Ісуса сына Нава 23 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І сталася, калі мінула шмат дзён пасьля таго, як ГОСПАД даў Ізраілю супакой ад усіх ворагаў іхніх навокал, і Егошуа быў стары і меў шмат дзён,
Праз многа часу пасьля таго, як Гасподзь супакоіў Ізраіля ад усіх ворагаў ягоных з усіх бакоў, Ісус састарыўся, увайшоў у сталы век.
склікаў Егошуа ўвесь Ізраіль, і старшыняў, і князёў, і судзьдзяў, і начальнікаў, і сказаў ім: «Я састарэў і маю шмат дзён,
І склікаў Ісус усіх сыноў Ізраілевых, старэйшынаў іхніх, судзьдзяў іхніх і наглядчыкаў іхніх, і сказаў ім: я састарыўся, увайшоў у сталы век.
а вы бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД, Бог ваш, усім гэтым народам перад абліччам вашым, бо ГОСПАД, Бог ваш, ваяваў за вас.
Вы бачылі ўсё, што зрабіў Гасподзь Бог ваш перад абліччам вашым з усімі гэтымі народамі, бо Гасподзь Бог ваш Сам змагаўся за вас.
Глядзіце, я падзяліў між вас жэрабям як спадчыну для каленаў вашых тыя народы, якія засталіся за Ярданам, і ўсе народы, якія я вынішчыў да Мора Вялікага на захадзе.
Вось, я падзяліў вам па жэрабі астаткі народаў гэтых у надзел плямёнам вашым, усе народы, якія я вынішчыў, ад Ярдана да вялікага мора, на захад сонца.
ГОСПАД, Бог ваш, разгоніць іх перад абліччам вашым і прыбярэ іх перад абліччам вашым, і вы паселіцеся на зямлі іхняй, як ГОСПАД, Бог ваш, прамовіў вам.
Гасподзь Бог ваш Сам прагоніць іх ад вас; і зьнішчыць іх перад вамі, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю іхнюю, як казаў Гасподзь Бог ваш.
Будзьце вельмі цьвёрдымі, і захоўвайце, і выконвайце ўсё, што напісана ў кнізе Закону Майсея, і не адхіляйцеся ад яго ані ўправа, ані ўлева.
Таму ва ўсёй дакладнасьці старайцеся захоўваць і выконваць напісанае ў кнізе закона Майсеевага, ня ўхілейцеся ад яго ні направа, ні налева.
І не сябруйце з тымі народамі, якія між вамі засталіся, і ня ўзгадвайце імёны багоў іхніх, і не прысягайце імі, і не служыце ім, і не пакланяйцеся ім,
Ня зносьцеся з гэтымі народамі, якія засталіся сярод вас, ня ўзгадвайце імёнаў божышчаў іхніх, не прысягайце і ня служэце ім і не пакланяйцеся ім,
але туліцеся толькі да ГОСПАДА, Бога вашага, як рабілі вы да гэтага дня.
а прыляпецеся да Госпада Бога вашага, як вы рабілі да гэтага дня.
І выгнаў ГОСПАД перад абліччам вашым народы вялікія і моцныя, і ніводзін з іх ня мог вам супрацівіцца да дня гэтага.
Гасподзь прагнаў ад вас народы вялікія і моцныя, і перад вамі ніхто ня ўстояў да сёньня;
Адзін з вас гнаў тысячу [ворагаў], бо ГОСПАД, Бог ваш, Сам ваяваў за вас, як Ён прамовіў да вас.
адзін з вас праганяе тысячу, бо Гасподзь Бог ваш Сам змагаецца за вас, як казаў вам.
Пільна намагайцеся душамі вашымі, каб любіць ГОСПАДА, Бога вашага.
Таму ўсяляк старайцеся любіць Госпада Бога вашага.
Бо калі вы адвернецеся [ад Яго] і будзеце сябраваць і мяшацца сужонствамі з гэтымі народамі, якія сярод вас засталіся,
Калі ж вы адвернецеся і прыстанеце да пазасталых з народаў гэтых, якія засталіся сярод вас, і ўступеце ў роднасьць зь імі і будзеце хадзіць да іх і яны да вас.
ведайце, што ГОСПАД, Бог ваш, ня будзе выгоняць іх перад абліччам вашым, але яны стануць вам сеткаю, і пасткаю, і бічом для вас, і калючкаю ў вачах вашых, аж пакуль ня вынішчыць Ён вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам ГОСПАД, Бог ваш.
Дык ведайце, што Гасподзь Бог ваш ня будзе ўжо праганяць ад вас народы гэтыя, а яны будуць вам пятлёю і сеткаю, бічом на рэбры вашыя і цернем у вочы вашыя, пакуль ня будзеце вынішчаныя з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь Бог ваш.
І вось сёньня я ўзыходжу на дарогу ўсёй зямлі. А вы ведайце ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, што з усіх словаў добрых, якія прамаўляў да вас ГОСПАД, Бог ваш, ніводнае не было пустое, але ўсё споўнілася.
Вось, я сёньня адыходжу на шлях усёй зямлі. А вы ведаеце ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашаю, што не засталося марным ніводнае слова з усіх добрых слоў, якія гаварыў пра вас Гасподзь Бог ваш: усё збылося дзеля вас, ніводнае слова не засталося няспраўджаным.
Але як спраўдзілася перад вамі ўсякае добрае слова, якое прамаўляў да вас ГОСПАД, Бог ваш, так навядзе ГОСПАД на вас усе тыя ліхія словы, пакуль ня вынішчыць вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам ГОСПАД, Бог ваш.
Але як збылося над вамі ўсякае добрае слова, якое гаварыў вам Гасподзь Бог ваш, так Гасподзь Бог ваш выканае над вамі ўсякае ліхое слова, пакуль ня вынішчыць вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь Бог ваш.
Калі вы парушыце запавет ГОСПАДА, Бога вашага, які Ён загадаў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багам іншым, і пакланяцца ім, тады запалае супраць вас гнеў ГОСПАДА і хутка вы загінеце на гэтай добрай зямлі, якую Ён вам даў».
Калі вы пераступіце запавет Госпада Бога вашага, які Ён пастанавіў вам, і пойдзеце і будзеце служыць іншым багам і пакланяцца ім, дык загарыцца на вас гнеў Гасподні, і хутка зьгінеце з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь.