Мацьвея 7 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Ня судзіце, каб і вам ня быць засуджанымі.
 
Ня судзеце, каб вас ня судзілі.

Бо якім судом судзіце, (такім і) будзеце суджаны. І якою меркаю мераеце, гэткай і вам будзе адмерана.
 
Бо якім судом вы асудзіце, такім і вас будуць судзіць, і якой меркай вы адмерыце, такой і вам адмераць.

І што ты выглядаеш парушынку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня адчуваеш?
 
Чаму ты бачыш трэсачку ў воку брата твайго, а палена ў воку сваім ня відзіш?

Альбо як скажаш брату твайму: дай, я выму парушынку з вока твайго; а вось у тваім воку бервяно?
 
Або як ты скажаш свайму брату: «Дай, я выйму трэсачку з вока твайго», а вось палена ёсьць у воку тваім?

Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно з вока твайго і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
 
Крывадушнік, выкінь перш палена з вока твайго, а тады пабачыш, як дастаць трэсачку з вока брата твайго.

Ня давайце сьвятога сабакам і ня кíдайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб ня патапталі іх нагамі сваімі, і адвярнуўшыся, ня разарвалі вас.
 
Не давайце таго, што сьвятое, сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб часам не патапталі іх сваімі нагамі і, адвярнуўшыся, не разарвалі вас.

Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і будзе вам адчынена.
 
Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і будзе вам адчынена.

Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму будзе адчынена.
 
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць; і таму, хто стукае, адчыняць.

Ці ёсьць сярод вас які чалавек, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, то падасьць яму камень?
 
Або ці ёсьць паміж вамі такі чалавек, каторы даўбы свайму сыну камень, каліб ён папрасіў у яго хлеба?

І калі папросіць рыбы, то падасьць яму зьмяю?
 
Або каліб папрасіў рыбы, то няўжо даўбы яму зьмяю?

Дык вось, калі вы, будучы благімі, умееце даваць дары добрыя дзецям вашым, тым больш Ба́цька ваш, Які ёсьць у Нябёсах, дасьць даброты тым, хто папросіць у Яго.
 
Дык калі вы, будучы благімі, умееце даваць добрыя дары сваім дзецям, наколькі болей Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, дасьць добрае просячым у Яго!

Пагэтаму заўсёды, як хочаце, каб людзі ставіліся да вас, так і вы стаўцеся да іх. Бо ў гэтым ёсьць (сэнс) Закону і Прарокаў.
 
Дыу усё, што толькі вы хочаце, каб вам людзі рабілі і вы ім рабеце. Бо гэта ёсьць закон і прарокі.

Уваходзьце цераз уваход вузкі, бо шырокі ўваход і вольны той шлях, які вядзе да загубы, і многія ідуць па ім;
 
Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторная ёсьць дарога, якая вядзе на загубу і шмат ёсьць, што ўваходзяць праз яе:

бо вузкі ўваход і цесны той шлях, які вядзе ў жыцьцё, і нямногія знаходзяць яго.
 
Як-жа цесная брама і вузкая ёсьць дарога, якая вядзе да жыцьця і мала такіх, што знаходзяць яе!

Дык асьцерагайцеся ад ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым выглядзе, а ўнутры (яны) ваўкі драпежныя.
 
Сьцеражэцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай шкуры, а ўнтры яны ваўкі рвучыя.

Па пладох іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы?
 
Па іхных пладох пазнаеце іх. Ці-ж зьбіраюць з церняў вінаград, або з асату фігі?

Гэтак, усякае дрэва добрае прыносіць плады добрыя, а пашкоджанае дрэва прыносіць плады благія.
 
Гэтак усякае добрае дзерава дае добрыя плады, а благое дзерава дае благія плады.

Ня можа дрэва добрае прыносіць плады благія, а дрэва сапсаванае — прыносіць плады добрыя.
 
Ня можа добрае дзерава даваць благіх пладоў, ані благое дзерава даваць добрых пладоў.

Усякае дрэва, якое ня прыносіць плоду добрага, сьсякаюць і кіда́юць у вагонь.
 
Усяе дзерава, што не даець добрага плоду, будзе зрубана і кінута ў вагонь.

Дык вось, па пладох іхніх пазнаеце іх.
 
Дык па іхных пладох пазнаеце іх.

Ня ўсякі, хто кажа Мне: Госпадзе! Госпадзе! увойдзе ў Валадарства Нябёсаў, а той, хто выконвае волю Ба́цькі Майго, Які (ёсьць) у Нябёсах.
 
Ня ўсякі, хто мне кажа: «Пане, Пане», увойдзе ў каралеўства нябеснае, але хто спаўняе волю Айца майго, каторы ёсьць у небе, той увойдзе ў каралеўства нябеснае.

Многія скажуць Мне ў той дзень: Госпадзе! Госпадзе! ці ня Тваім Імем (мы) прарочылі? і ці ня Тваім Імем (мы) выганялі дэманаў, і ці ня Тваім Імем (мы) многія цуды ўчынялі?
 
Многія скажуць мне ў той дзень: «Пане, Пане, ці-ж не тваім іменем мы прарочылі, ці-ж не тваім іменем выганялі д’яблаў, ці-ж не тваім іменем чынілі многа цудаў?»

І тады абвяшчу ім: (Я) ніколі ня ведаў вас; адыйдзецеся ад Мяне (вы), што чыніце бяззаконьне.
 
І тады заяўлю ім: Што я ніколі ня знаў вас, адыйдзеце ад мяне вы, што чыніцё нягоднасьць.

Дык вось, кожнага, хто слухае Словы Мае гэтыя і выконвае іх, прыпадоблю яго да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на камені.
 
Дык кожны, хто слухае гэтых слоў маіх і выпаўняе іх, будзе падобны да мудрага чалавека, каторы збудаваў дом свой на камені.

І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо быў пастаўлены на камені.
 
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і рынулі на гэны дом — і ня ўпаў ён, бо быў пастаўлены на камені.

А ўсякі, хто слухае Словы Мае гэтыя і ня выконвае іх, прыпадоблены будзе чалавеку няразумному, які пабудаваў дом свой на пяску;
 
А ўсякі, хто слухае гэтых слоў маіх і не выпаўняе іх, будзе падобны да неразумнага чалавека, які збудаваў дом свой на пяску.

і пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той, і ён заваліўся, і было падзеньне ягонае вялікае.
 
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і рынулі на гэны дом — і заваліўся ён, і вялікая была яго руіна.

І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, людзі дзівіліся вучэньню Ягонаму:
 
І сталася, калі Езус скончыў гэтыя словы, дзівіліся грамады з яго навукі.

бо Ён вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а ня як кніжнікі.
 
Бо ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, а не як іхныя кніжнікі і фарызэі.