Ісуса сына Нава 21 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І прыйшлі галовы бацькоў лявітаў да Элеазара сьвятара і да Егошуа, сына Нуна, і да галоваў бацькоў пакаленьняў сыноў Ізраіля
 
І прыйшлі кіраўнікі родаў Левіевых да Элеязэра святара, і да Ешуа, сына Нуна, і да кіраўнікоў родаў кожнага з пакаленняў сыноў Ізраэля, і паведамілі ім

ў Шыло ў зямлі Ханаан, і прамовілі да іх, кажучы: «Праз Майсея ГОСПАД загадаў, каб далі нам гарады на пражываньне і пашы для быдла нашага».
 
у Сіло зямлі Ханаан, і сказалі: «Праз Майсея Госпад загадаў, каб дадзены былі нам гарады на пражыванне і наваколлі іх для выпасу жывёлы».

І сыны Ізраіля далі лявітам са спадчыны сваёй паводле загаду ГОСПАДА гарады і пашы іхнія.
 
І сыны Ізраэля далі левітам са сваёй уласнасці, па загадзе Госпада, гарады тыя з іх наваколлямі.

І выпала жэрабя для сем’яў Кегата, і атрымалі сыны Аарона сьвятара, лявіты, ад пакаленьняў Юды, Сымона і Бэн’яміна трынаццаць гарадоў.
 
І выпала жэрабя для родаў Кагата: і атрымалі сыны Аарона святара, ад пакалення Юды, і Сімяона, і Бэньяміна трынаццаць гарадоў.

Астатнія сыны Кегата атрымалі ад пакаленьняў Эфраіма, Дана і паловы пакаленьня Манасы дзесяць гарадоў.
 
І астатнія сыны Кагата атрымалі ад пакаленняў Эфраіма, і Дана, і паловы пакалення Манасы дзесяць гарадоў.

Сынам Гершона жэрабям выпала атрымаць трынаццаць гарадоў ад пакаленьняў Ісахара, Асэра і Нэфталі і паловы пакаленьня Манасы ў Башане.
 
Далей сынам Гэрсона выпала жэрабем, каб атрымаць трынаццаць гарадоў ад пакаленняў Ісахара, і Асэра, і Нэфталі, і паловы пакалення Манасы ў Басане.

Сынам Мэрары паводле сем’яў іхніх жэрабям выпала дванаццаць гарадоў ад пакаленьняў Рубэна, Гада і Завулёна.
 
І сынам Мэрары па родах іх жэрабем выпала дванаццаць гарадоў ад пакаленняў Рубэна, і Гада, і Забулона.

Сыны Ізраіля далі лявітам, кідаючы жэрабя, гарады гэтыя і пашы іхнія, як загадаў ГОСПАД праз Майсея.
 
І сыны Ізраэля аддалі левітам гэтыя гарады разам з іх наваколлямі, як загадаў Госпад праз Майсея, даючы кожнаму па жэрабі.

З пакаленьня сыноў Юды і з пакаленьня сыноў Сымона далі гарады, якія названыя паіменна.
 
Ад пакаленняў сыноў Юды і Сімяона

Сынам Аарона з роду Кегата, сына Левія, бо на іх выпала першае жэрабя,
 
сынам Аарона з роду Кагата, левіцкага паходжання, — бо на іх выпала першае жэрабя, — аддалі гарады, назвы якіх наступныя:

далі Кірыят-Арбу бацькі Анака, значыць Хеўрон, на гары Юды, з навакольнымі палямі.
 
Карыят-Арбаa, бацькі Анака, які інакш называецца Геброн, на гары Юды, разам з наваколлямі яго.

А палі гораду і вёскі ягоныя аддалі на ўласнасьць Халеву, сыну Ефунны.
 
Палі, аднак, і вёскі яго аддалі ва ўласнасць Калебу, сыну Ефоны.

Сынам Аарона сьвятара далі горад прыбежышча для забойцаў Хеўрон і пашы ягоныя, Лібну і пашы ейныя,
 
Такім чынам, сынам святара Аарона ў Геброне далі горад для ўцёкаў і наваколлі яго, і Лебну разам з яе наваколлямі,

Яттыр і пашы ягоныя, Эштэмоа і пашы ягоныя,
 
і Ятэр, і Эстэмо,

Халон і пашы ягоныя, Дэбір і пашы ягоныя,
 
і Хелон, і Дабір,

Аін, Юту і Бэт-Шэмэш і пашы іхнія — дзевяць гарадоў ад двух пакаленьняў гэтых.
 
і Аін, і Юту, і Бэтсамэс з іх наваколлямі: дзевяць гарадоў ад двух гэтых пакаленняў.

Ад пакаленьня Бэн’яміна [далі] Гібэон і пашы ягоныя, Геву і пашы ейныя,
 
А ад пакалення Бэньяміна Габаон, і Габу,

Анатот і пашы ягоныя, Альмон і пашы ягоныя — чатыры гарады.
 
і Анатот, і Алмат з іх наваколлямі: чатыры гарады.

Усіх гарадоў для сыноў Аарона сьвятара — трынаццаць гарадоў і пашы іхнія.
 
Усіх разам гарадоў для сыноў Аарона святара трынаццаць разам з іх наваколлямі.

Для сем’яў сыноў Кегата, лявітаў, астатніх сыноў Кегата, выпала жэрабя на гарады ад пакаленьня Эфраіма.
 
А астатнім з родаў сыноў Кагата, левітам, была дадзена наступная ўласнасць:

З пакаленьня Эфраіма далі горад прыбежышча для забойцаў Сыхем і пашы ягоныя на гары Эфраіма, Гезэр і пашы ягоныя,
 
ад пакалення Эфраіма — горад для ўцёкаў Сіхэм з наваколлямі яго на гары Эфраім, і Газэр,

Кібцаім і пашы ягоныя, Бэт-Харон і пашы ягоныя — чатыры гарады.
 
і Кібцаім, і Бэтарон з іх наваколлямі: чатыры гарады.

Ад пакаленьня Дана [далі] Эльтэке і пашы ягоныя, Гібэон і пашы ягоныя,
 
Таксама ад пакалення Дана — Эльтэк, і Габэтон,

Аялон і пашы ягоныя, Гат-Рымон і пашы ягоныя — чатыры гарады.
 
і Аялон, і Гет-Рэмон з іх наваколлямі: чатыры гарады.

Ад паловы пакаленьня Манасы [далі] Таанах і пашы ягоныя, Гіт-Рымон і пашы ягоныя — два гарады.
 
А ад паловы пакалення Манасы — Танах і Гет-Рэмон з іх наваколлямі: два гарады.

Усіх гарадоў з пашамі іхнімі было дадзена дзесяць астатнім сынам Кегата.
 
Усіх гарадоў з іх наваколлямі дадзена было дзесяць астатнім сынам Кагата.

Для сыноў Гершона з сем’яў Левія [далі] ад паловы пакаленьня Манасы горад прыбежышча для забойцаў Галян у Башане і пашы ягоныя, Аштарот і пашы ягоныя — два гарады.
 
Таксама сынам Гэрсона з роду Леві далі ад паловы пакалення Манасы горад для ўцёкаў Галан у Басане і Атарот з наваколлямі іх: два гарады.

Ад пакаленьня Ісахара [далі] Кішыён і пашы ягоныя, Дабэрат і пашы ягоныя,
 
Далей ад пакалення Ісахара — Кэслон, Дабэрэт,

Ярмут і пашы ягоныя, Эн-Ганім і пашы ягоныя — чатыры гарады.
 
і Ярмут, і Эн-Ганім з наваколлямі іх: чатыры гарады.

Ад пакаленьня Асэра [далі] Мішэаль і пашы ягоныя, Абдон і пашы ягоныя,
 
А ад пакалення Асэра — Масал, і Абдон,

Хэлькат і пашы ягоныя, Рэхоў і пашы ягоныя — чатыры гарады.
 
