Ісуса сына Нава 14 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А вось гэта атрымалі ў спадчыну сыны Ізраіля ў зямлі Ханаан, якую падзялілі Элеазар сьвятар і Егошуа, сына Нуна, і галовы дамоў пакаленьняў Ізраіля.
 
І во што спала сыном Ізраелявым у зямлі Канаанскай, што падзялілі ім на спадак Елеазар сьвятар а Ігошуа Нунянок а галавы айцоў плямені сыноў Ізраелявых.

Спадчына іхняя была падзелена жэрабям, як загадаў ГОСПАД праз Майсея, дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня Манасы.
 
Жэрабям быў ім спадак, як расказаў СПАДАР Масеям, дзевяцём плямёнам а палавіцы плямені;

Бо двум пакаленьням і палове пакаленьня Манасы даў Майсей спадчыну на тым баку Ярдану, а лявітам ня даў спадчыны між іх,
 
Бо даў Масей спадак двум плямёнам а палавіцы плямені за Ёрданом; Левітам жа ня даў спадку памеж іх,

бо ад сыноў Язэпа выйшлі два пакаленьні: Манасы і Эфраіма, а лявітам ня дадзена на ўласнасьць зямлі, а толькі гарады на жыцьцё і пашы пры гарадах для статкаў іхніх і маёмасьці іхняй.
 
Бо было сыноў Язэпавых два плямені: Манасава а Яхрэмава; затым не далі дзелі Левітам у зямлі, апрача местаў жыць ізь перадмесьцямі іх дзеля статку іхнага і дзеля маемасьці іхнае.

Як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі сыны Ізраіля, і так падзялілі зямлю.
 
Як расказаў СПАДАР Масею, так і зрабілі сынове Ізраелявы, і падзялілі на спадкі зямлю.

І прыйшлі сыны Юды да Егошуа ў Гільгале, і сказаў Халеў, сын Ефунны, Кенэзей: «Ты ведаеш слова, якое прамовіў ГОСПАД да Майсея, чалавека Божага, пра мяне і пра цябе ў Кадэш-Барнэа.
 
І дабліжыліся сынове Юдзіны да Ігошуі ў Ґілґале, і сказаў яму Калеў Ефунёнак, Кенезянін: «Ты ведаеш слова, што гукаў СПАДАР Масею, чалавеку Божаму, празь мяне а празь цябе ў Кадэш-Варнеі.

Сорак гадоў я меў, калі Майсей, слуга ГОСПАДА, паслаў мяне з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю. І я прынёс яму слова, якое [было] ў сэрцы маім.
 
Імне было сорак год, як паслаў мяне Масей, слуга СПАДАРОЎ, з Кадэш-Варнеі выглядзець зямлю; і я зьвярнуў яму слова подле сэрца свайго.

А браты мае, якія хадзілі разам са мною, напалохалі сэрцы народу, але я пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам маім.
 
А браты мае, адылі, што ўзыходзілі з імною, скволілі сэрца люду, а я супоўна йшоў за СПАДАРОМ, Богам сваім.

У той дзень Майсей прысягнуў, кажучы: “Зямля, на якую ступіла нага твая, будзе спадчынай тваёй і сыноў тваіх на вякі, бо ты пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам маім”.
 
І прысягаў Масей таго дня, кажучы: "Ня будзе, каб ня была твая зямля, па каторай ступала нага твая, яна будзе спадкам табе а дзяцём тваім навекі, бо ты супоўна йшоў за СПАДАРОМ, Богам маім".

І вось, захаваў мяне ГОСПАД пры жыцьці, як абяцаў. Ужо сорак пяць гадоў мінула, як ГОСПАД прамовіў словы гэтыя да Майсея, калі яшчэ Ізраіль вандраваў праз пустыню. Цяпер я маю восемдзясят пяць гадоў,
 
А цяпер вось, СПАДАР захаваў мяне жывога, як Ён казаў гэта; ужо сорак пяць год ад тога часу, як СПАДАР казаў Масею слова гэтае, і Ізраель хадзіў па пустыні; цяпер, вось, імне асьмідзясят пяць год.

але яшчэ сёньня я дужы як у дзень, калі пасылаў мяне Майсей; колькі ў мяне тады было сілы, столькі і цяпер маю для таго, каб ваяваць і каб выходзіць і вяртацца.
 
Яшчэ й цяпер я дужы, як таго дня, калі паслаў мяне Масей; як тады было ў мяне сілы, так і цяпер ё, каб ваяваць, і ўходзіць, і выходзіць.

Таму дай ты мне гару гэтую, якую абяцаў мне ГОСПАД у той дзень. Ты сам чуў у той дзень, што там [сыны] Анака і гарады вялікія і ўмацаваныя. Калі ГОСПАД са мною, я здабуду іх, як ГОСПАД прамовіў».
 
Дык дай імне гэтую гару, праз каторую гукаў СПАДАР таго дня; бо ты чуў таго дня, што там Еначонкі, і месты вялікія а ўмацаваныя; можа СПАДАР з імною, і я выжану іх, як сказаў СПАДАР».

І дабраславіў Егошуа Халева, сына Ефунны, і даў яму ў спадчыну Хеўрон.
 
І дабраславіў Ігошуа яго, і даў Гэўрон на спадак Калеву Ефунёнку.

Дзеля гэтага Хеўрон як спадчына належыць Халеву, сыну Ефунны, Кенэзею, аж па сёньняшні дзень, бо ён пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля.
 
Затым стаў Гэўрон спадкам Калева Ефунёнка Кенезяніна дагэтуль, за тое, што ён супоўна йшоў за СПАДАРОМ, Богам Ізраелявым.

Хеўрон раней называўся Кірыят-Арба, бо [Арба] быў найвялікшым чалавекам сярод [сыноў] Анака. І зямля жыла ў супакоі ад войнаў.
 
А імя Гэўрону ўперад было Кіраф-Арба, як зваўся адзін вялікі чалавек меж Еначонкаў. І супакоілася зямля ад вайны.