Дзеі 18 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Пасля гэтага пакінуў ён Атэны ды прыбыў у Карынт.
 
Пасьля-ж гэтага, пакінуўшы Афіны, прыйшоў Паўла ў Карынт.

Тут напаткаў ён нейкага юдэя, на імя Аквіла, родам з Понта, які прыбыў нядаўна з Італіі, і жонку яго Прысцылу, бо Клаўдзій загадаў выселіць з Рыма ўсіх юдэяў, і ён прыйшоў да іх.
 
І, знайшоўшы не́йкага Жыда, на ймя Акілу, родам із Понту, які толькі што прыйшоў із Італіі, ды жонку ягоную Прыскіллу (— бо Клаўдзі загадаў усім Жыдом выбрацца з Рыму), прыйшоў да іх.

А займаўся ён тым жа рамяством, таму застаўся ў іх і працаваў; а рамяством іх было майстраванне палатак.
 
А дзеля таго, што быў аднаго рамясла, аставаўся ў іх ды працаваў; майстравалі-ж палаткі.

І ў кожную суботу дыспутаваў у сінагозе ды пераконваў юдэяў ды грэкаў.
 
І кожную суботу гутарыў у сынагозе й пераконываў Жыдоў ды Грэкаў.

Калі ж прыйшлі Сіла і Цімафей з Мацэдоніі, Паўла пануканы быў Духам, каб сведчыць юдэям, што Ісус ёсць Хрыстос.
 
Калі-ж прыйшлі з Македоніі Сіла й Цімахве́й, Дух панукаў Паўлу сьве́дчыць Жыдом, пра Ісуса Хрыста.

А калі пярэчылі яму і блюзнілі, атрасаў сваё адзенне ды казаў ім: «Кроў ваша на вашу галаву! Я чысты. Ад гэтай гадзіны пайду да паганаў».
 
А як яны працівіліся й зьневажалі яго, дык, абтросшы вопратку, сказаў да іх: Кроў вашая на галаву вам! Я-ж чысты. Ад сяньня йду к паганам.

І перайшоў адтуль, і ўвайшоў у дом аднаго богабаязнага чалавека, імем Юст, дом якога быў побач з сінагогай.
 
І, выйшаўшы стуль, пайшоў у дом не́йкага багабойнага чалаве́ка, на ймя Юста, дом якога быў побач сынагогі.

Начальнік жа сінагогі, Крысп, з усім сваім домам уверыў у Госпада, і многа карынцянаў, слухаючы, уверылі і прынялі хрост.
 
А Крысп, начальнік сынагогі, уве́раваў у Госпада разам з усім домам сваім, дый многа Карыньцян, слухаючы, уве́равалі й ахрысьціліся.

Уночы Госпад сказаў Паўлу ў з’яве: «Не бойся, але гавары і не маўчы,
 
Госпад жа сказаў Паўлу ў зьяве ўначы: Не палохайся, але прамаўляй ды не змаўкай:

бо Я з табою, і ніхто не ўчыніць табе зло, бо многа ў Мяне ў гэтым горадзе народа».
 
бо Я з табою, і ніхто не адважыцца ўчыніць табе́ зло; бо багата ў Мяне́ народу ў ме́сьце гэтым.

Дык ён застаўся, навучаючы іх слову Божаму год ды шэсць месяцаў.
 
І прабыў год і шэсьць ме́сяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.

А калі Галіён стаўся праконсулам Ахаі, юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўлы і прывялі яго на суд,
 
У часе-ж старастоўства ў Ахе́і Гальліона Жыды аднадушна напалі на Паўлу й павялі яго ў суд,

кажучы: «Ён падгаворвае людзей, каб славілі Бога не паводле закону».
 
кажучы, што ён вуча людзе́й шанаваць Бога не па закону.

Калі ўжо Паўла пачынаў адкрываць вусны, Галіён сказаў юдэям: «Калі б быў які праступак або злачынства, о юдэі, дык я заняўся б вамі.
 
Калі-ж Паўла хаце́ў расчыніць рот, сказаў Гальліон да Жыдоў: Жыды, я-б слушна выслухаў вас, калі-б была не́йкая крыўда, ці думка ліхая;

Але калі вы спрачаецеся пра словы і імёны ды пра ваш закон, дык самі разбірайцеся. Бо я не хачу быць суддзёю ў гэтым».
 
