Ісуса сына Нава 10 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Адоніцэдэк, валадар Ерусаліму, пачуў, што Егошуа заняў Гай і аблажыў яго закляцьцем, і што зрабіў ён з Гаем і валадаром ягоным так, як зрабіў з Ерыхонам і валадаром ягоным, і што заключылі жыхары Гібэону мір з Ізраілем, і жылі пасярод іх,
 
Калі Аданісэдэк, цар Ерусалімскі, дачуўся, што Ісус узяў Гай і аддаў яго праклёну, і што гэтак сама зрабіў з Гаем і царом яго, як зрабіў і зь Ерыхонам і царом яго, і што жыхары Гаваона пастанавілі спрымірэнства зь Ізраілем і засталіся сярод іх,

і моцна стрывожыўся, бо Гібэон быў горадам вялікім, як адзін з гарадоў валадарскіх, і большы за Гай, і ўсе яго жыхары былі волатамі.
 
тады ён вельмі спалохаўся, бо Гаваон горад вялікі, як адзін з царскіх гарадоў, і большы за Гай, і ўсе жыхары яго людзі адважныя.

І паслаў Адоніцэдэк, валадар Ерусаліму, пасланцоў да Гагама, валадара Хеўрону, і да Пірама, валадара Ярмуту, і да Яфія, валадара Ляхішу, і да Дэбіра, валадара Эглёну, кажучы:
 
Таму Аданісэдэк, цар Ерусалімскі, паслаў да Гагама, цара Хэўронскага і да Фірама, цара Ярмуцкага, і да Яфія, цара Дахіскага, і да Дэвіра, цара Эглонскага, каб сказаць:

«Прыйдзіце да мяне і дапамажыце мне, і паб’ем жыхароў Гібэону, бо яны заключылі мір з Егошуа і сынамі Ізраіля».
 
прыйдзеце да мяне і памажэце мне пабіць Гаваон за тое, што ён спрымірыўся зь Ісусам і сынамі Ізраілевымі.

І яны зыйшліся, і злучыліся разам пяць валадароў Амарэйскіх: валадар Ерусаліму, валадар Хеўрону, валадар Ярмуту, валадар Ляхішу, валадар Эглёну, з войскамі сваімі. І разлажыліся яны табарам каля Гібэону, і ваявалі супраць яго.
 
Яны сабраліся, і пайшлі пяць цароў Амарэйскіх: цар Ерусалімскі, цар Хэўронскі, цар Ярмуцкі, цар Эглонскі, яны і ўсё рушэньне іхняе і спыніліся табарам каля Гаваона, каб ваяваць зь ім.

І жыхары Гібэону паслалі да Егошуа, які быў тады ў табары ў Гільгале, і прасілі яго: «Ня стрымлівай рукі тваёй, каб даць дапамогу слугам тваім! Пасьпяшайся хутка і абарані нас, прыйдзі з дапамогаю, бо зыйшліся супраць нас усе валадары Амарэйскія, якія жывуць у гарах».
 
Жыхары Гаваона паслалі да Ісуса ў табар, у Галгал, сказаць: не адвядзі рукі тваёй ад рабоў тваіх; прыйдзі да нас хутчэй, выратуй нас і дай нам дапамогі; бо сабраліся супроць нас усе цары Амарэйскія, якія жывуць на горах.

І пайшоў Егошуа з Гільгалу, і ўсе ваяры з ім, ваяры мужныя.
 
Ісус пайшоў з Галгала сам, і зь ім увесь народ, здольны ваяваць, і ўсе мужчыны адважныя.

І сказаў ГОСПАД Егошуа: «Ня бойся іх, бо ў рукі твае Я аддаю іх. Ніхто з іх ня зможа ўстаяць перад табою».
 
І сказаў Гасподзь Ісусу: ня бойся іх, бо Я аддаў іх у рукі табе: ніхто зь іх ня ўстоіць перад абліччам тваім.

І неспадзявана напаў на іх Егошуа, а ён усю ноч ішоў з Гільгалу.
 
І прыйшоў на іх Ісус раптоўна, бо ўсю ноч ішоў ён з Галгала.

І напалохаў іх ГОСПАД зьяўленьнем Ізраіля, і зрабіў ім вялікую паразу ў Гібэоне, і гналі іх [сыны Ізраіля] ў бок узгорку Бэт-Харон, і білі іх аж да Азэкі і Македы.
 
Гасподзь наслаў на іх разгубленасьць, калі ўбачылі Ізраільцянаў, і яны пабілі іх у Гаваоне моцным разгромам, і гналі іх па дарозе да ўзвышшаў Вэтарона, і білі іх да Азэка і да Македа.

Калі ўцякалі яны перад Ізраілем і былі на схіле гары Бэт-Харон, ГОСПАД кідаў на іх вялікія камяні з неба аж да Азэкі, і больш іх паўмірала ад камянёў градавых, чым ад мяча сыноў Ізраіля.
 
А калі яны беглі ад Ізраільцянаў па схіле гары Вэтаронскай, Гасподзь кідаў па іх зь нябёсаў вялікімі камянямі да самага Азэка, і яны гінулі: болей было тых, якія загінулі ад камянёў, чым тых, каго забілі сыны Ізраілевыя мечам.

У той дзень, калі выдаў ГОСПАД Амарэйцаў сынам Ізраіля, сказаў Егошуа ГОСПАДУ на вачах Ізраіля: «Стой, сонца, над Гібэонам, і ты, месяц, над далінай Аялона.
 
Ісус заклікаў Госпада ў той дзень, у які аддаў Гасподзь Амарэяў у рукі Ізраілю, калі пабіў іх у Гаваоне, і яны былі пабітыя перад абліччам сыноў Ізраілевых, і сказаў перад Ізраільцянамі: стой, сонца, над Гаваонам, і месяц, над далінаю Аялонскаю!

І затрымалася сонца, і стаў месяц, аж адпомсьціў народ ворагам сваім». Ці ж не запісана гэта ў Кнізе Справядлівага: «І стала сонца на сярэдзіне неба і ўвесь дзень не спяшалася заходзіць»?
 
І спынілася сонца, і месяц стаяў, пакуль народ помсьціў ворагам сваім. Ці ж ня гэта напісана ў кнізе Справядлівага: стаяла сонца сярод неба і не сьпяшалася на захад амаль цэлы дзень?

Не было падобнага дня ані перад тым, ані потым, каб ГОСПАД так паслухаў голас чалавека, бо ГОСПАД ваяваў на баку Ізраіля.
 
І ня было такога дня ні раней, ні пасьля таго, у які Гасподзь слухаў бы голас чалавечы. Бо Гасподзь змагаўся за Ізраіля.

І вярнуўся Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, у табар у Гільгал.
 
Потым вярнуўся Ісус і ўвесь Ізраіль зь ім у табар, у Галгале.

А пяць валадароў уцяклі і схаваліся ў пячоры каля Македы.
 
А тыя пяць цароў уцяклі і схаваліся ў пячоры ў Македзе.

І паведамілі Егошуа, што пяць валадароў знойдзены і што яны хаваюцца ў пячоры каля Македы.
 
Калі Ісусу данесьлі і сказалі: «знайшліся пяць цароў, яны хаваюцца ў пячоры ў Македзе»,

І сказаў Егошуа: «Закрыйце ўваход у пячору вялікімі камянямі і пастаўце людзей, каб іх пільнавалі.
 
Ісус сказаў: «прывалеце вялікія камяні да вусьця пячоры і прыстаўце да яе людзей пільнаваць іх;

А вы ня стойце, але перасьледуйце ворагаў, забіваючы захопленых, і не дазвольце ім увайсьці ў гарады свае за дапамогаю, бо ГОСПАД, Бог ваш, выдаў іх у рукі вашыя».
 
а вы ня спыняйцеся, а перасьледуйце ворагаў вашых і зьнішчайце заднюю частку войска іхняга і не давайце ім уцячы ў гарады іхнія, бо Гасподзь Бог ваш аддаў іх у рукі вашыя».

Егошуа і сыны Ізраіля зрабілі вялікае зьнішчэньне сярод ворагаў сваіх, што толькі рэшткі змаглі ўцячы ад іх у гарады ўмацаваныя.
 
Пасьля таго як Ісус і сыны Ізраілевыя цалкам пабілі іх вельмі вялікім разгромам, і рэшткі іх паўцякалі ў гарады ўмацаваныя,

І ўсё войска вярнулася да Егошуа ў Македу ў табар, жывыя і здаровыя, і ніхто не адважыўся нават языком варухнуць супраць сыноў Ізраіля.
 
увесь народ вярнуўся ў табар да Ісуса ў Македзе зь мірам, і ніхто з сыноў Ізраілевых не паварушыў языком сваім.

І сказаў Егошуа: «Адкрыйце ўваход у пячору і прывядзіце да мяне пяць валадароў з пячоры».
 
Тады Ісус сказаў: адчынеце вусьце пячоры і выведзіце да мяне зь пячоры пяці цароў тых.

І зрабілі так, і прывялі да яго пяць валадароў з пячоры: валадара Ерусаліму, валадара Хеўрону, валадара Ярмуту, валадара Ляхішу і валадара Эглёну.
 
Так і зрабілі: вывелі да яго зь пячоры пяці цароў тых: цара Ерусалімскага, цара Хэўронскага, цара Ярмуцкага, цара Ліхіскага і цара Эглонскага.

Калі яны былі прыведзеныя да яго, ён паклікаў усіх Ізраільцянаў і сказаў начальнікам войска, якія былі з ім: «Хадзіце і пастаўце ногі на каркі валадароў гэтых». І яны падыйшлі, і паставілі ногі свае на каркі іхнія.
 
Калі вывелі цароў гэтых да Ісуса, Ісус заклікаў усіх Ізраільцян і сказаў правадырам войска, якія хадзілі зь ім: падыдзеце, наступеце нагамі вашымі на шыі царам гэтым. Яны падышлі і наступілі нагамі сваімі на шыі ім.

І Егошуа сказаў ім: «Ня бойцеся і не палохайцеся, будзьце цьвёрдыя і мужныя! Так ГОСПАД зробіць усім ворагам вашым, супраць якіх будзеце змагацца».
 
Ісус сказаў ім: ня бойцеся і не жахайцеся, будзьце цьвёрдыя і мужныя; бо так зробіць Гасподзь з усімі ворагамі вашымі, зь якімі будзеце ваяваць.

І ўдарыў іх Егошуа, і забіў іх, і павесіў на пяці дрэвах, і віселі яны аж да вечара.
 
Потым пакараў іх Ісус і забіў іх і павесіў іх на пяці дрэвах: і віселі яны на дрэвах да вечара.

І ў часе заходу сонца загадаў Егошуа, і зьнялі іх з дрэваў, і ўкінулі іх у пячору, у якой хаваліся, і закідалі ўваход вялікімі камянямі, якія [там] аж да сёньня.
 
А як заходзіла сонца, загадаў Ісус, і зьнялі іх з дрэваў, і кінулі іх у пячору, у якой яны хаваліся, і прывалілі вялікія камяні да вусьця пячоры, якія там да сёньня.

У той дзень здабыў Егошуа Македу і зьнішчыў яе вострывам мяча, і забіў валадара яе і ўсіх жыхароў яе. Не пакінуў у ёй анікога, і зрабіў валадару Македы так, як зрабіў валадару Ерыхону.
 
Таго ж самага дня ўзяў Ісус Макед, і пабіў яго мечам і цара яго, і пракляў іх і ўсё, што дыхала, што было ў ім: нікога не пакінуў, хто б ацалеў; і зрабіў з царом Македскім гэтак сама, як і з царом Ерыхонскім.

І з Македы перайшоў Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, у Лібну, і ваяваў супраць яе.
 
І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Македа да Ліўны і ваяваў супроць Ліўны;

І выдаў Лібну ГОСПАД разам з валадаром ейным у рукі Ізраіля, і яны зьнішчылі горад вострывам мяча і ўсіх жыхароў ягоных, і не пакінулі анікога, і ўчынілі валадару Лібны, як зрабілі валадару Ерыхону.
 
і аддаў Гасподзь і яе ў рукі Ізраілю, і цара яе, і зьнішчыў яе Ісус мечам і ўсё, што дыхала, што было ў ёй: нікога не пакінуў у ёй, хто б ацалеў, і зрабіў з царом яе гэтак сама, як і з царом Ерыхонскім.

З Лібны Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, перайшоў у Ляхіш і стаў табарам каля яго, і ваяваў супраць яго.
 
