Дзеі 9 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара
 
Саўл жа, дышучы пагрозай ды забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоўшы да архірэя,

і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем.
 
выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск да сынагогаў, каб, калі знойдзе каго таго-ж напрамку, мужчын ды жанчын, зьвязаўшы, вясьці ў Ерузалім.

Калі падчас падарожжа ён набліжаўся да Дамаска, раптам святло з неба асвятліла яго.
 
Калі-ж ён ішоў, сталася, падыходзячы к Дамаску, зьнячэўку абняло яго сьвятло́ з неба;

Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: «Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?»
 
і, паваліўшыся на зямлю, пачуў голас, які гаварыў яму: Саўл, Саўл, чаму перасьле́дуеш мяне́?

Ён жа сказаў: «Хто Ты, Пане?» А той адказаў: «Я Езус, якога ты пераследуеш.
 
Ён жа сказаў: Хто Ты, Госпадзе? А Госпад сказаў: Я — Ісус, якога ты перасьле́дуеш. Цяжка табе́ проці ражна ўпірацца.

Устань і ідзі ў горад, там скажуць табе, што ты павінен зрабіць».
 
Ён жа, дрыжучы ад жаху, сказаў: Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў? І Госпад да яго: Устань ды йдзі да ме́ста, і будзе табе́ сказана, што трэ’ табе́ рабіць.

Людзі, якія ішлі разам з ім, анямелі, бо чулі голас, але нікога не бачылі.
 
Людзі-ж, што йшлі разам з ім, стаялі здуме́ўшыся: бо чулі голас, ды нікога ня бачылі.

Саўл падняўся з зямлі і, хоць вочы былі адкрытыя, нічога не бачыў. Узяўшы за руку, павялі яго ў Дамаск.
 
Саўл устаў з зямлі. Калі-ж расчыніліся вочы ягоныя, ня бачыў нікога; дык, узяўшы за руку, завялі яго ў Дамаск.

Тры дні ён не бачыў, не еў і не піў.
 
І тры дні быў сьляпы, і ня е́ў ды ня піў.

У Дамаску быў адзін вучань па імені Ананія. Пан у бачанні сказаў яму: «Ананія». Той адказаў: «Гэта я, Пане».
 
Быў жа ў Дамаску адзін вучань на ймя Ананія; і сказаў да яго Госпад у зьяве: Ананія! Ён жа сказаў: Вось я, Госпадзе!

Сказаў яму Пан: «Устань і пайдзі на вуліцу, якая завецца Простай, і спытайся ў доме Юды пра Саўла з Тарса, бо ён цяпер моліцца».
 
І Госпад да яго: Устань ды йдзі на вуліцу, называную Простай, і пашукай у Юдавым доме Тарсяніна на ймя Саўл; бо вось ён моліцца

А Саўл у візіі ўбачыў чалавека па імені Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго рукі, каб ён зноў мог бачыць.
 
ды бачыў у зьяве мужа, на ймя Ананія, які ўвайшоў і ўзлажыў руку, каб ізноў відзеў.

Ананія адказаў: «Пане, шмат ад каго я чуў пра гэтага чалавека, колькі ён учыніў зла Тваім святым у Ерузалеме.
 
Ананія-ж адказаў: Госпадзе, ад многіх чуў я аб чалаве́ку гэтым, колькі благога зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерузаліме;

І тут ён мае ад першасвятароў уладу зняволіць усіх, хто заклікае Тваё імя».
 
дый тутака мае ўладу ад архірэяў вязаці ўсіх, хто імя Твае́ прызывае.

Але Пан сказаў яму: «Ідзі, бо гэты чалавек — Маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля.
 
І прамовіў да яго Госпад: Ідзі, бо ён Мне́ выбраная судзіна, каб не́сьці імя Мае́ перад паганамі й царамі й сынамі Ізраілявымі:

Я пакажу яму, колькі ён павінен выцерпець дзеля Майго імя».
 
бо Я яму пакажу, колькі мусіць выцярпець за імя Мае́.

Тады пайшоў Ананія і ўвайшоў у дом. І, усклаўшы на яго рукі, сказаў: «Браце Саўле, Пан Езус, які з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў мог бачыць і напоўніўся Духам Святым».
 
І пайшоў Ананія і ўвайшоў у гэны дом ды, ускладаючы на яго рукі, сказаў: Саўле, браце, паслаў мяне́ Госпад, Ісус, што паказаўся табе́ на дарозе, па якой ты йшоў, каб ты йзноў відзеў і Духам Сьвятым напоўніўся.

Адразу нібы луска спала з ягоных вачэй, і ён стаў бачыць, падняўся і быў ахрышчаны.
 
І ўраз-жа нібы луска з вачэй яму апа́ла, і з тае́ часіны відзеў ізноў дый, устаўшы, ахрысьціўся

А калі спажыў ежу, набраўся сілы. Саўл у Дамаску Некалькі дзён Саўл быў з вучнямі ў Дамаску.
 
і, пае́ўшы, узмацаваўся. І быў Саўл колькі дзён з вучнямі, што ў Дамаску,

І адразу пачаў абвяшчаць у сінагогах пра Езуса, што Ён — Сын Божы.
 
і неўзабаве абвяшчаў у сынагогах Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы.

Усе, хто чуў, здзіўляліся і казалі: «Ці не той гэта, які пераследаваў у Ерузалеме вызнаўцаў гэтага імя? А сюды прыйшоў для таго, каб зняволіць іх і прывесці да першасвятароў».
 
І ўсе, чуючы, дзіваваліся й казалі: Няўжо-ж гэта той самы, што загубіў у Ерузаліме прызываючых імя гэтае дый сюды прыйшоў дзе́ля таго, каб іх, зьвязаўшы, вясьці да архірэяў?

Але Саўл умацоўваўся яшчэ больш і прыводзіў у замяшанне юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даказваючы, што Езус ёсць Хрыстом.
 
А Саўл бале́й дужэў ды граміў Жыдоў, што жылі ў Дамаску, даводзячы, што гэта Хрыстос.

Калі прайшло шмат дзён, юдэі вырашылі забіць яго.
 
Калі-ж прайшло багата дзён, змовіліся Жыды забіці яго.

Але Саўл даведаўся пра іх намер. Яны ж удзень і ўначы пільнавалі яго ў брамах, каб забіць.
 
Але Саўлу сталася ве́дама змова іхняя. А яны пілнавалі варотаў днямі й начамі, каб яго забіць.

Тады вучні ўзялі яго ўначы і спусцілі ў кашы праз мур.
 
І вучні, узяўшы яго ўначы, спусьцілі праз мур у карзіне.

Калі ж ён прыйшоў у Ерузалем, спрабаваў далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго і не верылі, што ён вучань.
 
Саўл жа, зьявіўшыся ў Ерузаліме, стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе́ баяліся яго, ня ве́ручы, што ён вучань.

Тады Барнаба ўзяў яго і прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Пана, і што Пан сказаў яму, і як у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Езуса.
 
Варнава-ж, узяўшы яго, прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, ды што́ прамаўляў да яго, ды як ён у Дамаску адважна прапаве́дываў у імя Ісусавае.

Як разам з імі ён выходзіў і ўваходзіў у Ерузалем, і адважна прапаведаваў у імя Пана.
 
І быў разам з імі ды выходзіў і прыходзіў у Ерузалім і адважна прапаве́дываў у імя Госпада Ісуса.

Таксама размаўляў і спрачаўся з эліністамі, якія хацелі забіць яго.
 
Гутарыў такжа й спрачаўся з Грэкамі; а тыя маніліся забіць яго.

Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і паслалі ў Тарс.
 
Браты-ж, даве́даўшыся, завялі яго ў Кесарыю ды паслалі яго ў Тарс.

А Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Духа Святога.
 
