Ісуса сына Нава 9 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І пачулі пра гэта ўсе валадары, што жылі за Ярданам, якія жылі на гарах, і ў даліне, і на беразе Мора Вялікага аж да Лібану, Хеты і Амарэйцы, Хананейцы, Пэрэзэі, Хівеі і Евусэі,
 
Пачуўшы пра гэта, усе цары, што жылі за Ярданам, у гарах, і ў Сэфэле, і на ўсім беразе Вялікага мора, таксама тыя, хто жыў аж да Лібана, — хетэі і амарэі, хананеі, феразеі, гівеі і евусеі, —

і злучыліся разам, каб супольна ваяваць супраць Егошуа і Ізраіля.
 
сабраліся разам, каб супольна ваяваць супраць Ешуа і Ізраэля, адзінадушна і з агульным для ўсіх жаданнем.

А жыхары Гібэону, чуючы ўсё, што зрабіў Егошуа з Ерыхонам і Гаем,
 
Аднак тыя, што жылі ў Габаоне, чуючы ўсё, што зрабіў Ешуа з Ерыхонам і Гаем,

абдумалі хітрасьць, і пайшлі, і ўзялі з сабою ў дарогу харчы, і ўсклалі старыя мяхі на аслоў і пустыя мяхі на віно, падзёртыя і палатаныя,
 
і абдумаўшы хітрасць, узялі з сабою харчы, усклаўшы старыя мяхі на аслоў і старыя бурдзюкі для віна, падзёртыя і палатаныя,

і на нагах мелі падзёрты абутак, і апрануліся ў старое адзеньне, і ўвесь іхні хлеб падарожны быў сухі і паламаны.
 
і на нагах мелі падзёрты абутак, які быў сшыты абрэзкамі дзеля таго, каб паказаць яго старасць, і апрануліся ў старое адзенне; таксама хлеб падарожны быў сухі ды паламаны на кавалкі.

І прышлі яны да Егошуа ў табар у Гільгале, і сказалі яму і ўсім мужам Ізраілю: «Прыйшлі мы з далёкай зямлі, і цяпер заключыце запавет з намі».
 
І прыбылі яны да Ешуа, які ў той час пражываў у лагеры ў Галгале, і сказалі яму і таксама ўсяму Ізраэлю: «Прыбылі мы з далёкай зямлі, жадаючы заключыць запавет з вамі». І ў адказ сказалі Ізраэльцы гівеям:

І сказалі Ізраільцяне Хівеям: «А можа вы блізка каля нас жывецё, і мы ня можам заключаць запавет з вамі?»
 
«А можа, вы сярод нас жывеце і мы не можам заключаць запавет з вамі?»

А яны сказалі Егошуа: «Слугі мы твае». І Егошуа сказаў ім: «Хто вы і адкуль прыйшлі?»
 
Яны ж сказалі Ешуа: «Паслугачы мы твае». Ешуа кажа ім: «Хто вы і адкуль прыбылі?»

Яны сказалі яму: «З далёкай вельмі зямлі прыйшлі слугі твае ў імя ГОСПАДА, Бога твайго. Бо мы чулі пра славу магутнасьці Ягонай, пра ўсё, што ўчыніў Ён у Эгіпце,
 
Яны адказалі: «З вельмі далёкай зямлі прыбылі паслугачы твае ў імя Госпада, Бога твайго; бо чулі мы пра славу магутнасці Яго, пра ўсё, што ўчыніў Ён у Егіпце

і што зрабіў двум валадарам Амарэйскім за Ярданам, Сыгону, валадару Хешбону, і Огу, валадару Башану, які быў у Аштароце.
 
і што зрабіў двум царам амарэйскім за Ярданам, Сэгону, цару Хесебона, і Огу, цару Басана, які быў у Астароце.

І сказалі нам старшыні і ўсе жыхары зямлі нашай: “Вазьміце харчы ў дарогу і скажыце ім пры сустрэчы: "Слугі мы вашыя, заключыце з намі запавет"”.
 
І сказалі нам старэйшыны і ўсе жыхары нашай зямлі: “Вазьміце ў рукі харчы ў дарогу, і ідзіце насустрач ім, і скажыце: “Паслугачы мы вашыя; заключыце з намі запавет”.

Вось хлеб наш. Калі мы выходзілі з дамоў нашых, каб ісьці да вас, узялі мы яго цёплым; цяпер жа зрабіўся ён сухі і паламаны.
 
Вось хлеб: калі мы выходзілі з дамоў нашых, каб дабрацца да вас, узялі мы яго цёплым; цяпер жа зрабіўся ён сухі і пакрыты цвіллю,

Мяхі новыя мы налілі віном, а цяпер яны парваліся; адзеньне, у якое апранутыя, і сандалы, якія маем на нагах, дзеля далёкай дарогі падзёрліся, ледзь трымаюцца».
 
бурдзюкі новыя мы налілі віном, а цяпер яны парваліся і паабмяклі; адзенне, у якое апрануліся, і абутак, які маем на нагах, дзеля працягласці даволі далёкай дарогі падзёрліся і ледзь трымаюцца».

