Да Эфэсянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Цяпінскага
І вы былі памерлымі праз правіны і грахі,
у якіх калісьці хадзілі паводле гэтага веку, па волі князя ўлады паветранай, духа, які дзейнічае цяпер у сынах бунту.
Між імі і мы калісьці жылі ўсе ў пажадлівасцях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі мы па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя.
Але Бог, багаты міласэрнасцю, праз бязмежную любоў Сваю, якою ўзлюбіў нас
і, хоць былі мы мёртвымі праз грахі, ажывіў нас з Хрыстом, — ласкаю вы збаўлены, —
і ўваскрасіў разам, і пасадзіў разам у нябёсах у Хрысце Ісусе,
каб у наступных вяках выявіць нам незвычайныя багацці ласкі Сваёй у ласкавасці да нас у Хрысце Ісусе.
Бо ласкаю вы збаўлены праз веру, і гэта не ад вас, але Божы дар;
не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся.
Бо мы — Яго стварэнне, створаныя ў Хрысце Ісусе для добрых спраў, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх жылі.
Дзеля таго памятайце, што вы, калісьці пагане целам, якіх завуць неабрэзанымі тыя, што называюцца абрэзанымі абразаннем на целе рукатворным,
у той час былі без Хрыста, адчужаныя ад супольнасці з Ізраэлем і аддаленыя ад абяцанняў запаветаў, не маючы надзеі і без Бога ў свеце.
Цяпер жа ў Хрысце Ісусе вы, што калісьці былі далёка, сталіся блізкімі праз Кроў Хрыстову.
Бо Ён — супакой наш, Які злучыў абодвух у адно і зруйнаваў сцяну між імі і варожасць, целам Сваім,
скасаваў закон прыказанняў вучэннем, каб стварыць у Сабе з двух аднаго новага чалавека, творачы супакой,
і прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж, знішчаючы варожасць на ім.
І, прыйшоўшы, абвясціў супакой вам, якія былі далёка, ды тым, што былі блізка.
Бо праз Яго адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу.
Дык таму вы ўжо не чужынцы і прыхадні, але суграмадзяне святых і члены сям’і Божай,
угрунтаваныя на падмурку Апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым каменем ёсць Сам Хрыстос Ісус,
на Якім уся пабудова зладжана расце ў святую святыню ў Госпадзе,
на Якім і вы разам будуецеся на жытло Божае Духам.