Выхад 7 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Глядзі, Я паставіў цябе як Бога для фараона, а Аарон, брат твой, будзе прарокам тваім.
Ты будзеш гаварыць усё, што Я загадаю табе, а Аарон, брат твой, будзе гаварыць да фараона, і ён адпусьціць сыноў Ізраіля з зямлі сваёй.
І Я зраблю цьвёрдым сэрца фараона, і памножу знакі Мае і цуды Мае ў зямлі Эгіпецкай.
І не паслухае вас фараон, і Я пакладу руку Маю на Эгіпет, і выведу войска Маё, народ Мой, сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай праз суды вялікія.
І даведаюцца Эгіпцяне, што Я — ГОСПАД, калі выцягну руку Маю на Эгіпет і выведу сыноў Ізраіля спаміж іх».
І зрабілі [так] Майсей і Аарон; як загадаў ім ГОСПАД, так яны і ўчынілі.
І Майсею было восемдзясят гадоў, а Аарону — восемдзясят тры гады, калі прамаўлялі яны да фараона.
І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону, кажучы:
«Калі скажа вам фараон, кажучы: “Дайце ваш цуд”, ты скажы Аарону: “Вазьмі кій твой і кінь перад фараонам”; і ён станецца цмокам».
І прыйшоў Майсей і Аарон да фараона, і ўчынілі так, як загадаў ГОСПАД. І кінуў Аарон кій свой перад фараонам і перад слугамі ягонымі, і ён стаўся цмокам.
І паклікаў фараон мудрацоў і чараўнікоў, і ўчынілі варажбіты Эгіпецкія варажбою сваёю тое самае.
І кінуў кожны кій свой, і яны сталіся цмокамі, але праглынуў кій Ааронаў кіі іхнія.
Але зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як гаварыў ГОСПАД.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Закамянела сэрца фараона; ён адмаўляецца адпусьціць народ.
Ідзі да фараона раніцаю. Вось, ён выйдзе да вады, а ты стань насупраць яго на беразе ракі; і кій, які перамяняўся ў зьмея, возьмеш у руку тваю.
І скажы яму: “ГОСПАД, Бог Гебраяў, паслаў мяне да цябе, кажучы: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне ў пустыні". І вось, ты не паслухаў аж да цяпер.
Гэтак кажа ГОСПАД: "З гэтага ты даведаешся, што Я — ГОСПАД". Вось, я ўдару кіем, які ў руцэ маёй, па вадзе, якая ў рацэ, і яна пераменіцца ў кроў,
і рыба, якая ў рацэ, здохне, і рака засьмярдзіць, і агідна будзе Эгіпцянам піць ваду з ракі”».
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону: “Вазьмі кій твой і выцягні руку тваю на воды Эгіпту, на рэкі іхнія, на ручаі іхнія, на сажалкі іхнія і на ўсялякія ставы водаў іхніх; і стануцца яны крывёй, і будзе кроў па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і ў [начыньнях] драўляных і каменных”».
І зрабілі Майсей і Аарон так, як загадаў ГОСПАД. І падняў ён кій, і ўдарыў па вадзе, якая ў рацэ, перад вачыма фараона і перад вачыма слугаў ягоных, і перамянілася ўся вада, якая ў рацэ, у кроў.
І рыба, якая ў рацэ, падохла, і засьмярдзела рака, і не маглі Эгіпцяне піць вады з ракі; і была кроў у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
І зрабілі гэтаксама варажбіты Эгіпецкія варажбою сваёю. І зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як і казаў ГОСПАД.
І павярнуўся фараон, і пайшоў у дом свой; і не зьвярнуў сэрца свайго да гэтага.
І капаў увесь Эгіпет вакол ракі ваду, каб піць, бо не маглі піць вады з ракі.
І споўнілася сем дзён пасьля таго, як ГОСПАД ударыў раку.