Цэрквы-ж па ўсе́й Юдэі й Галіле́і й Самарыі ме́лі супакой, будуючыся й ходзячы ў страху Гасподнім, ды праз пацяшэньне Духа Сьвятога памнажаліся.

Калі Пётр абыходзіў усіх, прыйшоў таксама да святых, якія жылі ў Ліддзе.
 
Сталася-ж, Пётр, абходзячы ўсіх, прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе.

Там ён знайшоў аднаго чалавека па імені Энэй, які ўжо восем гадоў ляжаў у ложку паралізаваны. Пётр сказаў яму:
 
Знайшоў-жа там аднаго чалаве́ка, на ймя Энэй, які восем гадоў ляжаў у ложку, бо быў спараліжаваны.

«Энэй, Езус Хрыстус аздараўляе цябе, устань і засцялі свой ложак». Той адразу ўстаў.
 
І сказаў яму Пётр: Энэй, цябе́ аздараўляе Ісус Хрыстос; устань ды пасьцялі сабе́. І ён ураз-жа ўстаў.

Бачылі яго ўсе, хто жыў у Ліддзе і Сароне, і навярнуліся да Пана.
 
І бачылі яго ўсе́, што жылі ў Лідзьдзе й Сароніі, і яны навярнуліся да Госпада.

У Яфе была адна вучаніца па імені Табіта, што азначае «сарна». Яна рабіла шмат добрых учынкаў і раздавала міласціну.
 
У Іоппе-ж была адна вучаніца, на ймя Тавіта, што ў перакладзе чытаецца Сарна. Яна была поўная добрых учынкаў ды міласьцінаў, што рабіла.

У тыя дні яна захварэла і памерла. Яе абмылі і паклалі ў святліцы.
 
Сталася-ж у тыя дні, што, занядужаўшы, яна паме́рла. Яе́ памылі й палажылі ў сьвятліцы.

Лідда была недалёка ад Яфы, і калі вучні даведаліся, што Пётр там, паслалі да яго двух мужоў з просьбаю: «Прыйдзі неадкладна да нас!»
 
А як Лідда недалека ад Іоппы, дык вучні, чуўшы, што тамака Пётр, паслалі двух людзе́й да яго з просьбай, каб неадкладаючы прыйшоў да іх.

Пётр устаў і пайшоў з імі. А калі ён прыбыў, увялі яго ў святліцу. Усе ўдовы абступілі яго з плачам і паказвалі яму тунікі і вопраткі, якія рабіла Сарна, жывучы з імі.
 
І, устаўшы, Пётр прыйшоў да іх. І, як ён прыйшоў, завялі яго ў сьвятліцу; і абступілі яго ўсе́ ўдовы, плачучы й паказуючы вопраткі й адзе́жу, што паспраўляла Сарна, як была з імі.

Пётр, адправіўшы ўсіх са святліцы, стаў на калені і памаліўся. Затым павярнуўся да цела і сказаў: «Табіта, устань!» Яна адкрыла свае вочы і, убачыўшы Пятра, села.
 
Пётр жа, выслаўшы ўсіх, укле́нчыў і маліўся. І, зьвярнуўшыся да це́ла, сказаў: Тавіта, устань! Яна-ж расчыніла вочы свае́ і, угле́дзіўшы Пятра, се́ла.

Ён падаў ёй руку і падняў яе. Пасля паклікаў святых і ўдоваў, і яны ўбачылі яе жывую.
 
І ён, даўшы е́й руку, падняў яе́; і, клікнуўшы сьвятых і ўдоў, паставіў яе́ перад імі жывую.

Пра гэта стала вядома ва ўсёй Яфе, і многія паверылі ў Пана.
 
І сталася ве́дама па ўсе́й Іоніі, і многія ўве́равалі ў Госпада.

А Пётр даволі доўга заставаўся ў Яфе ў нейкага Сымона, гарбара.
 
Сталася-ж, што ён даволі дзён прабыў у не́йкага Сымона, гарбара.