Ісуса сына Нава 8 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Сказаў жа Госпад Ешуа: «Не бойся і не палохайся! Вазьмі з сабой усіх ваяроў і, устаўшы, ідзі на горад Гай: вось, Я аддаў у рукі твае цара яго, і народ, і горад, і зямлю яго.
І сказаў СПАДАР Ігошуі: «Ня бойся а не палохайся; вазьмі із оабою ўвесь люд вайны і, устаўшы, узыйдзі да Гаю; гля, Я аддаў у руку тваю караля Гайскага а люд ягоны, места ягонае а зямлю ягоную.
І зробіш з Гаем і царом яго, як зрабіў ты з Ерыхонам і яго царом; вазьміце ж сабе здабычу і ўсю жывёлу. Зрабі засаду на горад ззаду горада».
І ўчыні Гаю а каралю яго, як ты ўчыніў зь Ерыхонам а каралём яго, адно здабытак яго а статак яго грабце сабе. Зрабі сабе засаду места адзаду».
І падняўся Ешуа і з ім усё войска ваяроў, каб ісці на Гай; адабраў Ешуа трыццаць тысяч моцных ваяроў, і выправіў іх ноччу,
І ўстаў Ігошуа а ўвесь люд вайны, каб узысьці да Гаю; і абраў Ігошуа трыццацёх тысячаў чалавекаў дужасілаў, і паслаў іх ночы.
і загадаў ім, кажучы: «Збярыцеся ў засадзе за горадам і не адыходзьце далёка ад яго; будзьце ўсе гатовыя.
І расказаў ім, кажучы: «Глядзіце, вы будзеце ў засадзе ля места, адзаду места; не здаляйцеся вельма ад места і будзьце ўсі гатовы.
А я і ўвесь народ, які са мной, прыступімся з другога боку горада. Калі выйдуць яны супраць нас, як раней, мы кінемся наўцёкі перад імі,
А я а ўвесь люд, што з імною, дабліжымся да места. І будзе, як выступяць супроці нас, як і ўперад, дык мы пабяжым ад іх.
пакуль пераследнікі не будуць адведзены даволі далёка ад горада, бо падумаюць, што мы ўцякаем ад іх, як той раз.
І яны выйдуць за намі, так што мы адцягнем іх ад места, бо яны скажуць: "Уцякаюць ад нас, як і ўперад", і мы ўцячэм ад іх,
Так, калі мы так будзем уцякаць і калі яны будуць нас даганяць, вы ўстаньце з засады і захапіце горад; і аддасць яго Госпад, Бог ваш, у вашы рукі.
А вы ўстаньце із засады й займіце места; і СПАДАР, Бог ваш, аддасьць яго ў рукі вашы.
І, калі захопіце яго, спаліце яго; зрабіце па слове Госпада. Вось, я вам гэта загадаў».
І будзе, як захопіце места, спаліце места цяплом, подле слова СПАДАРОВАГА зрабіце. Глядзіце, я расказаў вам».
І Ешуа паслаў іх, і яны выправіліся на месца засады, і затрымаліся між Бэтэлем і Гаем у заходняй частцы за горадам Гай. А Ешуа правёў тую ноч сярод народа.
І паслаў іх Ігошуа, і яны пайшлі ў засаду, і заселі памеж Бэт-Элю й Гаю, із заходняга боку Гаю; і начаваў Ігошуа тую ноч сярод люду.
І, устаўшы надта рана, Ешуа агледзеў народ, і пайшоў ён і старэйшыны Ізраэля наперадзе войска.
І ўстаў Ігошуа нараніцы, і агледзіў люд, і ўзышоў ён а старцы Ізраелявы сьпераду люду аж да Гаю;
І, калі ўсе ваяры пайшлі з ім і наблізіліся да горада, яны затрымаліся на паўночным баку горада, а пасярэдзіне, паміж горадам і імі, была даліна.
І ўвесь люд вайны, каторы быў ізь ім, узышоў; дабліжыліся а прышлі супроці места, і разьлёгся табарам з паўночнага боку Гаю, а даліна памеж іх і Гаю.
І ён адабраў каля пяці тысяч чалавек, і паставіў іх як засаду паміж Бэтэлем і Гаем, з заходняга боку гэтага горада.
І ўзяў ён каля пяцёх тысячаў чалавекаў, і пасадзіў іх у засадзе меж Бэт-Элю й Гаю, із заходняга боку места.
І народ паставіў усе лагеры, што былі, на поўначы ад горада, і апошнюю дружыну — у заходняй частцы ад горада. Так прыйшоў Ешуа ў тую ноч і затрымаўся на сярэдзіне даліны.
