Дзеі 8 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Саўл жа быў згодны з ягоным забойствам.У той дзень пачаўся вялікі пераслед Касцёла ў Ерузалеме. Усе, акрамя Апосталаў, разышліся па краінах Юдэі і Самарыі.
 
І сталася ў той дзе́нь вялікае перасьле́даваньне царквы ў Ерузаліме. Дык усе́, апрача Апосталаў, расьцярушыліся па зе́млях Юдэі й Самарыі.

Стэфана пахавалі пабожныя людзі і ўчынілі па ім вялікі плач.
 
А Сьцяпана пахавалі багабойныя людзі ды ўчынілі па ім галошаньне вялікае.

А Саўл нішчыў Касцёл, уваходзіў у дамы, забіраючы мужчын і жанчын і кідаючы іх у вязніцу.
 
Саўл жа нішчыў царкву і, уваходзячы ў дамы́ ды цягнучы мужчын і жанчын, аддаваў у вязьніцу.

Тыя ж, хто рассеяўся, хадзілі, абвяшчаючы слова Евангелля.
 
А тыя, што паразьбягаліся, хадзілі і абвяшчалі слова.

Філіп жа прыйшоў у самарыйскі горад і абвяшчаў там Хрыста.
 
Піліп жа, прыйшоўшы ў ме́ста Самарыйскае, абвяшчаў ім Хрыста.

А людзі аднадушна слухалі і прымалі тое, што казаў Філіп, бо бачылі ўчыненыя ім знакі.
 
І грамады народу аднадушна прыслухоўваліся да прамоваў Піліпавых, чуючы й бачучы знаме́ньні, якія рабіў.

З многіх апантаных выходзілі з вялікім крыкам нячыстыя духі, шмат паралізаваных і кульгавых было аздароўлена.
 
Бо нячыстыя духі із многіх, што ме́лі іх, выходзілі, моцным голасам галосячы, ды многа спараліжаваных і храмых паздараве́ла.

І была вялікая радасць у тым горадзе.
 
І сталася радасьць вялікая ў ме́сьце гэным.

Быў нейкі чалавек, па імені Сымон, які раней у тым жа горадзе займаўся чарадзействам і здзіўляў народ Самарыі, выдаючы сябе за кагосьці вялікага.
 
Быў-жа пе́рш у ме́сьце тым адзін чалаве́к, на ймя Сымон, які чараваў ды задзіўляў народ Самарыйскі, удаючы не́кага вялікага.

Усе, ад малога да вялікага, прыслухоўваліся да яго, кажучы: «У ім — моц Божая, якая завецца вялікай».
 
І ўзіраліся на яго ўсе́ ад малога да вялікага, кажучы: Гэты ёсьць вялікая моц Божая.

І слухаліся яго, бо ён доўгі час здзіўляў іх чарадзействам.
 
А ўзіраліся на яго затым, што даволі часу чарамі іх задзіўляў.

Калі ж яны паверылі Філіпу, які абвяшчаў Евангелле пра Валадарства Божае і імя Езуса Хрыста, то пачалі прымаць хрост, і мужчыны, і жанчыны.
 
Калі-ж паве́рылі Піліпу, які абвяшчаў ім Царства Божае ды ймя Ісуса Хрыста, мужчыны й жанчыны хрысьціліся.

Паверыў і сам Сымон і, прыняўшы хрост, трымаўся Філіпа; бачачы знакі і цуды, ён моцна дзівіўся.
 
Дый Сымон і той паве́рыў і, ахрысьціўшыся, быў пры Піліпе. Бачучы-ж знакі й цуды вялікія, што рабіліся, здумяваўся.

Калі ж Апосталы ў Ерузалеме пачулі, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,
 
Апосталы-ж, што ў Ерузаліме былі, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі ім Пятра ды Іоана,

якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога,
 
якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога,

таму што Ён яшчэ не сыходзіў ні на кога з іх, бо яны былі толькі ахрышчаныя ў імя Пана Езуса.
 
(бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса).

Тады Апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымлівалі Духа Святога.
 
Тады яны паўскладалі на іх рукі, і тыя прынялі Духа Сьвятога.

Калі ж Сымон убачыў, што праз ускладанне рук Апосталаў удзяляецца Дух Святы, прынёс ім грошы,
 
Сымон-жа, убачыўшы, што праз ускладаньне рук Апосталавых дае́цца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,

кажучы: «Дайце і мне такую ўладу, каб кожны, на каго ўскладу рукі, атрымаў Духа Святога».
 
кажучы: Дайце і мне́ гэткую ўладу, каб той, на каго палажу рукі, прыняў Духа Сьвятога.

Але Пётр сказаў яму: «Срэбра тваё няхай будзе з табой на пагібель, бо ты думаў за грошы набыць дар Божы.
 
Пётр жа сказаў да яго: Няхай серабро твае́ будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты маніўся за грошы здабыць.

Няма табе ў гэтым ні часткі, ні долі, бо тваё сэрца няшчырае перад Богам.
 
Нямашака табе́ часьціны й долі ў слове гэтым, бо сэрца твае́ ня правае перад Богам.

Таму адвярніся ад свайго зла і прасі Пана, можа тады даравана будзе табе задума твайго сэрца.
 
Дык пакайся ў гэтай нягоднасьці тваёй ды малі Бога: мо́ думка сэрца твайго будзе табе́ даравана.

Бо я бачу, што ты напоўнены горкай жоўцю і знаходзішся ў путах несправядлівасці».
 
