Ісуса сына Нава 11 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сталася, што Явін, валадар Хацору, пачуў пра гэта, і змовіўся з Ёвавам, валадаром Мадону, і з валадаром Шымрону, і з валадаром Ахшафу,
 
Калі Явін, цар Асора, пачуў пра гэта, ён паслаў да Ёбаба, цара Мадона, і да цара Сэмрона, і да цара Ахсафа,

і з валадарамі поўначы, якія жылі ў гарах і ў Арабе з паўднёвага боку Кінэрэту, і ў Шэфэлі, і на ўзвышшах Дору каля мора,
 
да цароў поўначы, якія пражывалі ў гарах і ў Арабе з паўднёвага боку Кінэрэта, а таксама ў Сэфэле і на землях Дора каля мора,

з Хананейцамі на ўсходзе і на захадзе, з Амарэйцамі, Хетамі, Пэрэзэямі, Евусэямі, з Хівеямі, якія [жывуць] каля падножжа Гермону ў зямлі Міцпа.
 
да хананеяў на ўсходзе і захадзе, і да амарэяў, і да хетэяў, феразеяў і евусеяў у гарах, а таксама да гівеяў, якія пражывалі ля падножжа Гэрмона ў зямлі Міцпа.

Выйшлі яны ўсе з дружынамі сваімі, народ шматлікі, быццам пясок на беразе мора, і коньнікі, і калясьніцы ў вялікай лічбе.
 
І выйшлі яны ўсе са сваімі дружынамі, народ вельмі вялікі, быццам пясок на беразе мора, а таксама коні і калясніцы ў вялікай колькасці;

І сабраліся ўсе гэтыя валадары, і разлажыліся табарам у адным месцы каля водаў Мэрому, каб ваяваць супраць Ізраіля.
 
і сабраліся ўсе гэтыя цары, і сталі адным лагерам ля водаў Мэромы, каб ваяваць супраць Ізраэля.

І сказаў да Егошуа ГОСПАД: «Ня бойся іх, бо заўтра ў гэты самы час Я пакладу іх забітымі перад абліччам Ізраіля. Коні іхнія ты акульгавіш, а калясьніцы іхнія спаліш агнём».
 
І сказаў да Ешуа Госпад: «Не бойся іх! Бо заўтра ў гэтую самую гадзіну Я пакладу ўсіх іх забітымі перад Ізраэлем: коней іх ты акульгавіш, а калясніцы іх спаліш агнём».

І Егошуа і ўсё войска ягонае з ім прыйшлі раптоўна да водаў Мэрому, і напалі на іх.
 
І Ешуа і ўсё яго войска з ім пайшлі раптоўна супраць іх да водаў Мэромы, і напалі на іх.

І аддаў іх ГОСПАД у рукі Ізраіля, і ён разьбіў іх, і гнаўся за імі аж да Вялікага Сідону і Місрэфот-Маіму і аж да даліны Міцпа на ўсходзе, і забівалі іх, і не пакінулі ў іх рэшткаў.
 
І аддаў іх Госпад у рукі Ізраэля; ён разбіў іх і гнаўся за імі аж да вялікага Сідона і Мацэрэфота на захадзе і аж да даліны Міцпы на ўсходзе. Так забіваў усіх, што не застаўся ніводзін з іх;

І зрабіў Егошуа так, як яму сказаў ГОСПАД: коні іхнія акульгавіў, а калясьніцы іхнія спаліў агнём.
 
зрабіў Ешуа так, як яму загадаў Госпад: коней іх акульгавіў і калясніцы спаліў.

У той час Егошуа вярнуўся і здабыў Хацор, і валадара ягонага забіў мячом, а Хацор перад гэтым быў сталіцай усіх валадарстваў гэтых.
 
А ў той час Ешуа вярнуўся і заняў Асор і цара яго забіў мечам, а Асор спакон веку быў сталіцай усіх гэтых царстваў.

І выбіў ён усякую душу, што там была, вострывам мяча, і аддаў закляцьцю, і не пакінуў анікога, а Хацор спаліў анём.
 
І забіў ён усё жывое, што там было, і не пакінуў у ім анікога, але ўсё спустошыў аж да вынішчэння і сам горад спаліў пажарам.

І ўсе гарады, і валадароў іхніх Егошуа забіў вострывам мяча, і аддаў закляцьцю, як загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА.
 
І ўсё навокал, гарады і іх цароў, схапіў, ударыў, і знішчыў, і спустошыў, як загадаў Майсей, паслугач Госпадаў.