Зь Ліўны пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім да Лахіса і разьмясьціўся каля яго табарам і ваяваў супроць яго;

І аддаў ГОСПАД Ляхіш у рукі Ізраіля, і ён заняў яго на другі дзень, і выгубіў вострывам мяча ўсякую душу, што была ў ім, як зрабіў раней у Лібне.
 
і аддаў Гасподзь Лахіс у рукі Ізраілю, і ўзяў ён яго на другі дзень, і пабіў яго мечам і ўсё, што дыхала, што было ў ім, так як абышоўся зь Ліўнаю.

Тады прыйшоў Гарам, валадар Гезэру, дапамагчы Ляхішу, але Егошуа зьнішчыў яго і ўвесь народ ягоны аж да поўнага вынішчэньня.
 
Тады прыйшоў на дапамогу Лахісу Гаарм, цар Газэрскі; але Ісус пабіў яго і народ ягоны так, што нікога ў яго не пакінуў, хто б ацалеў.

І перайшоў Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, з Ляхішу ў Эглён, і стаў табарам каля яго, і ваяваў з ім.
 
І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Лахіса да Эглона і разьмясьціўся каля яго табарам і ваявалі супроць яго;

І ў той самы дзень захапіў яго, і выбіў вострывам мяча ўсякую душу, што была ў ім, і аддаў закляцьцю, як зрабіў у Ляхішы.
 
і ўзялі яго таго ж самага дня і пабілі яго мечам, і ўсё, што дыхала, што было ў ім у той дзень, пракляў ён, як зрабіў з Лахісам.

І перайшоў Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, з Эглёну ў Хеўрон, і ваяваў з ім.
 
І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Эглона да Хэўрона і ваявалі супроць яго;

І здабыў яго, і выбіў мячом яго, і валадара ягонага, і ўсе гарады ягоныя, і ўсякую душу, што там жыла. Не пакінуў анікога там, і зрабіў так, як зрабіў у Эглёне, і аддаў закляцьцю ўсякую душу, што ў ім.
 
і ўзялі яго і пабілі яго мечам, і цара яго, і ўсе гарады яго, і ўсё, што дыхала, што было ў ім; нікога не пакінуў, хто б ацалеў, як зрабіў ён і з Эглонам: пракляў яго і ўсё, што дыхала, што было ў ім.

І павярнуў Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, у Дэбір, і ваяваў з ім.
 
Потым зьвярнуўся Ісус і ўвесь Ізраіль зь ім да Давіра і ваяваў супроць яго;

І здабыў яго, і валадара ягонага, і ўсе гарады ягоныя вынішчыў вострывам мяча, і аддаў закляцьцю ўсякую душу ў ім, і не пакінуў рэшткі. Як зрабіў з Хеўронам і Лібнай і з валадарамі іхнімі, так зрабіў з Дэбірам і валадаром ягоным.
 
і ўзяў яго і цара яго, і пабілі іх мечам, і праклялі ўсё, што дыхала, што было ў ім: нікога не засталося, хто ацалеў бы; як зрабіў з Хэўронам і з царом яго, так зрабіў з Давірам і царом яго, і як абышоўся зь Ліўнаю і царом яе.

І заваяваў Егошуа ўсю зямлю, і гару, і Нэгеў, і Шэфэлю, і схілы гор, і ўсіх валадароў іхніх. Не пакінуў у іх ніякіх рэшткаў, але ўсякую душу ў іх аддаў закляцьцю, як загадаў ГОСПАД, Бог Ізраіля.
 
І пабіў Ісус усю зямлю нагорную, і нізкія мясьціны і зямлю каля гор, і ўсіх цароў іх: нікога не пакінуў, хто ацалеў бы, і ўсё, што дыхала, пракляў, як загадаў Гасподзь Бог Ізраілеў;

І Егошуа пабіў іх ад Кадэш-Барнэа аж да Газы, усю зямлю Гашэн аж да Гібэону.
 
пабіў іх Ісус ад Кадэс-Варні да Газы і ўсю зямлю Гашэн аж да Гаваона;

І ўсіх тых валадароў і землі іхнія Егошуа захапіў адным паходам, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, ваяваў на баку Ізраіля.
 
і ўсіх цароў гэтых і землі іхнія Ісус узяў адным разам, бо Гасподзь Бог Ізраілеў змагаўся за Ізраіля.

І вярнуўся Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, у табар у Гільгал.
 
Потым Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім вярнуліся ў табар, у Галгале.