Дзеі 9 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
А Саўл, усё яшчэ ды́хаючы пагро́заю і замышля́ючы забо́йства вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасвятара́
Саўл жа, дышучы пагрозай ды забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоўшы да архірэя,
і вы́прасіў у яго лісты́ ў Дамаск да сінагог, каб, калі зно́йдзе каго з паслядо́ўнікаў гэтага вучэ́ння, і мужчы́н, і жанчы́н, звя́зваць і прыво́дзіць у Іерусалім.
выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск да сынагогаў, каб, калі знойдзе каго таго-ж напрамку, мужчын ды жанчын, зьвязаўшы, вясьці ў Ерузалім.
Калі ж ён ішоў, ста́лася так, што пры набліжэ́нні да Дамаска раптам ахіну́ла яго святло з неба;
Калі-ж ён ішоў, сталася, падыходзячы к Дамаску, зьнячэўку абняло яго сьвятло́ з неба;
і ён, упа́ўшы на зямлю́, пачуў голас, які гаварыў яму: Саўл, Саўл, чаму ты Мяне гоніш?
і, паваліўшыся на зямлю, пачуў голас, які гаварыў яму: Саўл, Саўл, чаму перасьле́дуеш мяне́?
Ён жа сказаў: хто Ты, Госпадзі? А Гасподзь сказаў: Я Іісус, Якога ты гоніш; цяжка табе су́праць ражна́ ісці.
Ён жа сказаў: Хто Ты, Госпадзе? А Госпад сказаў: Я — Ісус, якога ты перасьле́дуеш. Цяжка табе́ проці ражна ўпірацца.
І ён у трымце́нні і жа́ху сказаў: Госпадзі! што Ты хочаш, каб я рабіў? Гасподзь адказаў яму: устань і ўвайдзі ў горад, і ска́зана будзе табе, што нале́жыць табе рабіць.
Ён жа, дрыжучы ад жаху, сказаў: Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў? І Госпад да яго: Устань ды йдзі да ме́ста, і будзе табе́ сказана, што трэ’ табе́ рабіць.
Людзі ж, якія ішлі разам з ім, стаялі зняме́лыя, бо чулі голас, але ніко́га не бачылі.
Людзі-ж, што йшлі разам з ім, стаялі здуме́ўшыся: бо чулі голас, ды нікога ня бачылі.
Саўл устаў з зямлі і, хоць вочы яго былі расплю́шчаны, ніко́га не бачыў; і яго, узя́ўшы за руку́, прывялі ў Дамаск;
Саўл устаў з зямлі. Калі-ж расчыніліся вочы ягоныя, ня бачыў нікога; дык, узяўшы за руку, завялі яго ў Дамаск.
і тры дні ён быў невіду́шчым, і не еў, і не піў.
І тры дні быў сьляпы, і ня е́ў ды ня піў.
Быў жа ў Дамаску адзін вучань íмем Ана́нія; і сказаў яму Гасподзь у відзе́нні: Ана́нія! Ён жа сказаў: вось я, Госпадзі.
Быў жа ў Дамаску адзін вучань на ймя Ананія; і сказаў да яго Госпад у зьяве: Ананія! Ён жа сказаў: Вось я, Госпадзе!
І Гасподзь кажа яму: устань і ідзі на вуліцу, што называ́ецца Про́стаю, і пашука́й у доме Іудавым Тарся́ніна па імені Саўл; ён цяпер мо́ліцца
І Госпад да яго: Устань ды йдзі на вуліцу, называную Простай, і пашукай у Юдавым доме Тарсяніна на ймя Саўл; бо вось ён моліцца
і бачыў у відзе́нні му́жа, íмем Ана́нія, які ўвайшоў і ўсклаў руку́ на яго, каб ён стаў віду́шчым.
ды бачыў у зьяве мужа, на ймя Ананія, які ўвайшоў і ўзлажыў руку, каб ізноў відзеў.
Ана́нія ж адказа́ў: Госпадзі! я чуў ад многіх пра чалавека гэтага, колькі зла ўчынíў ён святы́м Тваім у Іерусаліме;
Ананія-ж адказаў: Госпадзе, ад многіх чуў я аб чалаве́ку гэтым, колькі благога зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерузаліме;
і тут ён ма́е ўладу ад першасвятаро́ў вяза́ць ўсіх, хто прызыва́е імя́ Тваё.
дый тутака мае ўладу ад архірэяў вязаці ўсіх, хто імя Твае́ прызывае.
Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён — Мой абра́ны сасу́д, каб пране́сці імя́ Маё перад народамі, і цара́мі, і сына́мі Ізра́ілевымі;
І прамовіў да яго Госпад: Ідзі, бо ён Мне́ выбраная судзіна, каб не́сьці імя Мае́ перад паганамі й царамі й сынамі Ізраілявымі:
і Я пакажу яму, колькі нале́жыць яму за імя́ Маё адпаку́таваць.
бо Я яму пакажу, колькі мусіць выцярпець за імя Мае́.
Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, ускла́ўшы ру́кі на яго, сказаў: брат Саўл! Гасподзь Іісус, Які явіўся табе на дарозе, па якой ты ішоў, пасла́ў мяне, каб ты стаў віду́шчым і напо́ўніўся Ду́хам Святы́м.
І пайшоў Ананія і ўвайшоў у гэны дом ды, ускладаючы на яго рукі, сказаў: Саўле, браце, паслаў мяне́ Госпад, Ісус, што паказаўся табе́ на дарозе, па якой ты йшоў, каб ты йзноў відзеў і Духам Сьвятым напоўніўся.
І раптам нíбы луска́ з вачэ́й яго апа́ла, і ён адразу стаў бачыць, і, уста́ўшы, ахрысцíўся,
І ўраз-жа нібы луска з вачэй яму апа́ла, і з тае́ часіны відзеў ізноў дый, устаўшы, ахрысьціўся
і, пад’е́ўшы, набра́ўся сіл. І застава́ўся Саўл з тымі вучнямі, што былí ў Дамаску, некалькі дзён;
і, пае́ўшы, узмацаваўся. І быў Саўл колькі дзён з вучнямі, што ў Дамаску,
і адразу ў сінагогах пачаў прапаве́даваць Іісуса, што Ён — Сын Божы.
і неўзабаве абвяшчаў у сынагогах Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы.
І ўсе, хто чуў, здзіўля́ліся і гаварылі: ці гэта не той, які гнаў у Іерусаліме тых, што прызыва́лі імя́ гэтае, ды і сюды прыйшоў дзе́ля таго, каб звя́зваць іх і прыво́дзіць да першасвятаро́ў?
І ўсе, чуючы, дзіваваліся й казалі: Няўжо-ж гэта той самы, што загубіў у Ерузаліме прызываючых імя гэтае дый сюды прыйшоў дзе́ля таго, каб іх, зьвязаўшы, вясьці да архірэяў?
А Саўл усё больш умацо́ўваўся і бянтэ́жыў Іудзеяў, якія жылí ў Дамаску, — ён перако́нваў, што гэта Хрыстос.
А Саўл бале́й дужэў ды граміў Жыдоў, што жылі ў Дамаску, даводзячы, што гэта Хрыстос.
Калі ж прайшло даво́лі часу, змо́віліся Іудзеі забіць яго,
Калі-ж прайшло багата дзён, змовіліся Жыды забіці яго.
але Саўл даве́даўся пра змо́ву іх; яны ж пільнава́лі каля бра́мы дзень і ноч, каб забіць яго;
Але Саўлу сталася ве́дама змова іхняя. А яны пілнавалі варотаў днямі й начамі, каб яго забіць.
але вучні ўначы́ ўзялí яго і перапра́вілі праз сцяну, спусціўшы ў кашы́.
І вучні, узяўшы яго ўначы, спусьцілі праз мур у карзіне.
Саўл прыйшоў у Іерусалім і спрабава́ў далучы́цца да вучняў; але ўсе баяліся яго, не ве́рачы, што ён вучань.
Саўл жа, зьявіўшыся ў Ерузаліме, стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе́ баяліся яго, ня ве́ручы, што ён вучань.
Варна́ва ж падтрыма́ў яго, прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён ба́чыў Госпада, і што Гасподзь размаўляў з ім, і як у Дамаску ён адважна прапаве́даваў у імя́ Іісусава.
Варнава-ж, узяўшы яго, прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, ды што́ прамаўляў да яго, ды як ён у Дамаску адважна прапаве́дываў у імя Ісусавае.
І быў ён разам з імі ў Іерусаліме, увахо́дзячы і выхо́дзячы ў імя́ Госпада Іісуса.
І быў разам з імі ды выходзіў і прыходзіў у Ерузалім і адважна прапаве́дываў у імя Госпада Ісуса.
Ён гаварыў таксама і спрача́ўся з Элінíстамі; а яны імкну́ліся забіць яго.
Гутарыў такжа й спрачаўся з Грэкамі; а тыя маніліся забіць яго.
Браты́ ж, даве́даўшыся пра гэта, адвялі яго ў Кесары́ю і вы́правілі яго ў Тарс.
