Мацьвея 9 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага
І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў і прыйшоў у Сваё места.
І ўвайшоў у лодку, пераплыў на другі бок і прыйшоў у свой горад.
І вось прынесьлі да Яго спаралізаванага, ляжачага на пасьцелі. І, убачыўшы веру іхную, Ісус сказаў спаралізаванаму: мацуйся дзіця! дараваны табе грахі твае.
І вось прынясьлі да яго спаралізаванага, ляжачага на пасьцелі. І Езус, бачачы веру іх, сказаў спаралізаванаму: Надзейся, сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.
І вось нікаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: Ён блюзьніць.
І вось некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: Ён блюзьніць.
І, убачыўшы іхныя думкі, Ісус сказаў: чаму вы думаеце злое ў сэрцах вашых?
Езус-жа, бачачы іхныя думкі, сказаў: Нашто вы думаеце благое ў сярцох вашых?
Бо што лягчэй сказаць: «дараваны табе грахі», ці сказаць: «устань і хадзі»?
Што лягчэй сказаць: «Адпушчаюцца табе грахі твае», ці сказаць: «Устань і хадзі»?
Але, каб (вы) ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — тады кажа спаралізаванаму: устаўшы, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.
Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі — тады кажа спаралізаванаму: Устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.
І, устаўшы, ён пайшоў у дом свой.
І ўстаў і пайшоў у дом свой.
Убачыўшы ж (гэтае), людзі зьдзівіліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
Грамады-ж, бачачы гэтае, праняліся страхам і славілі Бога, каторы даў такую ўладу людзям.
І калі Ісус праходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, называнага Мацьвеям, і кажа яму: «ідзі за Мною». І, устаўшы, ён пайшоў усьлед за Ім.
І калі Езус пайшоў адтуль, убачыў чалавека, сядзячага ля мытніцы, іменем Матэуш. І сказаў яму: Ідзі за мною І ён ўстаўшы, пайшоў за ім.
І сталася, як Ён узьляжаў у доме, і вось многія мытнікі і грэшнікі, прыйшоўшы, узьляглі зь Ісусам і вучнямі Ягонымі.
І здарылася, калі ён у доме сядзеў за сталом, вось многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і паселі за стол з Езусам і вучнямі яго.
І, убачыўшы, хварысэі сказалі вучням Ягоным: чаму ваш Настаўнік есьць (і п’е) з мытнікамі і грэшнікамі?
І ўбачыўшы фарызэі казалі вучням ягоным: Чаму ваш вучыцель есьць з мытнікамі і грэшнікамі?
А Ісус, пачуўшы (гэтае), сказаў ім: ня здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя.
А Езус, пачуўшы, сказаў: Ня трэба здаровым лекара, але хворым.
І, пайшоўшы, навучыцеся, што азначае: міласэрнасьці хачу, а ня ахвяры. Бо Я прыйшоў ня праведных, але грэшных заклікаць да пакаяньня.
Ідзеце-ж і навучэцеся, што значыць: «Міласэрдзя хачу, а не ахвяры». Бо я не прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.
Тады прыходзяць да Яго вучні Яанавы, кажучы: чаму мы і хварысэі посьцім шмат, а вучні Твае ня посьцяць?
Тады падыйшлі да яго вучні Яна, кажучы: Чаму мы і фарызэі посьцім часта, а твае вучні ня посьцяць?
І сказаў ім Ісус: ня могуць сыны вясельнага палацу сумаваць, пакуль зь імі Малады. Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх Малады, і тады будуць пасьціць.
І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць сумаваць прыяцелі маладога, пакуль з імі ёсьць малады? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога — і тады будуць пасьціць.
І ніхто ня прышывае латкі зь нябеленай тканіны да старой адзежыны; бо аддзярэцца ад адзежыны прышытае, і дзірка будзе большай.
І ніхто на старую вопратку не кладзе латкі з старога сукна, бо яна рве вопратку і робіцца горшая дзіра.
І ня ўліваюць віна маладога ў мяхі старыя, бо мяхі разрываюцца, і віно выцякае, і мяхі прападуць, але віно маладое ўліваюць у мяхі новыя, тады і тое і другое захоўваецца.
І не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо інакш разрываюцца мяхі, і віно разьліваецца, і мяхі прападаюць. Але новае віно ўліваюць у новыя мяхі — і адно і другое астаюцца цэлымі.
Калі гэта Ён гаварыў ім, вось начальнік, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: дачка мая толькі што памерла; але, прыйшоўшы, ускладзі Руку Тваю на яе, і ажыве.
