Мацьвея 3 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І ў тыя дні прыходзіць Яан Хрысьціцель, прапаведуючы ў пустэльні Юдэі
і кажучы: пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябёсаў.
Бо ён ёсьць той, пра якога сказаў Прарок Гісая: голас крычачага ў пустэльні: падрыхтуйце дарогу Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму. (Гісая 40:3).
Сам жа Яан меў сваё адзеньне зь вярблюдавага валосься і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежай ягонай была саранча і дзікі мёд.
Тады выходзіў да яго Ярузалім і ўся Юдэя і ўсё навакольле Ярдану.
І хрысьціліся ў яго ў Ярдане, спавядаючы грахі свае.
Убачыўшы ж многа хварысэяў і саддукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: вырадкі яхіднавыя! хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
Учыніце ж плады, вартыя пакаяньня.
І ня думайце гаварыць у саміх сабе: маем бацькам Абрагама. Бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых стварыць дзяцей Абрагаму.
Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць, бо ўсякае дрэва, якое ня прыносіць добрага плоду, высякаецца і кіда́ецца ў вагонь.
Я хрышчу вас у вадзе ў (знак вашага) пакаяньня; але Той, Хто ідзе за мною дужэйшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў вагні.
Гархва Ягоная ў Руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасальным.
Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яана хрысьціцца ў яго.
Яан жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне.
Але Ісус сказаў яму ў адказ: дапусьці цяпер, бо так належыць нам выканаць усякую Божую Волю. Тады (ён) дапускае Яго.
І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз жа выйшаў з вады. І вось адкрыліся Яму Нябёсы, і ўбачыў (Яан) Духа Божага, Які апускаўся, як галуб, і находзіў на Яго,
і вось Голас зь Нябёсаў гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якому спагадаю.