Лікі 32 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Сыны ж Рубэна і Гада мелі многа жывёлы. Калі яны ўбачылі зямлю Язэр і Галаад, прыдатныя на гадоўлю быдла,
прыйшлі яны да Майсея, і Элеязэра, і кіраўнікоў супольнасці і сказалі ім:
«Атарот, Дыбон, Язэр, Нэмра, Хесебон, Элеале, Сабам, Наба і Бэон, —
зямля, якую Госпад ударыў у прысутнасці супольнасці Ізраэля, край найураджайнейшы, прыдатны для гадоўлі жывёлы, і мы, паслугачы твае, маем вельмі многа жывёлы».
І далей казалі: «Калі мы знайшлі ласку ў цябе, дай гэтую зямлю паслугачам сваім ва ўласнасць, не пераводзь нас за Ярдан».
Адказаў ім Майсей: «Няўжо, калі браты вашы пойдуць ваяваць, вы тут будзеце сядзець?
Чаму вы стрымліваеце сэрцы сыноў Ізраэля, каб не мелі яны адвагі перайсці ў зямлю, якую ім мае даць Госпад?
Ці не так зрабілі бацькі вашы, калі паслаў я іх з Кадэс-Барнэ выведаць зямлю?
Калі дайшлі яны аж да даліны Нэгэлескал, выведаўшы ўвесь той край, стрымалі яны сэрцы сыноў Ізраэля, каб не ішлі ў зямлю, якую прызначыў ім Госпад.
І Госпад, узгарэўшыся гневам, прысягнуў, кажучы:
“Не ўбачаць гэтыя людзі, што выйшлі з Егіпта, дваццаці гадоў і вышэй, зямлі, якую Госпад пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу; бо не пажадалі Мяне слухаць,
апрача Калеба, сына Ефоны, кенэзея, і Ешуа, сына Нуна, бо яны слухалі Госпада!”
І, узгневаўшыся на Ізраэля, Госпад вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не вымерла ўсё пакаленне, якое рабіла зло перад абліччам Госпада.
Вось, і вы, род ліхіх людзей, як і бацькі вашы, узбунтаваліся, каб павялічыць гнеўнае абурэнне Госпадава на Ізраэль.
Калі зноў не пажадаеце слухаць Яго, зноў будзе Ён вадзіць вас па пустыні вакол і вы будзеце прычынай гібелі ўсіх».
А яны падышлі бліжэй да яго і сказалі: «Мы пабудуем загарадзі для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых;
а самі, узброеныя і падпяраэзаныя, пойдзем ваяваць перад сынамі Ізраэля, пакуль не ўвядзём іх у іх мясціны. Дзеці нашы будуць жыць у гарадах, абмураваных дзеля падкопаў ад жыхароў зямлі гэтай.
Не вернемся мы ў дамы нашы, пакуль не завалодаюць сыны Ізраэля сваёй ўласнасцю;
і мы не будзем шукаць нічога за Ярданам або далей, бо ўжо маем сваю ўласнасць на ўсходнім беразе Ярдана».
Майсей адказаў ім: «Калі ўчыніце так, як вы сказалі, калі будзеце дзеля Госпада гатовыя да бою
і калі кожны мужчына-змагар, узброены, пяройдзе Ярдан, аж пакуль Госпад не выганіць ворагаў Сваіх перад Сабою,
і па авалоданні ўсёй гэтаю зямлёй вернецеся вы ў гэтую зямлю, тады не будзеце вінаватыя перад Госпадам і перад Ізраэлем і возьмеце гэтую зямлю ва ўласнасць перад Госпадам.
А калі тое, што кажаце, не споўніце, вы, несумненна, зграшыце перад Госпадам; і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.
Дык будуйце гарады дзецям вашым і загарадзі для авечак, і тое, што абяцалі, споўніце».
І сыны Гада і Рубэна сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, зробім усё, што загадвае гаспадар наш:
нашы дзеці, жанчыны, статкі і ўючная жывёла застануцца ў гарадах Галаадскіх;
а паслугачы твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам Госпада на вайну, як загадваеш ты, гаспадар наш».
Дык Майсей загадаў святару Элеязэру, і Ешуа, сыну Нуна, і кіраўнікам родаў усіх пакаленняў Ізраэля
і сказаў ім: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць раку Ярдан, усе ўзброеныя, каб перад абліччам Госпада ваяваць, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім Галаад ва ўласнасць.
А калі не пажадаюць разам з вамі, узброеныя, ісці ў зямлю Ханаан, хай атрымаюць месцы для пасялення паміж вас».
І сыны Гада і сыны Рубэна адказалі: «Як загадаў Госпад паслугачам Сваім, так зробім.
Узброеныя, самі пойдзем перад абліччам Госпада ў зямлю Ханаан; і возьмем уласнасць нашую за Ярданам».
Такім чынам, даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакалення Манасы, сына Язэпа, царства Сэгона, цара амарэяў, і царства Ога, цара Басана, зямлю з гарадамі яе і межамі, гарады яе, што навокал.
І пабудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,
Атрот-Сафан, Язэр і Егбаа,
і Бэтнэмру і Бэтаран, абмураваныя гарады, і загарадзі для сваіх статкаў.
Сыны ж Рубэна будавалі Хесебон, Элеале і Карыятаім,
Нэба, Баал-Мэон, змяніўшы іх назвы, а таксама Сабаму, даючы назвы гарадам, якія адбудавалі.
А сыны Махіра, сына Манасы, пайшлі ў Галаад і занялі яго, выгнаўшы амарэяў, што жылі ў ім.
Дык даў Майсей Галаад Махіру, сыну Манасы, які і абжыўся ў ім.
Яір жа, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі амарэяў, якія назваў Гавот Яір.
Нобэ таксама выйшаў, і захапіў Канат з яго ваколіцамі, і назваў яго сваім імем — Нобэ.