Калі ён гэтае да іх гаварыў, вось падыйшоў адзін старшы і кланяўся яму, кажучы: Пане, дачка мая толькі-што памярла, але прыйдзі, улажы на яе руку тваю і будзе жыць.
І, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
І ўстаўшы, пайшоў за ім Езус і вучні яго.
І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутуе ад крывацечы, падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Ягонай;
І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на цеч крыві, падыйшла ззаду і дакранулася да краю вопраткі ягонай.
бо яна гаварыла сама ў сабе: калі толькі дакрануся вопраткі Ягонай, буду аздароўлена.
Бо яна казала сама ў сабе: Калі толькі дакрануцца да вопраткі яго, буду здарова.
Ісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся дачка! вера твая выратавала цябе. І жанчына (гэная) з тае пары была аздароўлена.
А Езус, абярнуўшыся і ўгледзеўшы яе, сказаў: Надзейся, дачка, вера твая цябе аздаравіла. І жанчына стала здаровай ад гэнай гадзіны.
І, прыйшоўшы ў дом начальніка, і, убачыўшы жалейнікаў і жалобна лямантуючы народ, Ісус
І калі прыйшоў Езус у дом старшага, і ўгледзеў жалейнікаў і шумячую грамаду, сказаў:
кажа ім: выйдзіце, бо ня памерла дзяўчына, але сьпіць. І насьміхаліся над Ім.
Адступецеся, бо дзяўчынка не ўмярла, але сьпіць. І насьмяхаліся з яго.
Калі ж людзей выслалі, увайшоўшы, (Ён) узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала.
Калі-ж выправілі народ, ён увайшоў і ўзяў яе за руку — і дзяўчынка ўстала.
І разьнеслася чутка пра гэта па ўсёй гэнай зямлі.
І разыйшлася гэтая вестка па ўсей гэнай краіне.
І калі Ісус ішоў адтуль, усьлед за Ім пайшлі двое сьляпых, моцна крычучы і кажучы: памілуй нас, Сын Давіда!
І калі Езус ішоў аддтуль, пайшлі за ім два сьляпыя, каторыя крычалі, кажучы: Зжалься над намі, Сыне Давіда!
І калі (Ён) прыйшоў у дом, прыступіліся да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу гэта зрабіць? Кажуць Яму: так, Госпадзе!
Калі-ж прыйшоў у дом, прыступілі да яго сьляпыя. І кажа ім Езус: Ці вы верыце, што я вам магу гэтае зрабіць? Кажуць яму: Так, Пане.
Тады (Ён) дакрануўся да вачэй іхных, кажучы: па веры вашай хай станецца вам.
Тады ён дакрануўся да вачэй іх,
І расчыніліся вочы іхныя; а Ісус строга загадаў ім, кажучы: глядзіце, каб ніхто ня даведаўся!
кажучы: Глядзеце, каб ніхто ня ведаў.
А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй гэнай зямлі.
Яны-ж, выйшаўшы, абвясьцілі аб ім па ўсей гэнай краіне.
Калі ж тыя выходзілі, вось прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
Калі-ж яны выйшлі, вось прывялі да яго чалавека нямога, маючага д’ябэльства.
І калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў. І людзі дзівіліся, кажучы: ніколі ня бывала такога ў Ізраэлю.
І калі быў выгнаны д’ябал, прагаварыў нямы, а грамады дзівіліся, кажучы: Ніколі ня бывала гэтак у Ізраілю.
А хварысэі казалі: сілаю князя дэманаў выганяе (Ён) дэманаў.
А фарызэі гаварылі: Ён выганяе д’ябла сілай д’ябэльскага князя.
І праходзіў Ісус ўсе месты і сёлы, вучачы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
І хадзіў Езус па ўсіх гарадох і вёсках, вучачы ў іхных бажніцах і абвяшчаючы эванэлію каралеўства і аздараўляючы ўсякую хворасьць і ўсякую немач.
Убачыўшы ж людзей, (Ён) зьлітаваўся над імі, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі бяз пастуха.
Гледзячы-ж на грамаду, шкадаваў іх, што былі зьняможаны і ляжалі, як авечкі, ня маючыя пастыра.
Тады кажа вучням: сапраўды жніво багатае, ды работнікаў мала.
Тады казаў сваім вучням: Жніво-то вялікае, але работнікаў мала,
Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё.
дык прасеце Пана жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво.