Дзеі 13 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Былí ж у Антыяхíі ў та́машняй царкве некато́рыя прарокі і вучы́целі: Варнава, і Сімяо́н, якога звалі Нíгер, і Лукíй Кірыне́янін, і Манаíн, які гадава́ўся разам з Ірадам тэтра́рхам, і Саўл.
Былі-ж у Антыохіі, у тамтэйшай царкве́, некаторыя прарокі й вучыцялі: Варнава й Сымон, называны Нігер, і Лукій Кірэнэец, ды Манаэн, што ўзгадаваўся разам з Ірадам чацьвёраўладарным, ды Саўл.
Калі ж яны служы́лі Госпаду і пасцíлі, сказаў Дух Святы́: вы́лучыце Мне Варнаву і Саўла на справу, да якой Я паклíкаў іх.
І, калі яны адпраўлялі службу Божую і пасьцілі, сказаў Дух Сьвяты: выдзяліце мне́ Варнаву й Саўла на дзе́ла, на якое я іх паклікаў.
Тады яны, папасцíўшы і памаліўшыся, ускла́лі на іх ру́кі і адпусцíлі іх.
Дык яны, папасьціўшы й памаліўшыся, ды ўзлажыўшы на іх рукі, звольнілі іх.
І тыя, пасла́ныя Ду́хам Святы́м, прыйшлі ў Селеўкíю, а адтуль адплылí на Кіпр;
Тыя-ж, пасланыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію ды стуль паплылі к Кіпру.
і, прыбы́ўшы ў Саламíн, прапаве́давалі слова Божае ў сінагогах Іудзейскіх; ме́лі яны таксама Іаана як памочніка.
І, апынуўшыся ў Саляміне, абвяшчалі слова Божае ў Жыдоўскіх сынагогах; ме́лі-ж і Іоана слугу.
Прайшоўшы ўвесь востраў аж да Па́фа, спатка́лі яны нейкага чалавека, чарадзе́я і лжэпраро́ка, Іудзея па íмені Варыісу́с,
Прайшоўшы-ж востраў ажно да Пафа, знайшлі не́йкага чараўніка лжэпрарока, Жыда, на імя Варыісус,
які быў з прако́нсулам Се́ргіем Паўлам, чалавекам разумным. Гэты, паклíкаўшы Варнаву і Саўла, пажада́ў пачуць слова Божае;
які быў у старасты Сярге́я Паўлы, мужа разумнага. Той, паклікаўшы Варнаву й Саўла, зажадаў паслухаць слова Божае.
але ім супрацьстая́ў чарадзе́й Элíма, — так пераклада́ецца імя́ яго, — намага́ючыся адвярну́ць прако́нсула ад веры.
Проці іх выступіў Яліма, чараўнік, (гэтак тлумачыцца імя ягонае), жадаючы адвярнуць старасту ад ве́ры.
А Саўл, ён жа Павел, напо́ўніўшыся Ду́хам Святы́м і пільна ўгляда́ючыся ў яго,
Але Саўл (ён жа й Паўла), напоўніўшыся Духам Сьвятым ды паўзіраўшыся на яго,
сказаў: о, по́ўны ўсякай хíтрасці і ўсякай зламы́снасці, сы́не дыя́вала, вораг усякай пра́веднасці! ці пераста́неш ты адво́дзіць ад прамы́х шляхо́ў Гасподніх?
сказаў: О, сыне чартоўскі, поўны ўсякае крывадушнасьці і ўсякага злачынства, ворагу ўсякае праўды! Ці-ж не пакінеш ты крывіць простыя шляхі Госпада?
і цяпер, вось, рука́ Госпада на цябе, і будзеш ты сляпы́м і не ўбачыш сонца да пары́. І адразу напа́лі на яго змрок і цемра, і ён, абаро́чваючыся, шукаў павадыро́ў.
Дык вось цяпе́р рука Гасподня над табою, і будзеш ты сьляпы, і ня ўгле́дзіш сонца ажно да пары́. І ўраз жа найшоў на яго туман ды це́мра, і, блукаючыся, шукаў павадыра.
Тады прако́нсул, убачыўшы тое, што адбыло́ся, уве́раваў, ура́жаны вучэ́ннем Гасподнім.
