Дзеі 20 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Калі забурэнне сціхла, Паўла, паклікаўшы вучняў і падбадзёрыўшы іх, развітаўся і выправіўся, каб ісці ў Мацэдонію.
А калі сьціхла замяшаньне, Павал, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, пайшоў, каб ісьці ў Македонію.
Калі ж прайшоў тыя мясціны і ўмацаваў іх многімі словамі, прыбыў у Грэцыю.
Прайшоўшы ж тыя краіны і многімі словамі падбадзёрыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю.
І, калі прабыў там тры месяцы, то юдэі ўчынілі супраць яго змовы, дык ён сабраўся плыць у Сірыю, і меў намер вяртацца праз Мацэдонію.
І прабыўшы тры месяцы, калі сталася змова супраць яго ў Юдэяў, вырушыў у Сірыю, і прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію.
Праводзілі яго Сапатэр з Бэрэі, Арыстарх і Секунд з Тэсалонікі, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з азійцаў — Тыхік і Трафім.
А праводзілі яго да Азіі Сапатэр з Бэрэі, а з Тэсалонцаў — Арыстарх і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азійцаў — Тыхік і Трафім.
Яны пайшлі наперад ды чакалі нас у Траадзе,
Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Траадзе.
а мы паплылі з Піліпаў па свяце праснакоў ды цераз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.
А мы паплылі былі пасьля дзён праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе былі сем дзён.
У першы дзень пасля суботы, калі сабраліся вучні на ламанне хлеба, Паўла, які назаўтра меў выбрацца ў дарогу, гутарыў з імі ды зацягнуў прамову да поўначы.
А ў першы дзень пасьля суботы, калі вучні сабраліся пераламіць хлеб, Павал вёў гутарку з імі, маючы на заўтра выйсьці, і зацягнуў слова да паўночы.
І многа светачаў гарэла ў святліцы, дзе былі мы сабраны.
Было ж даволі лямпаў у залі, дзе яны сабраліся.
А адзін юнак, на імя Яўтых, сядзеў на акне, і забыўся глыбокім сном, бо Паўла доўга гаварыў, і, змораны сном, зваліўся з трэцяга паверха ўніз, і паднялі яго мёртвага.
А нейкі юнак, на імя Эўтых, які сядзеў на вакне і глыбока заснуў, як Павал доўга вёў гутарку, змораны ў сьне, упаў з трэцяга паверху ўніз і быў падняты мёртвы.
Тады Паўла сышоў на ніз, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: «Не трывожцеся, бо душа яго ў ім».
Павал жа, зыйшоўшы, упаў да яго і, абняўшы, сказаў: «Не хвалюйцеся, бо душа ягоная ў ім».
І, узышоўшы наверх, ламаў хлеб і еў, а потым навучаў яшчэ доўга, аж да світання, а потым выбраўся ў дарогу.
І, узыйшоўшы і пераламіўшы хлеб, і пакаштаваўшы, гутарыў даволі аж да сьвітаньня, і гэтак пайшоў.
А юнака прывялі жывога на вялікую ўсіх радасць.
А хлопца таго прывялі жывога і ўсьцешыліся нямала.
Мы ж, сеўшы на карабель, паплылі ў Ас, адкуль мелі ўзяць Паўлу, бо ён так загадаў, хочучы сам ісці пехатой.
А мы, пайшоўшы наперад да карабля, вырушылі ў Ас, маючы забраць адтуль Паўла, бо гэтак ён загадаў, маючы сам ісьці пехатою.
Калі пераняў нас у Асе, узяўшы яго, мы адправіліся ў Мітылену
Калі ж ён зыйшоўся з намі ў А́се, узяўшы яго, мы прыйшлі ў Мітылену.
і, адплыўшы адтуль, апынуліся назаўтра насупраць Хіёса, а наступнага дня прыбылі ў Самос і, пабыўшы ў Трагілеце, на наступны дзень дабраліся да Мілета,
Паплыўшы адтуль, мы на заўтра былі насупраць Хіёса, а на наступны дзень прысталі да Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыйшлі ў Мілет,
бо Паўла вырашыў абмінуць Эфес, каб не было яму затрымкі ў Азіі, бо спяшаўся па магчымасці адзначыць Пяцідзесятніцу ў Ерузаліме.
бо Павал судзіў абмінуць Эфэс, каб не губляць часу ў Азіі, бо ён сьпяшаўся быць, калі магчыма, у дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусаліме.
З Мілета паслаўшы ў Эфес, склікаў ён старэйшых царквы.
А з Мілету, паслаўшы ў Эфэс, ён паклікаў старостаў царквы.
