Дзеі 18 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Пасля гэтага Павел пакінуў Атэны і прыбыў у Карынт.
 
Пасьля-ж гэтага, пакінуўшы Афіны, прыйшоў Паўла ў Карынт.

Знайшоўшы нейкага юдэя па імені Аквіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і Прысцылу, жонку ягоную, — бо Клаўдзій загадаў усім юдэям пакінуць Рым, — прыйшоў да іх.
 
І, знайшоўшы не́йкага Жыда, на ймя Акілу, родам із Понту, які толькі што прыйшоў із Італіі, ды жонку ягоную Прыскіллу (— бо Клаўдзі загадаў усім Жыдом выбрацца з Рыму), прыйшоў да іх.

А паколькі займаўся тым жа рамяством, заставаўся ў іх і працаваў. Яны ж займаліся вырабам намётаў.
 
А дзеля таго, што быў аднаго рамясла, аставаўся ў іх ды працаваў; майстравалі-ж палаткі.

Кожны шабат ён прамаўляў у сінагозе і пераконваў юдэяў і грэкаў.
 
І кожную суботу гутарыў у сынагозе й пераконываў Жыдоў ды Грэкаў.

Калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павел заняўся навучаннем і сведчыў юдэям, што Езус ёсць Месіяй.
 
Калі-ж прыйшлі з Македоніі Сіла й Цімахве́й, Дух панукаў Паўлу сьве́дчыць Жыдом, пра Ісуса Хрыста.

А калі яны пярэчылі і блюзнерылі, ён абтрос сваю вопратку і сказаў ім: «Кроў вашая на галаву вашую. Я — чысты. Цяпер іду да язычнікаў».
 
А як яны працівіліся й зьневажалі яго, дык, абтросшы вопратку, сказаў да іх: Кроў вашая на галаву вам! Я-ж чысты. Ад сяньня йду к паганам.

Адышоўшы адтуль, прыйшоў у дом аднаго чалавека па імені Ціт Юст, які шанаваў Бога і дом якога быў побач з сінагогай.
 
І, выйшаўшы стуль, пайшоў у дом не́йкага багабойнага чалаве́ка, на ймя Юста, дом якога быў побач сынагогі.

Крысп, кіраўнік сінагогі, паверыў у Пана з усім домам сваім. І шмат хто з карынцянаў, якія слухалі, паверылі і ахрысціліся.
 
А Крысп, начальнік сынагогі, уве́раваў у Госпада разам з усім домам сваім, дый многа Карыньцян, слухаючы, уве́равалі й ахрысьціліся.

Пан ноччу ў бачанні сказаў Паўлу: «Не бойся, але кажы і не маўчы,
 
Госпад жа сказаў Паўлу ў зьяве ўначы: Не палохайся, але прамаўляй ды не змаўкай:

таму што Я з табою і ніхто не адважыцца зрабіць табе зло, бо ў Мяне шмат людзей у гэтым горадзе».
 
бо Я з табою, і ніхто не адважыцца ўчыніць табе́ зло; бо багата ў Мяне́ народу ў ме́сьце гэтым.

І прабыў ён год і шэсць месяцаў, навучаючы іх Божаму слову.
 
І прабыў год і шэсьць ме́сяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.

Калі Галіён быў праконсулам у Ахаі, юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўла і прывялі яго ў суд,
 
У часе-ж старастоўства ў Ахе́і Гальліона Жыды аднадушна напалі на Паўлу й павялі яго ў суд,

кажучы: «Ён намаўляе людзей шанаваць Бога нязгодна з Законам».
 
кажучы, што ён вуча людзе́й шанаваць Бога не па закону.

Калі Павел хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў юдэям: «Юдэі, калі б размова ішла пра нейкую крыўду ці несправядлівы ўчынак, я б выслухаў вас,
 
Калі-ж Паўла хаце́ў расчыніць рот, сказаў Гальліон да Жыдоў: Жыды, я-б слушна выслухаў вас, калі-б была не́йкая крыўда, ці думка ліхая;

але калі спрэчка ідзе пра слова і пра імёны, і пра ваш Закон, то разглядайце самі. Я не хачу быць суддзёю ў гэтых справах».
 