Тады стараста,угле́дзіўшы стаўшаеся, уве́раваў, зьдзіўлены навукай Гасподняй.
Адплыўшы з Па́фа, Павел і тыя, што знахо́дзіліся з ім, прыбылí ў Пе́ргію Памфілíйскую, а Іаан, пакінуўшы іх, вярнуўся ў Іерусалім.
Адплыўшы-ж із Пафу, тыя, што былі з Паўлам, прыйшлі ў Пэргію, у Памфіліі. А Іоан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерузалім.
Яны ж, пайшоўшы з Пе́ргіі, прыбылí ў Антыяхíю Пісіды́йскую і, увайшоўшы ў сінагогу ў дзень суботні, селі.
Яны-ж, прайшоўшы із Пэргіі, апынуліся ў Антыохіі Пісідзкай ды, увайшоўшы ў сынагогу, у дзе́нь суботні, паселі.
Пасля чыта́ння закона і прарокаў нача́льнікі сінагогі паслалі сказаць ім: мужы́ браты́! калі ў вас ёсць слова настаўле́ння да народу, то прамаўля́йце.
Пасьля-ж прачытаньня закону й Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх сказаць: Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова павучэньня для народу, прамоўце!
Павел, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: мужы́ Ізра́ільскія і тыя, хто баіцца Бога, паслу́хайце!
Паўла-ж, устаўшы й даўшы знак рукой, сказаў: Мужы Ізраільскія дый тыя, што баяцца Бога! Паслухайце!
Бог народа гэтага вы́браў айцоў нашых, і ўзвы́сіў народ гэты ў час пражыва́ння яго ў зямлі Егіпецкай, і руко́ю высо́каю вы́веў іх з яе,
Бог народу гэтага Ізраільскага выбраў айцоў вашых дый узвысіў народ у бытнасьць у зямлі Эгіпецкай і ўзьнятай рукой вывеў іх із яе́.
і каля сарака́ гадоў ча́су карміў іх у пусты́ні;
І ў працягу каля сараку гадоў карміў іх у пустыні.
і, знíшчыўшы сем народаў у зямлі Ханаа́нскай, даў ім у спа́дчыну зямлю́ тых;
І, зьніштожыўшы се́м народаў у зямлі Ханаанскай, надзяліў іх зямлёй гэных.
і пасля гэтага, каля чатырохсо́т пяцíдзесяці гадоў, даваў ім су́ддзяў да Самуіла прарока;
Пасьля-ж гэтага каля чатырох сот і пяцьдзесяцёх гадоў даваў судзьдзяў да Самуіла прарока.
і потым папрасілі яны цара, і даў ім Бог Сау́ла, сына Кíсавага, му́жа з кале́на Веніямíнавага, гадоў на сорак;
А з таго часу прасілі аб цара; і даў ім Бог Саула, сына Кісавага, мужа з роду Бэніямінавага, гадоў на сорак.
і, адхілíўшы яго, паставіў ім царом Давіда, пра якога і сказаў, засве́дчыўшы: Я знайшоў Давіда, сына Іесе́евага, му́жа, які Мне па сэ́рцы і які здзе́йсніць усе жада́нні Мае́.
Скінуўшы-ж яго, паставіў ім за цара Давіда, аб якім і сказаў, сьведчучы: Знайшоў Давіда, сына Есіявага, мужа Мне́ па сэрцу, які зьдзе́йсьніць усе́ жаданьні Мае́ (1 Царств 13:14; Псальм 88:21).
З яго се́мені Бог паводле абяца́ння ўздзвíгнуў Ізра́ілю спасенне — Іісуса,
Із яго-ж насе́ньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Спаса Ісуса,
пасля таго, як Іаан прапаве́даваў, перад са́мым яўле́ннем Яго, хрышчэ́нне пакая́ння ўсяму народу Ізраільскаму.
перад прыходам Якога абвясьціў Іоан хрышчэньне пакаяннае ўсяму народу Ізраільскаму.
Калі ж завярша́ў Іаан дзе́йнасць сваю, то гаварыў: за каго вы прыма́еце мяне́ я не той, але вось, ідзе за мною Той, у Каго я нява́рты развяза́ць абу́так на нагах.
