Мацьвея 3 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага
І ў тыя дні прыходзіць Яан Хрысьціцель, прапаведуючы ў пустэльні Юдэі
А ў гэтыя дні прыйшоў Ян Хрысьціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай
і кажучы: пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябёсаў.
і кажучы: Пакутуйце, бо прыблізілася каралеўства Нябеснае.
Бо ён ёсьць той, пра якога сказаў Прарок Гісая: голас крычачага ў пустэльні: падрыхтуйце дарогу Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму. (Гісая 40:3).
Бо гэта той, аб каторым гаварыў прарок Ізаій (40:3), кажучы: «Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Пана, простымі робеце сьцежкі Яго»
Сам жа Яан меў сваё адзеньне зь вярблюдавага валосься і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежай ягонай была саранча і дзікі мёд.
А той Ян меў адзежу з вярблюдавай шэрсьці і раменны пояс каля паясьніцы сваей, а ядой яго была саранча і лясны мёд.
Тады выходзіў да яго Ярузалім і ўся Юдэя і ўсё навакольле Ярдану.
Тады выходзіў да яго Ерузалім, і ўся Юдэя, і ўвесь край каля Ярдану,
І хрысьціліся ў яго ў Ярдане, спавядаючы грахі свае.
спавядаючыся з грахоў сваіх.
Убачыўшы ж многа хварысэяў і саддукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: вырадкі яхіднавыя! хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
А бачачы многа фарызэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хросту, казаў: Родзе гадавы, хто вам паказаў уцякаць ад надыходзячага гневу?
Учыніце ж плады, вартыя пакаяньня.
Дык чынеце плод, дастойны пакуты.
І ня думайце гаварыць у саміх сабе: маем бацькам Абрагама. Бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых стварыць дзяцей Абрагаму.
І ня важцеся гаварыць самі ў сабе: «Айца маем Абрагама», бо я вам кажу, што Бог можа з гэтых каменьняў можа падняць сыноў Абрагаму.
Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць, бо ўсякае дрэва, якое ня прыносіць добрага плоду, высякаецца і кіда́ецца ў вагонь.
Бо ўжо сякера ля карэньня дзераваў паложана: дык кожнае дзерава, якое не дае добрага плоду, будзе сьцята і кінута ў вагонь.
Я хрышчу вас у вадзе ў (знак вашага) пакаяньня; але Той, Хто ідзе за мною дужэйшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў вагні.
Я то хрышчу вас вадою на пакуту, але той, каторы па мне прыйдзе, ёсьць мацнейшы за мяне і я ня варт нясьці абутак яго. Ён вас будзе хрысьціць Духам сьвятым і агнём.
Гархва Ягоная ў Руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасальным.
Веялка яго ў руцэ ягонай і Ён ачысьціць свой ток, і зьбярэ пшаніцу сваю ў сьвіран, а мякіну спаліць агнём няўгасным.
Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яана хрысьціцца ў яго.
Тады прыйшоў Езус з Галілеі на Ярдан, да Яна, каб ім быць ахрышчаным.
Яан жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне.
Але Ян не дапускаў яго, кажучы: Я павінен быць ахрышчаны табою, а ты прыходзіш да мяне?
Але Ісус сказаў яму ў адказ: дапусьці цяпер, бо так належыць нам выканаць усякую Божую Волю. Тады (ён) дапускае Яго.
Але Езус, адказваючы, сказаў яму: Пазволь цяпер, бо гэтак нам выпадае споўніць усю справядлівасьць. Тады дапусьціў яго
І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз жа выйшаў з вады. І вось адкрыліся Яму Нябёсы, і ўбачыў (Яан) Духа Божага, Які апускаўся, як галуб, і находзіў на Яго,
Каліж Езус быў ахрышчаны, зараз выйшаў з вады ім — і вось адчынілася яму неба і ўвідзеў Духа Божага, каторы спускаўся, як галуб, і зыходзіў на яго.
і вось Голас зь Нябёсаў гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якому спагадаю.
І вось голас з неба адазваўся: Гэта ёсьць сын мой мілы, у каторым мне да ўспадобы.