А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім: «Вы ведаеце, якім я быў між вамі ад першага дня, калі прыбыў у Азію, ды ўвесь час,
Калі ж яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: «Вы ведаеце, як я ад першага дня, у які прыйшоў у Азію, увесь час быў з вамі,
служачы Госпаду з усёй пакораю, і ў многіх слязах, і ў выпрабаваннях, якія напаткалі мяне з прычыны подступаў юдэйскіх;
служачы Госпаду з усёй пакораю і з многімі сьлязьмі і спакусамі, якія здараліся са мною ад змоваў Юдэйскіх,
як я нічога не прапусціў карыснага, каб вам не абвясціць, ды вучыў вас публічна і па дамах,
як не абмінуў я нічога карыснага, каб не абвясьціць вам і не навучаць вас перад грамадою і па дамах,
сведчучы як юдэям, так і грэкам навярнуцца да Бога і верыць Госпаду нашаму Ісусу Хрысту.
сьведчачы і Юдэям, і Грэкам пра навяртаньне да Бога і пра веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
І вось, цяпер я, прынуканы Духам, іду ў Ерузалім, не ведаючы, што мяне там напаткае.
І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ерусалім, ня ведаючы, што там сустрэне мяне,
У адным толькі запэўнівае мяне Дух Святы ва ўсіх гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і гора.
адно Дух Сьвяты сьведчыць па гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і прыгнёт.
Але я не дбаю лішне пра сваю душу, абы толькі ў радасці завяршыць шлях мой і служэнне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса: сведчыць пра Евангелле ласкі Божай.
Але я аніяк не зважаю на гэта і ня дбаю пра сваё жыцьцё, абы толькі ў радасьці скончыць бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса — сьведчыць пра Эва́нгельле ласкі Божае.
І цяпер, вось, ведаю, што ўжо больш не ўбачыце вобліку майго вы ўсе, з якімі я сустракаўся, прапаведуючы Валадарства Божае.
І цяпер вось ведаю, што больш ня ўгледзіце аблічча майго вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Божае.
Дзеля таго запэўніваю вас сёння, што я чысты ад крыві ўсіх,
Дзеля гэтага сьведчу вам у сёньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,
бо я не ўхіляўся, каб прапаведаваць вам усю волю Божую.
бо не ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
Зважайце ж на сябе і на ўвесь статак, над якім паставіў вас Дух Святы епіскапамі, каб пасвіць царкву Бога, якую Ён здабыў Сваёй Крывёй.
Дык сьцеражыце самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за епіскапаў пасьвіць царкву Божую, якую Ён здабыў уласнай крывёю.
Бо я ведаю, што па маім зыходзе ўварвуцца да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка,
Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня будуць шкадаваць статак,
ды паміж вас саміх знойдуцца людзі, што будуць прамаўляць адваротнае, каб пацягнуць за сабой вучняў.
і спасярод вас саміх паўстануць людзі, якія будуць гаварыць сапсавана, каб пацягнуць вучняў за сабою.
Таму чувайце, памятаючы, што я на працягу трох гадоў днём і ўночы не пераставаў са слязамі настаўляць кожнага з вас.
Дзеля гэтага чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў са сьлязьмі настаўляць кожнага з вас.
І цяпер, браты, даручаю вас Богу ды слову ласкі Яго, якое мае магутнасць збудаваць ды даць вам спадчыну з усімі святымі.
І цяпер я аддаю вас, браты, Богу і слову ласкі Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі, хто асьвечаны.
Не квапіўся я ні на чыё срэбра, ані на золата, ані на адзенне.
Ані срэбра, ані золата, ані адзеньня я ні ад каго не жадаў.
Самі ж ведаеце, што гэтыя рукі зараблялі на тое, што было патрэбна мне і тым, што са мною.
Вы ж самі ведаеце, што ў патрэбах маіх і тых, што былі са мною, паслугавалі рукі гэтыя.
Ва ўсім паказваў я вам, што, так працуючы, трэба ўспамагаць нядужым і памятаць словы Госпада Ісуса, Які казаў: “Шчаслівей даваць, чым браць”».
У-ва ўсім перасьцерагаў я вас, што, гэтак працуючы, мусім падтрымліваць нядужых і памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: “Шчасьлівей даваць, чым браць”».
Па гэтых словах упаўшы на калені свае, маліўся разам з усімі.
І, сказаўшы гэтае і ўкленчыўшы, ён маліўся з імі ўсімі.
І стаўся плач вялікі паміж усіх, і кідаліся Паўлу на шыю ды цалавалі яго,
Стаўся ж вялікі плач ва ўсіх, і кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго,
сумуючы вельмі з-за слова, якое ён сказаў, што больш не ўбачаць вобліку яго. І правялі яго да карабля.
сумуючы найбольш дзеля слова, якое ён сказаў, што ўжо больш ня будуць бачыць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.