Ісуса сына Нава 18 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сабралася ўся грамада сыноў Ізраіля ў Шыло, і там паставілі Намёт Спатканьня, а ўжо ўся зямля была імі здабытая.
 
І ўсе сыны Ізраэля сабраліся ў Сіло, і там паставілі палатку сустрэчы, і ўся зямля пакарылася імі.

І засталіся яшчэ з сыноў Ізраіля сем каленаў, якія не атрымалі спадчыны сваёй.
 
А засталіся з сыноў Ізраэля сем пакаленняў, якія не атрымалі сваіх уладанняў.

І сказаў Егошуа сынам Ізраіля: «Як доўга вы будзеце марудзіць у тым, каб пайсьці і ўзяць на ўласнасьць зямлю, якую ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, даў вам?
 
Сказаў Ешуа тым пакаленням: «Як доўга вы будзеце марудзіць і не ўступаць ва ўладанне зямлёю, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, даў вам?

Выбярыце з кожнага калена па тры чалавекі, і я пашлю іх, і яны ўстануць, і абыйдуць зямлю, і апішуць яе, як разьдзяліць яе ў спадчыну, і прыйдуць да мяне.
 
Выберыце з кожнага пакалення па тры чалавекі, каб я паслаў іх і каб яны падняліся, і абышлі зямлю, і раздзялілі яе паводле колькасці кожнага народа, і каб паведамілі мне пра тое, як раздзялілі.

Разьдзяліце між сабой зямлю на сем частак; Юда няхай застаецца ў межах сваіх на поўдні, а дом Язэпа застанецца ў межах сваіх на поўначы.
 
Раздзяліце між сабой зямлю на сем частак: Юда хай застаецца ў сваіх межах на паўднёвым баку, і дом Язэпа — на поўначы.

А вы падзяліце зямлю на сем частак і прынясіце [апісаньне] сюды да мяне, і я перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, кіну дзеля вас жэрабя.
 
Астатнюю зямлю падзяліце на сем частак; і прынясіце апісанне

Лявіты ня маюць часткі між вамі, бо сьвятарства ГОСПАДА [будзе] спадчынай іхняй. А Гад, Рубэн і палова калена Манасы атрымалі спадчыну сваю на ўсходнім баку Ярдану, якую даў ім Майсей, слуга ГОСПАДА».
 
бо левіты не атрымаюць часткі між вамі, але святарства Госпадава будзе іх спадчынай. А Гад, і Рубэн, і палова пакалення Манасы атрымалі ўжо свае ўладанні на ўсходнім баку за Ярданам, якія даў ім Майсей, паслугач Госпада».

І ўсталі мужчыны, і пайшлі. І загадаў Егошуа тым, якія пайшлі апісваць зямлю, кажучы: «Абыйдзіце зямлю і апішыце яе, і вярніцеся да мяне, каб тут, у Шыло перад абліччам ГОСПАДА я кінуў дзеля вас жэрабя».
 
І калі сабраліся мужчыны, каб ісці дзяліць зямлю, загадаў ім Ешуа, кажучы: «Абыдзіце зямлю і падзяліце яе, і вярніцеся да мяне, каб тут, у Сіло, у прысутнасці Госпада кінуў я дзеля вас жэрабя».

І пайшлі мужчыны, і агледзелі зямлю, і апісалі яе і гарады ейныя ў кнізе, дзелячы на сем частак. І вярнуліся да Егошуа ў табар у Шыло.
 
Дык выбраліся яны і, агледзеўшы зямлю па гарадах, раздзялілі яе на сем частак, занатоўваючы гэта ў кнізе; і вярнуліся да Ешуа ў лагер у Сіло.

І Егошуа кінуў жэрабя перад абліччам ГОСПАДА ў Шыло, і падзяліў там Егошуа зямлю паміж сынамі Ізраіля паводле частак іхніх.
 
Ешуа кінуў ім жэрабя перад Госпадам у Сіло, і падзяліў там зямлю між сынамі Ізраэля па іх частках.

І выпала першае жэрабя на калена сыноў Бэн’яміна паводле сем’яў іхніх. І былі межы часткі іхняй між сынамі Юды і сынамі Язэпа.
 
І выпала першае жэрабя на сыноў Бэньяміна па родах іх, каб яны валодалі зямлёю між сынамі Юды і сынамі Язэпа.

Мяжа іхняя на поўначы пачыналася ад Ярдану, і ўзьнімалася на паўночны бок Ерыхону, і ішла праз горы на захад, і спынялася ў пустыні Бэт-Авэн.
 