Толькі ўсе гарады, што стаяць на ўзгорышчы, не паліў Ізраіль, акрамя Хацору, які спаліў Егошуа.
 
Толькі гарады, што стаялі на ўзгорках, не спаліў Ізраэль; адзін толькі Асор спаліў Ешуа полымем.

І ўсю здабычу з гэтых гарадоў і жывёлу падзялілі сыны Ізраіля паміж сабою. Толькі людзей усіх выбілі вострывам мяча аж да вынішчэньня іх, не пакідаючы нікога, хто дыхае.
 
І ўсю здабычу з гэтых гарадоў і жывёлу падзялілі ізраэльцы паміж сабою, людзей усіх забіўшы; не пакінулі яны жывым нікога.

Як загадаў ГОСПАД Майсею, слузе Свайму, так загадаў Майсей Егошуа, і Егошуа ўсё выканаў; не прапусьціў аніводнага слова з таго, што загадаў ГОСПАД Майсею.
 
Так загадаў Госпад Майсею, слузе Свайму, так пераказаў Майсей Ешуа, а ён усё выканаў; не прапусціў з усіх загадаў ніводнага слова, якое загадаў Госпад Майсею.

І Егошуа завалодаў усёю зямлёю гэтаю: гарамі, і ўсім Нэгевам, і ўсёю зямлёю Гашэн, і Шэфэлёй, і Арабай, і гарамі Ізраіля, і раўнінамі іхнімі,
 
Такім чынам, Ешуа завалодаў усёю гэтаю зямлёю: гарамі, і Нагэбам, і зямлёю Госэн, Сэфэлай, і Арабай, і гарою Ізраэльскай, і яе раўнінамі,

ад гары Халак, якая падымаецца да Сэіру, аж да Баал-Гаду ў даліне Лібану, каля падножжа гары Гермон. А ўсіх валадароў іхніх перамог і забіў іх.
 
ад гары Кальв, якая падымаецца да Сэіра, аж да Баалгада ў даліне Лібана, ля падножжа гары Гэрмон; усіх цароў іх захапіў, ударыў і забіў.

Шмат дзён Егошуа ваяваў супраць валадароў гэтых.
 
Доўгі час Ешуа ваяваў супраць цароў гэтых.

Ніводзін горад не заключыў міру з сынамі Ізраіля, апрача Хівеяў, жыхароў Гібэону. Усе [гарады] былі ваяваньнем здабытыя.
 
Ніводзін горад не заключыў запавету з сынамі Ізраэля, апрача гівеяў, якія пражывалі ў Габаоне: усе ён здабыў вайною.

Бо ад ГОСПАДА было, каб зрабіць цьвёрдымі сэрцы іхнія, каб яны ваявалі супраць Ізраіля і каб аддаць іх закляцьцю, і не было для іх міласэрнасьці, але каб вынішчыць іх, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 
Бо быў намер Госпада, каб рабіліся ўпартымі іх сэрцы, і каб ваявалі супраць Ізраэля, і каб загінулі, і каб не заслужылі ніякай міласэрнасці, і каб загінулі так, як загадаў Госпад Майсею.

У той час Егошуа прыйшоў і выбіў сыноў Анака ў гарах, у Хеўроне, і ў Дэбіры, і ў Анаве, і ў-ва ўсіх гарах Юды, і ў-ва ўсіх гарах Ізраілю, і Егошуа аддаў закляцьцю іх і ўсе гарады іхнія.
 
У той час Ешуа прыйшоў і забіў сыноў Анака ў гарах, у Геброне і ў Дабіры, і ў Анабе, і ва ўсіх гарах юдэйскіх і ізраэльскіх, і спустошыў гарады.

Не засталося [сыноў] Анака ў зямлі сыноў Ізраіля, толькі ў гарадах Газа, Гат і Ашдод яны засталіся.
 
Не пакінуў ён ніводнага чалавека з роду Анака ў зямлі сыноў Ізраэля, за выключэннем гарадоў Газа, і Гет, і Азот, — толькі ў іх яны засталіся.

І захапіў Егошуа ўсю зямлю, як прамовіў ГОСПАД да Майсея, і аддаў яе ў спадчыну сынам Ізраіля, падзяліўшы для каленаў іхніх. І зямля супакоілася ад войнаў.
 
Дык захапіў Ешуа ўсю зямлю, як прадказаў Госпад Майсею, і аддаў яе ва ўласнасць сынам Ізраэля, адпаведна з часткамі і пакаленнямі яго; і зямля супакоілася ад войнаў.