калі-ж спрэчка йдзе́ аб слова ды ймёны ды закон ваш, дык разглядайце самі, бо я судзьдзёй у гэтым быць не хачу.

І выгнаў іх з суда.
 
І пагнаў іх із суду.

А ўсе грэкі, схапіўшы начальніка сінагогі Састэна, білі яго перад судом, але Галіён не звяртаў на гэта ўвагі.
 
Усе́-ж Грэкі, схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі яго перад судом, Гальліона-ж гэта зусім ня рупіла.

А Паўла, яшчэ шмат дзён прабыўшы там, развітаўся з братамі ды разам з Прысцылай і Аквілам паплыў у Сірыю, а ў Кенхрах абстрыг галаву, бо такое зрабіў абяцанне.
 
Паўла-ж, прабыўшы йшчэ даволі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сірыю (а з ім Прыскілла й Акіла), абстрыгшы ў Кенхрэях галаву: бо быў абяцаўшы.

І дабраліся да Эфеса, і там ён іх пакінуў, а сам, увайшоўшы ў сінагогу, дыспутаваў з юдэямі.
 
І прыбыў у Эфэс, і пакінуў іх тамака, а сам увайшоў у сынагогу ды гутарыў з Жыдамі.

Калі ж прасілі яго, каб заставаўся ў іх даўжэй, не згадзіўся,
 
Калі-ж прасілі яго астацца ў іх надаўжэй, ён не згадзіўся,

але, развітваючыся з імі, сказаў: «Мне патрэбна правесці свята, якое надыходзіць, у Ерузаліме. Вярнуся да вас, калі Бог захоча», і паплыў з Эфеса.
 
але разьвітаўся з імі, сказаўшы: Мне́ кане́шна трэба справіць надыходзячае сьвята ў Ерузаліме; калі-ж Бог захоча, вярнуся йзноў да вас. І вырушыў з Эфэсу.

Прыбыўшы ў Цэзарэю, ён з’явіўся у Ерузаліме, і прывітаў царкву, і накіраваўся ў Антыёхію.
 
І, прыбыўшы ў Кесарыю ды зайшоўшы (ў Ерузалім) і прывітаўшы царкву, пайшоў у Антыохію.

Пабыўшы нейкі час там, зноў падаўся ў дарогу, праходзячы па чарзе праз Галатыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ў веры ўсіх вучняў.
 
Пабыўшы-ж не́йкі час, выйшаў стуль ды праходзіў па чарзе́ зямлю Галятыйскую і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

Адзін жа юдэй, на імя Апалос, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і моцны ў Пісанні, прыбыў у Эфес.
 
Прыйшоў-жа ў Эфэс не́йкі Жыд, на ймя Апальлёс, родам Александрыец, муж красамоўны й моцны ў Пісаньнях;

Ён быў настаўлены на шлях Госпада і, палаючы Духам, гаварыў ды навучаў рупліва пра Ісуса, ведаючы толькі Янаў хрост.
 
ён быў пастаўлены на шлях Гасподні і, палаючы духам, прамаўляў ды навучаў пра Госпада правільна, ве́даючы толькі хрышчэньне Іоанавае.

Ён пачаў адважна прамаўляць у сінагогах. Калі пачулі яго Прысцыла і Аквіла, прынялі яго ды выяснілі яму шлях Божы.
 
Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы-ж яго, Акіла й Прыскілла ўзялі яго й вылажылі яму тачне́й шлях Божы.

А калі задумаў ён ісці ў Ахаю, то браты, узрушаныя, напісалі ліст да вучняў, каб прынялі яго. Калі ж ён прыбыў, дапамагаў многа тым, што ўверылі праз ласку,
 
А як ён маніўся пайсьці ў Ахе́ю, браты, наважыўшыся, напісалі вучням, каб прынялі яго. І ён, апынуўшыся там, шмат дапамог тым, што былі ўве́раваўшы праз ласку:

бо рашуча і прылюдна абвяргаў юдэяў, даводзячы з Пісання, што Ісус ёсць Хрыстос.
 
бо ўсенародна крэпка пераконываў Жыдоў, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.