі, якую даў вам.

І вось сёньня я ўзыходжу на дарогу ўсёй зямлі. А вы ведайце ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, што з усіх словаў добрых, якія прамаўляў да вас ГОСПАД, Бог ваш, ніводнае не было пустое, але ўсё споўнілася.
 
Вось, сёння я ўзыходжу на дарогу ўсяе зямлі; і вы пераканаецеся ўсёю душою, што з усіх слоў добрых, якімі прамаўляў да вас Госпад, Бог ваш, ніводнае не было пустое.

Але як спраўдзілася перад вамі ўсякае добрае слова, якое прамаўляў да вас ГОСПАД, Бог ваш, так навядзе ГОСПАД на вас усе тыя ліхія словы, пакуль ня вынішчыць вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам ГОСПАД, Бог ваш.
 
Але паколькі Ён на справе выканаў тое, што абяцаў, і ўсё паспяхова ажыццявілася, то Ён навядзе на вас усё ліхое, чым пагарджаў, пакуль не вынішчыць вас з гэтай найлепшай зямлі, якую даў вам.

Калі вы парушыце запавет ГОСПАДА, Бога вашага, які Ён загадаў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багам іншым, і пакланяцца ім, тады запалае супраць вас гнеў ГОСПАДА і хутка вы загінеце на гэтай добрай зямлі, якую Ён вам даў».
 
Калі вы парушыце запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і станеце служыць багам іншым і пакланяцца ім, дык падымецца на вас гнеў Госпада і хутка вы прападзеце з гэтай зямлі найлепшай, якую Ён вам даў».