Калі-ж Іоан канчаў шлях свой, ён сказаў: За каго лічыце мяне́? Не я гэта, а йдзе́ вось за мною, каму я ня годны вобуй разьвязаць на нага́х.
Мужы́ браты́, сыны́ роду Аўраа́мавага, і тыя сярод вас, хто баіцца Бога! вам пасла́на сло́ва спасе́ння гэтага.
Мужы браты, сыны роду Аўраамавага і тыя, што Бога баяцца сярод вас! Вам паслана слова спасе́ньня гэтага.
Бо жыхары́ Іерусаліма і нача́льнікі іх, не пазна́ўшы Яго і асудзíўшы, спо́ўнілі сло́вы прарокаў, што чыта́юцца кожную суботу;
Бо жыхары Ерузаліму й начальнікі іх, не пазнаўшы Яго ды асудзіўшы, споўнілі галасы́ прарокаў, чытаныя кожную суботу,
і, не знайшо́ўшы нія́кай віны́, ва́ртай смерці, прасілі Пілата забіць Яго;
і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб быў забіты.
калі ж вы́каналі ўсё, напíсанае пра Яго, то, зня́ўшы з дрэва, пакла́лі Яго ў магілу.
Калі-ж споўнілі ўсё напісанае аб Ім, дык, зьняўшы з дзе́рава, палажылі ў магілу.
Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых;
Але Бог ускрасіў яго із мёртвых.
Ён яўля́ўся на праця́гу многіх дзён тым, якія прыйшлі з Ім з Галілеі ў Іерусалім; яны цяпе́р све́дкі Яго перад народам.
І шмат дзён паказываўся тым, што прыйшлі разам з Ім із Галіле́і ў Ерузалім; яны — сьве́дкі Яго перад народам.
І мы вам дабраве́сцім пра абяца́нне, да́дзенае айцам, што Бог вы́канаў яго для нас, дзяцей іхніх, уваскрасíўшы Іісуса,
І мы вам абвяшчаем, што абяцаньне, дадзенае айцом, Бог споўніў нам, іхнім дзе́цям, падняўшы Ісуса,
як і напíсана ў псалме́ другім: «Ты Сын Мой, Я сёння нарадзíў Цябе».
як і ў другім Псальме напісана: Ты Сын Мой, Я сяньня Цябе́ спарадзіў (Псальм 2:7).
А пра тое, што Ён уваскрасíў Яго з мёртвых, так што Ён ужо не абе́рнецца ў тле́нне, Ён сказаў так: «Я дам вам святое, абяца́нае Давіду, непару́шнае».
А што ўскрасіў Яго із мёртвых, каб ніколі не абярнуўся ў тле́ньне, дык сказаў гэтак: Дам вам сьвятасьці Давідавыя напэўна (Ісая 55:3).
Таму і ў іншым месцы кажа: «не дасí Святому Твайму ўба́чыць тле́ння».
Дзеля таго і ў іншым гаворыць: Не дасі Сьвятому Твайму ўгле́дзіць тле́ньне (Псальм 15:10).
Давід жа, паслужы́ўшы ў пакале́нні сваім волі Божай, спачы́ў, і далучы́ўся да айцоў сваіх, і ўба́чыў тле́нне;
Бо-ж Давід, паслужыўшы роду свайму, з волі Божае супачыў і быў паложаны пры бацькох сваіх ды ўбачыў тле́ньне,
а Той, Якога Бог уваскрасíў, не ўба́чыў тле́ння.
а Той, каго Бог ускрасіў, тле́ньня ня ўбачыў.
Няхай жа будзе вам вядо́ма, мужы́ браты́, што дзе́ля Яго абвяшча́ецца Вам прабачэ́нне грахоў;
Дык няхай вам будзе ве́дама, мужы браты, што адпушчэньне грахоў праз Яго вам абвяшчаецца;
і ва ўсім, у чым вы не маглі апраўда́цца законам Маісе́евым, кожны ве́руючы апра́ўдваецца Ім.
і ў-ва ўсім, у чым ня можаце апраўдацца ў законе Майсе́явым, кожын ве́руючы апраўдаецца ў Ім.