Ізраільцяне пакаштавалі хлеб іхні, але што скажа ГОСПАД, не спыталіся.
 
Дык ізраэльцы пакаштавалі ежы іх і, што скажа Госпад, не запыталіся.

І заключыў Егошуа мір з імі, і заключыў з імі запавет, і абяцаў ім жыцьцё, а князі грамады пацьвердзілі гэта ім прысягаю.
 
І заключыў Ешуа мір з імі, і, увайшоўшы ў запавет, прырок ім жыццё; таксама кіраўнікі супольнасці пацвердзілі гэта ім прысягаю.

Праз тры дні пасьля заключэньня запавету [Ізраільцяне] пачулі, што яны жывуць у суседзтве і блізка іх.
 
А па трох днях па заключэнні запавету ізраэльцы пачулі, што яны жывуць у суседстве і сярод іх.

І сыны Ізраіля вырушылі, і ў трэці дзень прыйшлі ў гарады іхнія, а гарады іхнія Гібэон, Кефіра, Бэерот і Кірыят-Ярым.
 
І сыны Ізраэля паднялі лагер і ў трэці дзень прыбылі ў іх гарады, якія называюцца Габаон, і Кафіра, і Бэрот, і Карыят-Ярым;

І сыны Ізраіля не пазабівалі іх, бо запрысягнулі ім князі грамады ў імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля. І наракала ўся грамада на князёў.
 
і сыны Ізраэля не пазабівалі іх, бо далі ім прысягу кіраўнікі супольнасці ў імя Госпада, Бога Ізраэля. Таму наракала ўся супольнасць супраць кіраўнікоў,

І сказалі ўсе князі да ўсёй грамады: «Мы прысягалі ім у імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і дзеля гэтага ня можам іх чапаць.
 
якія ім адказалі: «Прысягнулі мы ім у імя Госпада, Бога Ізраэля, і дзеля таго не можам іх чапаць.

Але зробім з імі так: захаваем іх пры жыцьці, каб не сьцягнуць гневу ГОСПАДА супраць сябе дзеля прысягі, якой мы запрысягліся».
 
Але зробім з імі так: захаваем іх, каб жылі, каб не ўзгарэўся супраць нас гнеў Госпада з-за таго, што мы парушылі прысягу;

І сказалі ім князі: «Няхай яны жывуць, але няхай сякуць дровы і носяць ваду для ўсёй грамады». Так прамовілі ім князі.
 
але няхай яны жывуць так, каб секчы дровы і насіць ваду». Калі яны сказалі гэта,

І паклікаў Егошуа [жыхароў Гібэону], і сказаў ім: «Чаму вы захацелі нас ашукаць падступна, кажучы: "Мы ад вас вельмі далёка жывём", калі вы блізка нас жывіцё?
 
Ешуа паклікаў жыхароў Габаона і сказаў ім: «Чаму захацелі вы нас ашукаць падступна, кажучы: “Мы ад вас вельмі далёка жывём”, калі сярод нас жывеце?

І цяпер вы будзеце пад праклёнам і ніхто з вашага роду не перастане секчы дровы і насіць ваду ў Дом Бога майго».
 
Таму будзеце вы пад праклёнам, і ніхто з вашага роду не перастане быць паслугачом, секчы дровы і насіць ваду ў дом Бога майго».

І яны адказалі Егошуа, і сказалі: «Мы, слугі твае, даведаліся, што ГОСПАД, Бог твой, загадаў слузе Свайму, Майсею, што аддасьць вам усю зямлю гэтую і зьнішчыць усіх жыхароў зямлі гэтай перад абліччам вашым. І мы дужа баяліся за жыцьцё нашае перад абліччам вашым, і вырашылі так зрабіць.
 
Яны адказалі: «Мы, паслугачы твае, даведаліся, што Госпад, Бог твой, загадаў слузе Свайму, Майсею, што аддасць вам усю зямлю і знішчыць усіх яе жыхароў; таму мы дужа баяліся дзеля жыцця нашага, напалоханыя страхам перад вамі, і таму так вырашылі зрабіць.

І цяпер мы ў руках тваіх.Што добра і справядліва ў вачах тваіх, рабі з намі».
 
Цяпер жа мы ў руках тваіх: што табе здаецца добрым і справядлівым, рабі з намі».

І [Егошуа] так зрабіў з імі, і вызваліў іх ад рукі сыноў Ізраіля, і не былі яны забітыя.
 
Дык Ешуа зрабіў, як сказаў, і вызваліў іх ад рукі сыноў Ізраэля, каб не былі пазабіваныя.

У той дзень паставіў іх Егошуа, каб яны секлі дровы і насілі ваду для грамады і для ахвярніка ГОСПАДА аж да цяперашняга часу на месцы, якое [Госпад] выбярэ.
 
І ў той дзень вырашыў ён, што яны будуць дапамагаць усяму народу і ахвярніку Госпада, секчы дровы і насіць ваду аж да цяперашняга часу на месцы, якое Госпад выбраў.