калі-ж спрэчка йдзе́ аб слова ды ймёны ды закон ваш, дык разглядайце самі, бо я судзьдзёй у гэтым быць не хачу.

І выгнаў іх з суда.
 
І пагнаў іх із суду.

Схапіўшы кіраўніка сінагогі Састэна, усе білі яго перад судом. А Галіёну не было да гэтага ніякай справы.
 
Усе́-ж Грэкі, схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі яго перад судом, Гальліона-ж гэта зусім ня рупіла.

Павел жа прабыў там яшчэ даволі шмат дзён і, развітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, а з ім Прысцыла і Аквіла. У Кенхрах ён абстрыг сабе галаву, бо даў такое абяцанне.
 
Паўла-ж, прабыўшы йшчэ даволі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сірыю (а з ім Прыскілла й Акіла), абстрыгшы ў Кенхрэях галаву: бо быў абяцаўшы.

А калі прыйшоў у Эфес, пакінуў іх там, а сам увайшоў у сінагогу і размаўляў там з юдэямі.
 
І прыбыў у Эфэс, і пакінуў іх тамака, а сам увайшоў у сынагогу ды гутарыў з Жыдамі.

Калі ж яны прасілі пабыць у іх даўжэй, ён не згадзіўся,
 
Калі-ж прасілі яго астацца ў іх надаўжэй, ён не згадзіўся,

а на развітанне сказаў ім: «Я вярнуся да вас, калі захоча Бог». І адплыў з Эфеса.
 
але разьвітаўся з імі, сказаўшы: Мне́ кане́шна трэба справіць надыходзячае сьвята ў Ерузаліме; калі-ж Бог захоча, вярнуся йзноў да вас. І вырушыў з Эфэсу.

Прыбыўшы ў Цэзарэю, ён увайшоў і прывітаў Касцёл, затым адышоў у Антыёхію.
 
І, прыбыўшы ў Кесарыю ды зайшоўшы (ў Ерузалім) і прывітаўшы царкву, пайшоў у Антыохію.

Правёўшы там пэўны час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну галатаў і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.
 
Пабыўшы-ж не́йкі час, выйшаў стуль ды праходзіў па чарзе́ зямлю Галятыйскую і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

Нейкі юдэй па імені Апалос, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і знаўца Пісанняў, прыйшоў у Эфес.
 
Прыйшоў-жа ў Эфэс не́йкі Жыд, на ймя Апальлёс, родам Александрыец, муж красамоўны й моцны ў Пісаньнях;

Быў ён настаўлены на шлях Пана і з запалам прамаўляў і вучыў старанна пра Езуса, хоць і ведаў толькі хрост Яна.
 
ён быў пастаўлены на шлях Гасподні і, палаючы духам, прамаўляў ды навучаў пра Госпада правільна, ве́даючы толькі хрышчэньне Іоанавае.

Ён пачаў адважна прамаўляць у сінагозе. Калі яго пачулі Прысцыла і Аквіла, прынялі яго да сябе і растлумачылі яму шлях Божы.
 
Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы-ж яго, Акіла й Прыскілла ўзялі яго й вылажылі яму тачне́й шлях Божы.

А калі ён збіраўся ісці ў Ахаю, браты напісалі вучням, каб тыя прынялі яго. Калі ён прыйшоў, шмат дапамагаў тым, хто паверыў дзякуючы ласцы.
 
А як ён маніўся пайсьці ў Ахе́ю, браты, наважыўшыся, напісалі вучням, каб прынялі яго. І ён, апынуўшыся там, шмат дапамог тым, што былі ўве́раваўшы праз ласку:

Адважна пераконваў юдэяў, публічна даказваючы праз Пісанні, што Езус — гэта Месія.
 
бо ўсенародна крэпка пераконываў Жыдоў, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.