Дык сцеражы́цеся, каб не прыйшло на вас тое, пра што ска́зана ў прарокаў:
Глядзіце-ж, каб ня прыйшло на вас сказанае ў прарокаў:
«глядзíце, пага́рдлівыя, падзіву́йцеся, і ўбачце, і згíньце; таму што Я здзяйсня́ю справу ў дні вашы, справу, якой вы ніяк не паверылі б, калі б хто-не́будзь расказаў вам».
Глядзіце, вы, пагарджаючыя, дзівуйцеся і шчэзьніце! Бо дзе́ла роблю ў дні вашыя, дзе́ла, якому вы не паве́рылі-б, калі-б кто расказаў вам (Аввакума 1:5).
І калі яны выхо́дзілі з сінагогі Іудзейскай, язычнікі прасілі іх у насту́пную суботу гаварыць ім пра тое ж самае;
Калі-ж выходзілі із Жыдоўскае сынагогі, прасілі іх пагане, каб і ў другую суботу гаварылі словы гэтыя.
калі ж сход быў распу́шчаны, то многія з Іудзеяў і набо́жных празелíтаў пайшлі за Паўлам і Варнавам, якія, размаўля́ючы з імі, перако́нвалі іх застава́цца ў благада́ці Божай.
А як разыйшлася сынагога, многа Жыдоў і пабожных паве́рненых пайшлі за Паўлам і Варнавай; тыя-ж, размаўляючы з імі, заклікалі іх аставацца ў ласцы Божай.
У насту́пную суботу амаль увесь горад сабра́ўся, каб паслу́хаць сло́ва Божае;
У наступную-ж суботу блізу ўсё ме́ста зыйшлося слухаць слова Божае.
але Іудзеі, уба́чыўшы народ, напо́ўніліся за́йздрасцю і, пярэ́чачы і блюзне́рачы, працíвіліся таму, што гаварыў Павел.
Дык Жыды, убачыўшы гэткі натоўп, напоўніліся зайздрасьцяй і пярэчылі таму, што гаварыў Паўла, кажучы насупраць ды зьняважаючы іх.
Тады Павел і Варнава адва́жна сказалі: вам першым павінна было́ быць прамо́ўлена сло́ва Божае, але паколькі вы адвярга́еце яго і са́мі сябе робіце нява́ртымі вечнага жыцця́, то вось, мы звярта́емся да язычнікаў;
Паўла-ж і Варнава горда сказалі: Да вас нале́жала пе́рш прамовіць слова Божае; але, калі вы адкідаеце яго ды ня лічыце сябе́ годнымі жыцьця ве́чнага, дык мы зварачаемся вось да паганаў.
бо так запаве́даў нам Гасподзь: «Я паставіў Цябе быць святлом для язы́чнікаў, каб Ты быў спасе́ннем да кра́ю зямлі».
Бо так запаве́даў нам Госпад: Я паставіў цябе́ за сьве́тач для паганаў, каб быў ты дзеля спасе́ньня ажно па край зямлі (Ісая 49:6).
Слу́хаючы гэта, язычнікі радаваліся і ўслаўля́лі сло́ва Гасподняе, і ўве́равалі ўсе, прызна́чаныя для вечнага жыцця́;
Пагане-ж, пачуўшы, узрадаваліся і славілі слова Гасподняе, ды ўверавалі ўсе́, якія былі празначаны да жыцьця ве́чнага.
і слова Гасподняе распаўсю́джвалася па ўсёй краіне.
І разнасілася слова Гасподняе на ўсе́й старане.
Але Іудзеі, падмо́віўшы набо́жных і паважа́ных жанчын і першых сярод гараджа́н, учынíлі гане́нне на Паўла і Варнаву і вы́гналі іх з ме́жаў сваіх.
Жыды-ж падбухторылі пабожных ды паважаных жанок і пе́ршых у ме́сьце, паднялі перасьле́даваньне проці Паўлы й Варнавы ды выгналі іх із ме́жаў сваіх.
Яны ж, абтро́сшы на іх пыл з ног сваіх, пайшлі ў Іканíю.
Яны-ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, пайшлі ў Іконію.
А вучні напаўня́ліся радасцю і Ду́хам Святы́м.
А вучні напоўніліся радасьцяй і Духам Сьвятым.