Дзеі 23 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Павел уважліва паглядзеў на Сінэдрыён і сказаў: «Браты, я да сённяшняга дня жыў перад Богам з чыстым сумленнем».
Паўла-ж, паўзіраўшыся на сынэдрыон, сказаў: Мужы браты! У-ва ўсім добрым сумле́ньні жыў я перад Богам ажно да сягоньняшняга дня.
Першасвятар Ананія, які стаяў перад ім, загадаў біць яго па вуснах.
Архірэй-жа Ананія загадаў тым, што стаялі перад ім, каб білі яго ў вусны.
Тады Павел сказаў яму: «Бог ударыць цябе, сцяна пабеленая. Ты ж сядзіш, каб судзіць мяне паводле Закону, а загадваеш біць мяне супраць Закону?»
Тады Паўла сказаў да яго: Бог будзе біць цябе́, падбе́леная сьцяна! Бо ты сядзіш, каб судзіць мяне́ паводле закону, і незаконна кажаш мяне́ біці.
Тыя, што стаялі побач, сказалі: «Першасвятара Божага зневажаеш?»
А тыя, што стаялі перад ім, сказалі: Архірэя Божага зьневажаеш?
Павел адказаў: «Я не ведаў, браты, што ён першасвятар. Бо напісана: “Не будзеш зласловіць кіраўніку народу свайго”».
Паўла-ж азваўся: Ня ве́даў я, браты, што ён архірэй. Бо-ж напісана: На павадыра народу твайго не кажы блага (Выхад 22:28).
Заўважыўшы, што адна частка — гэта садукеі, а другая — фарысеі, Павел усклікнуў у Сінэдрыёне: «Браты, я фарысей, сын фарысея; мяне судзяць за надзею і ўваскрашэнне памерлых».
І, ве́даючы, што адна часьціна ёсьць Саддуке́і, а другая Фарысэі, загаласіў Паўла ў сынэдрыоне: Мужы браты! Я — Фарысэй, сын Фарысэявы. За надзе́ю й ускрасе́ньне мёртвых судзяць мяне́!
Калі ён сказаў гэта, паміж фарысеямі і садукеямі пачалася спрэчка, і сход падзяліўся.
Калі-ж ён гэтае сказаў, узьнялася спрэчка паміж Фарысэямі й Саддуке́ямі, і разьдзялілася грамада.
Бо садукеі сцвярджаюць, што няма ні ўваскрашэння, ні анёла, ні духа, а фарысеі прызнаюць адно і другое.
Бо Саддуке́і кажуць, што няма ўваскрасе́ньня, ані Ангела й духа; Фарысэі-ж прызнаюць абодвух.
Падняўся вялікі крык. Некаторыя кніжнікі з фарысейскага боку спрачаліся, кажучы: «Нічога дрэннага ў гэтым чалавеку мы не знаходзім. А што калі дух ці анёл прамаўлялі да яго?»
Узьняўся вялікі крык. І, паўстаўшы, кніжнікі Фарысэйскае часткі спрачаліся, кажучы: Нічога благога не знаходзім мы ў чалаве́ку гэтым. Ці дух гаварыў яму, ці Ангел, не змагаймася з Богам.
Паколькі спрэчка нарастала, тысячнік, баючыся, каб не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам пайсці і забраць яго ад іх ды адвесці ў крэпасць.
Калі-ж спрэчка ўзгаралася, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлу, загадаў жаўне́рам зыйсьці ўзяць яго спасярод іх ды вясьці ў замак.
У наступную ноч Пан з’явіўся перад ім і сказаў: «Бадзёрся! Бо як ты сведчыў пра Мяне ў Ерузалеме, так належыць табе сведчыць і ў Рыме».
У наступную-ж ноч Госпад, стануўшы перад ім, сказаў: Бадрыся, Паўла! Бо як ты сьве́дчыў аба Мне́ ў Ерузаліме, гэтак мусіш сьве́дчыць і ў Рыме.
Калі настаў дзень, некаторыя юдэі пакляліся не есці і не піць, пакуль не заб’юць Паўла.
А як настаў дзе́нь, некаторыя Жыды, зрабіўшы змову, далі зарок, кажучы, што ня будуць е́сьці ані піці, пакуль не заб’юць Паўлу.
Было больш за сорак тых, што так пакляліся.
Было-ж іх больш за сорак, што далі гэткі зарок.
Яны прыйшлі да першасвятароў і старэйшын і сказалі: «Мы пакляліся нічога не есці, пакуль не заб’ём Паўла.
Яны, прыйшоўшы да архірэяў і старшых, сказалі: Мы пад прысягай заракліся е́сьці што-колечы, пакуль не заб’е́м Паўлу.
Таму цяпер вы разам з Сінэдрыёнам дайце знаць тысячніку, каб заўтра прывёў яго да вас, як быццам вы хочаце дакладней даведацца пра яго справу. А мы гатовыя забіць яго, перш чым ён наблізіцца».
Вы-ж цяпе́р павядомце тысячніка з сынэдрыонам, каб заўтра вывеў яго да вас, быццам хочаце пільне́й разглядзе́ць справу ягоную; а мы, пе́рш, чым ён падойдзе, гатовы забіць яго.
Калі пра гэты подступ пачуў сын Паўлавай сястры, ён прыйшоў у крэпасць і паведаміў пра гэта Паўлу.
Пачуўшы-ж пра гэту засаду, сын сястры Паўлавае прыйшоў і, увайшоўшы ў замак, паведаміў Паўлу.
Тады Павел паклікаў аднаго з сотнікаў і сказаў: «Завядзі гэтага юнака да тысячніка, бо ён мае яму штосьці сказаць».
