Ісуса сына Нава 14 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Гэта тое, што атрымалі ва ўласнасць сыны Ізраэля ў зямлі Ханаан, што далі ім Элеязэр святар і Ешуа, сын Нуна, і князі плямёнаў пакаленняў Ізраэля,
 
І во што спала сыном Ізраелявым у зямлі Канаанскай, што падзялілі ім на спадак Елеазар сьвятар а Ігошуа Нунянок а галавы айцоў плямені сыноў Ізраелявых.

якія дзялілі ўсё жэрабем, як загадаў Госпад праз Майсея, дзевяці пакаленням і палове пакалення.
 
Жэрабям быў ім спадак, як расказаў СПАДАР Масеям, дзевяцём плямёнам а палавіцы плямені;

Бо двум пакаленням і палове пакалення даў Майсей уласнасць за Ярданам, апрача левітаў, якім нічога не даў між братоў іх;
 
Бо даў Масей спадак двум плямёнам а палавіцы плямені за Ёрданом; Левітам жа ня даў спадку памеж іх,

але ад сыноў Язэпа выйшлі два пакаленні: Манасы і Эфраіма, і левіты не атрымалі ніякай часткі на зямлі, акрамя гарадоў на жыццё і іх прыгарадаў для таго, каб пасвіць сваю жывёлу і статкі.
 
Бо было сыноў Язэпавых два плямені: Манасава а Яхрэмава; затым не далі дзелі Левітам у зямлі, апрача местаў жыць ізь перадмесьцямі іх дзеля статку іхнага і дзеля маемасьці іхнае.

Як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі сыны Ізраэля, і падзялілі зямлю.
 
Як расказаў СПАДАР Масею, так і зрабілі сынове Ізраелявы, і падзялілі на спадкі зямлю.

Тады прыйшлі сыны Юды да Ешуа ў Галгале, і Калеб, сын Ефоны, кенэзей, сказаў яму: «Ты ведаеш, што Госпад сказаў Майсею, чалавеку Божаму, пра мяне і пра цябе ў Кадэс-Барнэ.
 
І дабліжыліся сынове Юдзіны да Ігошуі ў Ґілґале, і сказаў яму Калеў Ефунёнак, Кенезянін: «Ты ведаеш слова, што гукаў СПАДАР Масею, чалавеку Божаму, празь мяне а празь цябе ў Кадэш-Варнеі.

Сорак гадоў меў я, калі Майсей, паслугач Госпада, паслаў мяне з Кадэс-Барнэ, каб выведаць зямлю; і я яму расказаў праўдзіва, што я бачыў.
 
Імне было сорак год, як паслаў мяне Масей, слуга СПАДАРОЎ, з Кадэш-Варнеі выглядзець зямлю; і я зьвярнуў яму слова подле сэрца свайго.

А браты мае, якія хадзілі разам са мною, напалохалі сэрцы людзей, і я, тым не менш, быў верным у тым, каб пайсці за Госпадам, Богам маім.
 
А браты мае, адылі, што ўзыходзілі з імною, скволілі сэрца люду, а я супоўна йшоў за СПАДАРОМ, Богам сваім.

І ў той дзень Майсей прысягнуў, кажучы: “Зямля, на якую ступіла нага твая, будзе ўласнасцю тваёй і сыноў тваіх навекі, бо ты быў верным у тым, каб пайсці за Госпадам, Богам маім”.
 
І прысягаў Масей таго дня, кажучы: "Ня будзе, каб ня была твая зямля, па каторай ступала нага твая, яна будзе спадкам табе а дзяцём тваім навекі, бо ты супоўна йшоў за СПАДАРОМ, Богам маім".

Такім чынам, захаваў мне Госпад жыццё, як паабяцаў, да сённяшняга дня. Сорак пяць гадоў мінула з таго часу, як Госпад сказаў словы гэтыя Майсею, калі Ізраэль вандраваў праз пустыню; цяпер маю восемдзесят пяць гадоў,
 
А цяпер вось, СПАДАР захаваў мяне жывога, як Ён казаў гэта; ужо сорак пяць год ад тога часу, як СПАДАР казаў Масею слова гэтае, і Ізраель хадзіў па пустыні; цяпер, вось, імне асьмідзясят пяць год.

але я дужы як тады, калі пасланы быў дзеля выведвання, колькі ў мяне тады было сілы, столькі і цяпер маю для таго, каб ваяваць ды ісці ў паход і вяртацца.
 
Яшчэ й цяпер я дужы, як таго дня, калі паслаў мяне Масей; як тады было ў мяне сілы, так і цяпер ё, каб ваяваць, і ўходзіць, і выходзіць.

То дай ты мне гэтую гару, якую абяцаў мне Госпад у той дзень, бо ты таксама чуў, што там жывуць сыны Анака і што гарады іх вялікія і ўмацаваныя; магчыма, калі Госпад будзе са мною, я змагу знішчыць іх, як мне паабяцаў гэта Госпад».
 
Дык дай імне гэтую гару, праз каторую гукаў СПАДАР таго дня; бо ты чуў таго дня, што там Еначонкі, і месты вялікія а ўмацаваныя; можа СПАДАР з імною, і я выжану іх, як сказаў СПАДАР».

І Ешуа дабраславіў яго і даў яму ва ўласнасць Геброн;
 
І дабраславіў Ігошуа яго, і даў Гэўрон на спадак Калеву Ефунёнку.

і таму Геброн належыць Калебу, сыну Ефоны, кенэзею, аж па сённяшні дзень, бо ён быў верны, каб пайсці за Госпадам, Богам Ізраэля.
 
Затым стаў Гэўрон спадкам Калева Ефунёнка Кенезяніна дагэтуль, за тое, што ён супоўна йшоў за СПАДАРОМ, Богам Ізраелявым.

Геброн перад тым называўся Карыят-Арбаa, а Арба быў найвялікшым чалавекам сярод сыноў Анака. І зямля жыла ў супакоі ад войнаў.
 
А імя Гэўрону ўперад было Кіраф-Арба, як зваўся адзін вялікі чалавек меж Еначонкаў. І супакоілася зямля ад вайны.