Ісуса сына Нава 5 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Такім чынам, усе цары амарэяў, якія пражывалі за Ярданам на заходнім баку, і ўсе цары Ханаана, якія валодалі землямі, блізкімі да Вялікага мора, пачулі, што Госпад высушыў воды Ярдана перад сынамі Ізраэля, аж пакуль яны не пераправіліся; аслабела ў іх сэрца, і страцілі яны адвагу перад сынамі Ізраэля.
 
І было, як пачулі ўсі каралі Аморэйскія, каторыя на гэтым баку Ёрдану, к мору, і ўсі каралі Канаанскія, каторыя ля мора, што высушыў СПАДАР ваду Ёрдану перад сынамі Ізраелявымі, пакуль пераходзілі яны, тады скволела сэрца іхнае, і ня стала ўжо ў іх духу перад сынамі Ізраелявммі.

У той час сказаў Госпад да Ешуа: «Зрабі сабе нажы каменныя і абрэж сыноў Ізраэля зноў, другі раз».
 
Таго часу сказаў СПАДАР Ігошуу: «Зрабі сабе мячы з крамянёў і ўзноў абрэж сыноў Ізраелявых другім наваратам».

Зрабіў ён нажы каменныя і абрэзаў сыноў Ізраэля на ўзгорку Аралот.
 
І зрабіў сабе Ігошуа мячы з крамянёў, і абрэзаў сыноў Ізраелявых на «Ўзгорку абразаньня».

А гэта прычына другога абразання: увесь народ мужчынскага роду, які выйшаў з Егіпта, усе ваяры памерлі, вандруючы па пустыні;
 
І во прычына, чаму абрэзаў Ігошуа ўвесь люд, каторы вышаў зь Ягіпту, мужчынаў: усі здольныя да вайны памерлі на пустыні на дарозе, па выхадзе зь Ягіпту;

яны ўсе былі абрэзаны. Народ жа, які нарадзіўся ў пустыні, не быў абрэзаны.
 
Бо абрэзаны быў увесь люд, што вышаў; але ўвесь люд, што радзіўся на пустыні на дарозе, па выхадзе зь Ягіпту, ня быў абрэзаны;

Сорак гадоў блукалі сыны Ізраэля па пустыні, пакуль не загінулі ўсе ваяры, людзі, якія выйшлі з Егіпта, якія не чулі голасу Госпада і якім Ён прысягнуў, што не пакажа ім зямлю, якою Ён прысягнуў бацькам іх, што дасць ім зямлю, што ацякае малаком і мёдам.
 
Бо сорак год хадзілі сынове Ізраелявы па пустыні, пакуль ня скончыўся ўвесь народ, здольны да вайны, што вышаў зь Ягіпту, каторыя ня слухалі голасу СПАДАРА, і каторым СПАДАР прысягаў, што яны не абачаць зямлі, праз каторую прысягаў СПАДАР бацьком іхным, даць нам зямлю, ідзе цячэць малако а мёд.

Сыны іх сталі на месца бацькоў і былі абрэзаны Ешуа, бо яны па нараджэнні не былі абрэзаны і ніхто іх у дарозе не абразаў.
 
А сыноў іхных, каторых устанавіў замест іх, абрэзаў Ігошуа, бо яны былі не абразаныя; бо не абразалі іх на дарозе.

А калі ўсе былі абрэзаны, заставаліся ў тым самым месцы лагерам, пакуль не ачунялі.
 
І было, як скончылі абразаць увесь народ, то заставаўся ен на сваіх месцах у табару, пакуль не ачуняў.

І сказаў Госпад да Ешуа: «Сёння зняў Я з вас ганьбу Егіпецкую». І названа было тое месца Галгал, і захавалася назва гэтая да сённяшняга дня.
 
І сказаў СПАДАР Ігошуу: «Сядні Я скаціў з вас ган ягіпецкі». Затым і завецца тое месца «Ґілґал», нават дагэгуль.

І заставаліся сыны Ізраэля ў Галгале, і чатырнаццатага дня месяца святкавалі пасху вечарам на раўнінах Ерыхонскіх;
 
І разьлягліся сынове Ізраелявы табарам у Ґілґале, і рабілі Пасху на чатырнанцаты дзень месяца ўвечары на раўнінах Ерыхонскіх.

і на другі дзень елі плады той зямлі, праснакі і зерне пражанае.
 
І елі з пладоў зямлі на другі дзень Пасхі праснакі а сушаныя зярняты таго ж дня.

Манна спынілася ад другога дня, калі пачалі есці плады той зямлі, і не елі ўжо гэтае ежы сыны Ізраэля, а харчаваліся ў той год пладамі зямлі Ханаанскай.
 
А манна перастала падаць назаўтрае, як яны елі з пладоў зямлі, і ня было болей манны ў сыноў Ізраелявых, але яны елі таго году плады зямлі Канаанскае.

Калі ж Ешуа быў на полі каля горада Ерыхона, падняў вочы і ўбачыў мужчыну, што стаяў насупраць яго, трымаючы аголены меч; і падышоў Ешуа да яго, і спытаўся: «Ці на нашым баку ты, ці на баку ворагаў нашых?»
 
І было, як быў Ігошуа ля Ерыхону, і ўзьняў вочы свае, і абачыў, і вось, чалавек стаіць перад ім, і ў руццэ ягонай меч на галі. Ігошуа падышоў да яго й сказаў яму: «Ці ты наш, ці зь непрыяцеляў нашых?»

Ён адказаў: «Не; я кіраўнік войска Госпада, і вось я прыйшоў». Тады Ешуа ўпаў вобліч і, пакланіўшыся, сказаў: «Што скажа Госпад слузе свайму?»
 
Ён сказаў: «Не; бо я вайводца войска СПАДАРОВАГА, цяпер прышоў». Ігошуа паў відам сваім на зямлю, і пакланіўся, і сказаў яму: «Што спадар мой скажа слузе свайму?»

І князь войска Госпада сказаў Ешуа: «Здымі абутак з ног тваіх: бо месца, на якім ты стаіш, — святое». І Ешуа зрабіў, як яму было загадана.
 
І сказаў вайводца войска СПАДАРОВАГА Ігошуі: «Здыймі вобуй свой з нагі свае, бо месца, на каторым ты стаіш, сьвятое». І зрабіў Ігошуа так.

А Ерыхон быў абкружаны мурам і замкнуўся перад сынамі Ізраэля, і ніхто не асмельваўся выходзіць з яго або ў яго ўваходзіць.