Паўла-ж, паклікаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: Завядзі гэтага дзяцюка да тысячніка, бо ён мае не́шта сказаць яму.
Той узяў яго, прывёў да тысячніка і сказаў: «Вязень Павел паклікаў мяне і папрасіў прывесці да цябе гэтага юнака, бо ён мае табе штосьці сказаць».
Дык той, узяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: Вязень Паўла, паклікаўшы мяне́, прасіў завясьці да цябе́ гэтага дзяцюка, які мае не́шта сказаці табе́.
Тысячнік узяў яго за руку, адвёў убок і спытаўся: «Што ты маеш сказаць мне?»
Тысячнік, узяўшы яго за руку й адыйшоўшыся набок, запытаўся: Што маеш сказаць мне́?
Ён адказаў: «Юдэі змовіліся прасіць цябе, каб заўтра ты прывёў Паўла ў Сінэдрыён, быццам бы яны хочуць дакладней даведацца пра яго.
І сказаў: Жыды пастанавілі прасіць цябе́, каб заўтра вывеў Паўлу да сынэдрыону, быццам манючыся падрабне́й распытацца аб ім.
Але не слухайся іх, таму што больш за сорак чалавек затаіліся супраць яго. Яны пакляліся ні есці, ні піць, пакуль не заб’юць яго. Яны ўжо напагатове і чакаюць твайго распараджэння».
Ты-ж не патурай ім: бо на яго засе́лі больш за сорак мужоў із іх, якія далі зарок ня е́сьці й ня піць, пакуль не заб’юць яго, і цяпер яны гатовы, чакаючы ве́сткі ад цябе́.
Тады тысячнік адпусціў юнака, сказаўшы: «Нікому не кажы, што ты расказаў мне гэта».
Дык тысячнік пусьціў дзяцюка, загадаўшы: Нікому не кажы, што мяне аб гэтым паведаміў.
І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: «Падрыхтуйце мне на трэцюю гадзіну ночы дзвесце жаўнераў, семдзесят коннікаў і дзвесце стральцоў, каб вырушыць у Цэзарэю».
І, паклікаўшы не́йкіх двух сотнікаў, сказаў: Прыгатуйце дзьве́сьце жаўне́раў, каб ісьці ў Кесарыю, ды коньнікаў се́мдзесят ды стральцоў дзьве́сьце — на трэцюю гадзіну ночы.
Падрыхтуйце таксама жывёл, каб пасадзіць Паўла і адвезці яго бяспечна да намесніка Фелікса».
Прыгатуйце й жывёлу, каб, пасадзіўшы Паўлу, адвясьці жывога да старасты Фэлікса.
Напісаў таксама ліст такога зместу:
Дый напісаў пісьмо гэткага зьме́сту:
«Клаўдзій Лізій вітае высокашаноўнага намесніка Фелікса.
Клаўдзі Лізі вяльможнаму старасьце Фэліксу: радуйся!
Юдэі схапілі гэтага чалавека і хацелі забіць яго, але, калі я даведаўся, што ён рымскі грамадзянін, умяшаўся са сваімі жаўнерамі і ўратаваў яго.
Чалаве́ка гэтага, якога Жыды схапілі й маніліся забіць, я, выступіўшы з войскам, адабраў, даве́даўшыся, што ён — Рымскі грамадзянін.
Жадаючы даведацца, з якой прычыны яго абвінавачваюць, я прывёў яго ў іхні Сінэдрыён
Хочучы-ж ве́даць прычыну, за што вінавацяць яго, я прывёў яго ў сынэдрыон іхні
і ўбачыў, што яго вінавацяць у спрэчных пытаннях іхняга Закону і што няма на ім ніякай віны, якая заслугоўвае смерці або кайданаў.
і знайшоў, што яго вінавацяць за супярэчнасьці ў законе іхнім, ды што няма ў ім ніякае віны, вартае сьме́рці ці кайданоў.
А калі мне данеслі, што юдэі ўчынілі змову супраць гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загадаўшы таксама абвінаваўцам выступіць супраць яго перад табою».
Калі-ж паведамілі мяне́ пра змову проці чалаве́ка гэтага, што ме́ла стацца ад Жыдоў, я ўраз паслаў яго да цябе́, загадаўшы й абвінавачываючым яго гаварыць проці яго перад табою. Бывай здароў.
Тады жаўнеры на ягоны загад узялі Паўла і павялі ноччу ў Антыпатрыс.
Дык жаўне́ры, як ім было загадана, узялі Паўлу й павялі ўначы ў Антыпатрыду;
Назаўтра, пакінуўшы коннікаў ісці з ім, вярнуліся ў крэпасць.
назаўтрае-ж, пакінуўшы коньнікаў ісьці з ім, вярнуліся ў замак.
Тыя ж, прыйшоўшы ў Цэзарэю, перадалі намесніку ліст і паставілі перад ім Паўла.
Тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы пісьмо старасьце, паставілі перад ім і Паўлу.
Прачытаўшы ліст, той спытаўся, з якой ён правінцыі. Даведаўшыся, што ён з Цыліцыі, сказаў:
Стараста-ж, прачытаўшы й спытаўшыся, з якое ён краіны, дый даве́даўшыся, што із Кілікіі,
«Я выслухаю цябе, калі прыйдуць твае абвінаваўцы». І загадаў трымаць яго пад вартаю ў прэторыі Ірада.
сказаў: Я выслухаю цябе́, як зьявяцца абвініцелі твае́. І загадаў пілнаваць яго ў прэторыі Ірадавай.