Мацьвея 4 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага
Тады Ісус быў заведзены Духам у пустэльню дзеля спакушэньня ад д’ябла.
Тады Езус быў заведзены Духам у пустыню, каб быў спакушваны д’яблам.
І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце згаладаўся.
А калі прапасьціў сорак дзён і сорак ночаў, потым пачуў голад.
І, падступіўшыся да Яго, спакусьнік сказаў: калі Ты Сын Бога, скажы, каб каменьні гэтыя зрабіліся хле́бамі.
І прыступіўшы спакусьнік сказаў яму: Калі ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні сталіся хлебам.
Ён жа, адказаўшы, сказаў: напісана: ня хлебам адным жыць будзе чалавек, але ўсякім словам, выходзячым з Вуснаў Бога.
Ён, адказваючы, сказаў: Напісана ёсьць: «Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Божых» (Пт. Пр. 8:3).
Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое места і стаўляе Яго на крыле Сьвятыні,
Тады ўзяў яго д’ябал у сьвяты горад і паставіў яго на крыле сьвятыні
і кажа Яму: калі Ты Сын Бога, кінься ўніз, бо напісана: «Ангелам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб (Ты) ня выцяўся аб камень Нагою Тваёю».
і сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься ўніз; бо ёсьць напісана: «Што анёлам сваім загадаў аб табе і на руках панясуць цябе, каб часам ня ўдарыў аб камень нагі сваей» (Пс. 90:11-12).
Ісус сказаў яму: зноў жа напісана: ня спакушай Госпада Бога твайго.
Сказаў яму Езус: Такжа напісана ёсьць: «Не спакушай Пана Бога твайго» (Пт. Пр. 6:16).
Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іхнюю.
Ізноў узяў яго д’ябал на гару вельмі высокую і паказаў яму ўсе каралеўствы сьвету і іх славу
І кажа Яму: усё гэтае дам Табе, калі ўпаўшы паклонішся мне.
і сказаў яму: Усё гэтае дам табе, калі ўпаўшы паклонісься мне.
Тады кажа яму Ісус: адыйдзі шатан, бо напісана: Госпаду, Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы.
Тады сказаў яму Езус: Адыйдзі шатане! Бо ёсьць напісана: «Пану Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Пт. Пр. 6:13).
Тады пакідае Яго д’ябал, — і вось, Ангелы прыступіліся і служылі Яму,
Тады пакінуў яго д’ябал — і вось анёлы прыступілі і паслугавалі яму.
Дачуўшыся ж, што Яан у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею.
Калі-ж Езус пачуў, што Ян быў выданы, адыйшоў у Галілею
І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоўшы асеў у Капэрнавуме прыморскім у межах Забулона і Нехталіма,
і, пакінуўшы места Назарэт, прыйшоў і асеў у Капарнауме прыморскім, у граніцах Забулон і Нэфталім,
каб збылося ска́занае праз Прарока Гісаю, які кажа:
каб споўнілася, што было сказана праз Ізаія прарока (9:1-2):
зямля Забулонава і зямля Нехталімава — дарога прыморская на тым баку Ярдану, Галілея паганская.
«Зямля Забулон і зямля Нэфталім, дарога прыморская за Ярданам, Галілея паганская і
Народ, які сядзіць у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, хто сядзіць у краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла ім.
Народ, каторы сядзеў у цемры, угледзеў сьвятло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне ценю сьмерці, узыйшла яснасьць».
З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябёсаў.
З таго часу пачаў Езус абвяшчаць і казаць: пакутуйце, бо прыблізілася каралеўства нябеснае.
Праходзячы ж каля мора Галілейскага Ісус убачыў двух братоў, Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідваюць сеткі ў мора, бо яны былі рыбакі.
А праходзячы каля мора Галілейскага, Езус убачыў двух братоў: Сымона, каторага завуць Пятром, і Андрэя, ягонага брата, закідаючых сеці ў мора, бо былі рыбакамі
І кажа ім: ідзіце за Мною, і (Я) зраблю вас лаўцамі чалавекаў.
і сказаў ім: Ідзеце за мной і я зраблю вас рыбакамі людзей.
І яны адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.
І адтуль прайшоўшы дале́й, убачыў (Ён) іншых двух братоў, Якуба Завядзеявага і Яана, брата ягонага, у чаўне з Завядзеям, бацькам іхным, праўлючых сеткі свае, і паклікаў іх.
А ідучы адтуль далей, убачыў двух другіх братоў: Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, з Зэбэдэям іхным бацькам у лодцы правячых свае сеці, і паклікаў іх.
І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
А яны зараз-жа, пакінуўшы сеці і бацьку, пайшлі за ім.
І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства (Бога) ды аздараўляючы ад усякай хваробы і ўсякай немачы людзей.
І абходзіў Езус усю Галілею, навучаючы ў іхных бажніцах і абвяшчаючы эванэлію каралеўства і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
І прайшла пра Яго чутка па ўсёй Сірыі, і прывялі да Яго ўсіх нямоглых, ахопленых рознымі хваробамі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спаралізаваных, і (Ён) аздаравіў іх.
І разыйшлася вестка аб ім па ўсей Сырыі і прыносілі да яго ўсіх нядужых, апанаваных рознымі хваробамі і болямі, і маючых нячыстых, і лунатыкаў, і спаралізаваных і аздаравіў іх.
І пайшлі за Ім мноствы народу з Галілеі і з Дзесяцігародзьдзя, і зь Ярузаліму, і зь Юдэі, і з-за Ярдану.
І ішлі за ім вялікія грамады з Галілеі, і Дэкаполу, і з Ерузаліму, і з Юдэі, і з-за Ярдану.