І пастанавілі люд увесь табарам, каторы быў з паўночнага боку места, так што задняя часьць была із заходняга боку места. І прышоў Ігошуа тае ночы на сярэдзіну даліны.
Калі ўбачыў гэта цар Гая, раніцай хутка вырушыў, і выйшаў з усім гарадскім войскам, і накіраваў строй у бой насупраць Арабы, не ведаючы, што ў яго за плячамі хаваецца засада.
І сталася: як абачыў кароль Гайскі, тады яны пабарзьдзілі — і ўсталі рана, і вышлі людзі места напярэймы Ізраелю на бітву, ён а ўвесь люд ягоны, на прызначаны час перад раўніною. А ён ня ведаў, што засада ў яго адзаду места.
А Ешуа і ўвесь Ізраэль, нібыта ў страху, пачалі адыходзіць з таго месца, ўцякаючы дарогаю ў пустыню.
І, быццам разьбітыя імі, Ігошуа а ўвесь Ізраель, пабеглі дарогаю пустыні.
І быў скліканы ўвесь народ, які быў у горадзе, даганяць іх, і яны пагналіся за Ізраэлем. І, калі адышлі яны далёка ад горада
І пагукалі ўвесь люд, каторы ў месьце: каб гнацца за імі; і гналіся за Ігошуам, і адбегліся ад места.
і нікога не засталося ў горадзе Гай, хто б не пагнаўся за Ізраэлем, і калі пакінулі яны горад адкрытым і гналіся за Ізраэлем,
І не засталося чалавека ў Гаю а Бэт-Элю, каторы ня вышаў бы за Ізраелям. І пакінулі яны места адчыненае, гонячыся за Ізраелям.
сказаў Госпад Ешуа: «Падымі дзіду, якую трымаеш у руцэ сваёй, супраць горада Гай, бо Я аддам яго табе». І, калі падняў ён дзіду, якая была ў руцэ яго, супраць горада,
І скаэаў СПАДАР Ігошуі: «Выцягні дзіду, што ў руццэ тваей, супроці Гаю, бо ў рукі твае Я аддам яго». Ігошуа выцягнуў дзіду, каторая ў яго ў руццэ, да места.
людзі, якія хаваліся ў засадзе, падняліся адразу ж, і пабеглі ў горад, і захапілі яго, і падпалілі яго.
І седзячыя ў засадзе якга ўсталі зь месца свайго й пабеглі, як толькі ён выцягнуў руку сваю, і ўвыйшлі ў места, і ўзялі яго, і борзда запалілі места цяплом.
А людзі з горада, якія гналіся за Ешуа, аглянуўшыся і бачачы дым над горадам, які аж пад неба ўздымаўся, не маглі больш анікуды ўцякаць, тым больш, што тыя, што паказвалі ўцёкі і накіроўваліся ў бок пустыні, павярнуліся супраць іх.
І азірнуліся жыхары Гаю назад, і абачылі, і вось, падыймаецца дым ізь места да неба. І ня было ў іх сілы ўцякаць туды альбо сюды, а люд, што бег да пустыні, абярнуўся да гонячых.
Ешуа і ўвесь Ізраэль, бачачы, што горад узяты і што дым уздымаецца над горадам, павярнуўшыся, ударылі людзей Гая.
Ігошуа а ўвесь Ізраель, абачыўшы, што ўзялі седзячыя ў засадзе места, і дым ізь места падыймаецца, зьвярнуліся й білі людзёў Гаю.
Таксама і тыя, якія занялі і падпалілі горад, выйшлі з горада насустрач ім, і ворагі апынуліся паміж імі. Такім чынам, паколькі Ізраэльцы забівалі ворагаў з абодвух бакоў, з вялікага мноства не ўратаваўся ніводзін,
А тыя зь места вышлі напярэймы ім, і яны былі ў сярэдзіне памеж Ізраельцаў, адныя былі з гэтага боку, а другія з гэнага. І білі іх, пакуль не засталося ніякае астачы ані ўцеклага.
таксама і цара горада Гайскага схапілі і жывога даставілі да Ешуа.
А караля Гайскага схапілі жывога і дабліжылі яго да Ігошуі.
Дык, забіўшы ўсіх жыхароў Гая, якія пагналіся за ўцякаючым у пустыню Ізраэлем, на тым самым полі засекшы іх мечам, сыны Ізраэля, вярнуўшыся, забілі ўвесь горад вастрыём меча.
