Мацьвея 24 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад Сьвятыні; і прыступіліся (да Яго) вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі Сьвятыні.
 

А Ісус сказаў ім: ці ня бачыце ўсё гэтае? Праўду кажу вам: ня застане́цца тут ка́меня на ка́мені, які ня застане́цца ня разбураным.
 

Калі ж Ён сядзеў на гары Аліваў, прыступіліся да Яго вучні насамоце, кажучы: скажы нам, калі гэта станецца? І які знак Твайго прышэсьця і сканчэньня веку?
 

І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: сьцеражыцеся, каб (ніхто) вас ня ўвёў у зман.
 

Бо многія прыйдуць пад Імем Маім, кажучы: «Я ёсьць Хрыстос», і многіх увядуць у зман.
 

Належыць жа (вам) пачуць пра варагаваньні і чуткі пра войны. Глядзеце, ня жахайцеся; бо ўсё гэтае мусіць стацца, але (гэтае) яшчэ ня канец.
 

Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць галады і моры і зямлітрасеньні па мясцох.
 

А ўсё гэтае — пачатак пакутаў.
 

Тады будуць выдаваць вас на пакуты і будуць забіваць вас; і вы будзеце зьнянавіджаныя ўсімі народамі за Імя Маё.
 

І тады многія будуць уведзеныя ў спакусу; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьнянавідзяць адзін аднаго.
 

І многія ілжывыя прарокі паўстануць і ўвядуць многіх у зман.
 

І ад памнажэньня бяззаконьня ў многіх асьцюдзянее (братняя) любоў.
 

А хто вытрывае да канца, той будзе ўратаваны.
 

І абвешчана будзе гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце, дзеля сьведчаньня ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
 

Дык вось, калі ўбачыце агіду спусташэньня, прадказаную праз Данілу прарока, стаячую на сьвятым мейсцы, — хто чытае, хай разумее, —
 

тады хто (будзе) у Юдэі, хай уцякаюць у горы;
 

хто на даху, хай ня зыхо́дзіць узяць што-небудзь з дому свайго.
 

І хто ў полі, няхай ня варочаецца назад узяць адзеньні свае.
 

Гора ж цяжарным і кормячым грудзьмі ў тыя дні!
 

Малецеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою ці ў суботу.
 

Бо тады будзе вялікі ўціск, якога ня было ад пачатку сьвету аж дагэтуль і ня будзе.
 

І калі б ня былі скарочаныя гэныя дні, ня было б уратавана ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя гэныя дні.
 

Тады калі хто скажа вам: вось тут Хрыстос, альбо там, — ня верце.
 

Бо будуць зьяўлены ілжэхрысты і ілжэпрарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, нават выбраных.
 

Вось, Я наперад сказаў вам.
 

Дык, калі скажуць вам: «вось Ён у пустэльні», — ня выходзьце; «вось (Ён) у сховах», — ня верце;
 

бо як бліскавіца выходзіць з усходу і відаць аж да захаду, гэтак будзе і прышэсьце Сына Чалавечага;
 

бо калі дзе труп (умярцьвёная плоць), там будуць сабраны арлы.
 

І адразу пасьля ўціску дзён гэных сонца будзе пакрыта цемрай, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы небаў будуць трасянуты.
 

І тады будзе яўлены знак Сына Чалавечага ў небе; і тады зарыдаюць усе плямёны зямлі і ўбачаць Сына Чалавечага ідучы на воблаках неба зь сілаю і славаю вялікай.
 

І пашле (Ён) Ангелаў Сваіх з моцным гукам трубы, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краёў небаў да краёў іхных.
 

Ад смакоўніцы вазьмеце параўнаньне: калі галінка яе ўжо робіцца мяккай і пускае лісьцё, дык ведаеце, што блізка лета.
 

Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, дык ведайце, што блізка, пры дзьвярох.
 

Праўду кажу вам: ня праміне род гэты, як усё гэтае станецца.
 

Неба і зямля прамінуць, але Словы Мае ня прамінуць.
 

А пра дзень гэны і гадзіну ніхто ня ведае, нават і Ангелы нябесныя, а толькі Ба́цька Мой адзін.
 

Але як (было) у дні Ноя, гэтак будзе і ў прышэсьце Сына Чалавечага.
 

Бо як было ў дні перад патопам: елі і пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, (як) увайшоў Ной у карабель.
 

І ня прынялі (пропаведзі Ноя), пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх: гэтак будзе і прышэсьце Сына Чалавечага.
 

Тады будуць у полі двое: аднаго забіраюць, а другога пакідаюць.
 

Дзьве мелючыя ў жорнах: адну забіраюць, а другую пакідаюць.
 

Будзьце на старо́жы, бо ня ведаеце ў якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.
 

Вы ж ведаеце тое, што калі б ведаў гаспадар дому ў якую варту прыйдзе злодзей, то быў бы на старо́жы, і ня даў бы падкапацца пад дом свой.
 

Дзеля гэтага і вы будзьце гатовы; бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце.
 

Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над прыслугаю сваёю, каб даваць ім яду ў пару?
 

Шчасьлівы той раб, якога гаспадар ягоны прыйшоўшы знойдзе, што робіць гэтак.
 

Праўду кажу вам, што над усімі маёнткамі сваімі паставіць яго.
 

Калі ж гэны нягодны раб скажа ў сэрцы сваім: марудзіць гаспадар мой зь вяртаньнем,
 

і пачне зьбіваць сваіх саслужбоўцаў ды есьці і піць з п’яніцамі, —
 

то прыйдзе гаспадар раба гэнага ў дзень, у які ня чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
 

і сурова пакарае яго, і вызначыць яму адну долю з крывадушнікамі; там будзе лямант і скрыгот зубоў.