і Хэлькат, і Рагоб з наваколлямі іх: чатыры гарады.

Ад пакаленьня Нэфталі [далі] горад прыбежышча для забойцаў Кадэш у Галілеі і пашы ягоныя, Хамот-Дор і пашы ягоныя, Картан і пашы ягоныя — тры гарады.
 
Таксама ад пакалення Нэфталі — горад для ўцёкаў Кадэс у Галілеі, і Аматдор, і Картан з наваколлямі іх: тры гарады.

Усіх гарадоў [сыноў] Гершона паводле сем’яў іхніх — трынаццаць гарадоў і пашы іхнія.
 
Усіх гарадоў родаў Гэрсона — трынаццаць разам з іх наваколлямі.

Для сем’яў сыноў Мэрары, рэшце лявітаў, [далі] ад пакаленьня Завулёна Ёкнэам і пашы ягоныя, Карту і пашы ягоныя,
 
А сынам Мэрары, астатнім левітам, далі па родах іх ад пакалення Забулона: Екнаам, і Карту,

Дымну і пашы ягоныя, Нагалал і пашы ягоныя — чатыры гарады.
 
і Рэмон, і Наалол з іх наваколлямі: чатыры гарады.

Ад пакаленьня Рубэна [далі] Бэцэр і пашы ягоныя, Ягцу і пашы ейныя,
 
Ад пакалення Рубэна за Ярданам насупраць Ерыхона горад для ўцёкаў Басор у пустыні, і Ясу,

Кедэмот і пашы ягоныя, Мэфаат і пашы ягоныя — чатыры гарады.
 
і Кадэмот, і Мэфаат: чатыры гарады з іх наваколлямі.

Ад пакаленьня Гада [далі] горад прыбежышча для забойцаў Рамот у Гілеадзе і пашы ягоныя, Маханаім і пашы ягоныя,
 
І ад пакалення Гада — горад для ўцёкаў Рамот у Галаадзе, і Маханаім,

Хешбон і пашы ягоныя, Язэр і пашы ягоныя — чатыры гарады.
 
і Хесебон, і Язэр: чатыры гарады з іх наваколлямі.

Усіх гарадоў сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх, рэшты сем’яў лявітаў, — дванаццаць гарадоў.
 
Усіх гарадоў сыноў Мэрары астатніх па родах ад родаў левітаў — дванаццаць.

Усіх гарадоў лявітаў паміж сыноў Ізраіля было сорак восем, і пашы іхнія.
 
Дык усіх гарадоў сыноў Леві паміж уладання сыноў Ізраэля было сорак восем разам з іх наваколлямі,

І быў кожны горад з пашамі сваімі вакол гораду.
 
кожны горад са сваімі наваколлямі кругом.

Так даў ГОСПАД Ізраілю ўсю зямлю, якую запрысяг даць бацькам іхнім, і яны атрымалі яе на ўласнасьць і абжыліся на ёй.
 
І даў Госпад Ізраэлю ўсю зямлю, якую прысягнуў даць бацькам іх, і яны атрымалі яе ва ўладанне і абжыліся на ёй.

І даў ім ГОСПАД супакой з усіх бакоў, як запрысяг бацькам іхнім, і ніхто з ворагаў іхніх ня мог устаяць супраць іх, і ўсіх ворагаў аддаў ГОСПАД у руку іхнюю.
 
І даў ім Госпад супакой з усіх бакоў, і ніхто з ворагаў не адважыўся ваяваць з імі, але ўсіх ворагаў Госпад падпарадкаваў Ізраэлю.

І ніводнае слова добрае, якое прамовіў ГОСПАД дому Ізраіля, не было пустым, але ўсё споўнілася.
 
І ні адно слова добрае, якое сказаў Ён дому Ізраэля, не было пустым, але ўсё споўнілася.