І мяжа іх на поўнач пачыналася ад Ярдана, падымаючыся на паўночны бок Ерыхона, і потым ішла праз горы на захад і дасягала пустыні Бэт-Авэн;

Адтуль цягнулася мяжа да Люзу, на поўдзень ад горнага перавалу Люзу або Бэтэлю, і зыходзіла мяжа да Атарот-Адару праз гару, якая на поўдні ад ніжняга Бэт-Харону.
 
і, праходзячы да Луза, на поўдзень — гэта Бэтэль, — сыходзіла ў Атарот-Адар на гару, што на поўдні ад ніжняга Бэтарона,

І паварочвала мяжа на захад, і [зыходзіла] на поўдзень ад гары, якая на поўдні перад Бэт-Харонам, і спынялася пры Кірыят-Баале, гэта Кірыят-Ярым, горад сыноў Юды. Гэта бок заходні.
 
і адхілялася, паварочваючы да мора на поўдзень ад гары, якая на поўдні глядзіць на Бэтарон; і ў яе былі выхады на Карыят-Баал, што завецца таксама Карыят-Ярым, горад сыноў Юды: гэта заходні бок.

Паўднёвы бок [пачынаўся] ад скраю Кірыят-Ярыму, і мяжа ішла на захад, і даходзіла да крыніцы Мэ-Нэфтааху.
 
А на паўднёвым баку з боку Карыят-Ярыма мяжа ідзе ў Гасім і даходзіць аж да крыніцы водаў Нэфтоа,

І зыходзіла мяжа да скраю гары, якая насупраць лагчыны Бэн-Гінном, што на поўначы даліны Рэфаімаў, і зыходзіла ў лагчыну Гінном праз схіл [гары] Евусэяў на поўдзень, і даходзіла да Эн-Рагелю,
 
і даходзіць да краю гары, што глядзіць на лагчыну Бэн-Гэном, якая знаходзіцца на поўначы ў крайняй частцы лагчыны Рэфаім, і сыходзіць у лагчыну Гэном ля схілу гары евусеяў на поўдзень, і даходзіць да крыніцы Рагель,

і паварочвала на поўнач, і даходзіла да Эн-Шэмэшу, і ішла да Гэлілоту, які насупраць Маале-Адумім, і цягнулася да Эвэн-Баган-Бэн-Рэўбэн.
 
паварочваючы на поўнач і даходзячы да Эн-Самэсаa. І ідзе аж да Галіотаb, што насупраць узвышша Адамім і цягнецца да Абэнбаэнаc, сыноў Рубэна,

І праходзіла мяжа да схілу насупраць Арабы з паўночнага боку, і зыходзіла да Арабы.
 
і праходзіць з паўночнага боку Бэт-Арабы і сыходзіць у Арабу.

І праходзіла мяжа на поўнач каля схілу Бэт-Хоглі, і спынялася каля паўночнай затокі Мора Салёнага, на паўднёвым канцы Ярдану. Гэта мяжа паўднёвая.
 
І праходзіць мяжа на поўнач каля Бэтаглі; і ёсць у яе выхады ля вусця мора Салёнага ад поўначы ў канцы Ярдана. Гэта паўднёвы бок.

А Ярдан быў мяжой з усходняга боку. Гэта спадчына сыноў Бэн’яміна і межы ягоныя навокал паводле сем’яў іхніх.
 
А Ярдан — мяжа ад усходу. Гэта — уладанне сыноў Бэньяміна па яго межах навокал па родах іх.

Гарады сыноў Бэн’яміна паводле сем’яў іхніх былі: Ерыхон, Бэт-Хогла, Эмэк-Кецыц,
 
І былі гарады яго: Ерыхон, і Бэтагла, і Амэк-Касіс,

Бэт-Араба, Цэмараім, Бэтэль,
 
і Бэт-Араба, і Сэмараім, і Бэтэль,

Авім, Пара, Офра,
 
і Авім, і Фара, і Офра,

Кефар-Амоні, Офні і Геба — дванаццаць гарадоў і вёскі іхнія.
 
і Кафарэмон, і Офні, і Габа; дванаццаць гарадоў з навакольнымі вёскамі.

Гібэон, Рама, Бэерот,
 
Габаон, і Рама, і Бэрот,

Міцпа, Кефіра, Моца,
 
і Міцпа, і Кафіра, і Моца,

Рэкем, Ірпээль, Тараля,
 
і Рэкэм, і Ярафел, і Тарала,

Цэля, Элеф, Евус, іначай Ерусалім, Гібэат, Кірыят — чатырнаццаць гарадоў і вёскі іхнія. Гэта спадчына сыноў Бэн’яміна паводле сем’яў іхніх.
 
і Сэла, Элеф, і Евус, інакш Ерузалім, Габа і Карыят: чатырнаццаць гарадоў з іх вёскамі. Гэта ўладанне сыноў Бэньяміна па родах іх.