Бо бачу цябе́ ў гарчыні жоўці ды ў путах няпраўды.

Сымон адказаў: «Маліцеся за мяне да Пана, каб не напаткала мяне нішто са сказанага вамі».
 
І Сымон, адказываючы, сказаў: Памаліцеся Госпаду за мяне́ вы, каб нішто на мяне́ не найшло з таго, аб чым вы казалі.

Тады яны, даўшы сведчанне і абвясціўшы слова Пана, пайшлі назад у Ерузалем і абвяшчалі Евангелле ў многіх самарыйскіх паселішчах.
 
Яны-ж, пасьве́дчыўшы й расказаўшы слова Гасподняе, вярнуліся ў Ерузалім ды шмат дзе́ ў вёсках Самарыйскіх абвяшчалі Эвангельле.

Анёл Пана сказаў Філіпу: «Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, што вядзе з Ерузалема ў Газу; яна пустая».
 
І Ангел Гасподні прамовіў да Піліпа, гаворачы: Устань ды йдзі напаўдзён па дарозе, што йдзе́ з Ерузаліму ў Газу; яна пустая.

Той, устаўшы, пайшоў. І вось, муж эфіопскі, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы эфіопаў, пастаўлены над усімі яе скарбамі, які прыязджаў у Ерузалем, каб пакланіцца Богу,
 
І, устаўшы, пайшоў. І вось муж Эфіопскі, е́ўнух, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопаў, што быў над усімі скарбамі яе́ ды е́зьдзіў у Ерузалім пакланіцца,

вяртаўся і, седзячы на сваёй павозцы, чытаў прарока Ісаю.
 
варочаўся назад і, се́дзячы на возе сваім, чытаў прарока Ісаю.

Дух сказаў Філіпу: «Падыдзі і далучыся да яго павозкі».
 
І сказаў Дух Піліпу: Падыйдзі й прыстань да возу гэтага.

Калі Філіп падбег, пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і запытаўся: «Ці разумееш, што чытаеш?»
 
Прыбе́гшы-ж, Піліп пачуў, што той чытае Ісаю, дый сказаў: Ці разуме́еш тое, што чытаеш?

Той адказаў: «Як жа магу разумець, калі ніхто не павучыў мяне?» І папрасіў Філіпа падняцца і сесці з ім.
 
Той-жа сказаў: Як здолею, калі хто не давядзе́ мне́? Дый папрасіў Піліпа ўзьлезьці й се́сьці з ім.

А ўрывак з Пісання, якое ён чытаў, быў такі: «Як авечка, якую вядуць на зарэз,як ягня, што маўчыць перад тымі, хто стрыжэ яго,так і ён не адкрыў вуснаў сваіх.
 
Ме́сца-ж Пісаньня, што ён чытаў, было гэткае: Як аве́чку на ўбой, вялі Яго; і як ягня ёсьць безгалосае перад тым, хто стрыжэ яго, гэтак і Ягоныя вусны не расчыняцца.

У пакоры сваёй быў асуджаны;і хто раскажа пра ягоны род?Бо забіраюць з зямлі жыццё ягонае».
 
У паніжэньні Яго суд Ягоны ўзяты. Род-жа Ягоны хто вы́вядзе? Бо жыцьцё Ягонае ўзята будзе ад зямлі (Ісая 53:7−8).

Еўнух спытаўся ў Філіпа: «Прашу цябе, скажы, пра каго гэта кажа прарок? Ці пра сябе, ці пра каго іншага?»
 
І, адказваючы, сказаў е́ўнух Піліпу: Прашу цябе́: аб кім прарок гавора гэтае? Аб самым сабе́, ці аб кім іншым?

Тады Філіп раскрыў вусны свае і, пачынаючы з гэтага месца Пісання, абвяшчаў яму Евангелле пра Езуса.
 
Піліп-жа, расчыніўшы вусны свае́ ды пачаўшы ад пісаньня гэнага, абвяшчаў яму Ісуса.

Калі яны ехалі па дарозе, наблізіліся да нейкай вады, і еўнух сказаў: «Вось вада. Што перашкаджае мне ахрысціцца?»
 
Едучы-ж па дарозе, прыйшлі к вадзе́; і сказаў е́ўнух: Вось вада; што-ж перашкаджае мне́ ахрысьціцца?

[отсутсвует]
 
І сказаў Піліп: Калі ве́руеш з усяго сэрца, дык можна. І, адказываючы, сказаў: ве́рую, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы.

Ён загадаў спыніць павозку. Абодва, Філіп з еўнухам, сышлі ў ваду, і Філіп ахрысціў яго.
 
І загадаў затрымаць воз. І зыйшлі абодва ў ваду, Піліп з е́ўнухам, і ахрысьціў яго.

Калі выйшлі з вады, Дух Пана падхапіў Філіпа, і еўнух ужо больш не бачыў яго, і працягваў свой шлях, радуючыся.
 
Калі-ж выйшлі із вады, Дух Гасподні схапіў Піліпа, і е́ўнух больш ня бачыў яго, бо пае́хаў у сваю дарогу усьце́шаны.

А Філіп прыбыў у Азот і, ідучы, абвяшчаў Евангелле ва ўсіх гарадах, пакуль не прыйшоў у Цэзарэю.
 
Піліп-жа апынуўся ў Азоце; і, праходзячы, абвяшчаў Эвангельле па ўсіх гарадох, пакуль прыйшоў у Кесарыю.