Мацьвея 3 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, абвяшчаючы ў пустыні Юдэйскай
і кажучы: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму».
Сам жа Ян меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежаю яго была саранча і дзікі мёд.
Тады выходзілі да яго Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдану,
і хрысьціліся ў яго ў Ярдане, вызнаючы грахі свае.
А ўбачыўшы мноства фарысэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: «Спараджэньні яхідны, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
Учыніце ж плод, годны навяртаньня,
і ня думайце гаварыць у думках сваіх: “Бацьку маем Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму.
Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; дык кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.
Я хрышчу вас у вадзе на навяртаньне, але Той, Хто ідзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варты несьці сандалы Ягоныя. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў агні.
Веялка Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасным».
Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, каб хрысьціцца ў яго.
Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: «Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?»
А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Пакінь цяпер; бо гэтак нам належыць споўніць усякую праведнасьць». Тады дапускае Яго.
І, ахрысьціўшыся, Ісус адразу ж выйшаў з вады, і вось, расчынілася Яму неба, і ўгледзеў Духа Божага, Які зыходзіў, як голуб, і прыходзіў на Яго.
І вось, голас з неба, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».