І было, як скончыў Ізраель забіваць усіх жыхараў Гаю на полю, на пустыні, куды яны гналіся за імі, і палі ўсі чыста ад ляза мяча, тады ўсі Ізраелцы абярнуліся да Гаю й разілі яго лязом мяча.
А ў той дзень загінула мужчын і жанчын дванаццаць тысяч чалавек, усе жыхары горада Гая.
І было ўсіх палых таго дня, ад мужчыны аж да жонкі, двананцаць тысячаў, усіх людзёў Гаю.
А Ешуа не апускаў рукі сваёй, якую выцягнуў угору, трымаючы дзіду, пакуль не былі забіты ўсе жыхары Гая.
А Ігошуа не апушчаў рукі свае, каторую ён выцягнуў ізь дзідаю, пакуль не аканаваў усіх жыхараў Гаю.
Толькі жывёлу і здабычу з горада падзялілі паміж сабою сыны Ізраэля, як загадаў Госпад Ешуа.
Толькі статак а здабытак места гэтага заглабалі сабе сынове Ізраелявы, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае расказаў Ігошуі.
Ешуа спаліў горад і зрабіў з яго вечную магілу, пустыню аж да сённяшняга дня.
І спаліў Ігошуа Гай, і абярнуў яго ў кучу вечную, аж дагэтуль.
А цара Гайскага павесіў на дрэве аж да вечара; на захадзе сонца загадаў Ешуа, і знялі труп яго з дрэва, і кінулі яго ля самага ўваходу ў брамы горада, накідаўшы над ім вялікую кучу камянёў, якія захаваліся да сённяшняга дня.
А караля Гайскага засіліў на дзерве аж да вячэрнага часу; а па заходзе сонца загадаў Ігошуа, і спусьцілі труп ягоны зь дзерва, і кінулі яго ля брамы месцкае, і назьбіралі на яго вялікую крушню каменьня, што ёсьць аж дагэтуль.
Тады Ешуа паставіў ахвярнік Госпаду, Богу Ізраэля, на гары Гэбал,
Тады Ігошуа збудаваў аброчнік СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму, на гары Гэбал,
як загадаў Майсей, слуга Госпада, сынам Ізраэля і як запісана ў кнізе закону Майсея, ахвярнік з неапрацаваных камянёў, да якіх не дакранулася жалеза; на ім складзена было цэласпаленне Госпаду, і складалі ахвяры прымірэння.
Подле тога як расказаў Масей, слуга СПАДАРОЎ, сыном Ізраелявым, як напісана ў кнізе права Масеявага, аброчнік із камянёў суцэльных, на каторыя не нахіналі зялеза; і абраклі на ім усепаленьне СПАДАРУ, і зрабілі аброкі супакойныя.
І напісаў ён там на камянях копію закону Майсеевага, які напісаў Майсей для сыноў Ізраэля.
І напісаў там на камянёх адпіс права Масеявага, каторае ён напісаў перад сынамі Ізраелявымі.
А ўвесь народ, і яго старэйшыны, і кіраўнікі, і суддзі сталі з аднаго і другога боку каўчэга, супраць святароў і левіцкага роду, што носяць каўчэг запавету Госпада, як чужынцы, так і тутэйшыя. Палова іх стала каля гары Гарызім, і другая палова — каля гары Гэбал, як загадаў раней Майсей, паслугач Госпада, каб дабраславіць народ Ізраэля;
І ўвесь Ізраель а старцы ягоныя, нагляднікі а судзьдзі ягоныя сталі з тога й другога боку скрыні супроці сьвятароў а Левітаў, што носяць скрыню змовы СПАДАРОВАЕ, як чужаземцы, так і прыродныя жыхары, палавіца іх супроці гары Ґерызым, а палавіца іх супроці гары Гэвал, як уперад расказаў Масей, слуга СПАДАРОЎ, дабраславіць люд Ізраеляў.
потым прачытаў Ешуа ўсе словы закону, дабраславенне і праклён, паводле ўсяго таго, што было запісана ў кнізе закону.
І потым чытаў усі словы права, дабраславенства й кляцьбу, подле ўсёга, што напісана ў кнізе права.
Не апусціў Ешуа анічога з таго, што загадаў Майсей, але ўсё прачытаў перад усім сходам Ізраэля, перад жанчынамі, і дзецьмі, і чужынцамі, якія між іх пражывалі.
Ня было слова з усёга, што Масей расказаў, каторага Ігошуа не прачытаў бы перад усім зборам Ізраеля, і жанкамі, і дзецянятамі, і чужаземцам, што хадзіў памеж іх.