Браты-ж, даве́даўшыся, завялі яго ў Кесарыю ды паслалі яго ў Тарс.
Цэрквы ж па ўсёй Іудзеі, і Галілеі, і Самары́і былí ў спакоі, усталёўваючыся і хо́дзячы ў стра́ху Гасподнім, і праз суцяшэ́нне Духа Святога памнажа́ліся.
Цэрквы-ж па ўсе́й Юдэі й Галіле́і й Самарыі ме́лі супакой, будуючыся й ходзячы ў страху Гасподнім, ды праз пацяшэньне Духа Сьвятога памнажаліся.
І давяло́ся Пятру, абыхо́дзячы ўсіх, прыйсці і да святых, што жылí ў Лíддзе;
Сталася-ж, Пётр, абходзячы ўсіх, прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе.
знайшоў ён там чалавека нейкага па імені Эне́й, які восем гадоў ляжаў у ложку, бу́дучы спаралізава́ным.
Знайшоў-жа там аднаго чалаве́ка, на ймя Энэй, які восем гадоў ляжаў у ложку, бо быў спараліжаваны.
І сказаў яму Пётр: Эне́й, ацаля́е цябе Іісус Хрыстос; устань з пасцелі тваёй. І той адразу ўстаў;
І сказаў яму Пётр: Энэй, цябе́ аздараўляе Ісус Хрыстос; устань ды пасьцялі сабе́. І ён ураз-жа ўстаў.
і бачылі яго ўсе, хто жыў у Лíддзе і ў Саро́не, якія і навярну́ліся да Госпада.
І бачылі яго ўсе́, што жылі ў Лідзьдзе й Сароніі, і яны навярнуліся да Госпада.
У Іаппíі была́ адна вучаніца па імені Тавíфа, што ў перакла́дзе азнача́е «са́рна». Жыццё яе было́ поўнае добрых учы́нкаў і спраў міласэ́рнасці, якія яна рабіла.
У Іоппе-ж была адна вучаніца, на ймя Тавіта, што ў перакладзе чытаецца Сарна. Яна была поўная добрых учынкаў ды міласьцінаў, што рабіла.
І ста́лася ў тыя дні, што яна захварэ́ла і паме́рла. Яе абмы́лі і пакла́лі ў ве́рхнім пакоі.
Сталася-ж у тыя дні, што, занядужаўшы, яна паме́рла. Яе́ памылі й палажылі ў сьвятліцы.
А пако́лькі Лíдда недалёка ад Іаппíі, то вучні, дачу́ўшыся, што Пётр там, пасла́лі да яго двух мужоў з просьбай, каб неадкла́дна прыйшоў да іх.
А як Лідда недалека ад Іоппы, дык вучні, чуўшы, што тамака Пётр, паслалі двух людзе́й да яго з просьбай, каб неадкладаючы прыйшоў да іх.
Пётр устаў і пайшоў з імі; і калі ён прыйшоў, завялі яго ў верхні пакой, і абступілі яго ўсе ўдовы, пла́чучы і пака́зваючы спо́дняе і ве́рхняе адзе́нне, якое рабіла Са́рна, пакуль была́ з імі.
І, устаўшы, Пётр прыйшоў да іх. І, як ён прыйшоў, завялі яго ў сьвятліцу; і абступілі яго ўсе́ ўдовы, плачучы й паказуючы вопраткі й адзе́жу, што паспраўляла Сарна, як была з імі.
Вы́правадзіўшы ўсіх адтуль, Пётр стаў на калені, памаліўся і, павярну́ўшыся да це́ла, сказаў: Тавíфа, устань! І яна расплю́шчыла вочы свае і, уба́чыўшы Пятра, се́ла.
Пётр жа, выслаўшы ўсіх, укле́нчыў і маліўся. І, зьвярнуўшыся да це́ла, сказаў: Тавіта, устань! Яна-ж расчыніла вочы свае́ і, угле́дзіўшы Пятра, се́ла.
І ён, пада́ўшы ёй руку́, падня́ў яе; і, паклíкаўшы святы́х і ўдоў, паставіў перад імі яе жыву́ю.
І ён, даўшы е́й руку, падняў яе́; і, клікнуўшы сьвятых і ўдоў, паставіў яе́ перад імі жывую.
Гэта стала вядо́ма па ўсёй Іаппíі, і многія ўве́равалі ў Госпада.
І сталася ве́дама па ўсе́й Іоніі, і многія ўве́равалі ў Госпада.
А яму давяло́ся даволі доўга прабы́ць у Іаппíі ў нейкага Сíмана-гарбара́.
Сталася-ж, што ён даволі дзён прабыў у не́йкага Сымона, гарбара.